Пахаджане. Прыпавесці
Шрифт:
Урад на некалькі дзён упаў у прастрацыю — шырока разрэклямаваныя і ня меней шырока падтрыманыя народам меры аказаліся на справе мыльнай бурбалкай, якая да таго ж лопнула. З прычыны відавочнай неэфектыўнасьці радыкальных мераў было вырашана зьвярнуцца да мераў традыцыйных, прыпамятаўшы, што ня ўсё старое ёсьць кепскае. Тым болей, што ўсё новае — даўно забытае старое.
I тут прыпамяталі добрую, старую практыку ўзнагародаў. Варта было яе скарыстаць, хіба што змадэрнізаваўшы ў новых варунках, адкінуўшы яе заганныя метады, калі ўзнагароджвалася кіраўніцтва за адданасьць пэўнай ідэі ці сакратаркі — за прыгожыя сьцёгны і вочы. Вырашылі ўзнагароджваць толькі пенсіянераў і толькі за канкрэтныя справы, якія даюць пэўны грашовы прыбытак дзяржаве. То было адрасыае стымуляваньне і пенсіянераў, і дзяржавы. Былі тэрмінова распрацаваныя дызайн высокіх ордэнаў, муаравых стужак да іх і правілы ўзнагароджваньня. Той з пенсіянераў, хто абавязваўся скараціць тэрмін уласнага пенсіянерства да 3 гадоў, узнагароджваўся самым высокім ордэнам — «Мусульманскай еднасьці», да 10 гадоў — «Юдэйскага кагалу». Усе ордэны, апроч таго, мелі па тры ступені — залатую, срэбную і бронзавую. Такім чынам забясьпечваўся дыферэнцыяваны падыход, што ў поліэтнічным, шматканфесійным грамадстве было вельмі важна. Акадэмія кампутарнай інфарматыкі падлічыла ўжо віртуальны прыбытак, які склаў астранамічную
Яшчэ да выяўленьня фінансавага эфекту пастановы, які гэтым разам сапраўды чакаўся вельмі высокі, выкрылася яшчэ адна прыкрая загана — дэфіцыт каштоўных і каляровых металаў. Дызайнеры, што распрацоўвалі праекты ўзнагародаў, карыстаючыся бескантрольнасьцю кантрольных ворганаў, завысілі вагу ўзнагародаў, і краіна нечакана апынулася без залатога і срэбнага запасу, бяз цынку, сьвінцу, бронзы, медзі, малібдэну. I нават чыгуну стала не хапаць — гэтулькі пайшло на ўзнагароды. Попыт на іх, аднак, усё павялічваўся, усё новыя групы пенсіянераў бралі і бралі на сябе новыя абавязаньні. Адпаведна павялічваліся і выдаткі на пенсіі — і тое было незразумела. Сацыялагічныя інстытуты, якія цяпер сталі спрэс незалежніцкімі і рэгулярна фінансаваліся з дзяржаўнага бюджэту, ня мелі на тое адказу. Не маглі на той раз нічога высьветліць і выпрабаваныя сьпецорганы, магчымасьці якіх з прычыны разарваных сувязяў з заходнімі калегамі значна звузіліся. Затое адказ неўзабаве далі пранырлівыя чаўночнікі, рух якіх за апошнія гады набыў фантастычныя памеры. Яны сьведчылі, што тымі ўзнагародамі забітыя ўсе базары суседніх краінаў, кампрадорскія дзялкі каторых скупляюць іх партыямі для патрэбаў уласнай высокатэхналагічнай вытворчасьці.
Між тым выплата пенсіяў у краіне з прычыны абсалютнага банкруцтва пенсійнай сістэмы зусім спынілася. Урад, адміністрацыя ўсіх узроўняў, канструктыўная апазіцыя, прафсаюзы — усе маўчалі, ня маючы што прапанаваць народу. Адно — мацавалі сілавыя структуры. Дэпутаты, спалоханыя за свае наседжаныя ў парламенце месцы, патрабавалі ўвесьці надзвычайнае становішча.
