Крэсла з гербам i розныя крымiнальныя гiсторыi (на белорусском языке)
Шрифт:
– Жыццё - вялiкi неацэнны падарунак чалавеку, i трэба iм даражыць i радавацца, што жывеш, - паўтараў не раз Алексiй.
– Радавацца i гэтаму нашаму жыццю?
– здзiўляўся Адуванчык, утаропiўшы ў Алексiя шырокiя шэрыя вочы.
– Так, сын мой, i яму. Умовы жыцця мяняюцца: сёння ты ў няволi, раб, а заўтра ў iншых умовах будзеш, добрых. Галоўнае, ты жывеш, i гэтым ужо шчаслiвы.
Аднак Адуванчык, як i ўсе мы, не радаваўся такому жыццю. Ён усё больш i больш нудзiўся, цiшэў, зусiм рэдка стаў пацяшаць барак i брыгаду, хоць зэкi штовечар прасiлi яго нешта паказаць iм.
З дому
– Слухай, - сказаў аднойчы мне Адуванчык, - давай уцячом.
– I дакуль мы дойдзем? Без прадуктаў, грошай, дакументаў?
– А мы пажывём у тайзе. Там жа ягады, грыбы, рыбу будзем лавiць. I iсцi, iсцi.
Калi на зэка нападае адчай, ён рашаецца на адно з двух: цi ўцякае, цi накладвае на сябе рукi. Самагубства - гэта ўжо апошняя ступень адчаю. У Адуванчыка, значыць, апошняя яшчэ не паспела. А намыслiўшы ўцячы, ён па сваёй наiўнасцi не мог уявiць усю безвынiковасць уцёкаў. Не такiх вопытных зэкаў лавiлi, прыводзiлi назад або стралялi на месцы, каб не важдацца з iмi, не весцi ў зону.
Некалькi заяў-скаргаў пiсаў Адуванчык Вярхоўнаму суду, у пракуратуру, Сталiну, прасiў скасцiць яму тэрмiн або вызвалiць зусiм. Адказаў на заявы не атрымоўваў.
Скончылася лета з яго невыноснай заеддзю - ад камароў i мошак не было нiдзе паратунку, не ратавалi нi дым, нi накамарнiкi.
Адуванчык кожны вечар аб'яўляў, колькi яму засталося часу да волi. Нейкiм агрызкам алоўка пiсаў на стойцы нар, колькi дзён яму яшчэ трэба адбыць. I чым менш заставалася Адуванчыку да волi, тым больш маркоцiўся, замыкаўся, заставаўся сам-насам, i мы ўжо амаль не чулi ад яго нi дасцiпнай частушкi, нi якога расказiка. Перастаў хiлiцца да Алексiя, адчужыўся ад мяне i брыгадзiра. Пасля работы як залезе на нары, дык i не злезе да пад'ёму - вечарам цi спаў, цi таiўся, што спiць. Ён як бы нiкога i не заўважаў побач з сабою. Свет для яго здаўся абязлюдзелым, нiбы не iснавала на iм нi добрых людзей, нi ўвогуле нiчога добрага, апроч гэтага лагера, бяспраўных зэкаў, не было i будучынi, а цяперашняя рэальнасць iм не прымалася.
Неяк ён мне сказаў:
– Скажы, навошта чалавек жыве? Ён жа ведае, што ўсё адно памрэ. Дык навошта пакутаваць чалавеку, калi ён можа скончыць гэтыя пакуты?
– Як скончыць?
– Памерцi, i не будзеш пакутаваць.
– Дурань, - засмяяўся я, - памерцi заўсёды паспееш. Ты паспрабуй доўга пражыць.
Я не звярнуў тады сур'ёзна ўвагi на сказанае Адуванчыкам, мала чаго гаворыць чалавек пры паганым настроi, i нiкому, нават Алексiю, не сказаў пра гэта.
