Бiльярд а палове дзесятай
Шрифт:
— Цi паспяваеш за намi, дзядуля?
— Дзякуй, неяк ужо дам сабе рады.
— Мы не занадта хутка iдзём?
— Hе, нiчога, дзеткi. Цi можна мне на хвiлю прысесцi; цi вам здаецца, што тут крыху макравата?
— Пясок зусiм сухi, дзядуля, i яшчэ зусiм цёплы; ты можаш спакойна сядаць; хадзем, дай мне сваю руку.
— Вядома, дзядуля, можаш запалiць сваю цыгару; мы будзем глядзець, каб нiчога не здарылася.
На шчасце, Ёзэф пакiнуў цыгарэты ў машыне, i запальнiчка ў парадку; дзядуля падарыў мне гэткiя прыгожыя сукенкi i швэдар — набагата прыгажэйшыя, чым дарыў бацька, у якога крыху старасвецкi густ; адразу вiдаць, што дзядуля разбiраецца ў маладых дзяўчатах i жанчынах; я не хачу зразумець бабулю, не хачу; яе вар'яцтва — гэта падман; яна не давала нам нiчога есцi, i я ўзрадавалася, калi яе ад нас забралi i ў нас паявiлася што есцi; мажлiва, твая праўда, i яна была i ёсць вялiкiм чалавекам, але нiчога не хачу ведаць пра велiч; белы хлеб з пячоначным паштэтам i залёным сырам ледзь не каштаваў мне жыцця; няхай яна вяртаецца дадому i сядзiць вечарамi з намi, але не давайце ёй, калi ласка, ключоў ад кухнi — прашу, не давайце; мне давялося ўбачыць голад у вачах настаўнiка, i я баюся гэтага; давай iм, Божа, заўсёды досыць яды, каб на iх тварах не паяўляўся той жахлiвы выраз; гэты пан Крот зусiм бяскрыўдны чалавек; штонядзелi ён сядае ў сваю маленькую машыну, каб разам з сям'ёю падацца ў абацтва Святога Антонiя на ўрачыстую iмшу; "якая гэта сёння нядзеля па Сёмусе, па трох Царах, па Вялiкаднi? Мiлы чалавек з мiлай жонкай i мiлымi дзвюма дзеткамi: "Паглядзi, Рут, цi не праўда, наш Францхен падрос?" — "О, праўда, ваш Францхен вырас зусiм вялiкi"; i
Трава на ўзбочынах дарогi цёплая, Ёзэфава цыгарэта мае моцны адмысловы пах; а мне ўсё ж быў смачны хлеб з мёдам, калi я даведалася, што гэта бацька падарваў абацтва; Дэнклiнген дужа прыгожы ў промнях позняга сонца; трэба спяшацца, бо, каб пераапрануцца, нам трэба самае меншае паўгадзiны.
11
— Падыдзiце сюды блiжэй, генерал. Вам няма чаго саромецца; усiх навiчкоў найперш прадстаўляць мне, бо я даўжэй за ўсiх жыву ў гэтым прыгожым доме; навошта Вам дзяўбцi кiем нечапаную агародную глебу, пастаянна трэсцi галавою перад кожным мурам, каплiцай, парнiком i мармытаць: "Сектар абстрэлу"? Зрэшты, "сектар абстрэлу" гучыць прыгожа, гэта значыць вольная прастора для ўсiх куляў i снарадаў; Ота… як далей? Кёстэрс? Hе, фамiльярнасцей не трэба, не трэба Вашага iмя; апроч таго, iмя Ота ўжо занятае; можна, я буду называць Вас "Сектар Абстрэлу"? Па Вас вiдно, чутно з Вашага голасу, можна ўнюхаць з Вашага дыхання, што Вы не проста прынялi бычынае прычасце, Вы з яго жылi, паслядоўна трымалiся гэтай дыеты. Ну, а цяпер паслухайце, навiчок, i скажыце: Вы якой веры? Католiк? Натуральна, у iншым выпадку я была б проста здзiўленая; i Вы ўмееце слугаваць пры iмшы? Вядома ж, Вас выхоўвалi каталiцкiя пастыры; прашу прабачыць мне за мой смех; мы ўжо тры тыднi, як шукаем новага касцельнага служку; Балаша яны выпiсалi, прызнаўшы здаровым; можа, у Вас з'явiлася б ахвота крыху нам тут дапамагчы? Ты ж вар'ят цiхi, не небяспечна-шалёны; у цябе адзiн-адзiны бзiк — там, дзе трэба i дзе не трэба, паўтараць: "Сектар абстрэлу"; ты, напэўна, зможаш пераносiць малiтоўнiк з левага боку алтара на правы ды ўкленчваць перад дараносiцай, праўда? Ты ж здаровы, як мядзведзь, гэта — прыкмета тваёй прафесii, так што ў цябе атрымаецца бiць сябе ў грудзi кулакамi, паўтараючы "mea culpa, mea culpa, mea maxima culpa", ды вымаўляць "Kerie eleison"; [14] вось бачыш, да чаго можа часам яшчэ прыдацца адукаваны, выхаваны каталiцкiмi айцамi генерал; я падам капелану лякарнi тваю кандыдатуру на новага касцельнага служку, ты ж згодзен, праўда?
