Пасля Жыццё
Шрифт:
На двары, перш чым выйсьці на вуліцу, пастаяла, паслухала. Пасьцюдзянелы за ноч вецер напірыста дзьмуў з поўначы, але дажджу не было. За плотам жаласна мяўкаў нейчы асірацелы кот, мусіць занудзіўся па чалавеку. На сьмярдзючым суседскім пажарышчы вецер разьдзімаў іскры, і тыя нізка ляцелі над агародам у недалёкі садок. Над полем ужо віднела, і Серафімка хуценька патупала знаёмай дарожкай уздоўж бульбяной нівы ў поле.
6. [Дземідовіч.]
Дземідовіч заснуў, можа, пад ранак, з вечару яго разпораз біў кашаль, колькі ён ня стрымліваў яго — усё роўна не адчапляўся, аж разрываліся грудзі. Усё ж ён паступова сагрэўся — першы раз за якіх чатыры начы, мусіць Серафімчыны зёлкі мелі нейкую сілу. Дземідовіч дужа пакутваў — ад прастуды, непрыкаянасьці, а яшчэ болей душэўна — ад таго, што гэтак неспадзёўкі рухнуў сьвет, дзе ён прывык існаваць, дзейнічаць, жыць. Пабурыліся ўсе звыклыя меркі, адносіны, а галоўнае — загадкава, незразумела перамяніліся людзі. Тыя, каго ён ведаў шмат год запар, нават змалку, з кім жыў і працаваў гадамі, зараз, калі грымнула гэтая бяда, сталі ня тымі. Сталі незразумелымі, чужымі да ладу ці нядобрымі да яго асабіста — хто ведае.
Калі ўжо з чаго пачнецца, тады цяжка ўгадаць усе вынікі і прадбачыць хаду падзей у тых зласьлівых адносінах, тады тыя адносіны павядуць цябе самі, часам насуперак асабістаму твайму жаданьню. Так сталася і з Міколам. Сьпярша нешта зьвягнулі жонкі, жонка Дземідовіча Паліна Аляксандраўна ўвечары неяк паскардзілася на Ядзьвігу Іванаўну, ён падумаў: дурное, прамаўчаў нават. Але праз дзён колькі сам пачуў на перапынку, як жанчыны-настаўніцы паміналі яго імя менавіта ў сувязі з яго дамоўкай. Зрабілася крыўдна, і ён пры выпадку сказаў Мікалаю, каб той крыху ўкараціў язык сваёй жонцы. Той не стрываў, ганарыста адказаў у тым сэнсе, што ня трэба было даваць падставы, не спатрэбілася б і ўкарачваць языкі людзям. «Гэта якім людзям?» — узьвіўся Дземідовіч. «Сам знаеш, якім», — сказаў Мікалай Тарасевіч, і размова на тым абарвалася.
Размова дык абарвалася, але канфлікт на гэтым ня скончыўся. І калі неўзабаве на партактыве ў дакладзе сакратара райкаму Катушкіна былі падвергнуты крытыцы некаторыя настаўнікі раёну пераважна за нацыяналістычны ўхіл, у спрэчках выступіў Мікалай Тарасевіч, яўна выгараджваючы тых настаўнікаў. Тады ўзяў слова Дземідовіч і, гледзячы ў вочы свайму нядаўняму сябру, сказаў, што замест таго, каб апраўдваць іншых, таварыш Тарасевіч павінен быў бы сьпярша прызнаць уласныя хібы ў гэтым пытаньні: і як нахвальваў «Новую зямлю» Коласа, некаторыя вершы Купалы, і як недаацэньваў пралетарскую паэзію Чарота і Александровіча. Ён тады адкрыў многім вочы на сапраўдную сутнасьць настаўніка беларускай мовы і літаратуры Тарасевіча і ніколькі не раскайваўся ў тым. З бальшавіцкай праматой ён сказаў праўду, нічога не прыдумаў і не ўтаіў. Пра «Новую зямлю», напрыклад, яны колькі перагаварылі ў тыя гады, як найбольш сябравалі. Тарасевіч тады быў у захапленьні ад тае безумоўна шкоднай кулацка-нацыяналістычнай паэмы. А між тым самі Колас і Купала выступалі ў друку з чыстасардэчным прызнаньнем уласнай контррэвалюцыйнай дзейнасьці, якую дагэтуль ня мог распазнаць у іх творчасьці член партыі і настаўнік Мікалай Тарасевіч. Сяброўства іх з таго часу, канешне ж, ляснула, Тарасевіча праз нейкі час пасадзілі, але завошта канкрэтна — гэтага ўжо Дземідовіч ня ведаў. Да той пасадкі ён ня меў аніякага дачыненьня. Тут ягонае сумленьне было чыстае. У той час ён ужо працаваў у райкаме, і з пасадкай Тарасевіча, мусіць, пастараліся іншыя. Але не Дземідовіч.
Недзе сярод начы яго разбудзіла Серафіма, прынесла конаўку гарачага пітва, што пахла чаборам. Ён сонна піў, — зьнямогла, бяз прагнасьці, бы застарэлы хворы, і, выпіўшы, пластом аблёгся на Серафімчыны транты. Быццам трохі сагрэўся, хоць дрыжака не пакідала назусім яго прастылае цела, але ўнутры стала лепей, ён пакашляў і расплюшчыў вочы. Серафімка трудна ўздыхала ў хаце, па цёмнай і нізкай столі блукалі цьмяныя водбліскі з грубкі, і Дземідовіч падзівіўся з свае ж нечаканае думкі: дзе гэта ён так безадмоўна знайшоў прыпірышча? Ці ён думаў калі, што ў самы для яго трудны
Тады ў мястэчку, як вярнуўся гэты Асоўскі, яго не было дома — ён памагаў швагру лапіць гонтам страху на варыўні, куды яны ссыпалі выбраную з агароду бульбу. Як прыбегла жонка з той ашаламляльнай навіной, ён не паверыў нават, але, мусіць, жонка не памылілася. Асоўскі, казала, стары ўжо і зьнямоглы, прыпёрся пасьляабеддзя ў дом і найперш папытаўся пра Дземідовіча. З якой мэтай ён тое пытаўся, было вядома без далейшых роспытаў, жонка нешта ня дужа верагодна схлусіла і пабегла папярэдзіць мужа. Учуўшы тое, Дземідовіч на некалькі хвілінаў разгубіўся, а затым выразна паглядзеў на швагра і ўпершыню тады ўбачыў, як гэты добры, прастадушны чалавек адвёў свой позірк убок. Дземідовіч яшчэ ні аб чым не папрасіў яго, а той ужо замармытаў пра дзяцей, што яны малыя яшчэ, і што ён чалавек рабочы, яму чорт з ёй, абы якой уладай, была б бульба ды кавалак хлеба да бульбіны. Дземідовіч унурыў галаву, замоўк, а як надышоў вечар, кінуў у сумку кавалак хлеба і сала і разьвітаўся з жонкай. Знаёмых у раёне ў яго было шмат — настаўнікаў, партыйнага актыву, калгасьнікаў, думаў: можа і добра, што швагер не прыняў — знойдзе ня горшы прытулак у якім глухім месцы. Мо будзе яшчэ і лепш.
Найперш ён скіраваў свой шлях у Замашанскі сельсавет, бліжэй да пушчы; то быў самы глухі, хоць і далёкі куток у раёне, і там, у Замошшы, быў у яго сябра, таксама настаўнік Пракапёнак, з якім яны тры гады запар удзельнічалі ў агіткампаніях. Зноў жа Дземідовіч ня раз бываў там упаўнаважаным па падпісцы на пазыку і ведаў многіх людзей. Ужо там яму не дадуць прапасьці, там яму дапамогуць. Каб лішне не назаляць каму, пайшоў ноччу, прасёлкамі, адмахаў кіламетраў з трыццаць і пад ранак пастукаў у знаёмае высокае вакно Пракапёнка. Баяўся, таго не застане ў хаце, думаў, можа, падаўся ў эвакуацыю. Аж не, Пракапёнак быў дома. Неўзабаве яны ўжо сядзелі на кухні, выпілі па чарчыне і гаварылі пра іхнюю агульную бяду. Абстаноўка ў Замошшы, аднак, таксама была ня простая, некаторыя з людзей, нават з чэсных і ціхіх, цяпер пачалі паказваць свой нораў. Пракапёнак расказваў, як яго ўчора на вуліцы спыніў аднавокі Зуб і прыгразіў: маўляў, ваша ўлада скончылася. Пракапёнак пачаў размову, яму важна было даўмецца, чаму так раптам перамяніўся гэты працавіты чалавек, бацька семярых дзяцей. Аказваецца, той не перамяніўся, ён заўжды памятаў, як упаўнаважаныя з Пракапёнкам спаганялі з яго грошы на пазыку. «Дык што ж ты хочаш, — сказаў Пракапёнак. — Калі падпісаўся, дык трэба бало плаціць». А ён кажа: «Напомніць вам, як падпісвалі? Калі памяць кароткая?» Як падпісвалі, Пракапёнак памятаў, і таму спыніў тую непатрэбную размову, і цяпер вось сядзіць, бы на вугольлі, чакае. Сыйшоў бы куды ў лес, каб не сям’я — жонка ды двое малых. Куды ад іх дзенешся?
