Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Пахаджане. Прыпавесці

Быкаў Васіль

Шрифт:

Ля мерцьвяка сабралiся нямыя, хацелi несьцi яго ў халупу, ды палiцыянты стаялi абапал i не пушчалi людзей. Атмасфэра на плошчы стала напружанай, чуўся лямант i гвалт, плакалi жанкi. I тады раптам нябожчык ускочыў, мусiць, каб бегчы. Але палiцыянты яго ўхапiлi й зноў пачалi бiць. I менавiта ў такi момант, мабыць, канаючы, глуханямы выразна й гучна крыкнуў:

— Каб вы здохлi!..

Усе на плошчы зьнямелi, здранцьвелi, гул i лямант разам спынiўся. Жах узьвiўся ў паветры i ўразiў палiцыянтаў. Сьпярша тыя два, што трымалi глуханямога, а пасьля й яшчэ два побач, бы драўляныя чурбаны, упалi патылiцай аб зямлю й не кранулiся болей.

Тады людзi, гнаныя зьдзiўленьнем i жахам, кiнулiся да глуханямога, ды ён i сапраўды быў мёртвы. Яго аднесьлi ў халупу, i ён доўга ляжаў там непахаваны. Яго баялiся хаваць, бо адчулi ў iм вялiкую, непазнаную сiлу. Ад таго часу глуханямы стаўся першым апосталам нямога народу.

Трагедыя ў паселiшчы стала такой ашаламляльнай, што нямыя на нейкi час забылiся пра ўсе няшчасьцi — голад, хваробы i ўраганы. I нават на белы палац. Усе думалi пра словы, якiя глуханямы панёс з сабой у магiлу. На нейкi час улады таксама прыцiхлi. Вялiкi Дэмагог, якi кожны дзень чытаў свае пагрозьлiвыя лiтаньнi, тры днi маўчаў. Пасьля зьявiўся

ягоны ўказ, якiм навек забаранялася быццам бы паскудная мова нямых, а ягоныя гарызантальнiкi ў мэтах бясьпекi пераймяноўвалiся на ВЭРТЫКАЛЬНIКАЎ.

Ды, вiдаць, было позна. Старыя зь лiку нямых пачалi ўспамiнаць забытыя паданьнi яшчэ болей старых, якiя быццам бы сьведчылi, што й на высьпе некалi была мова. I нават прыпамiналi некаторыя словы, як напрыклад, СВАБОДА i ВОЛЯ. Некаторыя з выгнаных з палаца прыкарытнiкаў, што навучылiся там чытаць i пiсаць па-дэмагогаўску, займеўшы шмат вольнага часу, пачалi распрацоўваць мову нямых. Асаблiва ахвочай да таго стала моладзь. Мiнула паўгода, i ў паселiшчах ноччу, у полi цi ў моры на рыбным лове стала чуваць галасы. Нямыя пераставалi быць нямымi. Пад вялiкiм сакрэтам ад палiцыянтаў i вэртыкальнiкаў бераглi ў памяць тры словы глуханямога. Тых словаў баялiся, бы зараджанай зброi, ведаючы, што зараджаная зброя некалi страляе. Тое разумелi нямыя, прыкарытнiкi i ўсе гаваркiя. I апошнiя не драмалi. Побач з палацам была тэрмiнова збудавана турма, бы пчалiныя соты, разьдзеленая на цесныя каморкi, куды саджалi нямых, каб тыя не размаўлялi. Была створаная разгалiнаваная Служба Бясьпекi (СБ), што вэрбавала стукачоў. Стукачам плацiлi гарнец маiсу за кожны данос, — пры голадзе тое была немалая плата, i недахопу ў стукачах не адчувалася. Тым болей, што iхная праца мела зусiм легальны характар, i ўсе яны былi аб'яднаныя ў прафэсiйны Саюз Стукачоў (СС). Для далейшага дасканаленьня працы вэртыкальнiкаў апошнiя атрымалi новую геамэтрычную назву — ДЫЯГАНАЛЬНIКАЎ i пажыцьцёвы службовы статус. Палiцыянтам на 30 см. падаўжалiся баявыя бамбукавыя палкi i на 5 см. падымалiся тульлi фуражак, каб самыя недамеркi выглядалi ня горш за гiгантаў. На крэдыты мiжнародных банкаў была закуплена зброя масавага паражэньня i кампутарная тэхнiка. Для яе абслугоўваньня прыехалi кадры з былых сацкраiн, адкуль з прычыны тамтэйшае крызы пачалася няспынная выцечка навуковых мазгоў. Зухаватыя спэцыялiсты занялiся дасьледаваньнем апошняй у сьвеце недасьледаванай праблемы — узаемазалежнасьцi дэмагагiчнай улады i дзiкунскае мовы. На дзясятках эўрапейскiх, азiяцкiх, гiшпанскiх ды палiнезiйскiх мовах аналiзавалiся тры магiчныя словы, якiя забiлi чатырох палiцыянтаў. У той матэматычнай непрапарцыйнасьцi i палягала навуковая загадка веку.

Аднак мiнаў час, а вынiку тае працы не было нiякага. I тады Служба Бясьпекi Вялiкага Дэмагога (СБВД) дазналася, што тыя вучоныя розных навук ёсьць спрэс спэцыялiсты ў кантынэнтальных ракетах (СС-20) ды комлексах «Таполя». Разумеючы шмат чаго ва ўладзе i ракетах, яны амаль нiчога не разумелi ў мовах, тым болей, у мовах нямых. Раззлаваны Вялiкi Дэмагог прагнаў iх усiх з выспы, пакiнуўшы аднаго — самага шчырага маладога ракетчыка (якi ў тым i прызнаўся), каб ён служыў у якасьцi звычайнага шафёра — абы мець зарплату ў далярах. Праз год, аднак, высьветлiлася, што той ракетчык-шафёр зусiм не ракетчык i не шафёр, а кадравы палкоўнiк савецкага КГБ. Вялiкi Дэмагог уласнаручна адсек яму галаву.

Сярод нямых таксама знайшлiся разумныя людзi, да iх спакваля далучылiся некаторыя са звольненых за розныя правiнкi з палацу. Была складзена таемная да ўлады апазыцыя. Яна нарадзiла падпольны навукова-моўны гурток, якi заняўся вывучэньнем магчымасьцяў знакамiтага праклёну, — вядома ж, у мэтах зьнiшчэньня дэмагагiчнага рэжыму на высьпе. Было ўстаноўлена, што той, хто здольны з гiбельным для ўладаў наступствам выкрыкнуць тыя словы, сам абавязкова гiнуў. Цi, можа, тыя словы прыходзiлi да яго ў прадчуваньнi пагiбелi? У тым палягала галоўная для гуртка праблема. Ахвяраваць сабою гатовы быў шмат хто, але нiхто не хацеў ахвяраваць марна. Справа была дужа складаная, i гурткоўцы вырашылi ўдасканалiцца структурна. Найперш яны перайменавалi гурток у Калегiюм. Былi абраныя Генэральны Лiдэр (ГЛ), пяць Вiцэлiдэраў (ВЛ) i адзiнаццаць галоўных спэцыялiстаў (гс). Астатнiя сталi проста спэцыялiстамi (пс). Праўда, усе працавалi на заморскай мове, уласная знаходзiлася ў стане распрацоўкi. Справа ўскладнялася тым, што распрацоўшчыкi належалi да розных дыялектна-нямых групаў, i кожная зь iх настойвала на ўласным нямым дыялекце ў выглядзе пэўнага набору гукаў i жэстаў. Доўга спрачалiся. Была нават прапанова замест вiртуальнай праблемы мовы заняцца рэальнай распрацоўкай новага гатунку сорга. У вынiку Калегiюм раскалоўся на соргаўцаў i моўшчыкаў. Моўшчыкi, дзякаваць Богу, на той час заставалiся ў бальшынi.

Менавiта з прапановы апошнiх на трэцi год было вырашана дзеля хутчэйшага посьпеху трохi зьмянiць парадак словаў у знакамiтым праклёне, бо вымаўленае глуханямым ня надта пасавала нацыянальнай традыцыi маўчаньня. Наадварот, яно разбурала тую традыцыю, што было надта непатрыятычна. Пасьля доўгага абмеркаваньня фраза загучала так: «Можа б, вы надумалiся крыху здохнуць?» Знайшоўся й ахвярнiк, якi, не марудзячы, выгукнуў яе перад палацам у твар самага лютага й ненавiснага афiцэра-палiцыянта. Але чамусьцi афiцэр ня ўпаў долу, а дастаў найноўшай мадыфiкацыi пiсталет i застрэлiў ахвярнiка. У Калегiюме ледзьве перажылi расчараваньне i зноў вырашылi зьмянiць парадак словаў. Важна было калi не панiшчыць палiцыянта, дык хоць бы зьберагчы жыцьцё чалавека — усё ж у Калегiюме былi гуманiсты. Магiчны праклён пабудавалi такiм чынам: «Будзьце ласкавы калi-небудзь памерцi». Натуральна, форма праклёну зьмянiлася, але сэнс застаўся ранейшы — гэта было важна. На фразу ўскладалася вялiкая надзея, i яна была хутка вымаўлена самым разумным i адукаваным чальцом Калегiюму. Але зноў сталася неспадзеўка — нiводзiн з прыгнятальнiкаў ня ўпаў i ахвярнiк ня быў забiты. Нават не атрымаў палкi. Увогуле ў Калегiюме тое спадабалася, бо чалавек уцалеў. Першы раз апэрацыя абышлася бяз стратаў i давала надзею. Яна была абвешчаная першай перамогай Калегiюму.

Як нi дзiўна, у палацы на тое нiяк не адрэагавалi. Паводле чутак, што рэдчас вынiкалi адтуль, з прычыны нямогласьцi Вялiкага Дэмагога, у якога ад перанапругi спаралiзавала язык, чакаўся прыезд Новага, Самага Вялiкага Дэмагога (НСВД), палiтыка яго ў моўнай праблеме пакуль заставалася невядомай. Як ён у хуткiм часе прыехаў, дык

найперш зьмянiў статус Калегiюму — той набыў легiтымнасьць i пераймяноўваўся ў Акадэмiюм пры Новым Самым Вялiкiм Дэмагогу (АНСВД) з новай задачай: стварыць сапраўды народную мову — нямую па форме i дэмагагiчную па зьмесьце. Узрушаныя нечаканым клопатам чальцы Акадэмiюму паслалi НСВД пашыраны факс i паклялiся не шкадаваць сiлы для стварэньня мовы нямых. У хуткiм часе быў выдадзены канчатковы варыянт праклёну глуханямога, якi гучаў так: «Няхай здохне той, хто выступае супраць мовы народу». Права вызначыць злыдня, якому наканавана здохнуць, карэктна дэлегавалася Новаму Самаму Вялiкаму Дэмагогу.

З нагоды гiстарычнай даты ўвечары над палацам, палiцэйскай казармай i турмой нямога рэжыму быў наладжаны сьвяточны фэервэрк.

Зьбяднелы, апанураны, зьнявераны народ на высьпе памалу забыўся пра свайго глуханямога апостала i тры ягоныя словы. I зноў стаў нямы.

Той раз — назаўжды.

Сонца ў ваконцы?

У краіне заўжды шмат чаго не хапала — ад ботаў да хлеба, але разумных галоваў не бракавала ніколі. Хутчэй наадварот: кожны быў разумнейшы за іншага і тым ганарыўся. Дык вось самыя разумныя з іх даўмеліся, што, каб зажыць багата, трэба справядліва падзяліць тое, што мелі. Дасюль падзел існаваў дужа няправільны — дзе густа, а дзе пуста. Адны елі ад пуза і хадзілі ў золаце, а другія ня мелі чым павячэраць і абувалі лапці. Самыя разумныя, што студыявалі навукі ў багатым замежжы, вычыталі ў тамтэйшых кніжках, што калі бядняцкі набытак абагульніць і падзяліць пароўну, дык жыцьцё неверагодна зьменіцца. Стане багатым і шчасьлівым. Тым была запачаткаваная галоўная ідэя веку — роўны і справядлівы падзел.

Так і зрабілі.

Праўда, вялікая дзяльба, як, зрэшты, і кожная дзяльба — хоць бы і малая — выдалася дужа складанай. Пакуль дамагліся вынікаў, пралілі нямала крыві, былі панішчаны цэлыя класы і нямала саслоўяў. Ды ўрэшце ўсё падзялілі, а галоўнае — адабралі ў тых, хто меў. Набытак атрымаўся трохі не такі, як меркавалася, знайшліся пакрыўджаныя. Ды і як не знайсьціся? Хіба можыа было прыраўняць «сазнацельнага» барацьбіта за ідэю да таго, хто за гэтую ідэю змагаўся «несазнацельна»? Прыярытэт быў аддадзены тым, хто меў маленькую чырвоную кніжачку. Хутка ці ня ўсё грамадства пастала ў чаргу за тымі магічнымі кніжачкамі, ад якіх моцна залежаў дабрабыт. (Некаторыя ня надта адукаваныя звалі іх хлебпымі карткамі, але тое было няправільна, бо «карткі» забясьпечвалі ня толькі хлебам, але і пасадамі, кватэрамі, адукацыяй). Каб як стрымаць той жывы напор, была вылучана новая ідэя — працоўпых дынастый. Сутнасьць яе палягала ў тым, каб дзеці вуглякопа, падросшы, ішлі ў вуглякопы, а дзеці калгасьніка — у калгас. Адпаведна дзеці дыпламата ня йшлі рабіць на палеткі, а паступалі ў МПМО і ехалі працаваць у варожае кола — Гішпанію, Швейцарыю або Францыю. Таксама належала дзеяць дзецюкам ды дзеўкам вучоных, чэкістых, адказных партыйцаў. Дужа дыферэнцыяванымі сталі і заробкі, што было абсалютна правільна. Бо нельга ж было прыраўняць працу на калгасных палетках пад сьпеў жаўрука з небясьпечнай аперацыяй зьнешняга выведніка дзе-небудзь у лонданскім гатэлі з мэтаю вярбоўкі тамтэйшага транссэксуала. Стомленага выведніка магла застукаць бязьлітасная МІ5 ды засадзіць у камеру, — хоць з тэлевізарам і кандыцыянерам, але ж наводдаль ад роднай Лубянкі і падмаскоўнага беразьнячку. Або ўзяць пісакаў — паэтаў-празаікаў! Як параўнаць іхнюю блытаную пісаніну з напружанай працай вучоных-атамнікаў? Першыя толькі і ўмелі пісаць пра няўдалае каханьне ды няўклюдны камсамольскі сэкс, у той час як другія ўдзень і ўпачы мацавалі атамны шчыт радзімы і ад ператомы маглі ў чымсь памыліцца. А чаго вартая адна іх драбніца-памылачка — засьведчыў пракляты Чарнобыль, на які і дасюль не набярэшся грошай. А калі б тых памылак здарылася болей, пра вынікі нават страшна падумаць. Таму ніякай роўнасьці тут шукаць не выпадае. Усё астатняе, здаецца, было правільна. Тым больш у тэорыі.

На практыцы ж сталася трохі інакш — дабротаў зноў стала не хапаць. Сьпярша прывілеяў, грошай, валюты, пасьля — усяго астатняга, аж да хлеба, сыру і яек уключна. Першымі трывожна загаласілі тыя, што мелі болей за астатніх. Мусіць, гэтак заўсёды: хто болей мае, таму і больш хочацца.

Галоўная ідэя вску апынулася перад пагрозай банкруцтва. Стала відавочна, што яна ня можа пракарміць людзей, хаця па-ранейшаму гарантавала ўладу тых, хто ёй валодаў. Мабыць, у тым была яе непераацэнная каштоўнасьць, якою неразумна было б не пакарыстацца. Нават царква пасьля працяглага і жорсткага вышкаленьня ў КДБ зразумела нарэшце галоўную ісьціну веку і верай ды праўдай пачала верную службу ўладам. Запаветы Хрыста былі пакладзеныя па верхнюю паліцу, а для карыстаньня на кожны дзень узятыя сакрэтныя дэкрэты аб супрацоўніцтве і прывілеях. Агулам было вырашана ня даць загінуць вартай старадаўняй ідэі з тае прычыны, што дасюль яна ажыцьцяўлялася няправільна. Належала тую ідэю мадэрнізаваць, адаптаваць да новага часу. Роўнасьць — так! Але роўнасьць не ў багацьці, да якога пнецца гнілое грамадства Захаду, а лепей роўнасьць у беднасьці, як найноўшая дактрына новазнойдзенага рынкавага сацыялізму. Ужо гэтую ажыцьцявіць будзе куды лягчэй, электарат ад беднасьці не адвыкаў ніколі. Ніхто ня будзе пакрыўджаны, усе адразу ўціхамірацца і ахвотна прагаласуюць на выбарах за роўных сабе — дэпутата ці нават прэзідэнта — п'янога або цьвярозага, разумнага ці дурнога, што ў новых умовах па-сутнасьці ня будзе мець ніякага значэньня. Зьліквідоўвалася падстава для зайздрасьці, усе разам рабіліся бедныя, няшчасныя і дурныя. Або багатыя, шчасьлівыя і разумныя — гэта як патлумачыць. Быў тэрмінова вынайдзены эфектыўны сродак, як тую парадыгму зрабіць цалкам бясьпечнай для ўлады — перакруціць сэнс спрадвечных людскіх паняцьцяў: зло пераназваць дабром, хлусьню — праўдай, паразу — перамогай, сацыялізм — шчасьцем. Беднасьць палічыць багацьцем! Дарма што старажытныя казалі: калі шматкроць мовіць «халва, халва», у роце саладзей ня стане. Стане! Калі пра тое штодзень чуць з дзяржаўнае скрынкі, званаю тэлевізарам, дык сапраўды тое пачне быццам бы існаваць. Хоць бы ў новазнойдзенай на Захадзе так званай віртуальнай рэальнасьці, якая дужа прыдалася і на Усходзе. Спатрэбілася ня дужа шмат часу, каб людзі шчыра паверылі, што мяса ёсьць, нават калі яго не было ні ў хлявах, ні ў крамах, што вайна — зусім справядлівая рэч, нават калі з Поўдня самалёты замест фруктаў-персікаў везьлі славуты груз-200, што эканоміка краіны на ўздыме, калі кошт даляра па Камароўцы ўзьляцеў да мільёну «зайцоў». А кожны самы вар'яцкі кіраўнік зьяўляецца і самым геніяльным адначасна. Розьніца між тым ды гэтым зьнікала.

Поделиться:
Популярные книги

Черный Маг Императора 13

Герда Александр
13. Черный маг императора
Фантастика:
попаданцы
аниме
сказочная фантастика
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Черный Маг Императора 13

Пророк, огонь и роза. Ищущие

Вансайрес
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Пророк, огонь и роза. Ищущие

i f36931a51be2993b

Admin
Старинная литература:
прочая старинная литература
5.00
рейтинг книги
i f36931a51be2993b

Доктор 4

Афанасьев Семён
4. Доктор
Фантастика:
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Доктор 4

Адвокат Империи 7

Карелин Сергей Витальевич
7. Адвокат империи
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
альтернативная история
аниме
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Адвокат Империи 7

Неправильный солдат Забабашкин

Арх Максим
1. Неправильный солдат Забабашкин
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.62
рейтинг книги
Неправильный солдат Забабашкин

Кодекс Охотника. Книга VII

Винокуров Юрий
7. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
4.75
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга VII

Кодекс Крови. Книга II

Борзых М.
2. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга II

Звезда сомнительного счастья

Шах Ольга
Фантастика:
фэнтези
6.00
рейтинг книги
Звезда сомнительного счастья

Избранное. Компиляция. Книги 1-11

Пулман Филип
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
5.00
рейтинг книги
Избранное. Компиляция. Книги 1-11

Жена неверного ректора Полицейской академии

Удалова Юлия
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
4.25
рейтинг книги
Жена неверного ректора Полицейской академии

Законы Рода. Том 11

Андрей Мельник
11. Граф Берестьев
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Законы Рода. Том 11

Предатель. Цена ошибки

Кучер Ая
Измена
Любовные романы:
современные любовные романы
5.75
рейтинг книги
Предатель. Цена ошибки

Новый Рал 3

Северный Лис
3. Рал!
Фантастика:
попаданцы
5.88
рейтинг книги
Новый Рал 3