Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Хрыстос прызямліўся ў Гародні. Евангелле ад Іуды

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Сялім ускінуўся на каня. Хан усміхнуўся яму:

— Гаворка гаворкай, пасольства пасольствам і ясак ясакам. Але я думаю: нам няма чаго марудзіць. Жах — харошы памочнік. А дадуць згоду на даніну — мы спынім тады.

— Згода.

І, калі мурза крануў з месца, хан пляснуў у далоні:

— Збор!

Глуха заракаталі бубны. Стан прыйшоў у рух.

Раздзел XXІХ. Пятка не мае сораму

І тады гэты паршывы нечасцівец склікаў да сябе — таемна і пад

покрывам цемры — яшчэ дзесяцёх, чые імёны хай не апаганяць вашага слыху.

Усходняя казка

Усяго праз два дні гэты самы грукат нясцерпна рассыпаўся над дамамі і вуліцамі Гародні. Нясцерпна, хаця тут яго вывяргалі ўсяго два барабаны і з дзесятак бубнаў у руках варты.

Гук быў нясцерпны, таму што вялікая, мёртвая цішыня стаяла на поўных народам вуліцах горада.

Ішлі пасланцы ад крымчакоў, а гэта азначала, што і сама арда недзе тут і ўжо льецца кроў, ляскаюць, бразгочуць мячы, свісцяць арканы і лямант стаіць у паветры.

З жахам глядзелі на чужынцаў дзеці, з бязмернай агідаю жанчыны, з гневам — бо хто ж іх калі-небудзь зваў на Белую Русь — мужыкі і мяшчане.

Што праўда, татар прымусілі спешыцца яшчэ на Малой Скідзельскай, але ім пакінулі ўсё, нават бубны. І вось пабедныя, варварскія гукі чужой музыкі, той, якую памежныя людзі снілі нават уначы, агалошвалі Ростань, пасля Старую вуліцу, пасля Стары рынак. Ніхто не папярэдзіў аб з'яўленні крымчакоў ні раду, ні нават духоўны суд, што якраз сядзеў у палацавай царкве, у першым усходнім нефе замка. Татарын загадаў тысячніку Карнілу не цягнуць гадзінамі і днямі, калі не хоча, каб ягоная тысяча сустрэлася з цьмою, а адразу весці яго «да ўладароў». Іначай будзе горш. Кожная хвіліна — лішняе спаленае сяло.

І Карніла вырашыў весці мурзу на сваю адказнасць.

Ударалі, грукаталі бубны. І ішоў, валюхаючыся, паперадзе сваёй дзікай вобразам варты пасыльны татарын. Ногі ў ботах з загнутымі насамі ўпэўнена папіралі зямлю. Адна рука — на эфесе, другая — абаранкам на тугіх вітках аркана. Галава закінута, вочы глядзяць зверху ўніз. І нахабна, пагардліва ўсміхаецца рот.

Толькі аднойчы вытрымка здрадзіла яму. Убачыў залатыя кісці рук і даўжэзныя вусы Ціхона, і яны так уразілі яго, што ён засмяяўся і ўхапіўся за іх, нібы дзіця за цацку.

— Доб-ры баран. Мой будыш!

Сябры кінуліся былі на крымчака. Гіаў развярнуўся быў, каб даць. Вястун узняў молат. Але тут замкавая варта, якая суправаджала пасланцоў, выставіла дзіды і гізаўры.

— Вы што, хамы? — спытаў тысячнік. — Пасла?!

…А славуты гародзенскі сінкліт сядзеў між тым у паўночным прытворы дварцовай царквы і анічога не ведаў пра нечаканую «радасць», якую рыхтаваў яму лёс.

Перад пачцівымі і высакароднымі раснікамі стаяў ганец, запылены да таго, што здавалася, нібы ён усё жыццё дагэтуль пражыў на млыне. І вось яго выцягнулі адтуль і, сяк-так пачысціўшы (бракавала часу), даслалі з даручэннем.

— Трэба пахваліць вашу службу, — вельмі ціха сказаў Лотр Фларыяну Басяцкаму. — І як вашы галубы?

— Прыляцелі, —

змрочна сказаў праезуіт.

— Цікава, — сказаў Лотр. — Цікава было б ведаць, чаму вы ўважылі за лепшае ўвесці нас у зман наконт таго, што ўсё добра, пакінуўшы пры сабе весткі аб падзеях у Наваградку, аб спробе перашкодзіць святой службе, аб тым, што знік генеральны камісарый і што ў знікненні гэтым, магчыма, таксама вінаваты яны? Урэшце аб апошніх падзеях… Гэта была ваша ідэя з галубамі?… Вы штосьці ўжылі?

— Ужыў, — змрочна сказаў мніх-каплан.

— Цікава было б ведаць, што?

— Я ўжыў гэтых галубоў. Смажаных у масле. Памятаеце? Вы яшчэ памаглі мне іх ужываць. Было смачна. Магу таксама нагадаць, што была серада.