Дземідовіч зусім азмрачнеў, гатовы быў упасьці ў роспач і запытаўся толькі: «Ну хоць да вечара можна перабыць?» — «Да вечара можна, — кажа, — але ня болей. Сам панімаеш…»
Што ж, ён панімаў, усё ж ён быў чалавек з сэрцам і не жадаў бяды дзецям Пракапёнка. Паляжаўшы на гарышчы да вечара, ён, як зьмерклася, узяў сваю сумку і пачаў разьвітвацца. «Дык куды ж ты цяпер?» — запытаўся сябра, і Дземідовіч сказаў: «А нікуды». Ён і сапраўды ня ведаў, куды падацца. Лепей бы ў лес, каб было лета, але, на жаль, лета скончылася, на парозе стаяла восень. Дзьмулі халодныя вятры, рудое лісьце з бяроз церушыла на Пракапёнкаў падворак…
Ноччу, ідучы па пустой і гразкай дарозе з Замошша, ён падумаў, што, мабыць, прытулку ў былых сяброў ён ня знойдзе — тыя самі баяцца, бо, канешне ж, усе на падазрэньні. Складана было і трудна ўсе перадваенныя гады, накапілася шмат гаркаты ў адносінах паміж сваімі ж, засталіся недабітыя і недавыкрытыя ворагі, якія цяпер во паказваюць свае іклы. І спадзяюцца на немцаў. Думаючы пра гэтых, недабітых, Дземідовіч пачынаў закіпаць ад злосьці — недагледзелі, не разгадалі ў свой час. А ўжо стараліся! Але ніякай работы, мабыць, не бывае бяз браку, асабліва ў такой рабоце, як класавая барацьба. А што было б, каб ня гэтая барацьба, каб нікога не рэпрэсавалі, не ссылалі? І ўсе тыя яўныя і тайныя ворагі дажыліся да гэтага часу? Страшна падумаць нават, што тады было б! Парэзалі б у першую ж ноч акупацыі ўсё кіраўніцтва, партыйны актыў, усіх, хто памагаў органам. Не, мабыць, правільна іх душылі ўсе дваццаць гадоў.
А можа, і не зусім правільна?
Можа, хай бы сабе жылі мужыкі, не чапалі б іх, ня мелі б зла і яны. Зямлі было даволі, усе, хто хацеў, пасьля рэвалюцыі зямлю атрымалі і калупаліся б на ёй, як маглі і ўмелі. Вядома, што селяніну абы які, але абязкова каб уласны лапік, і ён не падніме ад яго носа, будзе калупацца ад цямна да цямна…
Але ці гэта можна было дазволіць? У сьвятле новых памкненьняў і новых рашэньняў? Паводле палажэньняў марксізму-ленінізму, якое так бурна авалодала масамі, мусіць, тое б было няправільна. А што датычыць нізавога, раённага кіраўніцтва, дык для яго галоўнае было вызначыць, што правільна, а што няправільна. Іменна паводле навукі марксізмуленінізму. Шчасьце краіны і партыі, што на чале яе стаў правадыр Сталін, які, можа, адзіны мог тое вызначыць і ажыцьцявіць практычнае выкананьне марксісцкіх палажэньняў. Усё тое, што рабілася перад вайной, як гэта было ўсенародна прызнана, было адзіна магчыма і правільна. Дык у чым жа тут можна сумнявацца?
Усё сваё жыцьцё Дземідовіч прагнуў выразнасьці і праматы, не любіў усякіх складанасьцяў і заўжды гнаў ад сябе сумненьні, якія, ведаў, нібы твань, засмоктвалі ў сябе чалавека. Варта толькі было паддацца на кручок фактаў, усумніцца ў малым, ступіць хоць на адзін крок у багну. Ён ведаў таксама, што вагацца яму было нельга, партыйны кіраўнік павінен быць чалавекам жалезных перакананьняў — ва ўсім давяраць кіраўніцтву, якое ўжо напэўна разумнейшае за ўсіх, хто ніжэй, і ўсё, як мае быць, абмеркавана, перш чым паявіцца перад краінай у форме пастановы ці рэзалюцыі. Ужо таварыш Сталін іх добра абдумаў. А таварыш Сталін ніколі не памыляецца, гэта было вядома кожнаму школьніку.