Дзве душы
Шрифт:
Старую хаваў ён з Васільком, калі цела ўжо смярдзела, бо нябожчыца пралежала на стале колькі дзён, пакуль вуліцы сцішылісь апосле калатніны, і можна было завезць яе на могільнік — скончыць нікому не патрэбную даўготу прыкрых і тупых мясцовых хаўтур. Ні Васіль, ні ён за ўсі гэтыя дні, і навет у дзень пахавання маткі, не плакалі па ёй і ў душах не шкадавалі, што памёрла, толькі як бы саромілісь, што яны так думаюць і чуюцца, працівілісь з'ясненню той думкі і таго чуцця і выглядам чэсна маўчалі. Спачатку ім замінаў заняты стол, а после — нічога; толькі ўвечары, як пахавалі, яны без поўнай шчырасці пагаманілі троху аб той, што ўжо не было ля іх і ні разу не будзець ля іх, а між іншым прыемна зліліся абодва думкамі на ўспаміне, як яна заўсёды ірвалася з мураванага падзямелля к жыццю пад саламянай стрэшкай сярод
— Надарма ірвалася, — сказаў Васіль, барабанячы ў парозе бляшанаю самаварнаю трубою і не зірнуўшы к Абдзіраловічу.
— Ото ж, надарма, — дадаў ад столу той, лістаючы «Капітал», і падумаў, што будуць гніць яе старыя косці сярод мураваных падзямелляў чужое Масквы.
Пайшлі дні за днямі. Васіль хадзіў на работу, бегаў на сходы, працаваў у камітэце, і Абдзіраловіч рэдка заходзіў да яго, нудзіўся ад дзяньгубства і разважаў, што рабіць. Так было, пакуль не прыкульгаў з бальніцы Карпавіч. Рана яго была зусім не цяжкая і лёгка загаілася, але кулька зачапіла нешта такое, што Карпавіч так і застаўся кульгавым. Ён надта бедаваў, што схаўтурылі бабу без яго, але незабавам уцешыўся з важнай для яго прычыны: цэнтральны камітэт партыі запрапанаваў яму паехаць у N., у сваю старану, і памагчы там таварышам наснудзіць бальшавіцкі лад жыцця. Першы раз давалі такую веру Гаршку, і дзядок так дужа здаволіўся, што доўга ніяк не ўмеў схаваць свае гордае радосці. Падбіў ехаць Васіля і не быў працівен, што хлапец намовіў ехаць з імі ў N. прапаршчыка.
За прыгожыя відалі ўпадабаў Абдзіраловіч новае места, і гулянне па мястовых ваколіцах было салодкім для яго супакоем ад бальшавіцкай і сабатажнай бесталкоўшчыны на цывільнай службе, дзе пачаў працаваць, калі N-ая вайсковая камісія звольніла яго па беламу білету.
Меў даволі часу. Жыў адзінотна ў невялікай і ціхай жыдоўскай сям'і. Упадабаў гуляць і любавацца на прыгожыя відалі наўкол N. і разважаць аб жыцці.
Перабіраў у памяці розныя часіны жыцця свайго, асабліва дзяціных гадоў, як знаходзіўся ў Крупках, і пэўніўся цяпер, што ніколі не меў ён такога сынняга чуцця да старога пана Абдзіраловіча і да памяці забітай сялянамі пані, якое зазвычайнай бываець у дзяцей да сваіх бацькоў. Яму здавалася, што прынамсі да нябожчыцы маткі ён заўсёды болей, чымся да іх, меў прыязнасці і як бы кроўнай блізкасці, хоць і не ведаў, што яна не толькі любая для яго нянька Маланка, а яго родная матка. І цяпер разважаў так: «Ну, ведаю аб матчынай тайне, а што ж змянілася ў думках маіх ці ў учуццях маіх? Нічога…»
Але бесстаронні чалавек, паглядзеўшы на яго збоку і абмеркаваўшы кожды рух яго нутранога жыцця, сказаў бы, што калі прызнанне канаючай маткі нічога не адмяніла ў яго адносінах (хоць бы ў думках) да блізкіх так ці йначай яму людзей (маткі, старога Абдзіраловіча, забітай пані, Васіля), дык неўпрыцям для яго самога гэтае прызнанне ўжо адмяніла яго адносіны ці, лепей сказаць, — пагляды яго на адношанне да сацыяльнай рэвалюцыі і на ўчасце ў наладжванні новага жыцця. Раней быў ён быццам звонку ад народа, ад сялянскай і работніцкай грамады, пазіраў на рэвалюцыйную завіруху так, як некалі на вялікі пажар у сяле, — гэта значыць — так, як можа пазіраць толькі старонняя асоба. Калі раней бачыў, як на кождым вакзале, на кождай вярсце і чым бліжэй да фронту, дык тым балей катастрафічна гінула жыццё вялікай імперыі, створанае крывавымі мазалямі і потам гэнай грамады; калі бачыў, як разам з тым гінула наўкола астатняя сумленнасць і гінула астатняе спадзяванне, што ком яшчэ зачэпіцца на нейкім сучочку і не разаб'ецца ў дробныя брызачкі пад гарою; калі разважаў раней аб усім чыста, што дзеелася каля яго, дык ізноў-ткі ставіў сябе збоку, воддаль ад народнага няшчасця, па-за праклятаю чыртою, толькі часам плёскаў ён рукамі, як нехта добры над чужою бядою. Цяпер жа адмена яго была ў тым, што, пачуўшы прызнанне маткі, ён быццам пачуў і сябе тою грамадою, ад якой стаяў раней збоку. Калі раней на ўчынкі розных непачэсных ахвотнікаў кіраваць няшчаснаю людскою чарадаю глядзеў, як на ўчынкі адурэлых, каторыя пакуль што сваволяць бескарана, дык цяпер пільнаваў з асаблівай балючасцю кождую з боку іх няпраўду, хоць і заставаўся яшчэ ў угоду свайму
2
Кавалак рукапісу «Дзвюх душ», пачынаючы ад гэтага радка, узялі й не аддалі назад прадстаўнікі акупацыйнай улады, што рабілі рэвізію ў ліпені 1919 г. у рэдакцыі «Беларуская Думка», у якой аповесць друкавалася.