Кардынал папярхнуўся.

— Калі ласка, — амаль бязгучна сказаў ён, — маўчыце.

— Чаго мне маўчаць, калі не маўчыце вы?

— Але ж…

Твар каплана абцягнуўся скурай. Бязлітасна і жорстка ён сказаў:

— Галубы вярнуліся без запісак.

— Можа…

— Усе тры галубы вярнуліся без запісак, — паўтарыў мніх.

— Магдаліна? — узняў Лотр непаразумелыя вочы.

— А вось гэта ўжо была ваша ідэя, — зваліў правіну на кардынала дамініканец. — Я толькі выказаў меркаванне «а можа». І тут вы ўхапіліся за яго, як клірык за бутэльку, як папа Аляксандр VІ за ўласную дачку, як п'яны за плот…

— Хопіць, — сказаў Лотр. — Давайце дзейнічаць.

Фларыян Басяцкі кашлянуў і ласкава звярнуўся да ганца:

— Дык што ж гэта ты нам такое сказаў? Як гэта гандляроў разагнаў?! Як дазволілі?

І тут уставіў свае тры грошы Рыгор Гародзенскі, у міру Гіляр Балвановіч:

— Самі казалі: «махляр», «бяспечны».

— Быў бяспечны, — сказаў мніх. — Быў.

— Гаворыш чорт ведае што, — сказаў біскуп Камар. — Гэта што ж будзе, калі кожны вось так, у храм? Разважаць трэба. — «Брыда перад Богам — чалавек разважлівы», — як заўсёды, ні з пушчы ні з поля падаў голас войт.

Ганец пакутліва баяўся прынесеных кепскіх вестак.

— Айцы, — сказаў ён, — і гэта яшчэ не ўсё. Яшчэ кажуць, нібы заўважылі татар. Татары ідуць.

— Змоўч! — успыліў Лотр. — «Нібы-ы», «нібы-ы». Татары прыйшлі і пойдуць. А той, хто замахваецца на народныя святыні, гэта табе не татары?

Варухнуўся ў цёмным куту бурмістр Юстын. Расплюшчыў вочы. Хацеў быў сказаць, але толькі злосна падумаў:

«Ясна, чаму вы так. Вас нават у рабы не возьмуць па поўнай няздатнасці, няробы. То вам што?!»

І зноў пад скобкаю валасоў згаснулі вуголлі ягоных вачэй.

— Ты разумееш, на якія асновы ён замахнуўся?! — пабарвавеў Лотр.

Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася для ганца, каб не пачуліся на пераходах крокі, нейкія прыглушаныя ўдары і бразгат. Усе насцеражыліся. Пачулася нешта накшталт пералаю. Карнілаў голас угаворваў кагосьці трохі пачакаць. Пасля тысячнік увайшоў, але не паспелі яны спытаць у яго, што здарылася, як з грукатам адчыніліся дзверы. Лінула ў царкву дзікая какафонія гукаў. Бубны аж захлыналіся ў бразганні і гулкіх ударах.

Поделиться:
Популярные книги

Магия чистых душ 3

Шах Ольга
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Магия чистых душ 3

Мятежник

Прокофьев Роман Юрьевич
4. Стеллар
Фантастика:
боевая фантастика
7.39
рейтинг книги
Мятежник

Эртан. Дилогия

Середа Светлана Викторовна
Эртан
Фантастика:
фэнтези
8.96
рейтинг книги
Эртан. Дилогия

Вперед в прошлое 5

Ратманов Денис
5. Вперед в прошлое
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Вперед в прошлое 5

Эволюционер из трущоб. Том 6

Панарин Антон
6. Эволюционер из трущоб
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Эволюционер из трущоб. Том 6

Кодекс Охотника. Книга VI

Винокуров Юрий
6. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга VI

Дракон с подарком

Суббота Светлана
3. Королевская академия Драко
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.62
рейтинг книги
Дракон с подарком

Газлайтер. Том 10

Володин Григорий
10. История Телепата
Фантастика:
боевая фантастика
5.00
рейтинг книги
Газлайтер. Том 10

Бастард Императора. Том 5

Орлов Андрей Юрьевич
5. Бастард Императора
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Бастард Императора. Том 5

Таня Гроттер и магический контрабас

Емец Дмитрий Александрович
1. Таня Гроттер
Фантастика:
фэнтези
8.52
рейтинг книги
Таня Гроттер и магический контрабас

Истребители. Трилогия

Поселягин Владимир Геннадьевич
Фантастика:
альтернативная история
7.30
рейтинг книги
Истребители. Трилогия

Измена. Избранная для дракона

Солт Елена
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
3.40
рейтинг книги
Измена. Избранная для дракона

Золушка вне правил

Шах Ольга
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.83
рейтинг книги
Золушка вне правил

Солнечный корт

Сакавич Нора
4. Все ради игры
Фантастика:
зарубежная фантастика
5.00
рейтинг книги
Солнечный корт