Эсэ
Шрифт:
І Мсціслаў у гэтую пару не дыяментавы, а такі сабе звычайны малы гарадок, які патанае ў садах і магутных дрэвах на адходнах над Віхрой, спакойны і лянотны, з рэдкімі малымі віхурамі на вуліцах.
Вечарамі слаба свецяцца вокны магазінаў і рэстаранаў галоўнай плошчы і ліхтары "рэтра" на газоне перад сучасным будынкам кіно. Выходзяць з яго рэдкія гледачы. І зноў кладзецца налёт таямнічасці на вулкі, якія збіраюцца спаць або ўжо заснулі, на вялізныя дрэвы. Гораду заўтра ўставаць з пеўнямі: чакае не дужа багатая прамысловасць, а галоўнае, чакаюць палі, чакае другі пакос сена. І начныя вулкі пахнуць палямі і сенам, а ты ідзеш імі і здзіўляешся, што мог
…Дарогі на палях, надзіва добра ўходжаных, як і паўсюль на Мсціслаўшчыне. Адна з іх вядзе на Пустынкі, былы манастыр заснаваны ў 1380 годзе князем Лугвенам Сямёнам Альгердавічам, героем Грунвальда. Да Пустынак 9 кіламетраў, яны ляжаць на самай мяжы са Смаленшчынай.
Яшчэ здалёк-здалёк відаць з дарогі стройны аловачак званіцы і купы дрэў за ім.
Вельмі шкада, але ад XIV стагоддзя ў Пустынскім манастыры нічога не засталося. І званіца, і размешчаныя за ёю па адной асі будынак сабора, моцна пашкоджанага, і будынак жылы — гэта стагоддзе ХІХ. Сабор, урэшце, уключае ў сябе (быў, відаць, паўтара з лішнім стагоддзя назад перабудаваны) вельмі значныя фрагменты стагоддзя XVIII і сям-там, магчыма, рэшткі будыніны XVII стагоддзя.
Але вакол векавыя дрэвы, спакойнае сонца на іх, густая, па калена, трава і гаючая цішыня. Магутны, вялікі стары сад, які пачынае дзічэць. Крыніца б'е ля падэшвы яра. А крыніцы ж тут увогуле магутныя. І ўвогуле на Мсціслаўшчыне і ў прыватнасці тут, у Пустынках. І нізіна, куды яны збягаюць, яшчэ параўнаўча нядаўна, была ланцугом рукатворных азёр, багатых рыбай.
Зусім яўчэ нядаўна тут была школа. Будынак моцны. Уставіць толькі шыбы і ўсё. Ну і паступова адрамантаваць іншыя службы, закансерваваць і, з часам, аднавіць пад нешта званіцу і сабор. Сады, стогадовыя дрэвы, недалёкія лясы, ланцуг азёр. Маляўнічы спакойны край. І такі гожы комплекс будынкаў. Так шкада, што ён можа прапасці.
Гаспадара няма. І, можа, раёну гэта не зусім пад сілу, асабліва пры тэмпах будовы, пры колькасці будаўнічых аб'ектаў. Ну а вобласці? Рэспубліцы?
Чаму б рэспубліканскімі сіламі не дапамагчы давесці да ладу гэты раён. Артэк у Пустынках. Школа-інтэрнат, скажам, у Ануфрыеўскім манастыры. Краязнаўчы музей у Мікалаеўскім саборы, мастацкі музей і зала арганнай музыкі ў Кармеліцкім саборы, крыты павільён над раскопам на Замчышчы, археалагічны музей, гістарычны музей у царкве Аляксандра Неўскага. Я называю першыя — лепшыя аб'екты для рэстаўрацыі і размяшчаю ў іх першыя — лепшыя культурныя ўстановы. Ясна ж, што над гэтым трэба думаць, што сказанае мною пакуль што толькі фантазія.
Але ўявіце сабе, што гэта зроблена, што горад ператварыўся ў турысцкі, гістарычны, мастацкі, культурны цэнтр.
Сілы нашай на гэта не хопіць, ці што? Зрабіць першы пакуль што горад-музей і тым даць прыклад на стварэнне яшчэ некалькіх.
…Пасярэдзіне двара ў Пустынках ляжалі ў траве два веласіпеды і хатулькі. Два хлопцы, мастакі-рэстаўратары з тых чатырох, што працуюць зараз у Кармяліцкім касцёле, Ю. Маліноўскі і У. Ракіцкі, добрыя знаёмыя, крыху здзіўляюцца мне.
