Ля аднаго вогнішча
Шрифт:
У апошніх кнігах А. Вярцінскага ўзрасла схільнасць да ўмоўнасці, прытчывасці. Яму дапамагае апора на фальклор, сувязь з якім адчувалася, яшчэ ў самай першай яго кнізе. Праўда, цяпер гэта сувязь у многім змянілася. Паэт не абмяжоўваецца, як у некаторых выпадках раней, стылізацыяй пад фальклорныя ўзоры, а ідзе ў глыб народнага светаразумення, яго эстэтычных і этычных уяўленняў.
Шарая гадзіна. Вечара адзнака. Шарая гадзіна. Ні воўк, ні сабака. Ні сонца, ні месяц. Ні дзень і ні вечар. Ні цёмна, ні светла.Аўтар выкарыстоўвае элементы замовы (гукавыя і сінтаксічныя паўторы), але фальклорнай зададзенасці тут няма, верш прасякнуты роздумам і запрашае да яго чытача. У гэтым змястоўная асаблівасць яго паэзіі — спалучэнне логікі і інтуіцыі, высокай культуры творчасці з фальклорнай спадчынай, звернутай да «пралагічных» форм свядомасці. Актыўнасць формы неабходна паэту, каб сцвердзіць сваю індывідуальнасць, адзінства маральных адносін да жыцця. С. Гаўрусёў, вядомы трапнасцю сваіх літаратурна-крытычных ацэнак, пісаў пра Вярцінскага: «Спалучэнне абвостранага інтэлекту і напружанай эмацыянальнасці, чуйнасць да навальніц веку трывала і даўно забяспечылі яму адно з найпершых і самастойных месцаў у сённяшняй нашай паэзіі» (Літаратура і мастацтва, 1980, 28 сакавіка).
Аднак на дасягнутым А. Вярцінскі, здаецца, не спыняецца. У адной з кніг ён кажа: «Вершы мае — пісьмы». Гэта можна зразумець так, што пісьмы абавязваюць і запрашаюць да шчырасці, даверу, самавыяўлення. І ў гэтым сэнсе вершы яго падобны на пісьмы. Прынцып самараскрыцця мае важнае значэнне ў паэзіі, пазнанне здзяйсняецца як самапазнанне. Думаецца, што гэта перспектыўна ў адносінах і да яго творчасці.
А. Вярцінскі — у дарозе. Ад кнігі да кнігі (а іх у яго ўжо добры дзесятак) ён натуральна мяняецца, расце. Але галоўнае — сувязь са сваім народам, грамадзянскі неспакой, шчырасць, шчодрасць, спалучаныя з пастаяннай нацэленасцю на эстэтычны пошук, — застаецца.
Споведзь пакалення
(Генадзь Бураўкін)
Гэта запомнілася:
Сёння я незвычайна радасны. Ну, не хлопец — усмешка адна: Цеплынёю дваццаціградуснай Абагрэла мяне вясна. І паветра здаецца мядовым, І нябёсы — чысцей і сіней, Я іду — дваццацігадовы, І дзяўчаты глядзяць на мяне…Чаму яны запомніліся — простыя, крыху наіўныя радкі з верша «Я іду…», якімі адкрывалася першая кніга Г. Бураўкіна «Майская просінь», што ўбачыла свет ажно ў 1960-м?
Запомніліся перш за ўсё, думаецца, сваёй непрыдуманасцю, непасрэднасцю, маладой прагай жыцця, незвычайнай паэтычнай узрушанасцю, здзіўленнем, што выліліся з самога сэрца дваццацігадовага хлопца (верш напісаны ў 1956 годзе). Словам, лірычны характар відаць быў адразу.
Тут жа, побач, былі вершы іншага тэматычнага плана, больш, калі можна так сказаць, сур’ёзныя па гучанню, сацыяльна-грамадзянскія па скіраванасці. Але ў той жа час такія ж шчырыя і па-юнацку пранікнёныя.