14
"Госпадзе, памiлуй" (грэч.).
Дзякуй, адразу можна пазнаць сапраўднага рыцара; не, вось сюды, калi ласка, паўз цяплiцу; я хачу Вам паказаць сёе-тое, што належыць да Вашага рамяства, i, прашу Вас, не трэба заляцанняў, гэта лiшняе; не варта выпрабоўваць тут сваiх комплексаў з танцавальных урокаў, калi ласка; мне семдзесят, Вам семдзесят тры, не цалуйце мне ручку i не рабiце старэчых залётаў; гэта ўсё абы-што, кiньце; паслухай мяне: бачыш, што там за ясна-зялёнай шыбiнай у цяплiцы? Ага, гэта зброя, гэта збраёўня нашага добрага садоўнiка: з гэтага страляюць па зайцах i курапатках, па варонах i казулях, бо наш садоўнiк — заўзяты паляўнiчы, а вось там, памiж стрэльбаў, ляжыць такi ладны, зручны, чорны прадмет — пiсталет; а зараз выкладвай тое, чаму цябе навучылi, калi ты быў фэнрыхам цi лейтэнантам; скажы: цi гэтая рэч сапраўды сур'ёзная зброя, цi з яе каго-небудзь можна застрэлiць? Толькi не трэба палатнець, стары галаварэз; ты ж цэнтнерамi паглынаў бычынае прычасце, а цяпер во млееш, калi я табе задаю пару зусiм простых пытанняў; не трэба так дрыжаць; я, хоць трохi й «таго», але не буду настаўляць пiсталета да тваiх сямiдзесяцiтрохгадовых грудзей i не дам дзяржаве магчымасцi сэканомiць на тваёй пенсii; у мяне няма такога намеру, каб даваць дзяржаве на нечым сэканомiць; дай мне на мае па-вайсковаму дакладныя пытаннi таксама па-вайсковаму дакладны адказ: цi можна гэтай штукай каго-небудзь забiць? Можна? Добра. Якая адлегласць гарантуе найбольшую трапнасць стрэлаў? Дзесяць, дванаццаць, самае большае дваццаць пяць метраў?