Кожнай раніцай яны едуць на веласіпедах сюды з Мсціслава. Кожны вечар вяртаюцца туды назад. 18 кіламетраў. Выявілі ў прыбудове фрэску XVIII (а можа і XVII) стагоддзя і зараз працуюць, рыхтуючыся зняць яе. Самой фрэскі я не бачыў, яны ўжо заляпілі яе папяроснай паперай. Потым яе замнуюць марляй,
…Спёка. Сонца пячэ дзіка. Палі плаўна спадаюць да Віхры, што струменіць сваю плынь у берагах, укрытых густым хмызняком. Праз гэтыя нетры не дабярэшся да чысцёткай, як слязніца, вады. Смага.
І раптам, гэта ў некалькіх кіламетрах ад Мсціслава, бераг пачынае літаральна вывяргаць ваду.
Вось на беразе, у пары метраў ад ракі, абгароджаны і прыкрыты дахам басейн (гэта метры тры на тры можа, болей). Сценкі бетонныя. З яго вядзе трубка сантыметраў на дваццаць у дыяметры, а з яе б'е няспынны і тугі шкляны вадаспад. Глыбіня крыніы метраў пяць, але вада такая празрыстая, што дно здаецца вось-вось, як руку працягнуць. І на гэтым дне — дзіва, якога я даўно ужо не бачыў. На дне — літаральна вулкан, які выкідае ў секунду, відаць, вёдраў пяць вады, варочае яе і вялізныя, тоўстыя клубы пяску, што тут жа ападаюць, а на іх месцы ўзнікаюць, уздымаюцца новыя.
Кінь валун — будзе варочаць і яго, такі магутны напор.
Не замярзае і ўзімку. І ўзімку няспынна бяжыць і бяжыць тоўстая ручаіна да Віхры. Стоячы ў ёй, некалькі юнакоў скрабуць рыбу і срэбныя бліскаўкі сплываюць у раку.
— Што гэта вы?
— Кажуць, лечыць раматус, — кажа адзін з іх.
– І радыкуліт, — дабаўляю я.
Вада больш ледзяная за лёд. Дзіўнага жывушчага смаку. Даўно я не бачыў такіх магутных крыніц. Магла б, мабыць, забяспечыць пітной вадой увесь горад, як забяспечвала яго калісьці, моцна цяпер запушчаная, крыніца Здаровец у яры пад Замчышчам, у межах самога горада.
А тут б'е. І ўсё дно Віхры б'е халоднымі крыніцамі. І ўвесь бераг ля Мсціслава.
Горы, лес на іх, крыніца, рака. Старажытныя ліпы і лістоўніцы на месцы былога фальварка. Свеціць праз іх перадвячэрняе крынічнае жнівеньскае неба.
Давайце сёння не будзем больш забірацца далёка. Давайце пойдзем на тое месца, дзе малой крынічкай прабілася некалі на свет рачулка нашага гарадка. На Замчышча.
Галаваломны спуск на седлавіну (тут вісеў калісь над ярам пад'ёмны мост), і стромы пад'ём.
На Замчышчы хатка (ці можа дзве: так і не разабраўся праз дзікую густэчу сада, што займае ягоную частку), старыя каравыя яблыні. Пасля шлях вядзе праз грады і сад на археалагічны раскоп: маленькі, жабрачы кавалачак на вялізным, як выявілася, Замчышчы, малюсенькая частка ягоная. На астатняй частцы лапічак саду і гароды. Блытаюцца ў сонцы плеці гуркоў, сцябляны маку, лопухі бураковага гічаўя. Гарбузы віюцца паўсюль і сонечна ззяюць пушыстымі глыбокімі кветкамі. Нейкія жанчыны торгаюць буйную цыбулю. Паўсюль густыя джунглі памідораў, яшчэ зялёных.
А раскоп — яма, запоўненая зялёнай цвілай вадой, і ў ёй рэшткі паляў, драўляных вулічных мастоў, рэшткі будынкаў (Дарэчы, тут я, як мне здаецца, зразумеў, якім чынам жыхары абложанага горада маглі не цярпець недахопу ў вадзе: калі вораг стаяў пад вонкавым валам, праблемы ўвогуле не было, бо выручалі магутныя крыніцы Здароўца ў яры з паўднёва-заходняга боку, там можна напаіць хоць бы й сотню сланоў. А калі вораг абкладаў непасрэдна Замак — выручала вось гэтая вада, што так хутка запоўніла раскоп і не высыхае: тут або таксама блізкі да паверхні вадзяны слой, або на глыбіні ляжыць моцны воданепранікальны пласт гліны, які не дазваляе дажджам усмоктвацца ў зямлю).