XV
Вечар. Сонейка схавалася, і толькі на заходзе, над прыціхшым гайком, чырванеецца паласа небасхіла.
І сціхаміранае поле, і супакоеныя хаты, і шанатун-сад, і бяроза ля пуні — усё зрыхтавалася, каб спаць.
І рэдка-рэдка варушыцца на грушцы той ці той галуза-лісцік, хочаць пабавіцца з невялічкім ветрыкам, але, пакінуты ім, і ён рупіцца памаліцца на ноч і змоўкнуць.
Немаведама дзе дзяваўся той ветрык, бо млоснаю нямотаю падыхала летняе неба, цёмнае і душнае.
Скончыўся святочны дзень. Заціхла й высялкоўская вуліца. Груд мужчын і баб, што сядзелі й гаманілі на бярвенні й шулах, звезеных летась увосень з панскага лесу, патроху рассыпаўся ўва ўсе бакі. І ўсё было пад уладай і панаваннем жніўнае ночы, што распаўсюдзіла свае хмельныя, цяжкія чары і залезла быццам няхоця ў астатнія куточкі.
Заснула зямля…
А Міколу Канцавому не спалася. Ён выйшаў з хаты, палашчыў Жука, прайшоў скрозь сад і засягаў у млеючае ад нямога любоўнага юру поле, па мяжы, сярод ужо высокіх і пахнючых канапель. Далёка за лесам, на небе, пыхалі і тухлі зараніцы.
Позны вечар… Прыціхла ў цямноце жыта і пыльны шлях. Позны вечар.
На выгане, за сялібаю, з канца хат, аднак, яшчэ даносіцца гоман. Порскаюць, тупочуць нагамі нявідныя коні.
Начлежнікі выязджаюць.
Скрыпнулі вароты, ляснуў завал, а там гаўкнуў сабака, ля калодзежа скрыгнула вага, і адтуль, і патроху, адзін за адным начлежнікі з'ехаліся і пацягнуліся ў цемні па дарозе ў поле.
— Гэй, гэй! Фю-фсі-сіў! Кось, кось!..
Адзаднія мальцы, раскапусціўшысь на конях, у знізах, таўкаюць іх пад бокі нагамі, а тыя — ані! — патроху дыбаюць, паціху перастаўляюць ногі.
І мальцам спачатку не маўчыцца. Таўкач свішчыць. Блышка на грыбы кадрыль іграець, а Касцючок, з другога аддзялення вучань, што па дрэвах, як кот, лазіць, то пяець песню:
Мая хвустка на пагодзе дуецца, А мой мілы на вайне ваюецца…Але чары гэтай душнай ночы сцішылі іх. Маўчаць.
Даволі доўга было ціха а ціха ўсюды. Пачуўся, здаецца, гоман. Не, гэта крыкнула птушка. Не, й не птушка крыкнула — далёка нехта гамоніць ці пяець па дарозе.
Вучыцель пайшоў на гукі, а яны дужэлі й чуліся бліжэй.
Спелае жыта абступіла N-скую дарогу.
Сярод жыта, за ўзгоркам, гаманілі два галасы. Мікола разабраў, што йдуць Іра й Сухавей (той гарэцкі нязграбны вучань). Пэўне да яго. Як добра. Як ён рад. Толькі з якімі-то навінамі аб святой справе адраджэння бацькаўшчыны? Трэба паслухаць, аб чым яны гутараць?
— Мне больш падабаецца Якуб Колас, — кажаць з смешнай паважнасцю Сухавей, — бо мне ў яго вершах чуецца тое, што я чую цяпер, тут, пад беларускім небам, сярод беларускага жыта, той шчыра-беларускі дух, які ёсць адзнакай іменна беларускай паэзіі, а не якой іншай…
— А мне — Янка Купала, бо ў яго можна знайсці і гэты дух, і апрача таго, лепшую, чымсі ў Коласа, тэхніку верша, — адказуець яму любым голасам Іра.
— А мне — абодва разам, — радасна выступае да іх з боку дарогі, з цямноты, Мікола і вітаецца. І думае: толькі й гутаркі аб беларушчыне, усюдых, заўсёды.
Яны трошку спужаліся ад неспадзевак, затое з асаблівай радасцю здароўкаюцца з ім.
— Да вас, да вас, Мікола Навумавіч, даруйце, што так спознілісь у дарозе, — сваім мяккім і крыху дрыжачым, густым нутраным голасам кажаць Іра, — да вас і ў важнай справе…