Пасля Жыццё
Шрифт:
I тут ён здагадаўся, чаму ў прэзідэнты Памазоніі абралі менавіта яго. Уся справа ў прозьвішчы. Ці не паходзяць ягоныя продкі Памазкі з тае Памазоніі? Добра ж вядома, што заўсёды i ўсюды цягнуць сваіх людзей - хоць з калгаса ў раён ці з раёну ў сталіцу. Гэтак i ў іншую краіну. Калі так, дык ўсё зразумела i, мабыць, законна. Няма пра што турбавацца. У той дзень надвячоркам ён ужо не пайшоў у качагарку, на ягонай зьмене яго падмяніў напарнік. Рана ўстаўшы назаўтра, пачаў рыхтавацца ў дарогу. Найперш аднёс у майстэрню боты. Боты, канешне, ня новыя, але калі падбіць падмёткі, дык яшчэ паслужаць i ў той Памазоніі. Па дарозе зайшоў у цырульню. Увогуле падстрыгаць не было чаго - даўно ўжо ад ілба да патыліцы пралягала шырокая лысіна, ды ўсё ж… Калі стаў прэзідэнтам, дык хацеў выглядаць адпаведна. Мабыць, у дарогу трэба было б мець які чамаданчык, ды ў местачковых
Праводзілі прэзідэнта Памазоніі сьціпла i непрыкметна. Купка дружбакоў прыйшла на засьнежаны аўтобусны прыпынак, куды ён прыпёрся за паўгадзіны раней часу. Ззаду ішла сплаканая жонка, усё бубніла сваё: «Ну паглядзіце, здурнеў стары. Ну куды ён прэцца?» - «Ладна, ня плач, прэзідэнтшай будзеш», - суцяшаў яе Ладуцька, які трымаўся ля сябра неяк дужа блізка i сардэчна, быццам што хацеў сказаць асаблівае. Ён i сказаў, як Кацярына адвярнулася: «Можа, там, гэта, i мяне куды… Каб па аграрнай часьці. А то тут, ведаеш… Памазгуй, Яхімка». Яго перапыніў Юрка Дзядзенка, які прыстыргікаў на прыпынак, канешне, не з пустымі рукамі. «Трэба аглаблёвую!» - прапанаваў ён, адкаркоўваючы бутэльку, якую спаважна перадаў напарнікупрэзідэнту. Той трохі выпіў, затым выпілі Дзядзенка, Ладуцька, абодва браты Целяпенчыкі i напасьледак да бутэлькі прыклалася заплаканая Кацярына. Тады і перастала плакаць. Тут якраз падкаціў аўтобус. «Ну - пакеда, чакайце на госьці», - махнуў з аўтобусных дзьвярэй Памазок. Невялічкая грамадка засмучаных землякоў засталася на аўтобусным прыпынку.
Як ён ехаў аўтобусам да станцыі, пасьля цягніком да Масквы i там праходзіў доўгую шаталомную працэдуру ў міжнародным аэрапорце - мала што запомніў, усё нібы плыў у разрэжаным алкагольным тумане, хаця i быў цьвярозы, бы шкельца. Ды так сталася, што ўсё было ня ў знак, - ішоў не туды, рабіў ня так i ня тое. Яго раз за разам асаджалі i тузалі, нават лаяліся - усе гэтыя міліцыянеры, жанчыны з пагонамі i нават дзяўчаткі, зусім лагодныя з выгляду, але што да яго, дык з яўна металічнымі позіркамі. Яму так i карцела абурыцца, сказаць ім, хто ён i куды едзе. Ды ўсё ж чалавек ён быў сьціплы, асабліва сярод незнаёмых людзей, i трываў. Трохі ачомаўся толькі ў самалёце, як мілае дзяўчо ласкава папыталася, што ён будзе піць? Ён зірнуў на стос бутэлек у калясцы i ткнуў заскарузлым ад торфабрыкету пальцам у самую знаёмую - во гэта. Дзяўчо наліла з напарстак «Сталічнай», i тады Памазок, можа, упершыню схамянуўся - а ці туды ён едзе. Калі выпіць даюць - курам на сьмех!
У самалёце ён хутка заснуў лёгкім сном праўдзіўца, ня грэшніка, ведама ж нямала натузаўшыся ў дарозе. Прачнуўся, як падкацілі каляску з харчам, ды столькі, што ледзьве зьмясьцілася ўсё на маленькім адкідным століку. Тады зноў далі выпіць - паўшклянкі кіслага віна, якое ён не ўзлюбіў з часоў дружбы з братушкамі. А во ягонаму суседу - выгалястаму буржую ў стракатым пінжаку, налілі чагось, пэўна, мацнейшага, а пасьля і яшчэ дабавілі. Памазку таксама захацелася такога, але ён ня ведаў, як папытацца, i трываў. Хай, думаў, дацягну да Памазоніі, а ўжо там…
Самалёт ішоў над аблокамі, унізе, мяркуючы па ўсім, быў акіян, глядзець там не было на што, i ён зноў заснуў. А як прачнуўся, дык аж спалохаўся, што спозьніцца - усе паўскоквалі з месцаў, пачалі цягнуць свае валізкі, апратку, - мабыць, прыехалі. Па гучнай сувязі ў самалёце пра штось аб’яўлялі, але хіба зразумееш, пра што? I тады Памазок падумаў: ці знойдзецца хто ў Памазоніі, каб разумеў па-нашаму? Але наўрад. Калі ўжо ў Менску мала хто разумее, дык чаго чакаць у заморскай краіне. Гэта яго пачало турбаваць.
