Нябожчыкава люстэрка
Шрифт:
— Хто яны? — Х'юга адказваў амаль няўцямна. — О, так, вядома. Прабачце. Можа, мы сядзем? — Ён паказаў на канапку ў самым далёкім ад цела нябожчыка куце пакоя. І гаварыў далей адрывіста: — Так, Ванда — мая цётка, вы ведаеце. І Рут, мая кузіна. Але вы знаёмы з а'бедзвюма. Другая дзяўчына завецца Сьюзен Кардвэл. Яна проста гасцюе тут. І яшчэ палкоўнік Бэры. Ён стары сябар сям'і. І містэр Фобз. Ён таксама стары сябар, апрача таго, ён сямейны юрыст і ўсё такое. Абодва старыя былі закаханыя ў Ванду, калі яна была маладая, і па-ранейшаму круцяцца каля яе, верныя і адданыя. Смешна, але даволі кранальна. Яшчэ тут ёсць Годфры Бараўз, старога — я маю на ўвазе майго дзядзьку — сакратар,
Пуаро кіўнуў. Потым сказаў:
— Як я зразумеў, вы сапраўды чулі стрэл, якім быў забіты ваш дзядзька?
— Так, мы чулі. Думалі, гэта быў корак ад шампанскага; прынамсі, я так падумаў. Сьюзен і міс Лінгард лічылі, што гэта была зваротная ўспышка аўтамабіля — дарога зусім блізка, ведаеце.
— Калі гэта было?
— Ну, прыблізна ў дзесяць хвілін дзевятай. Снэл якраз першы раз ударыў у гонг.
— І дзе вы былі, калі пачулі яго?
— У зале. Мы — мы смяяліся наконт гэтага, спрачаліся, разумееце, пра тое, адкуль гэты гук. Я сказаў, што са сталовай, а Сьюзен сказала, што з гасцінай, а міс Лінгард — што грукнула недзе ўгары, а Снэл сказаў — гэта з дарогі, з вуліцы, і даляцеў да нас праз вокны наверсе. А Сьюзен спыталася: «Больш ніякіх тэорый?» А я засмяяўся і сказаў: «Забойствы бываюць заўсёды!» Даволі дурны жарт, як падумаеш.
Яго твар нервова перасмыкнуўся.
— Нікому не прыйшла думка, што гэта, магчыма, застрэліўся сэр Гервазы?
— Не, вядома, не.
— Вы сапраўды не ўяўляеце сабе, чаму ён мог застрэліцца?
Х'юга павольна сказаў:
— О, ну… Я не сказаў бы, што…
— У вас ёсць здагадка?
— Але… ёсць… Гэта цяжка растлумачыць. Вядома, я не чакаў, што ён скончыць жыццё самагубствам, але тым не менш я не надта здзіўлены. Бо мой дзядзька быў вар'ят, містэр Пуаро. Кожны ведаў пра тое.
— Гэта здаецца вам дастатковым тлумачэннем?
— Угу, людзі страляюцца, калі яны трохі звіхнутыя.
— Надзіва простае тлумачэнне.
Х'юга ўтаропіўся ў яго.
Пуаро зноў устаў і пачаў бязмэтна блукаць па пакоі. Пакой быў утульна мэбліраваны, пераважаў цяжкаваты віктарыянскі стыль. Масіўныя кніжныя шафы, вялізныя крэслы з поручнямі і некалькі меншых — сапраўдны чыпендэйл [5] . Тут не было лішняй аздобы, але невялікія вырабы з бронзы на каміне прыцягнулі ўвагу Пуаро і відавочна выклікалі ў яго захапленне. Ён падымаў іх адзін за адным, старанна аглядаў кожны і асцярожна ставіў на месца. З аднаго, крайняга злева, ён скалупнуў нешта пазногцем.
5
Стыль ангельскай мэблі XVIII ст.
— Што гэта? — спытаўся Х'юга без вялікай цікавасці.
— Нічога асаблівага. Маленечкі асколак люстра.
Х'юга сказаў:
— Сапраўды неяк дзіўна раструшчана куляй гэтае люстра. Разбітае люстра азначае нешанцаванне. Бедны стары Гервазы… Я думаю, яму шанцавала залішне доўга.
— Ваш дзядзька быў шчаслівы чалавек?
Х'юга хіхікнуў.