Неяк надвячоркам перад палацам прэзідэнта немаведама адкуль вынікнуў невялічкі, з шасьці чалавекаў, пікет. На грудзях у пікетчыкаў віселі самаробныя, ня дужа зграбна напісаныя плакаты. Высьветлілася, што гэта быў самадзейны несанкцыяыаваны пікет незарэгістраванай партыі «Аматары алкаголю», і ён патрабаваў ад дзяржавы, калі тая ня можа выплаціць пенсіі грашыма, дык хай плоціць натурай. Нарад паліцыі, які аператыўна зьявіўся па выкліку таптуноў у штацкім, тут жа накінуўся на сьвядомых алкашоў і пачаў круціць ім рукі. Звычайна за такой важнай аперацыяй сілаў правапарадку любіў назіраць з вакна сам прэзідэнт краіны, якім на той час быў шаноўны Тумба-Лумба, у мінулым сам адмысловы алкаголік, а цяпер ганаровы старшыня Акадэміі цьвярозасыді. Назіраючы захапляльную сцэну расправы, ён, аднак, сьціпла ўсьміхнуўся і сам сабе ціха мовіў: «А чаму б і не!» Тыя самыя словы, вядома ж, былі адразу запісаныя высокаадчувальнай тэхнікай суседняй дзяржавы, апрацаваныя ў яе адпаведных колах і нечакана адобраныя. Таго стала дастаткова, каб праз тыдзень урад выдаў чарговую пастанову пад нумарам «000999» — аб выплаце абмежаванай колькасьці пенсіянераў іхніх пенсіяў у алкагольным эквіваленце. Навучаны былымі няўдачамі ўрад пакуль што асьцерагаўся плаціць гарэлкай усім, хацеў паглядзець, як яно екладзецца на практыцы. Пакуль складвалася выдатна. У цэнтры сталіцы на плошчы Недатыкальнасьці да Прэзідэнта адбыўся грандыёзны, нікім не санкцыянаваны, але і нікім не разганяны мітынг падтрымкі і захапленьня, у якім удзельнічала каля 2 мільёнаў пенсіянераў (паводле зьвестак дзяржаўных СМІ і 2 тысячаў — паводле падлікаў скупога на арыфметыку агенцтва Ройтэрз). Гэтай адмысловай кансалідацыі народу ніхто ня памятаў нават з самых састарэлых людзей. Усе горача падтрымалі пастанову «Трох дзявятак», як яе называлі ў прастамоўі, або пастанову «Паратунку і разьвіцьця», як назваў яе ў нядзельнай перадачы любімы тэлекаментатар нацыі спадар Лятнеўскі. Усе пласты грамадства без адрозьненьняў класаў, прафесіяў, узростаў, полаў, нацыяў і веравызнаньняў былі захопленыя ўрадавай мудрасьцю. Стары паэта, што ўсе апошнія гады наракаў у вершах на медахват грошай на хлеб, за адну ноч гекзаметрам напісаў паэму. Ён каяўся, што нядаўна яшчэ разам з народам і партыяй (не ўдакладніў, якой) доўгі час лічыў другім хлсбам бульбу, аж выявілася, што другі народна-партыйны хлеб — гарэлка. I гэта выдатна, бо, як паказвае досьвед, грошай на гарэлку ніколі не бракавала.
То былі вешчыя словы паэта-прарока.
Мінфін у тэрміновым парадку распрацаваў механізм гарэлкавай выплаты. Улічваючы небывалую папулярнасьць новага метаду, было вырашана для разьліку з прадпрыемствамі і ўстановамі таксама перайсьці на гарэлку, а таксама і на ўсе іншыя аплаты, у тым ліку і ў дзяржаўным гандлі. Канешне, не ўдалося пазьбегнуць некаторых няўвязак, але якая ж слушная справа абыходзіцца без няўвязак. Няўвязкі неўзабаве былі адрэгуляваныя — быў выпрацаваны эквівалент: 1 тысяча рублёў прыроўнівалася да 1 літру гарэлкі, 500 рублёў — да паўлітры, 250 — да чацьвярцінкі, «чакушкі» ў прастамоўі. Усё звыкла і проста, як і ўсё геніяльнае. Праўда, трохі павалэндаліся з распрацоўкай методыкі аплаты плацяжоў дзяржаве, якая, вядома ж, гарэлкі не спажывала, хоць мела яе мора. Тады ўжылі прынцып зваротнага эквіваленту. На прыгожа аддрукаванай у Фінляндыі паперцы, што служыла таксама бутэлькавай этыкеткай, азначалася лічба эквіваленту — адпаведна 1000, 500 і 250 рублёў — у залежнасьці ад аб’ёму бутэлькі. Тое было вельмі зручна — сумясьціць у адно функцыі бутэлькі, гарэлкі ды асігнацыі. Знайшліся, вядома, скептыкі, якія пачалі
А галоўнае — сышло ў нябыт неўміручае саслоўе пенсіянераў. Напрыканцы XX стагоддзя ў краіне іх засталося ўсяго 9 (магічная лічба), затое гэта былі самыя фізічна і духоўна загартаваныя людзі.
