Эсэ
Шрифт:
А трыццаць тысяч у ім жыло, і тысяча трыста (у 1780 годзе) і восем тысяч з паловай (1897 год) і дзесяць з паловай тысяч (1905 год). Але колькасць жыхароў яшчэ нікому ніколі і нічога не гаварыла і не гаворыць. Людзі, якія тут жылі і жывуць, вось што галоўнае.
Калі б у мяне спыталі, якая рыса асабліва ўласцівая жыхарам Мсціслаўскай зямлі, што асабліва вызначае іх сярод астатніх беларусаў, я перш за ўсё назваў бы не розум, не мяккасць і дабрыню, не гасціннасць, не іншыя агульнанародныя рысы. Перш за ўсё, бадай, я назваў бы ініцыятыўнасць, прадпрыймальнасць, энергічнасць, дзейнасць і спрыт. Ужо якія толькі беды не хадзілі па ягонай мсціслаўскай спіне, як толькі не стараліся пазбавіць яго жыцця, а ён жыве і выжывае стойкі і ўпарты, як дрэва на
Ходзячы аднойчы па вуліцах горада з двума паважанымі мсціслаўцамі, я ўздумаў паддражніць іх. Успомніў пару выпадкаў, калі мсціслаўцы каралю жменю блох прадалі, успомніў, што "мсціслаўцы не паміраюць на сваёй лаўцы", прыпомніў, між іншым, як "недасекі" на працягу ста пяцідзесяці год аблапошвалі ўсю імперыю кубрачаствам.
— Гэта што?
— А хадзілі па імперыі з просьбітнымі кніжкамі (заверанымі ў начальства і ў свяшчэнніка). Збіралі грошы на пабудову пагарэльных і ўзвядзенне новых цэркваў.
— Ну і што?
— Ну, каб усе тыя грошы, што яны сабралі, пусціць у справу, то ў Мсціславе не сем цэркваў было б, і не "сорак саракоў" (тысяча шэсцьсот), як у старажытнай Маскве, а мінімум шаснаццаць тысяч.
— Быць не можа.
— А вы зірніце ў "Расію", т. ІХ, ст. 397.
Крыху абзадачаныя, яны раздумвалі надзьмуцца ім на мяне ці пусціць усю справу так, аж тут адзін з іх успомніў пра маю маці:
— Э, дык і вы ж таксама недасек.
— Ну так. Калі меркаваць па тым, што маці нарадзілася тут, і я таксама напалову недасек.
— Тады няхай, — прымірыліся яны.
І сапраўды, чаго крыўдаваць на твае жарцікі і кепікі, калі і ты сам не лепшы, ва ўсякім разе, сам напалову такі. Ну, але жарты жартамі, а давайце прыпомнім хаця некаторых людзей, якіх даў Беларусі (і ўсяму свету) маленькі Мсціслаў і яго бліжэйшае наваколле. Таму што востры Мсціслаўскі розум, хватка, кемнасць, дзелавітасць заўсёды былі накіраваныя, але найбольш на карысць чалавеку і на ягоны поступ наперад.
Пра дойлідаў і мастакоў, у прыватнасці Сцяпана Палубеса, мы ўжо гаварылі. Давайце цяпер пагаворым пра людзей асветы, думкі, навукі і культуры.
І, перш за ўсё, увогуле пра мсціслаўскую пісьменнасць.
Доўгі час існавала думка, што на ўсходнеславянскіх землях пісьменнае было ці не адно толькі духоўнае саслоўе, ну і хіба частка самых вярхоў грамадства. Яно і праўда: пергамент рэч дарагая, амаль недаступная для сярэдняга чалавека. Пергаментныя кнігі ХІ — ХІІ стагоддзяў дайшлі да нас у адзінкавых, па пальцах можна пералічыць, экземплярах. Адсюль вывад: насельніцтва было малапісьменнае.
Такая думка панавала аж да 1951 года, калі археолагі знайшлі ў Ноўгарадзе першую берасцяную грамату. Цяпер іх знойдзена там 588. Значыць, не былі рэдкасцю пісьменныя людзі. Значыць, для штодзённых сваіх патрэб людзі сярэдняй заможнасці карысталіся бяростай. Але ці была такая распаўсюджаная пісьменнасць асаблівасцю толькі адной Ноўгарадскай гандлёвай рэспублікі? Выявілася, што не. Проста асаблівасці паўночнай ноўгарадскай глебы лепш зберагалі бяросту. Але з цягам часу берасцяныя граматы былі знойдзены ў Смаленску, Старой Русе, Пскове.
Потым загаварыла беларуская зямля. У 1959 годзе была знойдзена берасцяная грамата ХІІІ стагоддзя ў Віцебску. Мсціслаў быў другі беларускі горад, дзе ў 1980 годзе таксама знайшлі такую грамату. Яна ляжала ніжэй сёмага бярвенчатага вулічнага насцілу. Мяшчэнне гэтыя датуецца 1249 годам, і значыць, пісалі грамату раней, недзе ў першае трыццацігоддзе ХІІІ стагоддзя.