Дарма, аднак, тое яго турбавала - ужо на першай паліцэйскай загародцы, нават не запытаўшыся, яго пазналі, i два маладыя, дбайна апранутыя чалавекі кудысь павялі праз агромністы гаманкі аэрапорт. Як толькі выйшлі на сьпякотную вуліцу пад шэрагам высачэнных пальмаў, падкаціў даўгі аўтамабіль, і тыя паслужліва расчынілі дзьверы - сядай, пан прэзідэнт. Ён i сеў. Пасьля селі яны - адзін наперадзе, другі, што нёс
Яны доўга ехалі па зіхоткіх ад шыльдаў вуліцах невядомага гораду, затым праз нейкі дзівосны лес з велізарнымі, проста гіганцкімі дрэвамі. Гэткіх сукаватых дрэваў не расло на Памазковай радзіме, у густое сучча ўгары не прабівала нават яркае сьвятло фараў. А як аўтамабіль спыніўся, зьдзіўленьню Памазка не было мяжы. Сярод лесу ярка асьветлены электрычнасьцю раскашаваў палац. Чырвоная жвіровая дарожка, шырокія прыступкі i над імі калоны. Бог ты мой, якія гэта калоны - белыя i таўшчэзныя, з пакручастымі загагулінамі на вяршках, якія нібы ўкручваліся ў прыць-мелае неба. Задраўшы ад захапленьня голаў, Памазок аж спыніўся, але да яго штось гукнуў той, што ішоў ззаду, i ён подбегам дагнаў пярэдняга, які ўжо расчыняў высачэзныя дзьверы ў палац.
Усё тут наскрозь было заліта электрычнасьцю, чырванела дыванамі ў доле. На ягоным шляху маўклівымі слупамі стаялі нейкія людзі, у чорным i камуфляжы, па безьлічы новых прыступак яго павялі ўгору. Сьпярша ён пачаў лічыць тыя прыступкі, налічыў пяцьдзесят i кінуў. Затым яны кудысь шпарка ішлі праз пакоі i па калідорах, цемнаватых i сьвятлейшых, i ўрэшце, як ён зразумеў, прыйшлі. То быў вялізны, бы вакзальны, пакой з блішчастым i сьлізкім паркетам, на сярэдзіне якога блішчэў бакамі нейкі агромністы шкляны каўпак. У прыцемках прыгледзеўшыся да яго, Памазок зразумеў, што пад каўпаком ложак. Вялізны шырокі ложак з бялізнай, на якім ці не яму сёньня спаць? Абодва ягоныя канваіры дзесь зьніклі, замест іх зьявілася чорненькая жанчынка з дужа белымі зубкамі i ў белым фартушку. Яна паставіла на столік пры каўпаку блішчасты падносік і, усьміхнуўшыся, выйшла. Памазок адразу пацікавіўся, што на падносе, - але нічога здатнага ня ўбачыў. Пара нейкіх зялёных фруктаў, шклянка жоўтага соку, малако ў кубку i ўсё. Hi чарчыны, ні бутэльчыны. Скупыя, аднак, людзі ў гэтай Памазоніі, падумаў прэзідэнт. Хаця не сказаць, каб бедныя.
Трохі патупаў з кутка ў куток гэтай стадолы, паслухаў цішыню. Абышоў вакол каўпака, пастукаў пальцам па ягоным шкле - тоўстае халера. I навошта? Hixтo болей да яго не заходзіў, i прэзідэнт, памарудзіўшы, сьцягнуў з ног боты. Спаць - ведаў з часоў даўняй салдатчыны - было заўсёды найлепшым выйсьцем. Як у вайну, так i ў міры.
Прачнуўся, мусіць, зарана, вылез з-пад каўпака, сеў у крэсла i сядзеў. Чакаў. Скрозь было ціха, чуваць толькі, як за акном у гольлі дрэваў шугалі птушкі, акурат як у садку за качагаркай - сініцы. Тады ён пайшоў шукаць месца, дзе можна б справіць сваю патрэбу. Тыцнуўся ў адны дзьверы - зачыненыя, у другія - таксама. Тады знайшоў трэція, адразу, як адчыніў ix, навакол пыхнула сьвятлом, ярка высьвеціла ўсё, i Бог ты мой, што ён згледзеў! Думаў - туалет, а тут аказалася адмысловая туалетная зала, усе сьцены i столь - бялюткія i люстраныя, як i ванны ды розныя ракавіны i ўнітазы. Шмат што навакол аздоблена золатам, невядомага начыньня - бы ў кабінеце зубнога доктара. Ён дакрануўся да аднае кнопкі, ды аднізу як плясьне ў твар - аж вылаяўся, падумаўшы, аднак, што, мабыць, гэтак нягожа. Напалохаўшыся, адразу падаўся да выхаду. Падумаў, можа, дзе знойдзецца болей звыклае месца, тут пэцкаць што ў яго не хапіла адвагі.
Як ён вярнуўся да свайго каўпака, зноў расчыніліся нейкія дзьверы i ў пакой увайшла мажная белая жанчына - зноў з маленькім падносікам у руках. Штось буркнуўшы, яна паставіла падносік на месца ўчарашняга, які ўзяла з сабой. Наважыўшыся, Памазок пастукаў па баку каўпака -навошта гэта? Думаў, не зразумее, аж зразумела i сказала: пук-пук ноу. I ўсьміхнулася. Надзіва i Памазок зразумеў: то ад куляў, а ён думаў… Але што з таго вынікае?
Трохі азадачаны, падышоў да свайго сняданку - зноў высокая шклянка соку, нешта цёплае ў малюпасенькім чайнічку, скрылёчкі сыру i маленькая булачка. Выпіць жа зноў не было ні кроплі.