Крытыка
Шрифт:
Хто запісаў казкі? Многія людзі. Назавём хоць некаторых з іх. Гэта Е. Раманаў, П. Шэйн, М. Федароўскі, А. Сержпутоўскі. Людзей, якія запісваюць песні і казкі, завуць фалькларыстамі. Яны сабралі многія тысячы казак.
Запісы трэба было апрацаваць: скараціць (дзяды любілі расказваць доўга, ім не было куды спяшацца ў бясконцыя зімовыя вечары), зрабіць казку цікавейшай, уставіўшы ў яе словы з іншых падобных казак. Многія казкі розных народаў падобныя. Трэба было ўзмацніць усё тое, чым беларуская казка адрозніваецца, скажам, ад англійскай, украінскай, французскай. Народы зямлі шмат у чым непадобныя адзін на аднаго і гавораць па-рознаму. Не скажа, напрыклад, немец: "А
Нашто трэба было запісваць казкі? Фалькларысты ведалі, што дзецям у горадзе расказваюць іх радзей, чым на вёсцы. Але не гэта галоўнае.
Тады былі дужа цяжкія часы. Людзі галадалі і таму марылі, у такіх казках, як "Жаронцы", аб сытасці, волі і справядлівасці. Людзі працавалі вышэй сілы — і аб гэтым таксама гаварылі казкі.
Трэба было, каб пра гэта ведалі ўсе.
Ну і хіба кнігі не маглі расказаць, што людзям так цяжка жывецца, што галодныя нават дзеці? Не маглі. Беларускія кнігі, як і мова, тады забараняліся, і казка была беднаму чалавеку замест кнігі. Яна была зразумела яму. І народ склаў казку "Замыкай" аб тым, што трэба любіць сваю мову, што між багатым і бедным агульнай мовы не можа быць.
Таму і трэба было запісаць казкі. Іх запісалі, і цяпер вы будзеце чытаць іх, здзіўляцца, смяяцца, а можа, і плакаць.
Казкі складаюцца і сёння. Калі пачуеце дзе — запомніце. Бо казка данесла да нас мінулае нашага народа, зберагла нашу мову. Яна данясе і да нашчадкаў памяць пра нас.
І ўсё адно лепей за казку не скажаш. Няхай гавораць яны. А вы, дзеці, ідзіце ў гэты край, за сем гор і мораў, трошкі бліжэй ад сонца і трошкі далей ад месяца…
Усё жыццё будзьце ўдзячны роднай казцы за той дзіўны свет, які яна падарыла вам.
Добрага вам падарожжа. Будзьце шчаслівыя.
"Бетховен б'е ў далонi…"
Мы з даўніх часоў шануем і любім братнюю паэзію Украіны. Сяброўства гэтае — праверанае часам, небяспекай, а бывала так, што і крывёй, пралітай супроць агульнага ворага. Былі часы, калі ў мужыцкай вайне ехалі перад казацкімі загонамі сляпыя кабзары, а перад беларускімі — сляпыя дудары і лірнікі. Яны былі сляпыя, але відушчыя сэрцам і добра разумелі адзін аднаго.
Час iшоў. Даводзiлася нашым паэтам разам сядзець у картуз-бярозах, разам партызанiць. Усё было. Але сяброўства наша прымушала шукаць адзiн аднаго i чытаць адзiн аднаго, разумеючы сябра сэрцам.
Аб усёй маладой украінскай паэзіі не напішаш. Гэта — работа складаная. І мы часцей за ўсё пішам аб тых, хто нам падабаецца. Як сказаў той паэт, пра якога я хачу гаварыць, у сваёй мініяцюры "Краплина":
Над чиеюсь нудьгою безглуздою, над чимсь дріб'язковим горем — я рiкою лечу розгнузданою, щоб скоріше злитися з морем… Хвиль моіх не шукай серед моря: в морі я — лиш мала краплина, як сльоза від великого горя, як між людством одна людина.Маладая ўкраінская паэзія вялікая. Але я ўсё ж паспрабую аддзяліць ад гэтага мора адну кроплю і паказаць чытачу "Полымя", як яна іскрыцца, якой яна чыстай вады.
