Пасля Жыццё
Шрифт:
Два шэрагі яшчэ працягвалі стаяць на прыступках, але ранейшае напружаньне мінулася, можна было разьняволіцца. Штосьці было не зразумела Ступаку, - чагось нават крыўдна, ды ён ня мог разабрацца, чаму? Можа, за сваё ранейшае, перажытое, а можа - за сёньняшняе - таго ён зразумець ня мог. Адно было пэўна - кілер з яго пакуль што не атрымаўся, і дзіўна, што тое цяпер пачало ім адчувацца, нібы палёгка. Нібы ён уратаваў жыцьцё. Найперш, можа, сваё ўласнае. Магазін ягонага «Узі» застаўся цэлы, яго належала берагчы і прымяняць толькі ў крайнім выпадку. Але - дзе той крайні выпадак, і хто будзе вызначаць яго? Ужо, мабыць, ня ён. 3 прыкрасьцю Ступак адчуваў, што неўпрыцям і назаўжды страчвае сваё асабістае права, якім ужо распараджаліся іншыя.
А ён што ж - ён мусіў чакаць і падпарадкоўвацца. I ён чакаў можа, з гадзіну ці болей, стоячы ўсё на той жа прыступцы, хіба мяняючы ўпор нагі. Хлопцы побач таксама чакалі. Іншай каманды ім не давалі, і Ступак пачаў думаць, што на іх забыліся. Аж не! Палкоўнік у скуранцы штось гаркнуў з дзьвярэй, і яны замерлі. Ступак чакаў зноў убачыць самога, ды замест яго ў расчыненых дзьвярах паявіліся двое ў шэрых пінжаках - высокі
чы за сьпіной рукі. I толькі як спускаліся па прыступках, Ступак убачыў на іхніх руках бліскучыя кайданкі. Тады яму шмат што стала зразумела. Але нешта і яшчэ болей заблытвалася.
Арыштаваных павезьлі ў міліцэйскай машыне, а яны ўсё стаялі на прыступках, мусіць, чакалі самога. I Ступак думаў, што ягонае жыцьцё кудысь павярнулася. Хаця хто ведае, якім яшчэ бокам можа яно павярнуцца зноў. Усё ж жыцьцё кожнага сваю сілу мае - часам злую, нядобрую сілу…
1998
Бліндаж
1. Серафімка
Тыдзень ішоў нудны халодны дождж, мачыў і без таго намоклую ўжо зямлю. Дарога зусім раскісла, гразь распаўзалася пад нагамі, па каляінах сабраліся і нікуды не сьцякалі мутныя лужыны. Нават сьцежка наўзбоч за канавай і тая не высыхала за тыя невялікія прамежкі, як трохі пераставаў дождж, была сьлізкая і сьцюдзёная. Лепей за ўсё было ісьці па дробнай, таксама змакрэлай траўцы наўскрай бульбянішча, дзе пакапанага, з параскіданым, парудзелым бульбоўнікам, а дзе і з нечапанымі яшчэ баразёнкамі бульбы. Бульба, відаць па ўсім, пойдзе пад сьнег, памерзьне, капаць яе ўжо не было каму — вёскі, лічы што, ня стала: пагарэла, паруйнавалася дашчэнту гэтая невялічкая вёсачка. Ды і іншым тут дасталося, мабыць, ня менш, і цяпер здаля з-за абпаленых дрэў сям-там вытыркаліся закапцелыя печы з абламанымі камінамі, рэшткамі сьмярдзючага дыму дыхалі недагарэлыя пажарышчы. Дзіва што — столькі жахлівых дзён усё тут грымела ад жудасных выбухаў, хадуном хадзіла зямля, скрозь у паветры вірашчэла і скыгатала, а ад дыму нельга было прадыхнуць нават у яме на бурачніку, дзе тады хавалася цётка Серафімка. Усё навокал гарэла, тлела і дыміла: і хаты, і хляўкі, і гумны, і яна баялася нават выглянуць на сьвет божы, каб паглядзець, ці стаіць яшчэ яе хатка. Ужо, можа, з дзясятак жахлівых выбухаў грымнула на двары і гародзе, сыры пласт глею абрушыўся ў яме, прываліўшы яе босыя ногі, зьверху яму закідала чорнай, перамешанай з мохам, саломай з хляўка. Але хатка не загарэлася. Серафімка ўзрадавана згледзела яе, як толькі нясьмела выбралася з ямы надвячоркам у пятніцу, калі ўсё тут аціхла, змоўкла, зьмярцьвела, і яна сама сабе не паверыла: няўжо ацалела? Хатка, аднак, з большага, здаецца, ацалела, хоць паловы страхі на ёй як не было зусім — нібы зьмяло віхрам, а другая палова плоска аблегла кроквамі на самае гарышча бяз коміна, чорныя цагліны ад якога раскіданыя валяліся па ўсім гародзе. Не ўбераглося ніводнае з трох вакенцаў, бітае шкло скрозь хрупала пад нагамі, і Серафімка, баючыся парэзаць босыя ногі, стала тады зводдаль ля паламанага плоту і горка заплакала…
За бульбянішчам трэба было павярнуць па касагорыне ў лог, дзе з-за кусьцікаў шырока адкрыўся вялікі лугавы прасьцяг: даўняе выпрацаванае тарфянішча, цяпер чорнае, пустое, залітае па канавах ды ямах стаялай вадой. Там і далей спрадвеку ляжала балота з чэзлымі хамлакамі кустоўя, алешніку, рэдкімі астраўкамі нізкарослага балотнага хвойніку; праз яго, аднак, бег старажытны брукаваны тракт, за які, мусіць, і ўсчалася гэтая ваенная калатнеча. Перад тым чырвонаармейцы дзён колькі капалі пагорак, схіл, акопваліся на ўскрайку тарфянішча, накапалі тут безьліч нейкіх крывуляк-нораў, ямінаў, круглых, бы скавародкі, пляцовак — для гарматаў ці што. Учора пад вечар, як Серафімка, баючыся і дужа цікавячыся адначасна, падышла да таго пагорку, дык аж прысела ад раптоўнай нутраной жудасьці — ніжэй ля кусьцікаў на краі вывернутых з глыбіні вывалінаў зямлі ляжала на баку невялічкая гарматка з кароткім ствалом, і за ёй ніцма аблягаў на жалезнай станіне нежывы чырвонаармеец, спрэс абсыпаны камякамі дробнай зямлі. Яна тады доўга ўзіралася ў яго здаля, думала, можа, пашавеліцца, можа, яшчэ жывы. Але не, не пашавяліўся, быў забіты, яна зразумела тое, калі ўсё ж падышла бліжэй і згледзела на яго стрыжанай патыліцы рудую карыну засохлай крыві. Яна яшчэ паўзіралася ў яго, стараючыся неяк адолець свой страх, ды так і не адолеўшы яго, памалу падышла па траве да гарматкі. Твару забітага не было відаць, і не пазнаць было, якога ён веку, хіба што яго танклявая шыя, што вытыркалася з расхінутага каўняра гімнасьцёркі, давала зразумець, што гэта зусім яшчэ малады хлопец. Мусіць, ён ляжаў тут даўно, колькі дзён, ягоная гімнасьцёрка на сьпіне трохі абсіверала на ветры, а бакі і ўсё іншае пад ім было сырое і цёмнае, — ад дажджу ці крыві. Серафімка падышла зусім блізка, ступіла на кучу сырога мяккага глею, за якім зеўрала глыбокая вузкая яміна, страхавіта зірнула туды і жахнулася яшчэ болей: у яміне ляжалі і яшчэ забітыя. Нельга сказаць, што Серафімка так ужо баялася нежывых людзей — за свае сорак гадоў яна крыху нагледзелася на нябожчыкаў — мужчынаў і жанчын, маладых і старых, пахавала бацькоў, але тое было ўсё ня так. Там былі здаўна знаёмыя, свае, родзічы; ды і нябожчыкі зусім ня тое, што забітыя, скрываўленыя ды пакалечаныя салдаты.
Серафімка тады, бадай ня чуючы пад сабой ног, наўпрасткі цераз бульбянішча пашыбавала адсюль далей — да свае пахілае, без страхі хаткі акрай недалёкай разбуранай вёсачкі, бы там была якая засьцярога ад жудасьці ваеннага поля бою. Усю нядоўгую дарогу дадому і затым у хатцы, якую яна як-колечы
Аднак чым яна бліжэй падыходзіла да грыўкі кустоўя, тым меней заставалася ў яе рашучасьці, страх ахінаў яе ўсё болей, і яна не спрабавала адолець яго — яна ўжо звыклася з ім за гэтыя жахлівыя дні. Цяпер яна з ім жыла кожны дзень, не расстаючыся і ўначы, у сваіх кароткіх птушыных снах, прачынаючыся разоў па пяць да сьвітанку. Праўда, пасьля той калатнечы ўсё навакол сьцішылася, нібы зьмярцьвела, толькі ўчора ў небе колькі разоў гулі аэрапланы, але чые яны былі і куды ляцелі, яна ня ведала. Як ня ведала, куды адкацілася вайна, ці, можа, на тым усё і скончылася. Усе ўсіх пабілі — і нашых, і немцаў, і тут паблізу не засталося нікога. Не засталося таксама і ў вёсцы, — адны ўцяклі далей за мястэчка яшчэ напярэдадні бою, другія наогул сышлі невядома куды. Чырвонаармейцы тады выганялі ўсіх — казалі, тут сядзець небясьпечна, будзе вялікая бойка, і ёй казалі выбірацца таксама. Але яна не пайшла нікуды, хоць і пагадзілася тады пайсьці. І, мусіць, дарма не пайшла, пасьля яна разоў колькі наракала на сваю дурноту, але ж хіба яна думала, што будзе так страшна. Такі жах! Канец сьвету, пекла і крывавае грамішча. Тады думалася: ну пастраляюць на полі ці ў вёсцы, можа нават заб’юць яе, але ёй што: плакаць па ёй было некаму, як і ёй таксама. Серафімка даўно жыла тут адна, бабылкай, без сям’і, якой у яе не завялося ад маладосьці, а родзічы… Родзічаў блізкіх таксама не засталося, а далёкія былі далёка, так што, калі заб’юць, перажыванак па ёй будзе ня шмат. А то і зусім ня будзе. Можа, гэта і лепш.
Забіты аблягаўся ніц на станіну, зводдаль на вяршаліне шыпшынавага кустоўя месьцілася-чакала шэрая варона, якая з неахвотай звалілася ў галіны і паляцела некуды, як Серафімка падышла бліжэй. Крок яе тут запаволіўся, жанчына напружылася, зноў стала страшна, але што ж… Нягожа было пакідаць крумкачам забітых небаракаў, трэба было іх атуліць зямлёй і, мусіць, зрабіць гэта тут ужо не было каму. Сваіх чырвонаармейцаў, мусіць, не засталося, ці, можа, яны адступілі далей. Аб тым трэба было паклапаціцца ёй. Жаль да забітых падганяў Серафімку, і той жаль памагаў ёй з большага адольваць свой страх.