На пачатку XXI стагоддзя, як прэзідэнтам краіны быў аднадушна абраны шаноўны Хусаін Асман, краіна была ў каторы раз перайменаваная і атрымала назоў: Рэспубліка Бутэлькавая. Скарочана РБ.
Пахаджане
Уздоўж сухога, бясконцага, парослага калючым кустоўем плато марудна цягнулася гэткая ж бясконцая чарада зьнямоглых людзей — старых, малых, жанок і мужчын. Тут жа ішлі нагружаныя жабрацкім майном схуднелыя мулы, некалькі кароваў, поруч, высалапіўшы языкі, брылі прысталыя сабакі. Сабакі даўно не брахалі, каровы не мычэлі, людзі амаль не размаўлялі паміж сабой — гэтак усіх дапякала зьнямога, сьпёка і стома ад бясконцай гэтай хады. Племя ішло каторы дзень, месяц, а можа, і год. Яго вёў правадыр — сухі, сівабароды стары, што з даўгім посахам у жылаватай руцэ мерна брыў і брыў наперадзе. Вочы яго амаль увесь час былі заплюшчаныя, шлях ён нашчупваў босымі скарэлымі нагамі. Ён ніколі не азіраўся назад на жывую чараду свайго племя, ведаў: пакуль ідзе ён, будуць ісьці і астатнія. Ён жа ішоў толькі проста, зрэдчасу абмінаючы калючае кустоўе, гіганцкія і меншыя кактусы, раскіданыя там-сям па гэтым сухім, абсыпаным каменнымі аскялёпкамі плато. Шлях-напрамак правадыр вызначаў уначы па зорцы Сырыюсу, ад якой браў на шэсьць пядзяў управа і туды кіраваў. Так яму было запавешчана ад ранейшага правадыра, які нядаўна сканаў на гэтым шляху і перад сьмерцю прызначыў кіраваць яго. Рэч у тым, што племя шукала страчаную немаведама калі радзіму. Без радзімы жыць было неяк.
Шлях быў цяжкі — сухі, камяністы і бязводны. Але тая мясьціна, адкуль племя выйшла колькі месяцаў таму, была яшчэ горшая. То было бясконцае багністае балота, што кішэла агіднымі істотамі, кузуркамі, жабамі і п'яўкамі, і не давала ніякога харчу. Да таго ж той край меў дужа нездаровы клімат, ад якога пачалася між людзей ліхаманка, што панішчыла палову племя. Асабліва паміралі дзеці. А безь дзяцей — якая ж будучыня ў племя? Зразумеўшы, што так яны неўзабаве вымруць, людзі рушылі далей ад таго праклятага месца.
Балотны край застаўся далёка ззаду, некаторыя зь людзей ужо і забыліся пра яго. Але й тое, што племя дагэтуль напаткала на сваім шляху, было ня лепшае. Ні травы, ні вады, адныя калючкі ды камяні. І невыносная сьпёка. Часам між людзей чуліся скаргі і нараканьні — маўляў, трэба спачыць, ня йсьці далей, можа нават вярнуцца назад. Некаторыя пачалі гаварыць, што ззаду было лепш, прынамсі была вада, хоць і балотная, але даволі. Аднойчы ўвечары, як спыніліся на начлег і стала трохі вальней у паветры, так сказаў правадыру аднавокі Кірх, старшыня невялікага роду грубых, што з даўняга часу ўваходзіў у племя. Правадыр, які ўжо ледзьве бачыў удзень, бо з часам усё болей сьлепнуў, сказаў, што як сьцямнее, прарэжуцца зоркі ў небе, ён паглядзіць на іх мільгаценьне і аб'явіць сваё рашэньне. У поўнач ён абвясьціў, што Кірх трапіў пад уплыў злых духаў і калі хоча пагубіць свой род, дык можа вяртацца. Кірх не хацеў губіць род і далей моўчкі пайшоў за ўсімі.
