Крытыка
Шрифт:
Але, безумоўна, самы добры і трывожны верш зборніка — "Роси". Ёсць радкі проста выключныя. Вось слухайце:
Удосвіта, як небокрай напне малинову запаску, як збудиться жайворонок, з долини туман дихне, выходжу на чисте поле, вiтрам повiдаю казку — і плачуть, і плачуть хмари, і слухають роси мене. Ті роси збираю в долоні. Цілую: солонуваті, Неначе вони — не роси, а сльози, що впали з віч. …ОралиЧасам бываюць у жыцці чалавека радасныя нечаканасці. Я нядаўна "знайшоў сякеру пад лавай" — адкрыў для сябе польскага паэта Цыпрыяна Норвіда. А адкрыўшы — літаральна закахаўся ў яго вершы. І вось, чытаючы "Роси", я ўвесь час лавіў сябе на думцы, што недзе я чытаў вершы такога самага запалу, сілы, чалавечнасці, хоць і зусім непадобныя. Потым успомніў. Гэта была "Жалобная рапсодыя на смерць Бема" Норвіда.
Паўтараю, гэта было зусім непадобна. Але гэта было і падобна вышэйшым падабенствам, бо абодва вершы нарадзіў аднолькавы боль па загубленых чалавечых жыццях.
— Де він? — у трави питаю. Питаю: — Де він? — у жита. — Де? — у пташок питаю. Питаю про це — в людей. …А сонце, умите, чисте, червоно встае над світом… День.Шмат добрых вершаў у зборніку. Вось "Сповідь Маркіяна Шашкевича…" — верш пра папа, які здолеў стаць паэтам, а ўласна — верш пра мову:
Русалкою ж днiстровою в Днiстрi — дивіться! — рідна пісня потопае, летять на неi хвилi отупiння ось-ось — і захлинеться, і впаде на дно, як камiнь… Кашляння і хрип. І глянуло майбутне на амвон, Не на попа — на віщого поета. Бо що попи, факіри і міністри, розбійники і блазні — що, скажи? — перед словами, що схопіли вечність? — Русалка випливае із Дністра!Высокі лаканізм, якога так не хапае многім.
І я па-харошаму зайздрошчу сябру, які мог сказаць так.
Аматары лірыкі, аматары слова і вобраза шмат знойдуць для сябе ў гэтым зборніку. Вось гучыць украінская песня…
І, зсунувши могучою рукою з-над себе віко гробове, встае Бетховен, б'е в долоні, аж глухнуть вуха у дерев!Гэта ж трэба так! Глухі Бетховен, глухія воплескі, якія нібы страляюць у вуха, — усё перанесена на дрэвы. Атрымаўся нейкі дзівосны зрух — і вось перад намі яе вялікасць Паэзія.
Як жа гэта цябе азарыла!
Так, як і ў гэтым здзіўленні, што зямля, людзі і неба могуць жыць без цябе, а ты без іх — не можаш, як і ў тым, што пры позірку на прыгожую дзяўчыну цудам адрастаюць на руках "музычныя пальцы".
Або вось "Водопад". Гэта не проста вадаспад, гэта "Прут послизнувся з обрива!". А круча абыякава глядзіць на яго — "така, як ти, коли я проходжу мимо".
Лірыка прыроды, лірыка кахання ў паэта —
Вы самі толькі што чулі яе музычнасць.
Я прачытаў гэты зборнiк з радасцю. Сучасная маладая ўкраiнская паэзiя — з'ява такая ўцешная i радасная, што ёй, кажучы словамi Лучука, "Бетховен б'е ў далонi".
Я ўсцешаны тым, што наша зямля ўкрываецца такой паэзіяй.
Паўсюль: ад Тбілісі да Таліна, ад Рыгі да Тувы.
Ад Львова да Мінска.
І радасна, што авейвае мяне сумленнае полымя.
Полымя сапраўднай паэзіі.