— Дзіва што, яму шанцавала, як у казцы! Усё, да чаго ён ні дакранаўся, ператваралася ў золата! Калі ён ставіў на аўтсайдэра [6] , той раз-два і ў дамках! Калі ён укладаў грошы ў самую бесперспектыўную шахту, там адразу ж адкрывалася рудная жыла! Яму ўдавалася выблытацца неверагодным шляхам з самага рызыкоўнага, самага безнадзейнага становішча. Ён ратаваўся
6
Конь, на якога не робяць ставак на скачках.
Пуаро запытаўся сяброўскім тонам:
— Вы любілі свайго дзядзьку, містэр Трэнт?
Пытанне гэтае, здалося, трохі збянтэжыла Х'юга Трэнта.
— Э, так, вядома, — сказаў ён даволі няўпэўнена. — Ведаеце, часам ён быў цяжкаваты. Жыць з ім было вельмі нялёгка, і наогул. На шчасце, я бачыўся з ім не часта.
— А ён любіў вас?
— Не так, каб гэта можна было заўважыць. Калі па шчырасці, ён, хутчэй, цярпеў маё існаванне.
— Як гэта было, містэр Трэнт?
— Разумееце, у яго не было свайго сына, і ён вельмі шкадаваў аб гэтым. Дрыжаў над усім, што датычылася сям'і. Я ўпэўнены, яго калаціла ад думкі, што, калі ён памрэ, скончыцца і род Шэвені-Гарэ. Яны, ведаеце, вядуць свой пачатак з часоў нарманскіх заваёў, яшчэ адтуль. Стары быў апошні з іх. Я думаю, гэта была, з яго пункту гледжання, даволі паганая перспектыва.
— Вы самі не падзяляеце гэтага пачуцця?
Х'юга паціснуў плячыма.
— Усе такія рэчы здаюцца мне досыць архаічнымі.
— Што будзе з маёмасцю?
— Папраўдзе, не ведаю. Магчыма, пяройдзе мне. А можа, ён пакінуў яе Рут. Альбо Ванда будзе валодаць усім да канца жыцця.
— Дык ваш дзядзька не выказаў сваіх намераў дакладна?
— Ну… Але ён песціў адну мару…
— І якую ж?
— Рут і я павінны пажаніцца. Гэта была яго мара.
— Гэта, безумоўна, было б дужа зручна.
— Надзвычай зручна. Але Рут — Рут мае свой вельмі выразны погляд на жыццё. Улічыце, яна незвычайна прывабная маладая жанчына і яна ведае гэта. Ёй не карціць выйсці замуж і звіць гняздо.
Пуаро нахіліўся да яго:
— Але вы самі хацелі б, містэр Трэнт?
Х'юга сказаў стомленым голасам:
— Я, сапраўды, не бачу аніякай розніцы, з кім ты жэнішся ў наш час. Развод такі лёгкі. Калі вы не ладзіце, то няма нічога лягчэйшага, як рассячы вузел і пачаць зноў.
Дзверы адчыніліся, і ўвайшоў Фобз разам з высокім франтаватым мужчынам.
Мужчына кіўнуў Трэнту.
— Хэло, Х'юга! Мне вельмі шкада. Гэта вялікае гора для ўсіх вас.
Эркюль Пуаро ступіў наперад.
— Як вы маецеся, маёр Рыдл? Вы памятаеце мяне?
— Вядома! — Галоўны канстэбль паціснуў Пуаро руку. — Дык гэта вы тут?
У яго голасе гучала задумлівая нота. Ён з цікаўнасцю паглядзеў на Эркюля Пуаро.
4
Мінула дваццаць хвілін.
— Ну? — спытаўся маёр Рыдл. Пытальнае «ну» галоўнага канстэбля было адрасавана сяржанту паліцыі, хударляваму пажылому чалавеку з сіваватымі валасамі.
Той паціснуў плячыма.
— Ён мёртвы больш за паўгадзіну, але не больш за гадзіну. Вы не любіце тэхнічных падрабязнасцей, я ведаю, таму не буду дакучаць імі. Гэты чалавек застрэлены ў галаву, пісталет быў за некалькі дзюймаў ад правай скроні. Куля прайшла акурат праз мозг і выйшла.
— Усё адпавядае самагубству?
— Усё. Цела потым звалілася ў крэсла, і пісталет выпаў з яго рукі.
— Вы знайшлі кулю?
— Знайшоў. — Доктар паказаў яе.
— Добра, — сказаў маёр Рыдл. — Мы захаваем кулю, каб упэўніцца, што яна з гэтага пісталета. Я рады, што гэта незаблытаная справа і няма ніякіх цяжкасцей.