Эсэ
Шрифт:
І ўсё гэта ахапляе вялізны час, аж з эпохі бронзы. Усе гэтыя рэшткі Днепрадзвінскай і Зарубінецкай керамікі, сярэднелатэнскія фібулы, грузікі дзякаўскага тыпу (гэта на Дзявочай гары). Усе гэтыя касцяныя восці, дзівосныя звяры з дзвюма галовамі, сярпы, нажы, шкляныя бранзалеты, накладкі калчанаў 13 стагоддзя і жалезныя наканечнікі стрэл.
Бо горад працаваў, але і ваяваў, баронячы створанае сваёй працай. Равы, валы, яры, сцены, а пасярэдзіне рэшткі драўлянай вежы 17 стагоддзя. Апошняй надзеі абаронцаў. На жаль, драўлянай. А дрэва — яно гарыць.
З большага ўсё гэта знойдзенае пайшло ў Інстытут археалогіі АН СССР. Але і там гэтаму будзе цесна. І чаму, каб
Замкавая гара — не адзiнае месца ў Мсцiславе, дзе здаўна-давён сялiлiся людзi. Непадалёк i Дзявочая гара — гарадзiшча Днепрадзвiнскай культуры. Другая яе назва "Гарадок": гэта "на палову вярсты" на ўсход ад замка.
Дарэмна гэта ходзяць легенды пра Дзявочую гару, што яе калісьці дзяўчаты нанасілі па пясчынцы. "Дзеві-гарадок" проста аж крычыць сваёй назвай, што гэта "Дзіві-гарадок", месца, дзе водзяцца "дзівы", гэта значыць дзівосы, дзівовішчы, злавесныя пачвары або й добрыя стварэнні, тое, чаму дзівяцца людзі, што створана людзям на здзіўленне. Словам, розныя "дзівія" стварэнні народнай фантазіі эпохі Пяруна, Вялеса і Дажбога.
А можа і эпохі, якая папярэднічала ім, папярэднічала ўвогуле славянам. Бо кераміка, знойдзеная на Дзявочай гары — тыповая кераміка ўсходніх балтаў, а зарубінецкая культура тады ледзь-ледзь займалася тут (ёсць асобныя знаходкі ранняга яе этапу).
Ну а Замкавая гара — проста волат у параўнанні з Дзявочай, Замкавая гара са сваімі валамі, пад'ёмным мостам з паўднёвага боку, Акольным горадам (а вакол яго таксама равы і валы) — гэта ўжо не жыллё родавай абшчыны, а горад ва ўсёй разнастайнасці сваёй гісторыі, гэта ўжо дзевяць — а можа і болей — стагоддзяў гісторыі славян.
Не ўсёй, а пераважна 17 стагоддзя, да часу страшнай "Трубяцкой разні" (1654 г.).
Вулічны мост (мы яшчэ будзем гаварыць пра яго ў сувязі са знаходкай адзінай пакуль на Мсціслаў берасцяной граматы) перасякаў замчышча з поўначы на поўдзень і налічваў аж сем ярусаў бярвенняў. Ніжні датуецца 1239 годам, самы позні — першай паловай 14 стагоддзя. Паабапал моста былі вастраколы (бярвенняў не шкадавалі), сядзібы, хаты (досыць невялікія па памеры, як тром людзям легчы галовою да ног наступных трох: жыхары, відаць, лічылі, што няма чаго бабіцца ў хаце, калі прасторы хопіць і пад вольным небам у полі ці ў лесе), гаспадарчыя пабудовы і склепы.
Раскапана пакуль што няшмат і да гэтага часу самы ранні раскапаны будынак датаваны 1204 годам, а пад ім ідуць слаі бяднейшыя дрэвам.
Час, аднак, пакажа, што яно было і як. Абы нехта не ўздумаў гаспадарыць на старым гарадзішчы.
Але і знойдзенае да гэтага часу дае шмат матэрыялу для роздумаў і разваг. Касцяныя пласціны ад скуранога калчана, дзе арнамент — складаная повязь раманскага захаду, скандынаўскай поўначы і палавецкага поўдня, крыжы-энкалпіёны (складні) кіеўскай работы, шкляны кубак з арабскім надпісам. І, як часта на Беларусі, прасніцы з валынскага і аўручскага каменя, самшытавыя грабеньчыкі (гэта Каўказ). І, вядома, зброя, ганчарства, вырабы ліцейшчыкаў і гарбароў.
Вось на гэтай узгоркавай сямейцы, на Замку, аддзеленым ад Траецкай і Могільнікавай гор глыбокімі равамі, ды на Дзявочай і ўзнікла ў спрадвечныя язычаскія часы спачатку людское паселішча, а пасля і горад Мсціслаў.