Божухна, не хвалюйцеся так, прашу Вас! Як могуць гэтак баяцца старыя генералы… што, Вы паведамiце пра гэта? Тут няма каму паведамляць; так Вам убiлi ў галаву гэтыя паведамленнi, даклады, што Вы не можаце без iх абыцца, праўда? Добра ўжо, пацалуйце мне ручку, але язык трымайце за зубамi; а заўтра ўраннi Вы будзеце прыслугоўваць да iмшы, зрузумела? У нас тут яшчэ не было такога гожага, сiвавалосага, высокага касцельнага служкi; ты што, жартаў не разумееш? Зброя мяне цiкавiць гэтаксама, як цябе — сектар абстрэлу; няўжо ты яшчэ не дапяў, што няпiсаныя законы гэтага ўтульнага дома дазваляюць кожнаму мець свой якi-небудзь бзiк; у цябе вось бзiк "сектара абстрэлу"; поўная сакрэтнасць, "сектар абстрэлу"; прыпомнi сваё добрае выхаванне — "Наперад! Ура! Гiндэнбург…": во, бачыш, табе гэта даспадобы; трэба толькi выбраць адпаведныя словы… давай павернем цяпер i пройдзем каля каплiцы; цi не хочаш зайсцi i агледзець месца сваёй будучай дзейнасцi? Спакойна, стары; але ж яшчэ памятаеш, што трэба зняць капялюш, абмачыць пальцы правай рукi ў свянцонай вадзе; цяпер перахрысцiцца; так, вельмi добра; а зараз укленчыць, паглядзець на вечную лампадку, прачытаць малiтвы "Ave Maria" ды "Ойча наш" — зусiм цiхутка; каталiцкае выхаванне — гэта тое, што трэба; цяпер падняцца, абмачыць пальцы ў свянцонай вадзе, перахрысцiцца, даць дарогу панi, насунуць капялюш — цудоўна, i вось мы зноўку тут: летнi адвячорак, гожыя дрэвы ў гожым парку, невялiкая лаўка: "Наперад! Ура! Гандэнбург" табе падабаецца, праўда? Як табе падабаецца iншае: "мне патрэбны карабiн, мне патрэбны карабiн"; табе даспадобы, праўда? Жарты свае кiнь: пасля Вердэна з гэткiмi жартамi, уласна, было скончана; там паляглi апошнiя мужчыны-рыцары… палегла зашмат рыцараў, зашмат каханкаў — як на адзiн раз, зашмат маладых i добра выхаваных людзей; ты не спрабаваў калi-небудзь падлiчыць, колькi поту, пралiтага педагогамi, за тыя паўтара месяца было зведзена на нiшто? Дарэмна! Чаму вам нiколi не прыходзiла ў галаву, каб адразу пасля выпускных iспытаў на памочнiка майстра цi памочнiка гандляра проста ў калiдоры рамеснай цi гандлёвай школы паставiць кулямёт i пастраляць усiх тых маладых хлапцоў, на радасных тварах якiх напiсана: "здаў!"? Мяркуеш, што я перабольшваю? Ну, тады дазволь табе растлумачыць, што праўда — гэта найвялiкшае перабольшванне; я сама яшчэ таньчыла з выпускнiкамi 1905, 1906 i 1907 гадоў i брала ўдзел у вечарынах разам з гэтымi аматарамi фуражак i пiва… але з тых трох выпускаў больш як палова палегла пад Вердэнам. Як ты думаеш, колькi засталося жывых з выпускаў 1935, 1936, 1937 гадоў, альбо 1941, цi 1942 — можаш узяць любы год, усё адно; i не пачынай зноў дрыжаць; я зусiм не ведала, што стары генерал можа так баяцца; можаш узяцца за мае рукi; як мяне завуць? Запомнi сабе: тут пра гэта не пытаюцца, тут нi ў кога няма вiзiтовак, i на брудэршафт тут таксама не п'юць; адно без дазволу кажуць адно аднаму «ты», ведаючы, што ўсе людзi браты, хай сабе i браты, якiя варагуюць; адны частавалiся авечым прычасцем iх вельмi мала, стары, — а iншыя — прычасцем бычыным; а завуць мяне "Мне Патрэбны Карабiн", а прозвiшча маё "Наперад! Ура! I Гiндэнбург"; адкiнь усе свае мяшчанскiя прымхi i ўяўленнi "як трэба жыць"; тут пануе бяскласавае грамадства, i не трэба скардзiцца мне з прычыны прайгранай вайны. Божа мой, вы iх i сапраўды прайгралi, дзве запар? Такому, як ты, я б зычыла прайграць сем войнаў! А зараз перастань ныць; я напляваць хацела на тое, колькi войнаў ты прайграў; страта дзяцей куды горшая за страту перамогi; тут, у Дэнклiнгене, ты можаш прыслугоўваць да iмшы, надзвычай пачэсны занятак, i
15
Няхай прыме Госпад ахвяру з рук тваiх дзеля хвалы i славы iмя свайго… (лац.).
16
…а таксама дзеля карысцi нашае i ўсёй святой Царквы сваёй (лац.).
17
Да пабачэння (франц.).
