Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Цяпер Кірдун лупіў урывак з Ганкавага Краледворскага рукапісу. Лупіў на скажонай да апошняга чэшскай мове. У дзеда палезлі на лоб вочы.

Ясна, – сказаў. – Ясна, чаму вы там вучыліся.

Алесь паспрабаваў быў заступіцца.

Я не з табой гавару, – сказаў дзед. – Ну, Халімон, а мэта... мэта вашага з панічом навучання якая?

Народ, – сказаў Кірдун. – “Спявайце гімн народу...”, “Гэй, не сумуй, плынь шчасця цячэ. Народ твой ніць залатую тчэ...”, “Звівайце вяроўку, гора-бяда. Для ворагаў пятлі нам не шкада”.

Ого, – сказаў з іранічнай павагаю дзед. – Ты, Кірдун, чэшскае, чэшскае нешта яшчэ нам такое. Надта ўжо добра ў цябе атрымліваецца. Паліглот!

Кірдун

дзёрзка і смела глядзеў у вочы пану Данілу:

Не глытаў я ніяках палёў. Я чалавек бедны.

Пачытай, Кірдун, – з раптоўнай злосцю сказаў Алесь. – Па-чэшску. Давай “Прароцтва”.

Кірдун выпрастаўся:

“Бачу я зарыва, цені сражэнняў, востры клінок скрывавіць твой рот. Спазнаеш ты беды і змрок запусценняў, але не тужы, мой вялікі народ”.

До, – сказаў Алесь. – Дзеду, вы ніколі не пакрыўдзілі простага чалавека. Але тое, што вы робіце, гэта панства.

І тут Халімон нечакана напаў на Алеся.

Маўчалі б, паніч. Лаянку не ў торбе насіць... Дый якое тут панства? Каб гэта пан-дзед на мяне аднаго. А ён што, з вамі іначай размаўляе? З губернатарам? Дзеду восем дзесяткаў ды сем гадкоў, вам – дваццаць...

Алесь развёў рукамі.

Вежа схаваў рот у далонь.

Кінь спяваць, – усё яшчэ іранічна сказаў ён. – Ведаем мы, што гэта такое.

Адступіць ён не мог. Але і Халімон і Алесь разумелі, што гэтае бурчанне ёсць адступленне.

На-род, – сказаў Вежа. – Восенню ля разарыя заворваў зямлю дзед Тхор. Паварочваў рала, ды і ўваліўся з разоры проста ў ружы. Глебавічна на яго: “Што ж ты робіш, перачніца старая, гэта ж кветкі”. А ён: “Кветкі развялі. Кве-еткі! Г... гэта, а не кветкі”. Усю с... пакалоў!” Вось табе і твой народ. Вось табе і тэма для чарговага дыфірамба: “Ружы і Тхор”.

Ніхто не ведаў, што Вежа патаемна выпісваў усе тыя кнігі, якія чытаў унук у Пецярбургу. Маладых дражнілі фалангістамі – дзед чытаў Фур’е. Маладых дражнілі гегельянцамі – дзед чытаў Гегеля, хоць яго і нудзіла ад падступнай папоўшчыны. Шмат чаго ён па распанеласці не падбаў зразумець, але адно яму спадабалася. Немец адказвае на тое, што было натуральным перакананнем дзеда, нормай ягонай думкі ледзь не з таго часу, як Вежа сябе памятаў, а асабліва з дня смерці жонкі.

Прыродна здаровым, зямным сваім розумам пан Даніла быў цвёрда перакананы, што свет не стаіць на месцы, што ёсць у ім і стаячая вада і плынь. Першае гніе і робіцца балотам, другая – з крыніцы робіцца ручаінай, ракою, морам, аблокамі.

І ён ведаў, што свет ідзе наперад, пакутліва спасцігаючы нешта вялікае. Назіраючы за людзьмі, ён разумеў, што тое, да чаго яны ідуць, – лепшае.

Новае пакаленне аніяк не магло быць горшае за папярэдняе. Дзеці зберагалі вопыт бацькоў, аналізавалі іх памылкі, і трэба было быць самаўлюбёнай свіннёй, каб не заўважаць гэтага.

Два радкі паэта балюча ўдарылі па нервах Вежы поўным супадзеннем думак з ягонымі.

И наши внуки, в добрый час, Из жизни вытеснят и нас.

Трэба было не ганарыцца. Трэба было проста растлумачыць ім, што не мінуць гэтай апошняй чашы і яны, што такі закон жыцця – “дыялектыка”. І трэба было зразумець, што адзіны спосаб не стаць непатрэбным – змяняцца да смерці і да смерці разумець новае, а калі не разумееш, няздольны зразумець – ставіцца да яго з любоўнай верай.

І ўсё ж дзеду было сумна. Нелітасцівы і жорсткі быў – у вышэйшай сваёй справядлівасці – закон жыцця.

Валіся дрэва на дрэва, – кінуў дзед вечную шкалярскую прыказку.

Кірдун сеў: спрачацца

са старым панам не выпадала.

Запісваю на тваё імя чатыры валокі зямлі з усім, што да таго належыць. Адмаўляцца – не смей. Не твая справа. Прадаваць яе – забараняю: зямля – незалежнасць, карэнні. Атрымаеш з жонкай вольную. З такімі думкамі – у прыгоне не ходзяць.

Халімон паспрабаваў паваліцца ў ногі.

Вось яно. Думкі – думкамі, а з халопства не вырас. – Наліў чарку. – Паніча не кідаць... І як памру – не кідаць... Ён цябе шанаваць будзе.

