Пасля Жыццё
Шрифт:
Тады яна ўторкнула збоч рыдлёўку, перавязала на галаве хусьцінку, спакайней агледзелася. Апроч заваленай набок гарматкі месцамі ў зямлі відаць былі раскіданыя гільзы ад снарадаў і нават цэлыя, нястрэленыя снарады з вострымі блішчастымі галоўкамі; снарады, мабыць, былі і ў паламаных драўляных скрынках, што трохі вытыркаліся збоч з нейкае рытвіны. Але яна ня стала чапаць таго вайсковага начыньня — ня дай бог стрэльне. Галоўнае яна ўжо зрабіла — схавала ў зямлі людзей, хай ляжаць. Цяпер іх не пакрыўдзіць ніхто — ні зьвер, ні чалавек. З рыдлёўкай у руках яна адышлася трохі ад магілкі, пастаяла і пайшла, але не ўгару да вёскі, а памалу, дужа баючыся, патупала па йржэўніку ўніз да тарфянішча, дзе была траншэя. Нешта яе цягнула туды і палохала, гняло страхам, але яна ішла, спыняючыся, засьцярожліва азіраючыся па баках. Хоць, здаецца, нідзе не было нікога, — сьцюдзёны вецер гнаў хмары ўгары, трымцеў рэдкі быльнёг па іржышчы на зруйнаваным, пакрэмзаным людзьмі і вайной полі.
Нясьмела, як і раней, дужа баючыся, яна падышла да бліжняй крывулякі-траншэі, зірнула цераз бруствер, але там не было нічога. Толькі на дне стаяла чорная вада ад дажджу ці, можа, набралася зьнізу, мясьціна тут была нізкая, лічы, ужо забалаць. Тады яна памалу
То азіраючы перакапанае вайной навакольле па-над тарфянішчам, то зазіраючы ў траншэю, дзе трохі глыбейшую, а дзе зусім мелкую, да калена, Серафімка набрыла на нейкі траншэйны тупічок з пагорачкам на паверхні, які быў сьвежа абкладзены дзірваном, — нібы вялікая магіла акрай траншэі. Сьпярша яна мякка ступіла босымі нагамі на той пагорак і, схамянуўшыся, сышла назад, каб абыйсьці яго. Тады пераскочыла нешырокую траншэйку і аж скаланулася ад нейчага голасу, што глуха прагучэў нібыта з-пад зямлі. Як паглядзела назад, дык і зусім жахнулася ад таго, што ўбачыла: ззаду ў глыбіні траншэі, трымаючыся адстаўленай рукой за земляную сьцяну, з пісталетам у другой стаяў чалавек у непадпяразанай чырвонаармейскай форме; ягоная галава і вочы былі тоўста абкручаны брудным бінтом, доўгі канец якога матляўся ад ветру па скрываўленым плячы ў зялёнай дыяганалевай гімнасьцёрцы. Чалавек, зьнерухомеўшы, напружана ўслухаўся і адчайна-сурова вымавіў:
— Стой! Кто тут? Не подходить! Стреляю!
«Ай, божачкі мае!» — палахліва падумала Серафімка, ня ведаючы, як адазвацца, ці лепей, не адзываючыся, уцякаць адсюль, пакуль той ня згледзеў яе і не застрэліў…
— Жанчынка я, тутэйшая, — дрыготкім ад хваляваньня голасам урэшце адазвалася Серафімка.
Чалавек трохі змоўчаў, падумаў, пераступіў у траншэі, але руку з пісталетам не апусьціў.
— Женщина? Одна?.. Отвечай быстро!
— Дык адна ж…
— Кто еще есть?
— Дык нікога ж. Адна во іду.
— Так. Подойди ближе! — строга загадаў чалавек, і Серафімка, ступаючы па мяккім брустверы, падышла на тры крокі бліжэй.
— Где немцы?
— А хто ж іх ведае. Пакуль што няма тутака.
— А наши?
— Дык і нашых няма. Нідзе нікога.
