Дзве душы
Шрифт:
Надта дзікою выглядзела такая праява ў царкве.
Послушнікі выпіхнулі Гаршка на цвінтар, дзе ўжо беглі два гарадавых.
— У паліцыю хулігана! — быццам гусак, сіпеў і гагатаў айцец архімандрыт.
Вусатыя, чырвоныя гарадавікі баяліся гэтага кандыдата на епіскапы, добра ведаючы яго вагу сярод паноў. Не спрачаліся і не распытваліся, схапілі Гаршка за рукі, дырганулі і павалаклі за чыгунныя кратчатыя варотцы на гаманлівую, бліскучую, звонкую вуліцу.
— Я сам… Я пайду… Я ж сам іду, — увесь
Там агоўталіся.
— Ахвота чапацца з імі, — казаў старэйшы. — Ну, ты, Баброў, ідзі на пост. Я адзін з ім саўладаю.
Баброў усміхнуўся, зірнуўшы на мізэрную фігурку шабадранага басячугі, і пайшоў.
Старэйшы, Сімановіч, знаў Гаршка яшчэ тады, калі ён быў у ласцы ў архімандрыта (раней, у тую пару — казначэя і потым — рызнічага); цяпер шкадаваў яго.
— Эх, Іване, — сказаў ён, — добра я цябе знаю: быў ты й сыты й абуты, у гонару і з грашмі, чаго табе было з імі сварыцца?
У Гаршка кожная жылка дрыжэла.
— А цяпер, Іване, пакінь ты іх і займіся чым-колечы другім, што табе падходзіць, — умаўляў гарадавы, — во да чаго дайшоў, — агледзеў ён Гаршка згары да зямлі.
— Я папрасіў у яго на дарогу. Як у чалавека прасіў, — казаў Гаршчок.
— Ну, во што, — падумаў Сімановіч, — у паліцыю мы не пойдзем і пратакол пісаць не будзем, бо дзеля гэтага і ён павінен быў явіцца. Ану, на ўсё, можа, забудзецца. Але каб мне не дасталося, калі хопяцца часам, то падушайся, што заўтра ў гэтую пару ты прыйдзеш да мяне. Спадзяюся, што не спытаюць аб табе, але на ўсякую прыгоду… сам ведаеш — служба, дзеці… Ну, раздабывай грошы, купляй білет і едзь сабе з богам у сваю вёску.
Гаршчок утупіў вочы.
— Журавы там цяпер лятуць, бабы лён сцелюць, каноплі выбіраюць, пеўня на дабіркі зарэжуць, гаманіў з летуценнем у шэрых вачох Сімановіч; ён дастаў партманет і штосьці поркаўся ў ім.
— Дык дэкляруешся?
— Ага. Дзякую вам.
— Ну, дык во, — замітусіўся гарадавы, — мая рука лёгкая, будзеш мець на дарогу, — і сунуў Гаршку беленькі паўрубель, — ідзі сабе.
Пайшоў на пост і яшчэ па дарозе крыкнуў: «Глядзі ж прыйдзі на ўсякую прыгоду!»
Астаўся быццам выніцаваны Гаршчок, варочаў у порных пальцах манету і чуў нямую прыкрасць.
— Кру-у! Кру-у! — крукала ў вушох, як слова, высака-высака ў небе лятуць журавы над логам, гдзе бабы сцелюць лён, а каб было чысцей — грабяць баграна-залатое асінавае лісце, што наляцела з лесу так далёка.
Сярод гоману і звону паплёўся Гаршчок прапіваць паўрубля і ўсё болей мякчэў ад думкі, што паедзе на жыццё дамоў.
А злосць так часам і падпірала яшчэ і была балючай, дужа вострай ад зняможанасці і ўніжэння. «Арыштант, сацыяліст». Я ж табе пакажу, што я за арыштант! Я цябе
Калі на другі дзень Гаршчок прыйшоў да Сімановіча на пост, той старанна пераксціўся.
— Ну, хваліць бога! — сказаў ён. — А я мысліў: не прыйдзеш. Пойдзем у паліцыю; гукаюць, што рабіць…
Потым яго вывелі на двор, гдзе стаяла цёмная карэта. Адчынілі дзверцы, упіхнулі яго туды, пасадзілі да яго жандара, замкнулі ў цямноце і некуды павязлі.
Мякка каціліся аббітыя разінаю каточкі па роўных брукаваных вуліцах, толькі пляцкалі конскія подковы. А думкі ў Гаршка заскакалі: «Што хочуць зрабіць? За якія ўчынкі?»
Прывязлі яго ў ахранку. Увялі ў раскошны пакой і пасадзілі паміж двух жандараў.
Зараз выйшлі з другіх пакояў жандарскія афіцэры. Адзін меў у руках Гаршкова пісьмо да архімандрыта, у каторым якраз і было тое — «Калі не аддасцё маіх грошы — зраблю іначай з вамі».
Ізноў пачаліся распытаванні, хто, адкуль, чым займаўся, завошта меўся забіць архімандрыта, ці меў памагачых у нападзе?
— У турме сядзеў?
— Ні разу, пане палкоўнік.
Афіцэру не падабалася «пане» — Гаршчок чутка заўважыў.
— Брэшаш, латруга!
— Ніяк не брашу, вашскародзіе!
— Ага. Ну, мы праверым.
Прывалаклі аграмадны альбом з фатаграфіямі розных злачынцаў і зачалі лістаць і шукаць.
Доўга цягнулася гэтая работа, было горача і прыкра.
— Так! Першы раз у нас, і ведамасцяў з другіх гарадоў аб табе няма, — сказаў палкоўнік.
— Анархіст, рэвалюцыянер, бальшавік? — папытаў у яго далей палкоўнік. Гаршчок вытарашчыў вочы. Капітан усміхнуўся.
— Мяркуючы па яго пісьму і правапісу, пане палкоўнік, — пстрыкнуў ён па пісьму.
Абодва засмяяліся. Гаршчок пачырванеў — што смяюцца з яго цемнаты.
— Ну, ты добра спісаў тут манастырскія парадкі, толькі як паважыўся пагражаць? Што значаць словы: «Зраблю з вамі іначай»?
— Тое, што буду судзіцца за свае грошы, — адказаў Гаршчок.
— Ага, так! Ну добра.
Яны пайшлі ў другі пакой і доўга рагаталі там, яшчэ раз перачытваючы Гаршкова пісьмо, перасланае ў ахранку архімандрытам.
Адылі выйшлі.
— Ну, што ж: хочаш, каб мы цябе адправілі на родзіну?
— Хачу, вашскародзіе, — узрадаваўся Гаршчок, думаючы, што яму дадуць бясплатны праезд як нічога не маючаму і не вінаватаму ні ў чым.
— Добра, пішы, — сказалі пісару і пайшлі сабе. Пісар напісаў паперу, падаў яе салдату і сказаў:
— У М-ую перасыльную.
— Як, у турму, па этапу?! — скалануўся Гаршчок.
— Ато як жа? Сам прасіў.
— Я не тое… Я не хочу, — узняў голас Гаршчок.
— Ну ўжо канец, зроблена. Вядзі яго.
Даўгім і стыдным быў час да турмы сярод двух салдатаў са штыхамі па самай сярэдзіне вуліцы, па каменю.