Нябожчыкава люстэрка
Шрифт:
— О, не! — Яе вочы акругліліся. — Нельга заўсёды прадбачыць будучыню. Гервазы, несумненна, быў вельмі дзіўны чалавек, незвычайны чалавек. Ён быў зусім не падобны ні на кога. Ён быў адным з Вялікіх і цяпер народжаны зноў. Я ведала гэта даўно. Думаю, ён сам гэта ведаў. Яму цяжка было прыстасоўвацца да дурных і дробных стандартаў штодзённага жыцця. — Пазіраючы цераз плячо маёра Рыдла, яна дадала: — Ён усміхаецца зараз. Ён думае, якія ўсе мы неразумныя. Такія мы і ёсць, сапраўды. Проста як дзеці. Прыкідваемся, што свет існуе на самай справе і што гэта мае значэнне… Жыццё — толькі адна з вялікіх Ілюзій.
Адчуваючы,
— Вы зусім не можаце дапамагчы нам высветліць, чаму ваш муж скончыў жыццё самагубствам?
Яна паціснула сваімі тонкімі плячыма.
— Сілы рухаюць намі — яны рухаюць намі… Вы не можаце зразумець. Вы рухаецеся толькі ў матэрыяльнай сферы.
Пуаро кашлянуў.
— Гаворачы пра матэрыяльную сферу, ці ведаеце вы што-небудзь, мадам, пра тое, як ваш муж размеркаваў свае грошы?
— Грошы? — Яна здзіўлена паглядзела на яго. — Я ніколі не думаю пра грошы. — У яе голасе гучала пагарда.
Пуаро пераключыўся на іншую тэму:
— У які час вы спусціліся сёння ўніз на абед?
— Час? Які ён, Час? Бясконцы, вось вам адказ. Час бясконцы.
Пуаро сказаў:
— Але ваш муж, мадам, быў даволі пунктуальны ў часе — асабліва, як мне казалі, калі датычылася абедзеннага часу.
— Ах, мілы Гервазы… — Яна памяркоўна ўсміхнулася. — Ён быў такі дурненькі з той пунктуальнасцю. Але гэта рабіла яго шчаслівым. І таму мы ніколі не пазніліся.
— Вы былі ў сталовай, мадам, калі пачуўся першы гонг?
— Не, я была тады ў маім пакоі.
— Ці памятаеце вы, хто быў у сталовай, калі вы сышлі ўніз?
— Амаль усе, мне здаецца, — няўпэўнена сказала лэдзі Шэвені-Гарэ. — Гэта мае значэнне?
— Магчыма, не, — пагадзіўся Пуаро. — Тады што-нішто яшчэ. Ці казаў вам калі-небудзь ваш муж, што яго, як ён падазрае, абкрадваюць?
Лэдзі Шэвені-Гарэ, здавалася, не дужа цікавіла гэта пытанне.
— Абкрадваюць? Не, я не думаю.
— Абкрадваюць, ашукваюць, абіраюць нейкім чынам?..
— Не, я не думаю… Гервазы вельмі ўгневаўся б, калі б хтосьці адважыўся на такое.
— Прынамсі, ён нічога не гаварыў вам?
— Не, не. — Лэдзі Шэвені-Гарэ адмоўна паківала галавой, па-ранейшаму без вялікай цікавасці. — Я памятала б…
— Калі апошні раз вы бачылі свайго мужа жывога?
— Ён заглянуў, як звычайна, спускаючыся ўніз перад абедам. Мая служанка была там. Ён проста сказаў, што ідзе ўніз.
— Прыгадайце, пра што ён больш за ўсё гаварыў апошнія некалькі тыдняў?
— О, пра гісторыю роду. Ён так паспяхова займаўся гэтым. Забаўная, мілая міс Лінгард, — ён ужо не мог без яе. Яна шукала і знаходзіла яму матэрыялы ў Брытанскім музеі — усё, што патрэбна. Яна, ведаеце, працавала з лордам Малкастарам над яго кнігай. І была тактоўная — я маю на ўвазе, яна абмінала лішняе. Урэшце, ёсць такія продкі, якіх не хочацца чапаць. Гервазы быў вельмі чуллівы. Яна дапамагала і мне. Здабыла мне процьму інфармацыі пра Хэтшыпсат [8] . Я — пераўвасабленне Хэтшыпсат, ведаеце. — Ледзі Шэвені-Гарэ зрабіла гэтую заяву спакойным голасам. — А да таго, — гаварыла яна далей, — я была жрыцай у Атлантыдзе.
