Ланцуг
Шрифт:
На жаль, Уладзімір Аляксеевіч не піша, як на гэта паглядзеў ён; што да мяне, дык я гляджу на гэта з некаторай крыўдаю, асабліва на слова, якое не змог перакласці, а толькі вылучыў курсівам: сногсшибательное… Ніякае яно для нас, беларусаў, не сногсшибательное.
У інтэрвью «ЛіМу» Іван Якаўлевіч Навуменка выказаўся пра згаданага ўжо «Сыча»: «Гэта ж жывы факт! Недзе ўбачыў таго Сыча, такога сквапнага, заўсёды хмурнага…»
Ага. Пісьменнік толькі тое і робіць, што бачыць, запамінае і апісвае… Нікому не даводзілася за савецкім часам, у сёмым класе, прадаваць на базары тыя ж лісічкі? Не? Калі трымціць уся сярэдзіна
Вось з такіх, не зусім вясёлых, гісторыяў растуць «Сычы», а не з падглядвання чужога…
І яшчэ, закрываючы тэму лісічак. Успамінаю, як адвёў на іх душу ў апошняе перадчарнобыльскае лета, калі іх было хоць касою касі, а мала хто па іх хадзіў. За дзень-два набіраўся кашэль (гэта добрыя два вядры), матка яго за плечы, да горада паўгадзіны язды, аўтобус ходзіць рэгулярна… Прывязе назад поўна пакупак, каўбасы, свежага хлеба, селядцоў, плюс у мяне кожны дзень тры рублі на кішэнныя расходы — г. зн., на пляшку «чарніла» і пачак цыгарэт, пры тым, што я тры месяцы пасля войска нідзе не працаваў.
Цяпер, калі на іх нечакана пайшла мода, ўзнік такі попыт, ухопіш тую лісічку: не на продаж — сабе каб паспытаць. Выграбаюцца ў прамым сэнсе граблямі, выпорваюцца дручкамі, выдзіраюцца разам з мохам, верасам і грыбніцаю… Усё пастаўлена на шырокую нагу. У кожнай вясковай краме пункты скупкі, ад вясны да восені шнуруюць туды-сюды на аўтамабілях па вёсках прыватнікі-перакупшчыкі — свае, палякі і нават немцы, плацяць у тым ліку і валютаю. Ці то гэтыя лісічкі памагаюць ад радыяцыі, ці то ад раку, ці то з іх вырабляюць лекі ад СНІДу, ці то (чытаў недзе) яны выкарыстоўваюцца ў прыгатаванні рэдкіх фарбаў, ці то — і гэта, на маю думку, сама бліжэй да праўды — яны проста смачныя і падабаюцца еўрапейцам…
Законнае пытанне: хто іх, гэтыя лісічкі, у цяперашняй вёсцы бярэ і здае? Калі там ужо і людзей амаль не засталося? Па-першае, гарадскія лісічнікі, якія на гэтым спецыялізуюцца. Па-другое, розныя валацугі, бамжы, бабылі альбо беспрацоўныя ахламоны, якіх павыганялі жонкі з гарадскіх кватэр і яны паспаўзаліся дамоў да старэнькіх матак. У суседняй вёсцы ажно трое такіх, у адной хаце, самы малодшы — мой аднагодак, і ўсе трое п’юць. Паняцця не маю, чым яны займаюцца зімою, затое няцяжка ўгадаць іхнюю летнюю «прафесію» — усё тыя ж лісічкі. Яшчэ б: за дзень жартуючы можна зарабіць пяць-дзесяць даляраў!
Аднак дзеля справядлівасці скажам, што і лісіцы, калі бачыць у іх не ўсяго толькі дасканалае тварэнне Прыроды, а дармовыя грошы і выпіўку, могуць за сябе адпомсціць. Як у той казцы пра залатую антылопу, дзе сквапны раджа ледзь не задыхнуўся, засыпаны залатымі манетамі. І як здарылася ў мінулым годзе з маім сябрам-аднавяскоўцам. Цягаў-цягаў ён тыя лісіцы, здаваў-здаваў, піў-піў, пакуль не сканаў у пустой хаце, нават не дабраўшыся да ложка, — так і акалеў, стоячы на коленцах, галавой на пасцелі. Побач па падлозе жаўцелі рассыпаныя лісічкі — як залатыя манеты, выбітыя капытцам казачнай антылопы.
