Ля аднаго вогнішча
Шрифт:
Паэзія рэчаіснасці жыве ў слове — слова гэта непаўторнае. Прынамсі, перакласці слова паэтычнае на мову празаічна-апавядальную цяжка. Аднак хіба мы не бачым у сваім уяўленні гэтых ягадніц, што ідуць — сёння, і сто, і тысячу год таму назад — тымі самымі «звонкімі баравінамі»…
Гістарычны зрок паэта станавіўся ўсё больш відушчым. Учытайцеся ў гэту баладу:
Гналі роднай зямлёй палонных. Смерць, як лёхі, калоны палола. Ля знаёмага шчырага бору, Дзе ігліца падсохла,Гэта балада — як помнік, яна прымушае спыніцца, памаўчаць…
Паэзія Р. Барадуліна пастаянна ўзбагачаецца новымі сродкамі выразнасці, імкнецца да свежых мастацкіх форм, здольных ярчэй, эмацыянальней выявіць унутраны сэнс падзей, светаадчуванне сучасніка. У кнізе «Нагбом» узмацнілася імкненне да большай маштабнасці ўспрыняцця рэчаіснасці: «Я — сын зямлі, нашчадак хлебаробаў, услед за сонцам доўга мне брысці». У эпоху асваення космасу гэты вобраз «сына зямлі» выглядаў не так ужо і абстрактна. Зрэшты, слову паэта хапала і канкрэтнасці, нават дакументальнасці. Яго паэзія паглыбляе разуменне духоўных каштоўнасцей чалавека — узнікае вобраз маці. Той, Акуліны Андрэеўны, пра якую ўспомніў у сваім прысвячэнні П. Панчанка. Яе вобраз упершыню ўзнікае ў цыкле вершаў «Трыпціх», у якім аўтар расказаў пра сваю зямлю і яе працавітых і гераічных людзей («Кожны мае свае Ушачы»), «Трыпціх» — гэта асэнсаванне свайго роду, прыналежнасці да роднай зямлі.
Ад бацькі свайго ў радню Я атрымаў з дзяцінства Шырокую даланю — Тапарышча любое сцісну!Паэт звяртаецца да такіх дэталей, падрабязнасцей, якія знаходзяць для сябе ў запасніках нашай памяці, індывідуальным жыццёвым вопыце вельмі спрыяльную глебу. Мы суперажываем разам з паэтам; вобраз пашыраецца, вырастае, кранаючы ўсё новыя бакі нашага светаадчування.
Адна за другой выходзяць кнігі: «Неруш» (1966), «Адам і Ева» (1968), «Лінія перамены дат» (1969), «Вяртанне ў першы снег» (1972) і іншыя. Паэт, расказваючы пра сябе і сваё пакаленне, здолеў шырока адлюстраваць прыгажосць Радзімы і роднай прыроды, паказаць вялікую чалавечнасць і гераізм савецкіх людзей, веліч іх подзвігу ў Вялікай Айчыннай вайне і пафас стваральнай дзейнасці, дружбу народаў. У паэзіі Р. Барадуліна знаходзім вострае адчуванне роднага дома, радзімы, прыроды, мовы, гісторыі. Яго паэтычнае майстэрства надзвычай высокае: багацце мовы, шматстайнасць вобразна-стылёвых сродкаў, своеасаблівы псіхалагізм дапамагаюць дакладнаму і паўнакроўнаму выяўленню жыцця.
Паэт напружана працуе.