8
Хэтшыпсат —
Маёр Рыдл пакруціўся ў крэсле.
— Э-э, вельмі цікава, — сказаў ён. — Добра, лэдзі Шэвені-Гарэ, я думаю, гэта ўсё. Вы былі надзвычай зычлівыя.
Лэдзі Шэвені-Гарэ ўстала, разгладзіла свае шаты.
— Дабранач, — сказала яна. Позірк яе скіраваўся ў нейкую кропку за маёрам Рыдлам.
— Дабранач, любы Гервазы. Я хацела б, каб ты прыйшоў, але, ведаю, ты мусіш заставацца тут. — Яна дадала, растлумачваючы яму: — Ты мусіш заставацца там, дзе ты адышоў ад нас, самае меншае дваццаць чатыры гадзіны. Павінен мінуць пэўны час, перш чым ты зможаш свабодна рухацца і камунікавацца.
Яна выплыла з пакоя.
Маёр Рыдл выцер лоб.
— Ух! — мармытнуў ён. — Вар'ятка куды большая, чым я думаў. Яна сапраўды верыць ва ўсё гэтае глупства?
Пуаро з сумненнем, задумліва паківаў галавой.
— Магчыма, яна так ратуецца, — сказаў ён. — Ёй трэба стварыць свет ілюзій, каб уцячы ад суровай рэальнасці, ад мужавай смерці.
— Мне здаецца, — сказаў маёр Рыдл, — фармальна яе можна палічыць вар'яткай. Нагаварыць кучу ўсялякай лухты — і ніводнага разумнага слова!
— Не, не, дружа мой. Самае цікавае, як Х'юга Трэнт мімаходзь заўважыў, тое, што з усяго гэтага пустаслоўя прабліскваюць разумныя думкі. Яна паказала гэта сваёй заўвагай пра тактоўнасць міс Лінгард, што тая не выпінала непажаданых продкаў. Паверце мне, лэдзі Шэвені-Гарэ ніякая не дурная.
Ён устаў і пахадзіў туды-сюды.
— У гэтай справе мне сёе-тое не падабаецца. Так, зусім не падабаецца.
Рыдл з цікаўнасцю паглядзеў на яго.
— Вы маеце на ўвазе матыў самагубства?
— Самагубства, самагубства! Усё гэта памылкова. Гэта памылкова псіхалагічна. Кім лічыў сябе Шэвені-Гарэ? Калосам, незвычайна важнай асобай, цэнтрам сусвету! Хіба такі чалавек знішчае сябе? Зразумела, не. Хутчэй ён знішчыць каго-небудзь іншага, раздушыць, як мурашку, нікчэмную чалавечую істоту, што адважылася раздражняць яго… Такі ўчынак ён мог бы лічыць як неабходны, свяшчэнны! Але самазнішчэнне? Знішчэнне такім эгаістам самога сябе?
— Усё гэта вельмі добра, Пуаро. Але факты, факты. Дзверы замкнуты, ключ у яго ўласнай кішэні. Акно зачынена на шпінгалет. Я чытаў пра такія рэчы ў кнігах, але я ніколі не сустракаўся з імі ў рэальным жыцці. Што-небудзь яшчэ?..
— Так, ёсць што-нішто яшчэ. — Пуаро сеў на крэсла. — Я Шэвені-Гарэ. Я сяду тут, за мой стол. Я вырашыў забіць сябе, бо, дапусцім, я адкрыў у гісторыі нашага роду нешта страшэнна ганебнае. Не дужа пераканаўча, праўда, але гэтага будзе дастаткова. Еh bіеn [9] , што я раблю? Я крэмзаю на кавалку паперы слова «ДАРУЙЦЕ». Так, гэта зусім магчыма. Потым адчыняю шуфляду стала, дастаю пісталет, які тут хаваю, зараджаю, калі ён не зараджаны, і потым — страляюся? Не, я спачатку паварочваю сваё крэсла кругом — так, і трохі нахіляюся направа — так, і тады — тады прыкладваю пісталет да скроні і страляю!
9
Так (фр.).