Да новых, яшчэ шырэйшых даляглядаў
Возьмем звычайную геаграфічную карту свету. І паглядзім, як адчувае сябе на ёй кожны пісьменнік і кожная літаратура. У прасторы і часе. Пра якія саслоўі, праслойкі і класы гаворыць гэты пісьменнік, гэтая літаратура. У якіх краінах жывуць людзі, створаныя аўтарамі гэтай літаратуры. Якіх пісьменнікаў з далёкіх і блізкіх земляў хочуць наблізіць да свайго народа, зрабіць яму роднымі творцы гэтай літаратуры.
Руская літаратура, напрыклад, асабліва з эпохі Пушкіна, аднолькава вольна адчувала сябе ў Англіі і Германіі, Іспаніі і Францыі. Яна і пісала пра гэтыя і іншыя краіны і, шматлікімі перакладамі, зрабіла так, што для рускіх чытачоў сталі даступнымі многія і многія тысячы кніг. Практычна — усё вартае з духоўнага багацця, накопленага чалавецтвам.
Беларуская літаратура да Багдановіча была лакальная, за рэдкімі выключэннямі гаварыла толькі пра Беларусь. Аўтары яе перакладалі вельмі мала і скупа. І гэта наклала на наша прыгожае пісьменства адбітак нейкай недавершанасці і абдзеленасці. З часоў Вялікага Максіма шмат змянілася. З'явіліся многія сотні перакладаў, почасту вельмі добрых. З'явіліся дзесяткі перакладчыкаў, часам выдатных. Нябожчык С. Маршак сам (магчыма, з некаторай дозай аўтарскай сціпласці) сказаў, што пераклады Р. Бёрнса, зробленыя Я. Семяжонам, лепшыя, чым у яго. А "Гамлет" і "Лір" у перакладзе Ю. Гаўрука! А пераклады М. Танка, Я. Брыля, Э. Агняцвет, А. Куляшова (называю першае, што прыходзіць да галавы)! А цудоўны беларускі Байран! А Лорка ў перакладзе Р. Барадуліна! І на падыходзе "Фаўст", перакладзены В. Сёмахам.
З вялікай прыемнасцю мы ўзялі ў рукі першую кнігу літаратурна-мастацкага зборніка "Далягляды", у якім змешчаны пераклады літаратурных твораў многіх народаў свету. Уласна кажучы, яго трэба назваць "Далягляды — 1975", таму што пакуль ён адзін такі і выйшаў. Першынец. Адзін за год…
Трэба адразу сказаць, што тут атрымаўся зусім не "першы блін". Многа і старанна папрацавала рэдкалегія, пераклады на добрым, часам нават на выдатным узроўні. Пастараліся таксама і паліграфісты.
Яшчэ раз пераглядаючы прачытаную ўжо кніжку, хочацца сказаць з самага пачатку, што даты 1945–1975 да многага абавязвалі ўкладальнікаў. Вайна — гэта асколак, які і дагэтуль сядзіць у калясардэчнай сумцы кожнага з нас.
…А. Твардоўскі: "Той дзень, як скончана вайна". Магутны талент паэта захапляў і пры яго жыцці, а цяпер і пагатоў. Журботная памяць людзей заўжды ўзвышае паэта. І таму трэба мець вялікую смеласць, каб наважыцца на пераклад мастака такога маштабу. І — талент. Падзякуем Міколу Аўрамчыку (ён, дарэчы, пераклаў і "Ты помніш, Алёша, дарогі Смаленшчыны" К.Сіманава), які мае і тое, і другое. пераклады яго ўсхваляваныя і дакладныя. А гэта цяжка, калі вершы тыя з дзяцінства ведаеш на памяць. Але тут перакладчыку турбавацца няма чаго. Працу ягоную варта памянуць добрым словам. Хай вершы гучаць нязвыкла — не страчана нічога важлівага з таго, што казаў арыгінал: