Пахаджане. Прыпавесці
Шрифт:
А тым часам есьці ў краіне зусім ня стала чаго. Было зразумела, што галоўная нацыянальная ідэя не працуе, што прыйдзецца шукаць новую. І тады вынайшлі ідэю часовую, якая мела выдатную пэрспэктыву стаць фундамэнтальнай. Яна ня толькі не адмяняла ранейшую, але ўзьнімала яе на новую вышыню — што было надта важна. І ўрад кінуў увесь дзяржаўны бюджэт на вытворчасьць гарэлкі.
Гэта сапраўды выклікала небывалы народны ўздым. Народ усё зразумеў і прыняў бяз словаў — што значыць навуковая беззаганнасьць ідэі. На мітынгах у гарадах і вёсках прамоўцы гаварылі пра новую культурна-псыхалягічную рэвалюцыю ў краіне, пра яе лёсавызначальны сэнс. Гарэлкай бясплатна забясьпечвалася кіраўніцтва, пасьля вэтэраны-пэнсіянэры (пры норме 1 бутэлька на 1 дзень), пасьля ўсе астатнія, уключаючы немаўлят. Сем’і, у якіх было шмат дзетак, раскашавалі як мае быць — і дарослыя, і дзеці ўвесь дзень пілі і рагаталі, астатні час спалі і пахмяляліся. І дзякавалі ўладзе, галоўнаму кіраўніку і мясцовым вэртыкальшчыкам, якія займелі адзіны пільны клопат — забясьпечыць самыя глухія куткі краіны сьвежай гарэлкай. Гэта належала рабіць без
Але заставалася нявырашанай адна застарэлая праблема, якая вынікала з тае аксіёмы, што, выпіваючы, трэба закусваць. Закусваць не было чым; праўда, вучоныя пачалі прапагандаваць новы спосаб ужываньня алькаголю. Спасылаючыся на перадавыя заходнія краіны, яны даказвалі магчымасьць выпіваючы не закусваць; некаторыя даводзілі, што есьці наогул шкодна для здароўя. Але тыя рэкамэндацыі кепска ўспрымаліся насельніцтвам. Дайшло да таго, што некаторыя зь несьвядомых грамадзян (пераважна жанчыны) пакрысе пачалі адмаўляцца піць. Пачуліся нават размовы, нібыта малако было болей карыснае, асабліва для дзетак. Але калі б малако было болей карыснае, дык бы яно было і даражэй. А так з усіх харчовых тавараў гарэлка мела самы вялікі кошт. Вядома, то былі правакацыйныя размовы з мэтай дэстабілізацыі грамадзтва, і праваахоўныя органы, якія даўно і справядліва зрабіліся карнымі, сурова каралі адступнікаў ідэі. Як і тых вучоных, якія ўзяліся (вядома, беспадстаўна) прапагандаваць цьвярозасьць. Наперакор ім у прыклад ставілася сьвятое жыцьцё Вялікага Каудыльё, які піў з дня нараджэньня і давёў дзённую норму да аднаго літра чыстага алькаголю. Менавіта дзякуючы гэтаму, пісалі прыдворныя акадэмікі мэдыцыны, палітолягі, сацыёлягі ды іншыя, любы народам Каудыльё падарыў ім такую дасканалую ідэю. І калі яна ня ўсюды і не ва ўсім дае плён, дык у тым не ягоная віна — віна тых, хто недасканала авалодаў ёю. Значыць, трэба больш піць і лепш працаваць.
Супраць таго, каб больш працаваць, не пярэчыў ніхто — ні адна ўрадавая ці апазыцыйная партыя — з тым сапраўды былі згодныя ўсе. Але ніхто ў гэтай краіне ўжо даўно не працаваў, нашмат больш прыемна было піць. Паколькі гарэлкі на кожны дзень не хапала, пілі ўсё, што лілося: самагон, сусла, піва, воцат, клапамор, тармазную і мазольную вадкасьці, тасол, бэнзын, газу. Ніхто ў краіне не баяўся нікога, нікога ня слухаў — ні дактароў, ні міліцыянтаў, якія таксама пілі ня менш за астатніх.
Калі жыць зусім стала неяк, зрабіўся вялікі пераварот, які назвалі па-заходняму — дэмакратычны. Да ўлады прыйшлі тыя самыя людзі, што валадарылі раней. Толькі цяпер яны апранулі двухбартовыя гарнітуры і пачалі салодка ўсьміхацца перад народам. Калі ж ніхто ня бачыў, зубамі ірвалі адзін аднаму горла, дамагаючыся поўнай улады. Для таго патрэбныя былі асаблівыя здольнасьці, якімі з ранейшых ніхто не валодаў. Тады немаведама адкуль зьявіўся незвычайны чалавек, што перагрыз усіх і авалодаў уладай.
Пачалася новая эра — эра Вялікага Жаху.
Але тое — асобная гісторыя, пра якую летапісец раскажа наступным разам.
3. Жах
Пачалося ўсё нават прыстойна — здатна, па-людзку й дэмакратычна.
Сабраны ў залі бязладны, гаманкі, дужа амбітны парлямэнт тры дні біўся над велізарнай праблемай будучага кіраўніка дзяржавы. Сам парлямэнт кіраваць ня ўмеў, а галоўнае — не хацеў, бо хацеў толькі выступаць у тэлевізары ды езьдзіць па замежжы — прэзэнтаваць краіну, якую апроч мытнікаў ніхто болей ня ведаў. Вельмі складана было вызначыць назву кіраўніка, які б пад наглядам парлямэнту кіраваў краінай, — хто гэта будзе: цар, сакратар, загадчык, гаўляйтар? Дэпутаты зьнемагліся ў спрэчках. Дайшло да таго, што пачуліся прапановы: ня трэба ніякага кіраўніка, хай будзе анархія. Тое, вядома, было небясьпечна, і небясьпека недзе была ўчутая й перададзеная куды належыць. І вось позна ўвечары, калі парлямэнтары дарэшты стаміліся і ўжо кепска разумелі, у авальнай залі паседжаньняў згасла сьвятло, загрымеў нечуваны гром, будынак затросься, аднекуль з-пад купалу шуганула шэрым сьмярдзючым дымам, зь якога выскачыў ЁН. Ад яго сыпаліся іскры (такая зыходзіла энэргія), праменіла фіялетавае зьзяньне; постаць яго цьмяна нагадвала чалавечую і вібравала так, што нельга было сфакусаваць зрок і зразумець, што ж гэта — здань, цмок ці няўжо — чалавек? Сьпікер парлямэнту дрыготкім голасам запытаўся: «Хто вы?», ды, замест таго, каб атрымаць адказ, кулём паляцеў з застольля аж у славуты «задні праход». Грымотным голасам здань абвесьціла:
— Я — Жах!
Парлямэнтароў бы памялом вымела з залі, засталася адно жменька тых, каго жах спаралізаваў. Але й тыя да канца жыцьця не маглі вымавіць нічога, апроч «так-так», «не-не». Зрэшты, іншага ад іх і не патрабавалася. Да канца жыцьця.
Першым указам Жах аб’явіў, што нічога ранейшага не застанецца, усё ад сёньня ліквідоўваецца, бо нічога й не было ніколі: ні сьмехавітаў, ні дзяржавы, ні мовы. Ёсьць толькі — Жах, ягоныя людзі — жахліўцы. З тым і трэба лічыцца.
Народу было ўсё роўна, ёсьць ён, народ, ці няма й як ён называецца. Да рэгулярнага перайменаваньня людзі прывыклі даўно — заўжды пераймяноўвалі гарады, паселішчы, вуліцы, імёны. Шмат хто ўжо заблытаўся, як яго называць — Уладлен, Вілен, Матарызацыя, Эмансыпацыя. Іншыя маці ня ведалі, як клікаць каторага дзіцёнка, бо ўсе рэсурсы іхнай памяці са школьнай пары выдаткоўваліся на тое, каб запомніць імя чарговага сакратара — першага, другога, трэцяга — ЦК, абкаму, гаркаму, райкаму, сельсавету, саўгасу,
Горш было тое, што не было чаго есьці, на краіну насоўваўся голад.
Сьпярша ня стала яек, пасьля малака, масла, сьмятаны. На тое Жах аб’явіў, што вінаватая пражэрлівая апазыцыя, якая ўсё зжарае сама, ні каліва не пакідаючы народу. Каб не зжарала, трэба яе зьліквідаваць, для чаго наёмнымі профі былі распрацаваныя адпаведныя праекты. Плянавалася гэта зрабіць у часе мітынгу, быццам бы рукамі сваіх жа абдзеленых на ежу функцыянэраў. Але дасканалы плян дачасу раскрылі, і галоўныя таўстапузыя аб’ядалы ўцяклі за мяжу. І тым ня менш, прадукты прападалі: зьнікла каўбаса, мяса, сыр і твораг. Мудры таварыш Жах і тут даў геніяльны адказ: прадукты вывозяць з краіны на паветраных балёнах, адзін зь іх ужо зьбіты, герояў-зьнішчальнікаў вітала краіна. Каб яна канчаткова адчула сябе ў бясьпецы, выкінулі з пасольстваў заходніх паслоў, — хай ня сочаць за інтымнымі сакрэтамі любага Жаха. Усё тое дужа падабалася жахліўцам і, мабыць, падабалася б яшчэ болей, калі б з продажу пакрысе ня зьнік і хлеб. Тады любы народам Жах абвясьціў новую стратэгічную дактрыну: ня трэба есьці. Бо гэтая старасьвецкая завядзёнка вельмі абыходзіцца дзяржаве, зьнясільвае бюджэт і скарачае асыгнаваньні на зброю, безь якой дзяржава абысьціся ня можа. На жаль, у адрозьненьне ад ранейшых кіраўнічых заклікаў, гэты ўспрымаўся слаба. Нягледзячы на вялікія растлумачальна-агітацыйна-прапагандовыя высілкі, жахліўцы працягвалі хацець есьці й дзе толькі можна шукалі ежу.
