Эсэ
Шрифт:
…Снег пад час гэтага начнога ўраганнага шаленства наліпнуў на дрэвы, муры, вежы і званіцы, на дамы і, аблізаны магутным ветрам, ператварыўся ў крышталічную ледзяную корку. Кожны порцік, кожная калона, кожная вежа, кожная ліштва заззялі зялёным, аранжавым, блакітным, сінім агнём, як вялізная навагодняя ёлка.
І ўсе будынкі — усе — увесь горад гарэў, іскрыўся, пераліваўся ўсімі колерамі, а найболей блакітным, як адзін вялічэзны, чысцейшай вады дыямент.
Не, такога я яшчэ не бачыў. І — у дадатак да ўсяго — у нябеснай сіні ўстала гіганцкая і тоўстая арка зімняй вясёлкі.
Бачыў я бледныя зiмовыя вясёлкi. Але гэтая была ярчэйшая за найярчэйшую летнюю.
І яна адбівалася тысячамі ў мурах дамоў і ў вежах, узнесеных у блакіт.
Яшчэ раз кажу: такога я, мабыць, не пабачу ніколі. Такое нават у перадсмяротнай цемры ўспомніцца і з'явіцца і, як апошняе суцяшэнне, напоіць твой зрок.
І каб канчаткова прывязаць мяне да сябе, Мсціслаў шчодрай рукой выдаў мне яшчэ адно дзіва.
Быццам усяго перажытага, усёй фантазіі было мала — завяршыў яе яшчэ адзін жарт лёсу, нібы заключны мазок дзівоснай карціны.
Была месячная ноч і горад ззяў дыяментамі, як удзень, толькі крыху больш блакітна і прыглушана. Паветра пахнула не выхлапнымі газамі, а пячным дымам. Снег пад нагамі рыпеў не па-сухотнаму, як у Мінску, а звонка, весела, бадзёра.
І раптам гэтыя дыяменты пачалі згасаць, а горад-палац пачаў растварацца ў серабрыстай імгле.
На дадатак да ўсіх раскошаў і дзівосаў Мсціслаў падарыў мне ў ноч на 10 студзеня месячнае зацьменне і павольнае згасанне сваіх дыяментаў у празрыстым паўзмроку, што насоўваўся на свет. Павольна згасала поўня.
Ціха згасаў светлы, іскрысты і зіхоткі горад пад ёй.
І я не магу зараз гаварыць аб ім без захаплення, як не мог бы гаварыць без захаплення пра жывую легенду, што сустрэлася мне на адной са шматлікіх маіх дарог. І я іду зараз разам з ягонымі людзьмі праз усе павароткі лёсу, праз усе бураны, марозныя вясёлкі і зацьменні. Бо толькі так я і магу з большага аддзячыць ім.
Таму што тая ноч — гэта было як быццам гіне чароўны сусвет, а ты павінен аднавіць яго, каб незгасальна стаяў у вачах людзей.
…Мсціслаў — кропля, асколак люстэрка, у якім адбіваюцца сонца і зоры і ўся няпростая гісторыя Беларусі. Горад, які, здаецца, нічым асаблівым не вызначаецца перад іншымі гарадамі, якіх на Беларусі сотні. Але паглядзіце на яго — і нібы ў фокусе адаб'ецца ў ягонай гісторыі ўвесь наш гонар і наша слава.
Ён чароўны. І ён як сціплы, вонкава непрыкметны чалавек, за плячыма якога багацюшчае жыццё. Сам ён рэдка кіне пра сябе слова. А пачнуць расказваць пра яго іншыя, дык яму пры жыцці помнік ставіць трэба.
:Мсцiслаў, невялiкi раённы гарадок, утульна стаў на высокiм правым беразе ракi Вiхры, непадалёк ад яе ўпадзення ў Сож. Ён ляжыць у васемнаццацi кiламетрах ад станцыi Ходасы i на скрыжаваннi дарог Магiлёў — Смаленск i Орша — Крычаў. Гэта адзiн з самых усходнiх куткоў рэспублiкi, на самай мяжы са Смаленскай вобласцю. Да Магiлёва адсюль 111, да Мiнска — 312 кiламетраў.