У «Нерушы» ён імкнецца яшчэ больш павялічыць каэфіцыент вобразнай перадачы жыцця, стараецца ўзмацніць ёмкасць паэтычнага вобраза. Р. Барадулін верны свайму імкненню да адказу грузіць слова, радок,
Трэба адзначыць і ўзросшае адчуванне грамадскай адказнасці паэта за сваю творчую працу — гэта выразна прасочваецца не толькі ў фармальных пошуках, але і ў пашырэнні ідэйна-тэматычнай сферы яго інтарэсаў. Ужо адно тое, што па розных і дальніх дарогах прайшоў паэт і яго герой — няўрымслівы беларускі хлопец з Ушаччыны, — сказана ў анатацыі, «ад няскоранай цытадэлі Брэста да туманных берагоў Японскага мора, ад самых паўночных на зямлі гарадскіх агнёў да суровых перавалаў Паміра», — шмат гаворыць пра абсягі яго паэзіі. Іншая справа — наколькі ўсё гэта «адстаялася словам», як казаў Маякоўскі.
Цыкл «Еўразія» — лірычны дзённік, які сабраў уражанні паэта ад падарожжа па Далёкім Усходзе і Сібіры, — асабліва яскрава сведчыць аб пашырэнні паэтычнай «геаграфіі» барадулінскай паэзіі. Шуканскае, Усінскі тракт, шыракаплечы Енісей — «малодшы брат Акіяна, сібірскіх рэк стырнавы…», порт Дудзінка, дзе паэту сустрэлася дзяўчына з Гродна, Тува, Залаты Рог, гарады Таджыкістана — гэта новыя пункты на паэтычнай карце Р. Барадуліна. Аднак, паўтараем, «геаграфія» ў паэзіі хоць і сведчыць пра пэўнае пашырэнне кругагляду, яшчэ нічога не вырашае. Трэба, каб колькасць перайшла ў якасць.
Калі пра многія вершы цыкла «Еўразія» можна сказаць, што пазнанне ідзе тут не па вертыкалі, не ўглыб, а па гарызанталі, па лініі колькаснага назапашвання ўражанняў, то «Адам і Ева» — добрае выключэнне.
Пра што гэты верш? У далёкім Прымор’і паэт сустракае землякоў, якія, бог ведае калі і якімі шляхамі, трапілі сюды, — «яны ўдваіх, Адам і Ева, капаюць бульбу ў тайзе». Гэта дало штуршок паэту для роздуму аб пакручастасці чалавечага лёсу і ўстойлівасці народных традыцый, пастаянстве народнага побыту.
Крычу на ўсё Прымор’е: — Бульба! Прымі паклон ад земляка. Расці, з гарачых снежак гурба, Што маці сыпле з саганка. Ні дождж, ні град цябе не песціць, Надзейны хлеб маёй зямлі. Не грэбвалі табой і песняй — З сабою землякі ўзялі.Услед за паэтавай думкай і ў нашай душы спее гордасць за свой народ, які ідзе сцежкаю ўсяго чалавецтва, несучы з сабою сваё духоўнае багацце.
У вершы «Адам і Ева» ён дамогся плённага сінтэзу мастацкасці і філасафічнасці. Дарэчы, паэт усё часцей і часцей «пасягае» на філасафічнасць, але дасягае яе не заўсёды. Слова «вечнасць» — часты госць у яго вершах: «Што ў вечнасці, што ў раі рабіць?» — Адчуванне вечнасці ў сённяшнім дні, напоўненым працаю, карыснымі справамі, творчасцю — гэта і была, на нашу думку, прадумова філасафічнасці ў творчасці Р. Барадуліна.
Аднак у новых кнігах яго паэзія не губляла сваёй непасрэднасці: «Лісток цялячай мокрай пыскай з даверам торкнуўся ў руку».
Плённа развіваецца інтымная лірыка, даючы прастор чалавечай пяшчоце, багаццю пачуццяў, асабістасці. Паэт пераканаўча — вобразная сіла мастацтва! — паказвае, што пачуццё кахання дапамагае чалавеку глыбей і паўней адчуваць свет, прыгажосць яго аб’ектыўнай рэальнасці, Інтымная лірыка пашырае сваю «зямную» аснову, эстэтызуе не только высокі духоўны пачатак, але і здаровую рэчыўнасць.