Па шырокiх чорных дарожках паўз каплiцу, назад да парнiка; толькi муры былi за сведкаў, як яна адчынiла ключом дзверы, каля парожнiх кветкавых гаршчэчкаў i градак, што пахлi гнiллю, прайшла ў каморку садоўнiка; зняўшы са стаяка пiсталет, яна адчынiла чорную сумачку; мяккая скура праглынула пiсталет, замочак лёгка зашчоўкнуўся; усмiхаючыся, пагладжваючы пустыя кветкавыя гаршчэчкi, яна выйшла з цяплiцы, зачынiла за сабою дзверы; толькi цёмныя муры былi за сведкаў, як яна выцягнула ключ з замка i па шырокiх чорных дарожках вярнулася ў дом.
Гупэрц паставiў ёй вячэру на стол у пакоi; гарбата, хлеб, масла, сыр i вяндлiна; потым, падняўшы галаву, ён усмiхнуўся:
— У Вас сёння проста цудоўны выгляд.
— Так, — сказала яна, паклала сумачку на камод, зняла капялюш са сваёй цёмнавалосай галавы i спыталася:
— Цi не мог бы садоўнiк прынесцi мне якiх дзве-тры кветкi?
— Яго няма, — адказаў Гупэрц. — У яго выхадны да заўтрашняга вечара.
— I што, больш нiкому не дазваляецца заходзiць у цяплiцу?
— Hе, шаноўная панi, у гэтым ён надзвычай суровы.
— Тады мне давядзецца чакаць да заўтрашняга вечара альбо купiць якiя-небудзь кветкi ў Дэнклiнгене цi ў Додрынгене.
— Вы хочаце выйсцi на шпацыр, шаноўная панi?
— Магчыма, магчыма, выйду; такi пекны вечар; мне ж гэта дазволена, праўда?
— Вядома ж, вядома ж, дазволена… А можа, усё ж затэлефанаваць пану радцы цi пану доктару?
— Я гэта зраблю сама, Гупэрц; прашу толькi злучыць мяне з горадам, але надоўга, добра?
— Слухаю, шаноўная панi.
Калi Гупэрц пайшоў, яна адчынiла акно i кiнула ключ ад садоўнiкавай каморкi ў яму з кампостам, потым зачынiла акно, налiла сабе ў кубак гарбаты з малаком, села, прысунуўшы блiжэй да сябе тэлефон; "Хадзем, хадзем", сказала яна цiха i паспрабавала левай рукою суняць дрыжанне правай, у якой яна трымала слухаўку. "Хадзем, хадзем, — сказала яна, — я гатова са смерцю ў сумачцы вярнуцца да жыцця; нiхто не ведаў, што будзе досыць гэтага дотыку халаднаватага металу, яны занадта лiтаральна зразумелi слова «карабiн»; мне не трэба карабiна, пiсталет таксама добра… хадзем, хадзем; скажы мне, колькi часу; хадзем… скажы мне гэта, лагодны голас, ты ўсё яшчэ той самы i пад тым самым тэлефонным нумарам?" Яна ўзяла трубку ў левую руку, пачула доўгi сiгнал станцыi. "Варта Гупэрцу толькi нацiснуць на гузiк — i ўсё вернецца: час, сусвет, сучаснасць, нямецкая будучыня; мне вельмi цiкава, як яна будзе выглядаць, калi я выйду з гэтага заклятага замка". Правай рукой яна накруцiла нумар: адзiн-адзiн-адзiн i пачула лагодны голас:
— У момант гучання сiгналу часу прамiне семнаццатая гадзiна пяцьдзесят восем хвiлiн, трыццаць секунд.
Прыгнечаная цiшыня, востры гук гонга, зноў лагодны голас:
— У момант гучання сiгналу часу прамiне семнаццатая гадзiна пяцьдзесят восем хвiлiн, сорак секунд.
Час наплываў на яе твар, робячы яго смяротна-бляклым, а голас тым часам гаварыў:
— …Семнаццатая гадзiна пяцьдзесят дзевяць хвiлiн… дзесяць… дваццаць… трыццаць… сорак… пяцьдзесят секунд…
Рэзкi ўдар гонга:
— …Васемнаццатая гадзiна, шостага верасня тысяча дзевяцьсот пяцьдзесят восьмага года, — сказаў лагодны голас.