У 12 стагоддзі (1136 год) упамінаецца ён як горад Смаленскага княства ў грамаце князя Расціслава Мсціславіча. У 1156 годзе яго, як умацаванае месца, упамінае Іпацьеўскі летапіс.
Месца было амаль непрыступнае. Ляжала на досыць бяспечнай гандлёвай
У ім ужо ёсць багаты дзяцінец, мураваныя і драўляныя цэрквы, калі Смаленскі князь Раман Расціслававіч дае яго ва ўдзел сыну Мсціславу. Гэта 1180 год, год пачатку Мсціслаўскага княства. Мсціславу падпарадкоўваюцца Чавусы, Чэрыкаў, Радамля, Расна, Прапошаск, Расціслаў. І князі яго — з роду Манамаха.
Толькі не дужа шанцавала гэтым князям. Мсціслаў Раманавіч, першы ўдзельны князь Мсціслаўскі, а пасля князь Смаленскі, стаў потым князем Кіеўскім і загінуў пасля першага сутыкнення з манголамі на рацэ Калцы ў 1224 годзе.
Ды й самому гораду часамі шанцавала не дужа. З узнікненнем Вялікага княства Літоўскага ён апынуўся на юры, на памежжы паміж княствам і Смаленскай зямлёй. І тут ужо ён сербануў ліха спаўна, пераходзячы ад адных князёў да другіх, аж пакуль не апынуўся ў 1359 годзе — стала на пэўны, вядома, час — у складзе Вялікага княства. Вялікі князь Альгерд аддаў яго ва ўдзел сыну свайму Лугвену Сямёну. Князі літоўскія вельмі хутка аславяніліся і князь Лугвен Сямён не быў выключэннем. Жывучы ў славянскім асяроддзі, укладаючы свой побыт на славянскі манер, прыняўшы праваслаўе, ажаніўшыся з дачкой Дзмітрыя Данскога (у год Кулікоўскай бітвы, дарэчы), ён і гаварыў і выдаваў свае граматы па-старабеларуску. У тым жа 1380 годзе засноўвае ў наваколлі Мсціслава Пустынскі манастыр. А ў 1407 годзе засноўвае Ануфрыеўскі манастыр, а ў 1410 годзе сын яго Юры змагаецца пад Грунвальдам. А ў XV–XVI стагоддзях зноў точацца войны, палаюць гарады, з-за дынастычнай бязглуздзіцы, з-за ўсобіцы і ўладалюбства князёў, каралёў і цароў многімі тысячамі гінулі аршанскія, полацкія, маскоўскія, мсціслаўскія хлопцы. Аратаі, рамеснікі, кніжнікі, майстры. Залатыя чалавечыя рукі! Замест таго, каб ствараць, — яны бяруць меч і забіваюць.
І гэта ў той час, калі адзіны святы і стакрат блаславёны толькі той меч, што ўзняты на абарону роднай страхі, родных муроў, роднага ачага.
На шчасце, Мсціславу ёсць чым ганарыцца і тут. Яму давялося трымаць у руках меч высакароднай і праведнай вайны за айчыну і за самое існаванне роднага племя.
Здарылася гэта на самым пачатку XV стагоддзя. Тады вялікая бяда звалілася на землі славян. Ішоў Тэўтонскі ордэн, ставячы пад пагрозу не толькі мову, свабоду і гонар, але і самое існаванне славян. З боку рыцараў зачэпкай вайны 1409–1414 гадоў было тое, што Жмудзь упарта трымалася язычаства. Але немцы лічылі не меншымі язычнікамі не толькі праваслаўных, але і католікаў.
Жмудзь паўстала. З яе земляў даляцеў адчайны, перадсмяротны лямант аб дапамозе:
"Выслухайце нас, прыгнечаных, змучаных… Ордэн не шукае душаў нашых для бога, ён шукае земляў нашых для сябе, ён нас давёў да таго, што мы павінны або хадзіць з торбамі, або разбойнічаць, каб было чым жыць. Як яны пасля таго… пасмельваюцца хрысціць? Хто хоча іншых умываць, павінен быць сам чысты. Усё… у нас забралі: штогод звозілі дзяцей нашых да сябе у заложнікі, старэйшынь нашых завезлі ў Прусію, іншых з усім родам агнём спалілі — а яшчэ крыж святы на адзенні носяць. Злітуйцеся з нас!.. успомніце, што мы людзі ж, створаныя па вобразе і падабенству божыю, а не звяры якія"…