— Да? — глуха прамовіў чалавек і абвяла прысланіўся плячмі да сьцяны траншэі. Мусіць, стаяць яму было нязручна, ці ён аслабеў ад раны і змоўк. Серафімка таксама маўчала, адчуваючы цяпер нейкую сваю залежнасьць ад гэтага небаракі і пільна разглядвала яго. Але забінтаваны твар чалавека ня шмат даваў ёй зразумець, хіба цьвёрдыя, даўнавата ня голеныя пашчэнкі сьведчылі пра яго ня дужа маладыя гады ды нейкія блішчастыя значкі ў чорных пятліцах на каўняры — азначалі, што ён ня просты, не радавы чырвонаармеец, а мусіць, які камандзір.
— Женщина, ты мне должна пособить, — спакойней, але з ранейшаю натужнасьцю сказаў чалавек і змоўк другі раз.
— Дык я ж, калі ласка, — нібы нават узрадавалася Сера-
фімка. — Што вам?
— Чего мне? — перапытаў чалавек і сеў, нібы рухнуў у дно траншэі. — Плохо мне! Вот… И чего-либо поесть…
— Добра. Толькі я зьбегаю, тут недалёка. Вы пачакайце.
— Но чтоб без обмана. И не вздумай кого привести. Застрелю всех.
— Добра, — сказала Серафімка.
З нечаканай палёгкай яна шыбавала па касагорыне ўгору і згадвала, што ў хаце, здаецца, яшчэ быў акрайчык счарсьцьвелага хлеба і паўчыгунка зваранай бульбы за засланкай… Сёньня яна нічога ня ела, мусіць, ня ела і ўчора, а тыя дні наогул было не да яды, і гэта неяк не турбавала яе. Але во цяпер затурбавала — чым яна накорміць гэтага чалавека? Можа, зварыць сьвежай бульбачкі, у сенцах было паўвядзерца салёных агуркоў, а ў кубле яна ашчаджала з вясны пару кавалкаў ёлкага леташняга сала. Але галоўнае, мабыць, яму трэба памагчы з вачыма. Ён жа, вельмі падобна, сьляпы, дык як жа ён самадзін? Трэба доктара. Толькі дзе той доктар? Да мястэчка адсюль дваццаць два кіламетры, як цяпер да яго дапяцца? Ды па такім часе ці застаўся там доктар? Пэўна, падаўся з войскам?..
Краем бульбянішча яна выбегла на дарожку, адкуль ужо было рукой падаць да яе панішчанай вёсачкі, адзін выгляд якой неадчэпнаю скрухай сьцяў сэрца, — скрозь каміны, абпаленыя дрэвы, чорнае пажарышча ад сядзібаў, гумнаў, хляўкоў. Можа, якіх чатыры ці пяць будынінаў (два хляўкі, лазьня ля сажалкі і Петракова варыўня на агародзе) усяго і ацалелі з таго канца вёскі. З гэтага ж не засталося нічога, апроч яе хаткі на водшыбе.
Яшчэ бегучы па выгане, яна неспадзёўкі заўважыла там людзей — за парканам на яе падворку мільганулі дзьве постаці, зьнерухомелі, сталі, мабыць, узіраючыся ў яе. Яна таксама ўгледзелася пільней і неўзабаве пазнала аднаго, то быў старэйшы Піліпёнак у высокай, з казырком шапцы, што летась, казалі, прыдбаў у Заходняй, як ганяў скаціну, — тут такой шапкі не было ні ў кога. Хутка, аднак, яна пазнала і другога, — ягонага брата Віцьку, які, прыгнуўшыся, штосьці валок па падворку. Але якая халера прыгнала сюды гэтых Піліпёнкаў, што ім спатрэбілася тут? — падумала Серафімка. Яна не любіла гэтых людзей, зрэшты, як не любілі іх і ўсе навакольныя людзі, адны баяліся, другія ненавідзелі гэтых нячыстых на руку і на дробныя ўчынкі пакасьнікаў. Праўда, гадоў колькі таму яны разлучыліся: старэйшы
Але, мусіць, няпрошаныя госьці таксама згледзелі яе, трохі пастаялі на падворку і, бы злыдні, нетаропка падаліся на зады, сьцежкай да сажалкі. Яны і не хаваліся нават, валюхаста клыпалі, зрэдчасу азіраючыся на яе, і ў яе блага заныла сэрца: чаго іх прыпёрла сюды ў такі бедалажны час?