…Генрыху споўнiлася б сорак восем, Ёганне — сорак дзевяць, а Оце сорак адзiн; Ёзэфу цяпер дваццаць два гады, Рут — дзевятнаццаць…
Голас у трубцы сказаў:
— У момант гучання сiгналу часу прамiне васемнаццатая гадзiна i адна хвiлiна.
…Памалу, iначай я i сапраўды звар'яцею; гульня робiцца зусiм сур'ёзнаю, i я канчаткова вярнуся ў вечнае сёння; парога ўжо не знайду, буду бегаць вакол высокiх муроў, што пазарасталi з усiх бакоў, буду бегаць, не знаходзячы ўвахода; вiзiтная картка часу — нiбы выклiк на дуэль, але яго немагчыма прыняць: цяпер шостае верасня тысяча дзевяцьсот пяцьдзесят восьмага года, васемнаццатая гадзiна, адна хвiлiна i сорак секунд; помслiвы кулак раструшчыў маё кiшэннае люстэрка, засталiся толькi два кавалачкi, у якiх адбiваецца смяротная блякласць майго твару; я ж чула, як некалькi гадзiн запар грымелi выбухi, чула абураны людскi шэпт: "Яны ўзарвалi нашае абацтва" — вартаўнiкi i прыдзвернiкi, садоўнiкi i вучнi пекара перадавалi адзiн аднаму гэтую жахлiвую навiну, якую я не лiчу гэткай жахлiвай; сектар абстрэлу, чырвоны шнар над пераноссем, цёмна-сiнiя вочы… Хто гэта мог быць? Цi ён? Хто? Я ўзарвала б усе на свеце абацтвы, каб можна было вярнуць Генрыха, уваскрасiць Ёганну, Фэрдзi, кельнера, прозвiшча якога было Гроль, i Эдыт — i каб я магла зразумець, кiм быў Ота; ён загiнуў пад Кiевам, гэта гучыць так недарэчна i пахне гiсторыяй; хадзем, стары, не будзем больш гуляць у хованкi: сёння табе спаўняецца восемдзесят, а мне ўжо семдзесят адзiн; i з дзесяцi — дванаццацi метраў можна стрэлiць трапна; хадзем да мяне — вы, гады, тыднi i днi, гадзiны i хвiлiны; колькi ж там секундаў?"…Васемнаццатая гадзiна, дзве хвiлiны i дваццаць секунд…" Я пакiдаю сваю папяровую лодачку i кiдаюся ў акiян; смяротная блякласць; мажлiва, я вытрываю гэта."…Васемнаццатая гадзiна, дзве хвiлiны i трыццаць секунд" гучанне гэтых слоў прыспешвае мяне: хадзем, мне нельга марнаваць часу, губляць хоць адну лiшнюю секунду, хутчэй; фройляйн, фройляйн — чаму Вы не адказваеце? Фройляйн, фройляйн, мне трэба таксi; хутка, вельмi тэрмiнова, прашу Вас, памажыце мне; пласцiнкi адказу не даюць, гэта я павiнна была памятаць; трэба пакласцi слухаўку, падняць слухаўку, накруцiць нумар: адзiн-адзiн-два… Цi замаўляюць таксi ўсё яшчэ па тым самым нумары, што i раней?
— …Вы зможаце паглядзець у Дэнклiнгене, — сказаў лагодны голас, айчынны фiльм "Моргаскiя браты"; пачатак сеансаў а васемнаццатай гадзiне i а дваццатай гадзiне пяцьдзесят хвiлiн… У додрынгенаўскiм кiнатэатры iдзе знакамiты фiльм "Што можа каханне?"…
…Цiха, цiха, мая лодачка знiшчана, але хiба я не навучылася плаваць у Блюхербадзе ў 1905 годзе? Тады ў мяне быў чорны купальнiк з фальбонкамi i хвартушком; я скакала ў ваду, галавою ўнiз, з вышынi аднаго метра;…узяць сябе ў рукi, набраць паветра; ты навучылася плаваць — a што там прапануе лагодны голас пад нумарам адзiн-адзiн-тры?