Ля аднаго вогнішча
Шрифт:
Ёмістасць дэталі, яе метафарычны сэнс, павялічваецца: «хлеб у кмене зорак»; бярозы для яго — «пасівелыя скроні зямлі». Свет адкрываецца сваёй патаемнай сутнасцю.
Гэта сосны адны Над абрывам кар’ера Ці над вырытым ровам Заложніцы-ўдовы?..Да сімвала чалавечых пакут і мужнасці, ахвяраваных у імя жыцця, вырастае вобраз маці, што «паправодзіла ўсіх сыноў — аніводнага не сустрэла» і ператварылася, чакаючы іх, у дрэва.
Жывапіс і пластыка паэта больш і больш насычаюцца філасофска-інтэлектуальным зместам. Мяняецца ракурс, павялічваюцца маштабы ўспрыняцця свету: паэт гаворыць пра «ганчарны круг планеты»,
Або вось своеасаблівы «касмічны» вобраз:
Шлях Млечны — прасекай. Аблокі — яміны. Сляды ад вялізнага пастала. А можа, замятаюць рукі маміны Крошкі хлебныя са стала?!Уражанне такое, што свет паэта расхінаецца ва ўсе бакі. Паглыбляюцца разам з тым гістарычныя далягляды. «На сцяжыну прадзеда памяць выкіроўвае». Землякі — ушацкія хлебаробы («Зямля рунела ім руном») збліжаюцца ў яго адчуванні са старажытнымі арганаўтамі, што плылі небяспечнымі шляхамі за жаданым залатым руном. І хай у гэтай асацыяцыі ёсць некаторая надуманасць, паэт мае права на такое збліжэнне: дзякуючы яму, сучасны чалавек бачыцца ў дальняй рэтраспектыве народнага вопыту, у святле культурнай традыцыі (верш «Арганаўты»).
Сучасныя вершы і паэмы Р. Барадуліна сведчаць, што вяртанне да першаснага мастацкага мыслення, да старадаўніх вытокаў і каранёў — істотная рыса сучаснай беларускай паэзіі. Гэта і зразумела: «хаця чалавек надзвычай пластычны, — гаворыцца ў адным з сучасных даследаванняў,— аднак у яго індывідуальнасці змяшчаюцца, у дыялектычна знятым выглядзе, усе этапы яго папярэдняга развіцця, з усімі іх зігзагамі і супярэчнасцямі». Так, напрыклад, фальклорная спадчына і сёння ўплывае на літаратурны працэс, застаючыся каштоўнай крыніцай ідэйна-мастацкага ўзбагачэння беларускай паэзіі. Сучасны асацыятыўны верш увабраў у сябе народную паэтыку і індывідуальны вопыт класікаў.
Каб паўней адлюстраваць сучаснасць, ён усё настойлівей і з большай духоўнай патрэбаю звяртаецца да фальклору. Барадулін і фальклор — удзячная тэма спецыяльнага даследавання. Яна, гэтая сувязь, існуе ў яго на розных узроўнях. У яго паэзію ўвайшоў народны вобраз лёсу-талану, які наканаваны паэту і які патрабуе вернасці. Час ад часу пракідаецца ў ёй вобраз казачных коней, у якіх сімвалізуецца палёт паэтавых думак — «і зоры мелі за гонар дзядамі ўплесціся ў грывы».
Пры ўсёй жыватворнасці фальклорнай паэтыкі яна патрабуе індывідуалізацыі і псіхалагізму. Барадулін ставіцца да яе актыўна. Ён пераасэнсоўвае змест фальклорных матываў. «Журавіны не ўзышлі… Ка мне хлопцы не прыйшлі…» — гэтыя радкі з народнай песні пастаўлены эпіграфам да аднаго з вершаў. Страфа, якой пачынаецца верш, прымушае па-сучаснаму прачытаць іх:
Тут чые правіны? Глохнуць баравіны. Моўкнуць жаўранкі, Сохнуць імшарыны…Часам паэт вельмі вынаходліва звяртаецца да цытавання народных песень (як, напрыклад, у вершы «Дробненькі дожджык дый накрапае…»), тактоўна і ўдала спалучаючы асобныя радкі са сваім вершам, стварае прыслоўі і прымаўкі («град — бобам, пот — градам», «свет з прысветкам» і г. д.).
Што яшчэ дадаць да ўсяго гэтага?
Творчасць паэта шматжанравая: лірыка, эпас, сатыра, мастацкі пераклад.
Сатырычныя і гумарыстычныя творы сабраны ў кнігах «Дойны конь» (1965), «Станцыя кальцавання» (1971), «Прынамсі…» (1977), дзіцячыя — у зборніках «Мех шэрых, мех белых» (1963), «Красавік» (1965), «Экзамен» (1969), «Ай, не буду, не хачу» (1971) і іншыя. Пераклаў «Ветрык, вей!» Я. Райніса, паасобныя творы Дж. Байрана, С. Ясеніна, У. Бранеўскага, Э. Межалайціса. Вершы Барадуліна таксама перакладаліся на многія мовы народаў СССР і за мяжой.