Мсціслаў, як і ўсе гарады, перажываў узлёты і заняпады. У якасці кур'ёзу прывяду вам такія лічбы. У першай трэці XVIII стагоддзя насельніцтва Кіева не перавышала 12 тысяч чалавек. Значна, на пару стагоддзяў раней, у Мсціславе жыло 30 тысяч чалавек. Але Кіеў у ходзе свайго гістарычнага развіцця стаў сталіцай намесніцтва, губерні, сталіцай Украіны. Ужо ў 1763 годзе ў ім жыло 42 тысячы чалавек, а ў 1979-м — 2 мільёны 144 тысячы. Мсціслаў жа, воляй лёсу і гісторыі, перастаў быць такім жа — і нават большым — сярэдневяковым цэнтрам ваяводства і, лежачы нібыта ў баку ад пуцявін гандлю, палітыкі, самой гісторыі, руйнаваны
Здаўна-давён населена, абжыта i ўходжана чалавекам мсцiслаўская зямля. Едзеш або iдзеш па ёй i паўсюль старыя гарадзiшчы i магiлы, магiлы i курганы. У Доўгавiцкiм сельсавеце i ў Сялецкiм. I перамяшаныя тут магiлы апошняй вайны i курганныя магiльнiкi Кiеўскай Русi, i таго, што было да яе. Вось яны стаяць над Натапай, кiламетры за два ад вадзянога млына, пляскатыя, нiбы разлiзаныя часам (пры вышынi ў 1,3 м, 1,7 м, дыяметры iхнiя да шаснаццацi-васемнаццацi метраў).
Вось могiльнiк у Дубейкаве, у самым цэнтры вёскi. 21 насып. I знаходкi: пазалочаныя пацеркi, бразготка-бомка, жалезны нож.
I вось трынаццаць насыпаў у в. Кандратаўск — i гэта Кiеўская Русь.
Але што там Кіеўская Русь!
Вось гарадзішча ранняга жалезнага веку ля в. Міцькаўшчына і роўнае яму па старажытнасці гарадзішча ў Каробчыне Чырвонагорскага сельсавета. Паўднёва-ўсходні і заходні краі гарадзішча (у густым лістоўным лесе) вельмі стромыя і ў вышыню ледь не на трынаццаць метраў, а насыпаны вал з поўдня метраў каля сямі. Тут у зямлі россыпы керамікі Мілаградскай і Днепрадзвінскай культур, таксама ранні жалезны век. А там гарадзішча ля в. Мазалава. І гэта зноў Мілаградская і Зарубінецкая культуры (пачатак — сёмае стагоддзе да нашай эры, заранка сучаснага "жалезнага " чалавецтва).
Курганы ля в. Новыя Віхраны, ля в. Пячкоўка (на краі кар'ера, які з'еў амаль увесь могільнік), селішча і курганы ля в. Разанцы, гарадзішча і могільнік ля в. Усполле (7 стагоддзе да н. э. — 4 стагоддзе да н. э.).
Густа засялялі гэтую зямлю, густа ў яе і клаліся. Ля той жа самай Пячкоўкі побач са старымі курганамі месца, дзе фашысты расстралялі звыш пяцісот людзей.
Курганы, курганы і курганы. Селішчы, гарадзішчы і зноў курганы. Мноства іх.
І, вядома, самыя галоўныя гарадзішчы гэтай зямлі — гарадзішчы Мсціслаўскія. А сярод іх гарадзішча "Замкавая гара". Высокі мыс на правым беразе Віхры. Абкружаны шырокімі, метраў 60 — 100 і глыбокімі, метраў на 25, ярамі. Плошча 108 на 48 метраў, каля двух гектараў. Па краю Замкавая гара была абкружана яшчэ насыпным валам вышынёю на два з паловаю метры, але ён збярогся не паўсюль.
Першы абследаваў і апісаў гарадзішча славуты беларускі вучоны, этнограф, фалькларыст і археолаг Е.Р.Раманаў, таксама, дарэчы, не дужа і далёкі зямляк з Сожа. Было гэта ў 1893 годзе. У дваццатыя гады абследавалі яго А.М.Ляўданскі і С.А.Дубінскі, у 1978 годзе — М.А.Ткачоў. Раскопкі праводзіў Л.В.Аляксееў. І раскопкі тыя былі на дзіва багатыя. Магутны, да трох метраў, культурны пласт добра захоўваў рэчы арганічнага і неарганічнага паходжання.
Рука археолага ўскрыла жылыя і гаспадарчыя пабудовы, аж цэлых сем ярусаў вулічных маставых (не па гразі хадзілі старажытныя мсціслаўцы — па бярвенным гулкім мосце), вастраколы XIII–XIV стагоддзяў. І мноства розных рэчаў і прыладаў: рамесніцкіх, гандлярскіх, земляробчых, рэчаў культурных і культавых, рэчаў з поўначы, поўдня, усходу (значыць, і туды даходзілі гандлёвыя шляхі старадаўняга Мсціслава). Жылі тут ганчары і гарбары, шаўцы і касцярэзы, майстры ювелірнай справы і майстры апрацоўкі дрэва і выдатныя, на ўвесь славянскі свет славутыя майстры "цаніннай справы " (майстры па паліванай кафлі), залатары і збраяры і іншыя, якіх нават пералічыць цяжка.