Але Алексiй сам заўважыў, што з хлопцам нешта робiцца. Ён спрабаваў выклiкаць яго на шчырасць, вярнуць да ранейшых паводзiн, настрою, вывесцi з прыгнечанага стану. Алексiй ведаў, што ў такiм стане людзi i робяць адчайныя ўчынкi. Я чуў, як Алексiй гаварыў Адуванчыку:
– Ведаеш, дзiця маё, жыццё - не рака, яно як вада
У чарговым лiсце Адуванчыку бацькi паведамiлi, што на iх скаргу прыйшоў адказ ад пракурора аб адмове перагляду справы. Напiсалi таксама i навiны пра сяброў: Пеця ажанiўся, Эма i Коля ўжо знялiся ў фiльме, праўда ў эпiзадычнай ролi. Былi i яшчэ нейкiя навiны. I лепш бы не пiсалi i лiста таго не прысылалi. Адуванчыку ён быў як соль на рану. Гэта тое ж самае, як галоднаму расказваць пра смачную ежу, так i зняволенаму - пiсаць пра волю i шчасце вольных людзей.
Над Адуванчыкам усё больш i больш брала ўладу чорная туга, яго адолеў псiхiчны зрух, якi псiхiятры называюць, здаецца, манiяй сваёй нiкчэмнасцi. З гэтай манiяй ён i жыў апошнiя тыднi. Яна, манiя, i штурхнула ў рэшце рэшт на самы адчайны ўчынак.
У выхадны дзень, адразу ж пасля снядання Адуванчык аддаў мне сваю недаедзеную пайку хлеба. Я не здзiвiўся такой шчодрасцi, хлеб узяў. Я падумаў, што Адуванчык дастаў сабе нейкiя дадатковыя харчы. Аддаўшы мне хлеб, ён пайшоў з барака. Каля дзвярэй азiрнуўся на мяне таропка i неяк палахлiва. Я хацеў у яго нешта спытаць, але ён зачынiў дзверы.
Паўдня Адуванчыка нiдзе не было вiдаць. Не з'явiўся ён i ў абед. А пасля абеду прывезлi пошту. У барак зайшоў зэк-канторшчык i, махаючы над галавой тэлеграмай, закрычаў:
– Эй, Адуванчык, скачы на галаве! Табе воля! Воля табе!
Тэлеграму тую канторшчык уголас i прачытаў:
"Дарагi сынок. Вярхоўны суд табе скарацiў тэрмiн да трох гадоў. Папера аб вызваленнi прыйдзе пасля. Чакаем сустрэчы. Шчаслiвыя тата i мама".
Пачалi шукаць Адуванчыка, заглянулi ў iншыя баракi, сталовую, у КВЧ нiдзе яго не было.
Толькi пад вечар нехта ўбег у барак i сказаў, што Адуванчык- у пятлi, у недабудаваным бараку.
Я, брыгадзiр i Алексiй паспяшалiся туды. На бэльцы ў пятлi з электрычнага провада вiсеў наш Адуванчык. Каля ног ляжала паваленая калода, на якую ён станавiўся, каб улезцi ў пятлю.
Брыгадзiр выняў Адуванчыка з пятлi, паклаў на падлогу, твар з высалапленым языком прыкрыў насоўкай.
Быў ён без шапкi. Сонечныя промнi падалi на галаву i валасы, што паспелi адрасцi пасля стрыжкi i здавалiся яшчэ больш залацiстымi i пушыстымi i сапраўды былi падобны на кветку адуванчыка.
Забiў усё-такi сябе хлопец, спынiў пакуты, абарваў даўжэзны ланцуг радаслоўнай, што цягнулася тысячагоддзi, i канцом яе стаў ён, Адуванчык, iмя i прозвiшча якога я забыў.
Ну што б табе, хлопец, пачакаць паўдня! Да гэтай тэлеграмы. Можа, i стаў бы ты знакамiтым артыстам, i я радаваўся б, убачыўшы цябе на экране цi на сцэне. Талент у цябе ўсё-такi быў.
КАНДЫДАТ НАВУК I СТРАЛОК АХМЕТ
Была вясна, пачатак сакавiка, але снег, як ляжаў на сопках, на дрэвах, так нiколечкi i не ўбавiўся, не змянiўся нi колерам, нi пахам, - пах гэтак жа як i ў сцюжу, - зiмою. Можа, толькi крыху пацяжэў i пагрубеў, бо ўсё-такi шлях сонца па небе падоўжыўся i яно мацней прыгравала. Апоўднi, у самы сонечны час, снег запальваўся ад промняў такiм бляскам, што доўга на яго не паглядзiш, аслепнуць можна.