Паэзія Р. Барадуліна — у дарозе.
Сёння яна патрабуе ад чытача большага саўдзелу ў перажыванні, большай увагі. Верш яго знаходзіцца ў актыўным, плённым пошуку. Хай яму шчасціць на гэтым шляху!
Вершы
(Анатоль Вярцінскі)
Упершыню вершы Анатоля Вярцінскага з’явіліся ў друку, здаецца, яшчэ на пачатку 50-х гадоў, калі аўтар вучыўся ў Белдзяржуніверсітэце імя У. І. Леніна, але чагосьці незвычайнага яны, па праўдзе кажучы, не абяцалі. «Я іду зялёным лугам, сцелецца трава. І чамусьці кругам-кругам галава». Гэта маналог дзяўчыны з верша пра каханне — так тады пісалі многія, у тым ліку паэты, нашмат старэйшыя за Вярцінскага. Хто іншы мог бы задаволіцца набытым і працягваць пісаць у ранейшай, раз і назаўсёды знойдзенай манеры. А. Вярцінскі ж на самым пачатку паказаў характар: ён, пасля заканчэння універсітэта, з’ехаў з Мінска на пераферыю і замоўк, поўнасцю аддаўся журналісцкай рабоце. Працаваў у рэдакцыях раённых газет — Давыд-Гарадок, Камянец, Клімавічы, Рагачоў… У Мінск вярнуўся ў 1962 годзе, маючы добрую жыццёвую загартоўку і вопыт, так неабходныя пісьменніку. Тады ж выйшла з друку першая кніга — «Песня пра хлеб». Многія яе старонкі былі пазначаны прыкметамі грамадскага непакою і зацікаўленасці.
Хачу знаць, колькі будзе зелені, Будзе свежасці для людзей І ці вырасце ўсё, што сеялі, З чым звязалі столькі надзей.Вось чаму яго лірычны герой радуецца зарніцам — прадвесніцам дажджу, якога даўно чакаюць засмяглыя палі. За гэтымі радкамі і выказанымі ў іх перажываннямі адчуваецца даўняя беларуская традыцыя. Успамінаеш Якуба Коласа, які сярод засушлівага лета пільна ўглядаецца ў гарызонт, неспакойна стукае пальцам па барометры: ці будзе дождж, ён жа так патрэбен!
Лепшым творам у першай кнізе была, напэўна, паэма «Песня пра хлеб», якая дала назву ўсяму зборніку. У ёй паэт уславіў хлеб як вялікую, не толькі матэрыяльную, але і маральную, духоўную каштоўнасць, у якой увасоблены сэнс жыцця і працы хлебароба. Усё, пра што ішла гаворка ў паэме, аўтару было вядома з дзяцінства. Адсюль ішлі і перадаваліся чытачу яго любоў і замілаванне, з якім былі выпісаны многія мясціны паэмы. Напрыклад, тая, дзе маці пячэ хлеб з новага жыта.
Цеста мясіла яна кулакамі, сценкі дзяжы абірала рукамі, вады падлівала, мукі падсыпала… І нам было клопатаў тут нямала. Былі мы ў мінуту гэтую рады Выканаць матчыны ўсе загады. Мы ёй памагалі рукаў закасваць, муку падсыпаць — па яе заказу, хусцінку мы ёй папраўлялі ахвотна ці лоб выціралі матчын потны. Было ўрачыста і ціха ў хаце — хлеб з новага жыта ўчыняла маці.Калі гэты твор перачытваеш сёння, пераконваешся, што сучасны А. Вярцінскі генетычна вырас з яго — і не толькі ідэйна, але і стылёва. Ужо тут у наяўнасці былі індывідуальныя асаблівасці стылю паэта — непаспешлівасць апісання, свядомыя лексічна-сінтаксічныя і гукавыя паўторы, мяккасць тону.
У сваіх дзённіках А. Блок аднойчы запісаў: «На днях я падумаў пра тое, што вершы мне пісаць не трэба таму, што я надта ўмею гэта рабіць. Трэба яшчэ змяніцца (або — каб вакол змянілася), каб ізноў атрымаць магчымасць пераадольваць матэрыял». Нешта падобнае, відаць, здарылася — пасля першай кніжкі — і з А. Вярцінскім. Яго творчасць рэзка пачала пашыраць свае тэматычныя рамкі, паглыбляць маральны, грамадзянскі пафас. Зрэшты, гэта назіралася не толькі ў аднаго яго. І маладыя, і старэйшыя на працягу 60-х гадоў — гэта характэрна для ўсіх — асабліва інтэнсіўна абнаўлялі змест і форму паэзіі, яе тэматыку і праблематыку. Яны свядома ставілі задачу стварэння паэзіі актыўнай думкі, здольнай перадаць інтэлектуальную атмасферу часу, інтэнсіўна аднаўлялі выяўленчую сферу, прыцягваючы дзеля гэтага разнастайныя прыёмы жывапісу, музыкі, пластыкі.