Чорная страла
Шрифт:
Тупат коней, якія прамчаліся на Шорбі, пачаў ужо заціхаць удалечыні, як зноў пачулася цоканне капытоў і на дарозе з'явіўся яшчэ адзін вершнік, мяркуючы па яго выдатных даспехах, — чалавек высокага сану. Услед за ім пацягнуліся абозныя вазы. Вознікі шалёна падганялі кляч, беглі нязграбнай рыссю. Гэтыя абознікі, відаць, уцяклі на самым пачатку бітвы, але баязлівасць не прынесла ім карысці. Ледзь яны параўняліся з тым месцам, дзе стаялі здзіўленыя хлопчыкі, як нейкі воін у пасечаных латах, не помнячы сябе ад шаленства, дагнаў вазы і пачаў лупцаваць вознікаў дзяржаннем мяча.
Між тым шум удалечыні ўсё ўзмацняўся; вецер даносіў ляскатанне вазоў, конскі тупат, крыкі воінаў. Зразумела было, што цэлая армія, быццам паводка, хлынула на дарогу.
Дзік нахмурыўся. Па гэтай дарозе ён збіраўся ісці да павароту на Халівуд, а зараз трэба было шукаць іншы шлях. А галоўнае, ён пазнаў сцягі графа Райзінгэма і зразумеў, што прыхільнікі Ланкастэрскай ружы пацярпелі поўнае паражэнне. Ці паспеў сэр Дэніэл далучыцца да ланкастэрцаў? Няўжо і ён таксама разбіты? Няўжо і ён уцёк? Ці, можа, ён запляміў свой гонар здрадай і перайшоў на бок Йорка? Невядома, што горш.
— Хадзем, — панура сказаў Дзік.
І пабрыў назад у гушчар. Мэтчэм стомлена калдыбаў за ім.
Яны моўчкі ішлі па лесе. Ужо было позна; сонца апускалася ў балота за Кэтлі; вяршаліны дрэў барвянелі ў яго промнях, але цені рабіліся ўсё гусцейшымі, і ў паветры павеяла начным холадам.
— Эх, каб паесці! — усклікнуў Дзік, спыніўшыся.
Мэтчэм сеў на зямлю і заплакаў.
— Вось з-за вячэры ты плачаш, затое, калі трэба было ратаваць людзей, ты быў спакойны, — пагардліва сказаў Дзік. — На тваім сумленні сем чалавек, майстар Джон; і гэтага я табе ніколі не дарую.
— На маім сумленні? — усклікнуў Мэтчэм люта. — На маім? А на тваім кінжале чырвоная чалавечая кроў! За што ты забіў бедака? Ён узняў лук, але не выстраліў; ён мог цябе забіць, але пашкадаваў! Вялікая храбрасць — забіць бяззбройнага, як кацяня!
Дзік аслупянеў ад знявагі.
— Я забіў яго ў сумленным баі. Я кінуўся на яго, калі ён падняў лук! — усклікнуў ён.
— Ты забіў яго, як баязлівец, — запярэчыў Мэтчэм. — Ты крыкун і выхваляка, майстар Дзік! У кожнага, хто мацнейшы за цябе, ты будзеш валяцца ў нагах! Ты не ўмееш помсціць. Смерць твайго бацькі засталася неадпомшчанай, і яго няшчасны дух дарэмна моліць аб адплаце. А вось калі якая-небудзь слабая істота, якая не ўмее біцца, пасябруе з табой, яна загіне.
Дзік быў занадта разлютаваны, каб звярнуць увагу на слова «яна».
— Лухта! — крыкнуў ён. — Вазьмі любых двух чалавек, і заўсёды высветліцца, што адзін дужэйшы, а другі слабейшы. Моцны перамагае слабага, і гэта правільна. А цябе, майстар Мэтчэм, за тваё свавольства і няўдзячнасць варта адлупцаваць папружкай, і я цябе адлупцую.
І Дзік, які ўмеў у самым моцным гневе здавацца спакойным, пачаў расшпільваць свой пояс.
— Вось што ты атрымаеш на вячэру, — сказаў ён, змрочна ўсміхаючыся.