2. Хлебнікаў
Застаўшыся адзін у траншэі, капітан Хлебнікаў зьнямогла пасядзеў з пісталетам у руцэ, а пасьля паставіў яго на ахоўнік і з вялікім намаганьнем узгрэбся на ногі. Пісталет ён ашчадна запіхаў у кішэню сваіх перапэцканых у гразі дыягана-левых брыджаў, а сам, расставіўшы ўбакі рукі і лапаючы імі па сьценах цеснай траншэі, пабрыў да напаўзаваленай нары — уваходу ў камандзірскі бліндаж, дзе ён бясконца доўга праваляўся ў кутку на нейчым пакінутым шынялі. Ён і цяпер зьнясілена выцягся на ім, правым бокам угору, каб мець пад рукой пісталет, які ён ашчаджаў цяпер болей за ўсё іншае. Увесь час ён баяўся ўпусьціць яго з рук, запэцкаць гразёй, бо калі яна трапіць у ствол, як тады ён стрэльне ў самы крытычны момант? А стрэліць, мусіць, прыйдзецца, у немца-фашыста ці ў сябе самога, без таго ўжо, відаць, не абыдзецца. Жахлівы ваенны лёс капітана цяпер ушчыльную падвёў яго менавіта да такой магчымасьці. Нічога лепшага ён ня бачыў наперадзе. Як наогул нічога ня бачыў.
Праўда, раптам зьявілася нейкая цётка, і ён не стрымаўся, нечакана для сябе папрасіў есьці. За час сваёй адзіноты і гэтага раненьня ён мала таго, што напакутваўся душой і целам, дык яшчэ і згаладнеў так, што ўжо з вялікай натугай мог узгрэбсьціся на ногі і выпаўзьці ў траншэю. Яго ўсё хістала, бы п’янага кідала з боку ў бок, у галаве чыгунна гуло і кружылася — ад слабасьці, страты крыві, гэтага жахлівага раненьня. Ён даўно страціў усялякае адчуваньне часу, нават звыклая зьмена сутак стала недаступнай яго разуменьню, як, зрэшты, і ўсё астатняе, што адбывалася навакол. З таго моманту, як ён сунуўся ў тое агнявое правальле, што пагасіла ягоную сьвядомасьць, усё для яго набыло новы сэнс, ці можа, страціла ўсякі даступны сьвядомасьці сэнс, ён кепска разумеў, што з ім адбывалася і нават хто ля яго? Мабыць, абодва вокі яго выбіла выбухам, скроні і твар пякло несьціханым агнём, але тое ён зразумеў пасьля, а тады сьвядомасьць яго затухла на нейкі няпэўны час, невядома, колькі ён праляжаў засыпаны зямлёй у траншэі, але калі апрытомнеў, яго ўжо перавязалі, — ці не санінструктар другога батальёну. Ён пачуў недалёкі голас камбата Глазырына, які пытаўся, што з ім, і той, хто перавязваў, адказаў: «Плохо дело: глаза». «Что, оба?» — данеслася здаля. «Оба, товарищ капитан». Тут непадалёк грымнула некалькі выбухаў, на яго зноў сыпанула зямлёй, і ён пачуў толькі, як камбат закрычаў на некага, каб хутчэй адкрывалі агонь кулямёты. Хлебнікава таропка перавязалі, паклаўшы па камяку ваты ў абедзьве вачніцы, з якіх усё паўзлосачылася нешта, сьцякаючы па шчоках і падбароддзю, і ён раз-пораз выціраў іх запэцканымі ў гразі пальцамі. Нехта памог яму дабрысьці да бліндажу і прытуліцца ў кутку на гэтым шынелку. Хлебнікаў маўчаў, ні пра што не пытаўся, трываючы жахлівы боль у галаве, ён нават ня слухаў грымоцьце бою, якое невядома чаму стала патроху сьціхаць. Найперш пацішэла на левым фланзе, выбухі, здаецца, перамясьціліся на касагорыну, убок вёскі Любашы; парадзела вінтовачнае грукаценьне побач у траншэі, а галоўнае — ён перастаў чуць галасы — ні крыкаў, ні размоваў, ні каманды. Яшчэ праз якую гадзіну стрэлы чуліся толькі за пагоркам — даносіліся дальнія кулямётныя чэргі, там жа таўклачахала артылерыя, толькі свая ці нямецкая — ён зразумець ня мог. Менавіта цяпер, як страціў зрок, ён пачаў слухаць-услухоўвацца ў гукі бою, каб нешта меркаваць аб ім; дагэтуль жа яго клопат быў зусім іншы — яму патрэбна была сувязь, якая ўвесь час ганебна зьнікала, ірвалася. Праз гэты пракляты клопат пра сувязь ён і апынуўся тут, у траншэі другога батальёну, дзе яго пільнавала няшчасьце. Але хіба ён мог тое прадбачыць? Зьнерваваны, раздражнёны начальнік штаба, які кіраваў боем пасьля таго, як учора забіла снарадам кампалка Сомава, сарваным голасам патрабаваў ад яго сувязь з першым і другім батальёнамі, якія трэція суткі адбівалі нямецкія атакі. Пасьля нядоўгага перапынку сувязь з першым батальёнам была ўсё ж адноўленая, а тэлефон з другім упарта маўчаў з паўдня, хоць на лінію былі пасланы аж шасьцёра сувязістаў, ды ніводзін з іх не вярнуўся. З палкавога КП паслаць ужо не было каго, і начальнік сувязі выскачыў пад агонь сам, пэўна ведаючы, што неўзабаве пакладзе і яго. Але ён ужо ня мог болей чуць пагрозьлівай лаянкі начальніка штабу, у той момант яму было ўжо ўсё роўна: выжыць або загінуць, толькі б аднавіць сувязь. Праўда, сьпярша яму нават пашчасьціла, ён зусім цэлы дабраўся да першай траншэі, у двух месцах зрасьціў перабіты асколкамі провад, аднавіў сувязь і нават пасьпеў яшчэ далажыць пра тое начальніку штабу. Немцы жахліва лупілі снарадамі па касагорыне і па батальёне, але тут, у траншэі, было спакайней, чым на голым полі, і Хлебнікаў рашыў трохі счакаць, перш чым выпраўляцца назад. Зноў жа ён хацеў пабачыцца з камбатам, каб запытацца, колькі той яшчэ тут пратрымаецца з батальёнам. І толькі ён, прыгнуўшыся, сунуўся з бліндажу ў траншэю, як цяжкі земляны пласт, раптоўна ўзьняты выбухам, апантана абрынуўся на яго, паваліў на сьпіну, і ён пасьпеў толькі падумаць: ня трапіла ў полі, дык во — дагнала ў траншэі. Пасьля ён ужо нічога ня памятаў, аж пакуль яго ня выцягнулі з-пад землянога завалу.
Трываючы востра-пякучы боль у галаве, Хлебнікаў ляжаў у бліндажы і чакаў, калі хоць хто-небудзь зазірне сюды, каб запытацца, што там адбываецца, дзе камбат? Але ішоў час, напэўна, ужо сьціхаў бой (што толькі нёс ён палку — перамогу ці паражэньне?), а да яго ніхто не заходзіў. Тады ў сьвядомасьць капітана пачаў паўзьці страх — ці не застаўся ён тут адзін, ці не пакінулі яго чырвонаармейцы? Гэта было б жахліва, да такога становішча ён быў не гатовы, пра тое ён нават ня мог падумаць. Але, мабыць, пакінулі. Праз нейкі час вакол зусім сьціхла, ня стала чуваць ніводнага стрэлу ці выбуху ў полі і над тарфянішчам — падобна, настала ноч. Але дзе ж нашы? Дзе другі батальён, дзе камбат? Дзе хоць бы які чырвонаармеец? Адзін, без дапамогі, забыты ўсімі, ён тут прападзе, гэта ж пэўна. Вось зьявяцца немцы, шпурнуць у бліндаж гранату, якая ўмомант разматляе ягоныя вантробы, паперабівае рукі і ногі. Добра, калі ён сканае адразу. А калі яны возьмуць яго жывым…