Племя зноў ішло-валаклося наперад вызначаным маршрутам — на шэсьць пядзяў ад Сырыюса, як і завяшчалі продкі.
Няхутка яшчэ камяністае плато з калючкамі пачало саступаць месца раўнейшай зямлі — без калючак і кактусаў. Ісьці быццам бы рабілася лягчэй. Але неўзабаве пад нагамі і вакол пачало большаць пяску. Сьпярша ў ім загрузалі ступні, а затым дзе-нідзе наўкола пачаліся пясчаныя гурбы, дзюны-барханы — голыя, без травінкі, без калючак нават. Племя трапіла ў зону пустыні. Вады не было нідзе, сонца паліла ўвесь дзень да захаду. Людзі і жывёла змушаныя былі то караскацца на крутабокія барханы, то каціцца зь іх, што зьнясільвала дарэшты. Напэўна, можна было б ісьці між барханаў, але тады была небясьпека згубіць вызначаны ноччу напрамак, і правадыр дужа не хацеў таго. Тут, у пустыні, ён асабліва строга трымаўся вызначанага продкамі маршруту. Некалькі мулаў палі ў дарозе, іх хутка засыпаў пясок. Памерла таксама нямала людзей, асабліва старых і малых; жывыя нічога ня елі і пакутавалі без вады. Племя чулася асабліва незадаволеным, пачаліся размовы наконт таго, што правадыр зусім асьлеп і вядзе не туды. Калі пра тое з абурэньнем выказаўся Кірх, набліжаныя да правадыра задушылі яго. Цела Кірха пакінулі ў пяску пад барханам. Ягоны род, застрашаны і прыціхлы, абраў новага старшыню, пакорлівага і маўклівага. Пра ранейшага казалі без абурэньня: ну нашто было гаварыць! Хто ня ведаў, што не туды ідзем, але ж іншыя маўчалі. А гэты вылез… Род злачыннага старшыні паставілі самым апошнім у шляху, і гэта быў першы род-ізгой, са статусам ніжэйшага за іншых.
Шлях, між тым, рабіўся ўсё горшы. Пачаліся пясчаныя буры; вецер і пясок заціналі дыханьне людзям, мулы не хацелі ісьці на барханы, і іх цягнулі некалькі чалавек на вяроўках. Людзі ўвогуле маўчалі, але набліжаныя да правадыра таксама ўжо адчувалі незадаволенасьць. Некаторыя выказваліся адкрыта, што іх шлях памылковы, што гэткім кірункам нікуды яны ня прыйдуць. Тады правадыр і ягоныя памагатыя пакаралі сьмерцю яшчэ шасьцярых чалавек зь ліку незадаволеных. Племя працягвала ўпарта лезьці наперад. Рознага роду сумневы і нараканьні ўважаліся як здрадніцкія і караліся адпаведна. Большасьць племя лічыла, што так і трэба: здраду трэба караць. Правадыр часам да паўночы мерыў па зіхаценьні зорак накірунак шляху, і кожны раз выходзіла, што ідуць правільна.
І сапраўды, неяк быццам стала вальней, сьпякотны вецер уняўся. Барханы сталі ніжэйшыя, ужо не струменілі ручаямі пяску. Але неўпрыцям падкацілася новая бяда — рабілася надта сьцюдзёна. Сьцюжа пачалася з начы, а ўдзень ужо не было ад яе куды дзецца. Насустрач падзьмуў ледзяны вецер, студзіў твары і грудзі. Людзі пачалі хварэць на прастуду, асабліва малыя. Цёплай апраткі ў іх не было — яны ішлі з поўдня. Старэйшыя меркавалі, што гэта часова, што неўзабаве зноў пацяплее. Але мінаў час, а не цяплела — наадварот, халаднела ўсё больш. Зь любасьцю людзі пачалі ўспамінаць той час, як было цёпла і нават горача. Гарачыня цяпер здавалася куды лепшай за сьцюжу. Людзі поўдня, яны ня ведалі, што гэта надыходзіла зіма. Ня ведаў таго і правадыр, які за тое паплаціўся жыцьцём.