Чазенія
Шрифт:
Зоркі былі не мяккія, а нечакана шурпатыя, як карал, і, здавалася, нежывыя. Ён набраў іх многа, расклаў на дошках і ніяк не мог заўважыць іхніх рухаў. Толькі як глянеш пасля перарыву – бачыш, што адна выгнула свой прамень, другая працягнула яго, падабраўшы астатнія. Сіла гэтых бандытаў была ў нападзе на яшчэ больш нерухомых: Будрыс падабраў таксама некалькі пустых ракавін мідзіі, у якіх былі роўныя круглыя дзірачкі. Марская зорка зрабіла гэта. Напаўзла, прыкрыла ракушку, выпусціла з сябе кроплю кіслаты, якая растварыла
Нібы помсцячы за гэты разбой, ён браў зорак і нажом вычышчаў з ніжняга боку кожнага промня гэтыя ножкі. I толькі калі зрабіў усё, з жалем зразумеў, што дарэмна загубіў зорак, што высушыць іх няма дзе, а несці сырымі – абломіш прамяні.
Ён сядзеў і любаваўся імі. Маленькія, нібы разетка, з амаль нявыражанымі прамянямі, як ордэнская зорка, зеленаватыя з аранжавымі плямамі. Вялізныя, як талерка, каралавага колеру. Зусім пунсовыя і барвяныя. А вось густа-фіялетавыя, бліскучыя. Якое багацце фарбаў, якая дасканаласць! I нават кітаец згадзіўся б, што гэта прыгажосць дзеля прыгажосці, бо гэта ледзь не адзіная істота, якой нельга есці.
Да прыказкі "З тых, што поўзаюць, мы не ямо толькі танк" можна было б дабавіць – "і марскую зорку". Але тады гэта не была б прыказка.
Тут, урэшце, і падышоў Паўлаў.
– Чаго гэта ты?
– Ды вось, зглуміў такую прыгажосць.
– Чаго зглуміў? Мы зараз іх занясём у яхтавае памяшканне, пакладзём там на бэльку. За тыдзень высахнуць – як знойдзеш.
Так яны і зрабілі. А потым Паўлаў раптам прапанаваў:
– Дык мо паходзім?
– Не хочацца адсюль ісці. Добра. Хай сабе і вецер узняўся – усё адно добра.
– Таму і прапаную, што вецер.
– Пахадзіць.
– Куды пахадзіць?
– Павінен я давесці, што я экс-чэмпіён і яшчэ будучы чэмпіён?
– Па спартыўнай хадзе? Ды я не ўганюся. Што мне бегчы за табой?
– Не атрымаецца... – сказаў Паўлаў. – Ты не Хрыстос.
– Пры чым тут Хрыстос? Ты пахадзіць прапаноўваеш. Я не хачу.
– Сал-лага, – сказаў Паўлаў. – Ты не Хрыстос, ты – паршывая салага. Бачыш мора і не ведаеш, што гэта. Ты – рачная пяструшка, шрымс-медзведзяня, вустрыца і мідзія Дункера.
– Чаго ж ты лаешся?
– Скідай усё да трусоў!..
– Ды мне няма чаго скідаць.
Яны выйшлі да мора. Тут стаялі яхты, выцягнутыя на сліп.
– Па спартыўнай хадзе... – бурчаў Паўлаў. – Не, брат, я чэмпіён самага высакароднага спорту. Яхтсмен... Паходзім... Як быццам, калі ён шчупальцы па зямлі перастаўляе, гэта – ён ходзіць. Ходзяць па моры.
I яны пайшлі. Валы, ледзь не ў два чалавечыя росты, зеленаватыя, як старое шкло, з кучаравымі мазкамі пены на вяршынях. Яны насоўваліся, уздымаліся, пагражалі заліць, але шкарлупінка скакала між іх, узлятала, імчала з хуткасцю стралы.
Будрыс
Увесь час іх абдавала салонай свежай вадой і ветрам. Абдасць, дадасць на скуру солі і сплыве. I яшчэ. I яшчэ.
– Пірог слаёны – пірог салоны, – мармытаў Паўлаў. – Галубачка мая, матухна мая, давай!
Пагнаўся за катэрам. Здавалася, не дагоніць ніколі. Да катэра было з палову кіламетра, і той ішоў на поўным.
– Мамачка, не выдавай, – мармытаў да яхты, як да жывой, Васіль. – Галубка, наддай! Пакажы "керасіншчыкам". Ну, бяленькая, ну яшчэ!..
Іх абдавала так, што ў яхце было ўжо шмат вады і давялося выліваць яе праз кокпіт: проста адчыняць дзірку ў днішчы. Хуткасць была такая бліскавічная, што вада аж ірвалася да сваёй вольнай сястры – марской хвалі.
– Любая, ну!.. Птушачка, наддай!
I абагналі.
А пасля ляцелі назад, гік плыў перад вачьша. Гэх, жыцце!..
А пасля селі проста ля берага. Быў вечар, і сліп пуставаў. Згасаў захад, за сопкамі ляжала імгла, а на іх, як туман, ляжалі рэдкія празрыстыя хмаркі. Паўлаў выцягнуў аднекуль паўбутэлькі і цэлы пакет шрымсаў, і яны трохі выпілі за салоную купель і закусвалі саланаватымі смачнымі рачкамі. Прыемна было сядзець так, боўтаць нагамі ў свежай вадзе і глядзець на захад.
– Унь там маю бабку купілі, – сказаў Васіль, і на гэты раз Будрыс безагаворачна паверыў яму.
Усё магло быць у гэтым дзівотным краі і з гэтым дзіўным чалавекам. I нават напэўна была бабка, і прадзед, і Вера Фігнер, раз чалавек не хлусіў у галоўным, у справе сваёй.
З гарэзлівасці Севярын не змыў з сябе солі ані тут, ані у гасцініцы. Прачнуўся раніцаю і ахнуў: амаль белыя валасы, сівыя бровы і на целе слой ледзь не ў два міліметры!
"Пасівелы ў плаваннях марскі воўк. Паходзім, хлапчына? Эх, сал-лага! Добра, перастаўляй свае шчупальцы".
I ўсё ж нават гэта бадай што не памагло яму ў бядзе. Скончыўся завод.
...Між тым ужо амаль сцямнела, і ўжо шмат было народу вакол. Паўздоўж усёй балюстрады, як вока сягае, стаялі людзі, і ўжо ў тры, чатыры, пяць радоў. Нават цісканіна сям-там была. Чуліся смех, музыка, пераборы гітар.
На караблях запалілі гірлянды. На вялікіх двухмачтавых – ад юта да бака, па вяршынях абедзвюх мачт і па бартах. На аднамачтавых, сярэдніх – па бартах і ад бака на ют, перакінуўшы цераз мачту. На меншых – проста цераз мачту.