Размова пойдзе пра апошнюю
Магу ганарыцца тым, што ён мой завочны добра сябра. На жаль, падзеі апошняга года не далі мне магчымасці сур'ёзна ўзяцца за пераклад ягоных вершаў, пазнаёміць з імі нашага чытача. Але ўсё яшчэ наперадзе.
Чытаю ягоныя вершы — і ён, здаецца, добра знаёмы мне. І не толькі ён, а яшчэ і заходнеўкраінская зямля. Таму што ён — сапраўдны яе сын і без яе не ўяўляе ні сябе, ні сваёй паэзіі.
У параўнанні з папярэднімі сваімі кнігамі ў новым зборніку Лучук моцна, значна вырас.
Што сказаць аб новай яго кнізе? Перш за ўсё, гэта добрая кніга. І яшчэ — гэта кніга народная і інтэрнацыянальная адначасова. Таму што без разумення душы свайго народа — суседа не зразумееш. Я прачытаў яе, і хоць я не навічок у блуканні па паэтычных украінскіх сцежках — мне здалося, я лепей зразумеў і Львоў (у якім мне не даводзілася бываць), і людзей гэтай зямлі, і Маркіяна Шашкевіча, заклапочанага лёсам Галіччыны і яе словам, і Івана Франко, і вадаспады Прута, і многае-многае іншае. А гэта азначае — кніжка дасягнула мэты. Бо менавіта так ідзе знаёмства між суседзямі. Бо паэзія — гэта зведанне душ, і выхаванне душ, і крык душ; і калі хочаш ведаць суседа — ведай перш за ўсё яго паэзію.
Я не скажу, што гэты зборнік без недахопаў. Так не бывае, асабліва калі палову недахопаў складаюць недахопы росту. Ёсць вершы проста слабыя, накшталт верша "Мое небо", ёсць псеўдафіласофскія, накшталт "Вогнища на шляху", ёсць і проста рытарычныя. Вось, напрыклад:
Я живу на долоні сторіч, Щоб збагнути чуття незбагнуті i розплутати жмут протиріч, щоб з минулих сторіч простягнутi.Звычайная гульня словам, якое не нясе поўнай нагрузкі.
Але гаварыць пра гэтыя вершы не хочацца. Хочацца хутчэй перайсці да таго, што радасна здзіўляе, аб чым гаварыць заўсёды прыемна, — да цуда сапраўднай высокай паэзіі, якая абпальвае паэта "рудым старукім полымем", "як клён на вятры", якая адмаўляе бязвольнасць, абыякавасць і жорсткасць.
У Лучука, як у кожнага сапраўднага паэта, выключны слых, які адрознівае ўсе сем фарбаў гукаў, выключнае пачуццё да дэталі, калі "сіне глядзяць на шлях з-пад зялёных далоняў ільны", выключны зрок, зрок мастака, які ведае, што цені ад прадметаў рознакаляровыя (мастакі гэта ведаюць даўно, а многія з паэтаў, на жаль, пачынаюць разумець толькі цяпер). Паэт ведае, што ад полымя — чырвоны цень, ад голуба — шызы, ад клёна — зялёны, і прымае ўсе рознакаляровыя цені, акрамя аднаго — чорнага ценю ад подлага чалавека.
Але гэта не галоўнае. Галоўнае, без чаго немагчыма ўявіць сабе паэта, гэта добрае, шырокае сэрца, адкрытае ўсім радасцям і гаротам, усяму дабру і злу свету. Гэтае сэрца не можа быць абыякавае. Яно смяецца з людзьмі, шкадуе і любіць іх, і кожны боль кожнага чалавека асядае на яго, як на растрывожаную, адкрытую рану.
Добры (нягледзячы на трохі няўдалую, зніжаную канцоўку) верш "Відозва до лікарів" і верш "Родильний будинок", дзе паэт з такой пяшчотай гаворыць аб ружовай пупышцы кулачка свайго трохдзённага сына, таксама паднятай у пратэсце супроць смерці разам з кулаком Хікмета і парэпаным кулаком калгасніцы. Добры і радасны верш "Сніжинки" ("Пралескі"), у якім кветкі скачуць з сакавіком і плюхаюцца белымі ручкамі ў сонечнай палонцы.