Выйсьця не было інакшага, як толькі ажаніцца з прынцэсай суседняй дзяржавы, якая (дзяржава) звалася Дзяржавай-Раем і ў якой паводле дакладаў сакрэтных агентаў было ўсё: і народ, і электарат, і культура, і мова. Паводле ня надта правераных зьвестак быў нават хлеб. Тая вестка надта абнадзеіла Жаха, які тут жа ўспомніў пра дзедаўскую практыку дынастычных шлюбаў, што зрабілі магутнымі валадарамі не аднаго захудалага князька дохлага княства. Жаніцца, жаніцца! Жах не любіў вагацца й на другі ж дзень паслаў сватоў.
У краіне Раю жахавітых сватоў спаткалі дужа прыветна, прынцэса адразу пагадзілася на шлюб, а яе бацька Валадар Гмах паслаў жаніху багатыя падарункі. У дзяржаве жахліўцаў усё закружылася ў радасным карагодзе шлюбных падрыхтаваньняў: тры тыдні мылі, шкрэблі й чысьцілі — фасады й падлогу, мараль і ідэалёгію. Жах, бы шалёны, насіўся па краіне, кантраляваў, спаганяў і снаваў пляны, як стане дужым і багатым, валадаром дзьвюх краінаў, галоўнакамандуючым дзьвюх арміяў (не, лепш іх аб’яднаць у адну, а ён стане й начальнікам генэральнага штабу — цяжкія пасады ён не любіў перадавяраць іншым). Ён стане генэрал-палкоўнікам (не, можа, лепш маршалам? Ці нават генэралісымусам?), прымусіць калаціцца «дзермакратычныя» краіны й першы абмые салдацкія кірзачы ў цёплай вадзе Паўднёвага мора. А якую магутную і ўсепраніклівую асабістую сэкурытату створыць ён — толькі пад уласным кантролем, не давяраючы нікому. Ён меў дасканалы аналітычны розум і ведаў, як той шлюб адаб’ецца на эканамічным стане краіны. Ужо гэты пражэрлівы электарат наесца.
Па краіне жахліўцаў пайшоў шырокі рух у падтрымку выдатнага пляну таварыша Жаха. На ўсіх гарадзкіх і вясковых скрыжаваньнях былі разьвешаныя партрэты Жаха й ягонай мілай нявесты — цудоўнай, вельмі сэксапільнай маладзіцы ў анфас і профіль, у строгіх вечаровых строях і ў гульлівым бікіні. Людзі з зацікаўленьнем абмяркоўвалі вартасьці таго ды другога, але да згоды не маглі прыйсьці. Звычайна мужчынам падабалася прынцэса, жанчыны ж гарой стаялі за звыклага Жаха, чый жахавіты арліны позірк быў увасабленьнем сапраўднага мужчыны, якія даўно ужо вывеліся ў краіне, і жанчыны дужа сумавалі па ім.
У мастацтве, якое яшчэ трошкі ліпела, запанавалі два стылёвыя напрамкі — стыль згаладнелай фантасмагорыі — гэта калі бясконца апісваліся ці маляваліся шыкоўныя стравы, якія мала хто памятаў у краіне жахліўцаў і якія быццам бы не пераводзіліся ў суседняй дзяржаве, і стыль бясхлебнага рэалізму, па сутнасьці, беспадстаўнага выяўленьня «чарнухі» жыцьця, ягонай бядоты. Першы стыль лічыўся афіцыйным і карыстаўся бязьмернай падтрымкай таварыша Жаха, няблага аплочваўся й даваў магчымасьць творцам кожны дзень есьці з хлебам. За другі ж часам саджалі ў пастарункі, дзе творцы падпісвалі пратаколы й каяліся. Але, выйшаўшы на волю, браліся за ранейшае, бо казалі, што хочуць заставацца вернымі праўдзе жыцьця. Толькі дзе тая праўда й дзе жыцьцё, ніхто зь іх ня ведаў. Прынамсі ў краіне Жаху іх не было. Казалі, шмат было ў краіне-Раі, і таму пісьменьнікі з мастакамі таксама з прагнасьцю чакалі доўгачаканага дзяржаўнага шлюбу.