Грамата гэтая дайшла да нас не цэлая. Гэта, уласна кажучы, невялікі ўрывак, тэкст якога паддаецца прачытанню з цяжкасцю і сэнс якога цьмяны. Ва ўсякім разе гэта дзелавы дакумент (большасць берасцяных грамат гаворыць менавіта аб прыватным жыцці людзей, аб іхніх справах, пакупках, даручэннях: гэта просьбы,
Бязмерна важлівы, бо праз бяросту гаворыць з намі не афіцыйная, а прыватная, асабістая гісторыя нашых продкаў, паўсядзённая, шырока распаўсюджаная іхняя пісьменнасць. На кожны час, на кожную нязначную патрэбу. Не загад палкаводцу ці паслу, а "сарочку забыла", "прадай адзенне і купі жыта", "выйдзі за мяне замуж", і нават вось гэтая неразумелая нам галаваломка пра грошы, пшаніцу і нейкім чынам звязанага з імі Сямёна, якога ўжо даўно няма на свеце і які, аднак, наш сабрат па роду чалавечаму.
Здаўна давён пісьменны Мсціслаў мае яшчэ адну неацэнную заслугу перад усходнеславянскай кніжнасцю. Тут нарадзіўся Пётр Цімафееў Мсціславец, друкар, заснавальнік, разам з Іванам Фёдаравым, першай друкарні ў Маскве. Мы не ведаем года яго нараджэння і смерці, не ведаем, дзе ён вучыўся друкарскай справе, на радзіме ці яшчэ недзе (друкаваная старажытнабеларуская кніга лічыла тады за сабою ўжо амаль палову стагоддзя). Адзіныя вехі ягонага жыцця гэта кнігі, выдадзеныя ім.
Нарадзіўся недзе, мабыць, у першай чвэрці XVI стагоддзя. Разам з Фёдаравым заснаваў у Маскве друкарню, у якой у красавіку 1563 года прыступілі яны да набору першай маскоўскай кнігі, "Апостала". Скончылі яе друкаванне 1 сакавіка наступнага года. Праз год выдалі два выданні "Часоўніка". І — не першыя і не апошнія — вымушаны былі пад напорам цёмнай чэрні, падбухторанай перапісчыкамі і цемрашаламі з вярхоў, як духоўных, так і свецкіх, бегчы з Масквы ў Заблудаў, непадалёку ад Супрасля. Заблудаў належаў гетману Вялікага княства Літоўскага Рыгору Хадкевічу, які дапамог ім заснаваць там друкарню і надрукаваць "Евангелле вучыцельнае" (выйшла 17 сакавіка 1569 года) і "Псалтыр" (выйшаў у 1570 годзе). Ёсць звесткі, што, па прыкладзе Скарыны, нашы майстры хацелі выдаць усё гэта ў перакладзе на простую мову, "каб научение людем ширилося". Чамусьці гэта не атрымалася. А шкада.
У 1569 годзе Мсціславец пераязджае ў Вільню на запрашэнне віленскіх купцоў, братоў Мамонічаў і братоў Зарэцкіх (Івана — скарбніка Вялікага княства Літоўскага і Зянова, бурмістра Віленскага). Там ён будуе паперню і друкуе "Евангелле напрастольнае", потым "Часоўнік" і "Псалтыр", у пасляслоўі да якога ваюе за прасвету супраць невуцтва (тады па "Псалтыры", часцей за ўсё, людзі вучыліся чытаць).
Гэта кнігі выключнага паліграфічнага майстэрства: прыгожы шрыфт, буйны і ясны, нібы спецыяльна для таго, хто вучыцца, гравюры мастацкія, арнамент прыгожы. Кнігу, апрача ўсяго іншага, нават проста прыемна ўзяць у рукі і цешыцца з яе. Яна прыцягвае да сябе. Ужо тады наш мсціслаўскі асветнік разумеў гэта.
Недзе пасля 1580 года Пётр Мсціславец памёр. Што мы ведаем пра яго? Ведаем толькі ягонаю справу: кнігі, якія неслі святло тысячам людзей. Гэты чалавек прадоўжыў друкарскую справу на тэрыторыі Беларусі, быў адным з дваіх заснавальнікаў друкаванага кніжніцтва на Маскоўскай Русі і (паколькі шрыфтамі ягонымі карысталіся Дзерманская, Астрожская і іншыя друкарні) заснавальнікам друкарніцтва таксама і на Украіне.
Мы чытаем больш за ўсіх у свеце, то, згадзіцеся, што тут немалая заслуга ўсходнеславянскіх першадрукароў.