Нашто ж крыўдзіць, пане. Я ж ля яго амаль дзесяць год. Я яго во гэтанькага памятаю.

Ну, кінь, кінь!

...Алесь нібы наноў знаёміўся з наваколлем, але асаблівых змен не адчуваў.

Гелена жыла ў новым доме, у Ведрычах, чакала, пакуль малыя Юрась і Тонька падрастуць, і лічыла за неабходнае ўдзельнічаць у кожнай п’есе, што ставіў тэатр у Вежы. Акруга хваліла яе і Вежу. Лічыла, што ён правільна зрабіў, аддаўшы ёй зямлю. Трэба было любой цаною ўтрымаць актрысу, якая рабілася гонарам Прыдняпроўя, калі ўжо яна была вольна. Чуткі аб ён пайшлі далёка. Зімой у Вежу прыйшоў ліст ад славутага Шчэпкіна: прасіў прыехаць на агледзіны, загадзя дамовіўшыся аб суме кантракту. Прыязджала таксама m-me Lagrange ад імя французскай трупы, што выступала ў Міхайлаўскім тэатры, тая самая Lagrange, што пазней здабыла лаўры аднолькава трагічнай і камічнай актрысы ў “Дурнях” і драме “Le fils de Giboyer” [36] . Слухала і глядзела “Антыгону” і, па-французску, ролю ў “Федры”. Маўчала, нібы нават прыгнечаная, не знайшла хібаў у мове, акрамя лёгкага паўднёвага акцэнту (дзіцячае вымаўленне роднай вёскі лягло тонкай афарбоўкай на чужую мову), і скончыла тым, што запрасіла з сабою. Калі Гелена адмовілася, сказала, што разумее яе становішча, але як толькі, гм... прычыны стануць больш-менш самастойныя, яна можа смела ехаць: выпадак небывалы, але яе чакацьмуць.

36

“Сын Жыбуае”.

Наваколле ўхваляла: малайчына, Вежа, нацягнуў нос французам!

Дзецям споўнілася па году, і дзеці былі чароўныя: усё аблічча матчына, а вочы – ягоныя, Алесевы вочы.

Найлепшым доказам таго, што яны ўсе адно – ад яго і да апошняга мужыка, было тое, што на гэтай зямлі не існавала іншых калыханак, акрамя мужычых. Хоць адны гулялі ў серсо, другія – у цыркі, а калыханкі былі аднолькавыя, і ён не ведаў іншых, хоць у дачыненні да панскіх дзяцей тое, што спявалі над іхняй зыбуляй, было, можа, і смешнае.

Калыханкі былі адны. Тыя, што мармытаў зараз ён:

Люлі, люлі, люлі, Пойдзем да бабулі, Дасць бабулька млечка І ў руку яечка. А як будзе мала, Дасць кусочак сала.

Дзеці вырастуць, і тыя самыя песні прагучаць над калыскамі іхніх дзяцей.

У параўнанні з гэтым усё астатняе здавалася лухтой. А Гелена глядзела на Алеся з усмешкаю і гаварыла, што вось, вядома, з Раўбічамі ранейшая варожасць, але гэта нічога, прымірацца. Таму што Міхаліна пазбягае Іллю, і бацька Яраш нездаволены гэтым, і Хаданскія ледзь не кіпяць. А Франсу няма да гэтага аніякай справы, бо ён па-ранейшаму прыхавана кахае Ядвіньку Клейну, а тая ўсё нібы пераконвае сябе, што малодшы Раўбіч харошы, і трымаецца ад яго на адлегласці.

Поделиться:
Популярные книги

На границе империй. Том 9. Часть 4

INDIGO
17. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
На границе империй. Том 9. Часть 4

Отморозок 2

Поповский Андрей Владимирович
2. Отморозок
Фантастика:
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Отморозок 2

Миф об идеальном мужчине

Устинова Татьяна Витальевна
Детективы:
прочие детективы
9.23
рейтинг книги
Миф об идеальном мужчине

Жития Святых (все месяцы)

Ростовский Святитель Дмитрий
Религия и эзотерика:
религия
православие
христианство
5.00
рейтинг книги
Жития Святых (все месяцы)

…спасай Россию! Десант в прошлое

Махров Алексей
1. Господин из завтра
Фантастика:
альтернативная история
8.96
рейтинг книги
…спасай Россию! Десант в прошлое

Законы Рода. Том 7

Андрей Мельник
7. Граф Берестьев
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Законы Рода. Том 7

Сойка-пересмешница

Коллинз Сьюзен
3. Голодные игры
Фантастика:
социально-философская фантастика
боевая фантастика
9.25
рейтинг книги
Сойка-пересмешница

Игра престолов. Битва королей

Мартин Джордж Р.Р.
Песнь Льда и Огня
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
8.77
рейтинг книги
Игра престолов. Битва королей

Курсант: назад в СССР 9

Дамиров Рафаэль
9. Курсант
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Курсант: назад в СССР 9

Наследник павшего дома. Том I

Вайс Александр
1. Расколотый мир
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Наследник павшего дома. Том I

Идеальный мир для Лекаря 24

Сапфир Олег
24. Лекарь
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 24

По дороге на Оюту

Лунёва Мария
Фантастика:
космическая фантастика
8.67
рейтинг книги
По дороге на Оюту

Лолита

Набоков Владимир Владимирович
Проза:
классическая проза
современная проза
8.05
рейтинг книги
Лолита

Новый Рал 9

Северный Лис
9. Рал!
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Новый Рал 9