IV
Цяпер абяцанае пра «водочки-наливочки, после баньки да под грибочки»…
Калі я,
Чамусьці ніхто з маіх мінскіх сяброў-знаёмых не верыць, калі я расказваю, што ў нашай вёсцы на Мазыршчыне, ды і ва ўсіх вакольных вёсках, ніколі не было, і цяпер няма, такой, здавалася б, неабходнай рэчы, як лазня.
— Дзе вы тады мыецеся?
На добры лад трэба адказваць: у вадзе! А дзе мыюцца французы з англічанамі, у якіх таксама адсутнічае традыцыя лазні? Ці мы да сканчэння вякоў толькі рускіх будзем капіраваць?
Замест гэтага я звычайна мямлю:
— Ну, зімою ў начоўках, у балеі… А ўлетку хапае ж вады…
І, каб прыхаваць ніякаватасць, каб паказаць, што я і сам са сваіх цёмных, некультурных землякоў пасміхаюся, расказваю вядомы анекдот: «Ганна, дзе ты мыешся?» — «У копанцы!» — «А зімою?» — «А колькі тае зімы!..»
Гэта раней я так рабіў. Але паступова, распытваючы людзей — ураджэнцаў розных куткоў Беларусі, чытаючы кнігі, я прыйшоў да высновы, што мая Мазыршчына зусім не нейкі вырадак у сям’і. Акрамя памежных з Расіяю рэгіёнаў: Гомельшчыны (да якой Мазыршчыну не адношу), Віцебшчыны і Магілёўшчыны на ўсёй астатняй тэрыторыі Беларусі — а гэта падаўляючая большасьць — ніякіх лазняў не было ў паміне. Не бярэм выключэнні. У любой мясцовасці заўсёды знойдзецца дзівак, як правіла, не тутэйшы, прышлы, які ўвесь час «адмочвае» розныя незвычайнасці: то пасадзіць пад вакном пальму, то завядзе стравусаў, то пабудуе лазню… Масавай з’явай гэта рэдка становіцца.
Успомнім, чым заняты мележаўскі Міканор, вярнуўшыся з войска ў свае Курані. Не грэбляю — «лазню, лазню будаваць трэба!»
У «Новай зямлі» Якуба Коласа, якая справядліва лічыцца энцыклапедыяй беларускага жыцця прамінулага стагоддзя, можна знайсці ўсё, што душы заўгодна, не забыты драбнюткія побытавыя дэталі, у тым ліку ёсць і цудоўныя радкі пра грыбы:
…Ранюткі час. Нідзе нікога, Між дрэў звіваецца дарога, А па дарозе ты з кашом У лес шыбуеш ціхачом, Каб ашукаць жанок руплівых, Бяссонных, вечна клапатлівых, І ім на злосць, на зайздрасць тую Набраць грыбоў капу, другую, Пакуль агледзяцца яны, Што там карэньчыкі адны…Але калі вы адшукаеце там хоць згадку пра лазню, першы вас павіншую і пастаўлю сто грамаў. Здавалася б, такі рытуал, такая ўдзячная тэма, такі размах для коласаўскага пяра, столькі гэта магло б даць «дум і натхнення паэту»! Аднак жа лазні месца ў геніяльным творы не знайшлося. (Увогуле, калі не памыляюся, гэтая тэма прыйшла ў нашую літаратуру толькі разам з Максімам Гарэцкім.)
Тут не варта ні здзіўляцца, ні засмучацца, ні тым больш саромецца. Як не засмучаюцца і не саромеюцца французы, чаму не апеў лазню Расін, альбо англічане — чаму не зрабілі таго самага Шэкспір з Байранам. У адсутнасці «лазневай» традыцыі няма ні кепскага, ні добрага; проста як ёсць, так ёсць. І, можа, дарэмна наш Міканор так ужо ўбіваўся па той лазні. Напэўна, не горш за яго ведалі продкі, што ім трэба ў першую чаргу рабіць, як мімімум, былі не дурнейшыя за нас — хоць бы таму, што спарадзілі нас, такіх разумных.