Так у паэзіі Г. Бураўкіна, у яго самай першай кнізе намецілася ўзаемасувязь, узаемапранікненне гэтых двух пачаткаў — інтымнага і грамадзянскага, лірыкі асабістай і пачуцця грамадскага, прапушчанага праз душэўны вопыт паэта, насычанага страсцю і хваляваннем. Я не знаходжу ў гэтых двух пачатках «антыномію» «я» і «мы», пра якую пісаў А. Вярцінскі, рэцэнзуючы кнігу выбраных вершаў Г. Бураўкіна («Бібліятэка беларускай паэзіі»), выдадзеную ім у 1969 годзе (Літаратура і мастацтва, 16 студзеня 1970 г.). Гэтыя два пачаткі — лірычны і публіцыстычны — існуюць у паэзіі Г. Бураўкіна ў больш складанай дыялектычнай узаемасувязі.
«Майская просінь» змясціла шэраг аўтабіяграфічных матываў. Як, скажам, было не расказаць паэту пра раку маленства, густыя саснякі Расоншчыны, амаль паўдзённы блакіт яе неба. «Каб не быў чалавекам, я б жаўранкам быў, і спяваў бы нястомней за ўсіх і званчэй, каб рабілася людзям ад песні лягчэй» — такія эмацыянальна-псіхалагічныя, маральныя вытокі і эстэтычныя ўстаноўкі паэтавай песні, якая пачыналася з закаханасці ў жыццё, са здзіўлення перад яго цудам, з незвычайнай душэўнай узрушанасці. Гэтыя рысы і потым застануцца стрыжнявымі асаблівасцямі паэтычнай і чалавечай (у дадзеным выпадку гэта, відаць, адно і тое ж) натуры Генадзя Бураўкіна.
Не сакрэт, што часта першая кніга не дае адказу на пытанне пра аўтара — паэт ён ці не. «Майская просінь» Бураўкіна, нават гэтыя працытаваныя намі радкі, не пакідалі сумненняў, што нарадзіўся малады паэт, які, як тая губка, убіраў свежыя жыццёвыя ўражанні, набываў веды.
Пачэснае месца занялі ў ёй вершы пра асваенне цаліны; аўтар пабыў там яшчэ студэнтам універсітэта. У вершы «Сашка» ён гераізуе працу маладога цалінніка з-пад Полацка, які па сутках не здымаў са штурвала рук: мёрз у дашчаных вагончыках і пісаў вясёлыя пісьмы землякам. Выпадак, што й казаць, жыццёвы: чалавек малапрыкметны, «асцярожны і кволы», як гаворыцца пра яго ў вершы, знаходзіць і сцвярджае сябе ў працы, якая дае яму фізічную і маральную загартоўку.
Сучаснік і яго працоўныя здзяйсненні вабяць паэта. Ён закаханы ў будаўнікоў, якія пад калючым ветрам спяваюць на рыштаваннях, «схаваўшы пад пахі азяблыя пальцы». Можа, гэтаму малюнку і не стае поўнай «аб’ектыўнай» праўдзівасці, але паэт так бачыць, і паводле яго светаўспрымання гэта лагічна. Для маладога героя паэта вельмі важна і дорага адчуваць, «што нешта значыш на працавітай сваёй зямлі».
Савецкі вымпел на Месяцы і кніга Маякоўскага, дарогі студэнцкага лета і сустрэча з каханай, подзвіг партызан — пра ўсё ён пісаў з юнацкім запалам і шчыра.
Слабы бок гэтых вершаў — фактаграфічнасць, адносна неглыбокае пранікненне ў сутнасць з’яў, іх відавочная раздробленасць. Зрэшты, усё гэта з лішкам кампенсавалася тым, паўтараю, юнацкім запалам, няўрымслівасцю, што вызначалі самаадчуванне маладога паэта.
Я іду з усімі і смяюся, Я іду з усімі і пяю.Калектывізм, дэмакратычнасць, душэўная адкрытасць перад сябрам, рамантычнасць — відавочныя рысы характару маладога героя паэзіі Генадзя Бураўкіна, які, здавалася, больш за ўсё жадаў быць зразуметым чытачом.