Мэтчэм перастаў плакаць; ён быў белы як палатно, але цвёрда глядзеў Дзіку ў твар і не рухаўся. Дзік ступіў уперад, падняў папружку. Але тут жа спыніўся, збянтэжаны
— Прызнайся, што ты несправядлівы, — запінаючыся, прамовіў ён.
— Не, я справядлівы, — сказаў Мэтчэм. — Бі мяне! Я кульгаю; я стаміўся; я не супраціўляюся; я не зрабіў табе нічога кепскага. Дык бі ж мяне, баязлівец!
Пачуўшы гэтыя зневажальныя словы, Дзік узмахнуў папружкай, але Мэтчэм так уздрыгнуў, так сцяўся ўвесь ад страху, што ў Дзіка зноў не хапіла рашучасці нанесці ўдар. Рука з папружкай апусцілася; ён не ведаў, што рабіць, і адчуваў сябе дурнем.
— Каб ты здох ад чумы! — сказаў ён. — Калі ў цябе слабыя рукі, дык прытрымай свой язык. Але біць я цябе не магу, хай мяне лепш павесяць. — І ён падперазаў свой пояс. — Біць я цябе не буду, — працягваў ён, — але дараваць табе я ніколі не дарую. Я цябе не ведаў. Ты быў ворагам майго валадара; я аддаў табе свайго каня; я аддаў табе свой абед, а ты казаў, што я зроблены з дрэва. Ты абазваў мяне баязліўцам і выхвалякам. Не, мера майго цярпення перапоўнена, клянуся! Цяпер я ўжо бачу, як выгадна быць слабым: ты можаш здзяйсняць самыя брыдкія ўчынкі, і ніхто цябе не пакарае; ты можаш украсці ў чалавека зброю, калі яму пагражае небяспека, і чалавек гэты не пасмее запатрабаваць яе ў цябе, — ты ж такі слабы! Значыць, калі хто-небудзь скіруе на цябе дзіду і крыкне табе, што ён слабы, ты павінен дазволіць яму пранізаць цябе? Лухта! Глупства!
— А ўсё-такі ты мяне не лупцуеш, — сказаў Мэтчэм.
— Чорт з табой! — адказаў Дзік. — Я займуся тваім выхаваннем. Ты кепска выхаваны, але ўсё ж у табе ёсць штосьці добрае, і галоўнае, — ты выцягнуў мяне з ракі. Зрэшты, аб гэтым я згадваць не хачу. Я вырашыў быць гэтакім жа няўдзячным, як ты. Аднак трэба ісці. Калі ты хочаш трапіць у Халівуд сягоння ноччу або хоць бы заўтра раніцой, мы павінны спяшацца.
Але калі да Дзіка і вярнулася яго лагоднасць, Мэтчэм не дараваў яму нічога. Нялёгка яму было забыць і грубасць Дзіка, і забойства ляснога зуха, і, самае галоўнае, узнятую папружку.
— Дзеля прыстойнасці дзякую табе, — сказаў Мэтчэм. — Але, бадай, я і без цябе знайду дарогу, добры майстар Шэлтан. Лес шырокі; ты кроч налева, а я пайду направа. Я ў цябе ў даўгу: ты накарміў мяне абедам і прачытаў мне натацыю; пры выпадку я аддзячу цябе. Усяго добрага!
— Ну і ідзі! — крыкнуў Дзік. — І чорт з табой!
Яны пайшлі ў розныя бакі, не клапоцячыся аб напрамку і думаючы толькі аб сваёй спрэчцы. Але не прайшоў Дзік і дзесяці крокаў, як Мэтчэм аклікнуў яго і пабег за ім.
— Дзік, — сказаў ён, — мы нядобра з табой развіталіся. Вось табе мая рука і вось табе маё сэрца. За ўсё, што ты зрабіў для мяне, за тваю дапамогу мне я дзякую табе, і не з прыстойнасці толькі, а ад усёй душы. Усяго табе добрага!
— Ну што ж, дружа, — сказаў Дзік, ціснучы працягнутую руку, — жадаю, каб табе шанцавала ва ўсім. Але баюся, што не пашанцуе. Надта ўжо ты любіш спрачацца.
Яны рассталіся другі раз. І зноў разлука іх не адбылася. Але цяпер ужо не Мэтчэм пабег за Дзікам, а Дзік за Мэтчэмам.