Яна падышла да шырокай варонкі-яміны, зірнула ў яе. Але там было пуста. Сугліністыя глыбіны-вывараціны грувасьціліся па берагах, камякі зямлі абсыпалі ўсё іржышча навокал, але найбольш гарматку і небараку, забітага пры ёй. Як за яго ўзяцца, яна ня ведала, пастаяла побач, гнятліва ўзіраючыся ў яго разьбітую, скарэлую патыліцу. Затым, пакінуўшы рыдлёўку, дакранулася да яго пляча, пахінула. Забіты не скрануўся з месца, бы скамянеў, і яна другі раз з вялікай натугай ледзьве пераваліла яго на бок. Гэта сапраўды быў маладзенькі салдацік з худым вузкім тварыкам, адно вока яго было неяк дужа заплюшчана ці, можа, запухла, а другое, нібы ашклянелае, недаўменна пазірала ўдалячынь. Падкорчаныя пад сябе рукі так і засталіся падкорчанымі, з бруднымі, растапыранымі пальцамі. Што было рабіць далей, дык яна і ня ведала. Пэўна, пахаваць, але як? Яна азірнулася, і зноў яе позірк натрапіў на яму побач усё з тымі ж забітымі. Мусіць, іх складвалі туды, ды не пасьпелі закапаць, падумала Серафімка і падышла да ямы бліжэй. Але ці складвалі — неяк дужа ўжо бязладна яны месьціліся там: два сядзелі на дне, утыркнуўшыся галовамі ў земляную сьцяну гэтай цесьненькай яміны, трэці ляжаў бокам, падвярнуўшы галаву ў пілотцы з забінтаваным плячом. Бінт на ім быў скрозь у сухіх плямах крыві, кроў была на ягоных грудзях і відаць была на ложы вінтоўкі, што тырчэла побач з-пад накіданай выбухам зямлі. Лезьці ў яму, каб там паправіць каго, Серафімка не наважылася, на тое яна ўжо не магла пераадолець сябе. Яна толькі з адчайнай рашучасьцю ўзяла пад пахі забітага і пацягнула яго да ямы. Забіты аказаўся даволі цяжкі, заграбаючы гамашамі зямлю, трохі пасунуўся, але яго брызентавая сумка, што вісела на левым баку, зачапілася за станіну і не давала валачы яго далей. Серафімка паклала забітага на зямлю, адчапіла сумку. Мусіць, сумку трэба было б зьняць, але яна не хацела нічога тут перайначваць, думала: хай яны так ужо і застаюцца ў зямлі са сваім майном. Яна неяк усё ж падвалакла цела да яміны і, прытрымліваючы за нацягнутую падкурчаную руку, бокам апусьціла яго ў яму, на плечы тых, [хто] ўжо назаўжды месьціліся там. Затым старанна перахрысьціла ўсіх у яміне, перахрысьцілася сама і ўзялася за рыдлёўку.
Закопвала яна доўга, з перапынкамі, аж угрэлася, расшпіліла заношаны картовы сачок, адхінула з галавы цёмную хустку. Дожджык быццам перастаў, але вецер не сунімаўся, неба было спрэс хмарнае, трывожнае, угары плылі-кудлычыліся нядобрыя шэрыя аблокі. Аддыхваючыся крыху, яна паўзіралася па схіле ўніз, дзе па йржэўніку і над балацявінай вілася блытаная вужака траншэі з таропка абкладзенымі травой і дзірваном берагамі. Дзірвану там, аднак, засталося няшмат, так усё там было перакапана выбухамі, тлустыя плямы ад якіх чарнеліся абапал траншэі і спрэс па ўсёй касагорыне, дзе трохі радзей, а дзе так густа, што не было і сьледу ад іржэўніку, усё там чарнелася ад вывернутай з глыбіняў, намоклай ад дажджу зямлі. Нешта там уладарна прыцягвала яе позірк, нібы адчувала яна, што і там патрэбна яе ўвага. І яна зноў бралася гарнуць на забітых зямлю з берагоў яміны-акопчыка, ужо добра засыпала іх, засталося тырчэць з зямлі толькі зялёнае, з нашытым лапікам калена верхняга забітага. Але во і калена схавалася пад нятоўстым пластом дробнага глею. Тады ёй стала спакайней, і яна ўжо павольней давяршыла сваю сумную справу[: ] засыпала яму і нават трохі награбла ў дадатак наверх — атрымалася нібы магілка. Ды, мусіць, і сапраўды навек застанецца гэта магілкай для чатырох небарак.