Пасля Жыццё
Шрифт:
Абрушваючы з берагоў варонкі падмерзлую зямлю, Клімаў ссунуўся ў яе дно на тоўстую заследжаную льдзіну. Тарасікаў як рупны падначалены пры з’яўленні начальства неяк няўлоўна падабраўся нутром, прыўзняўся, прыўстаў на каленях і крануў ручку апарата.
– Як сувязь?
– прывычна кінуў Клімаў, і Тарасікаў з бадзёрай гатоўнасцю, тонам, у якім чулася трошкі выхвальнае «а як жа іначай», падхапіў:
– Ёсць, таварыш лейтэнант, - і, стрэльнуўшы на камандзіра прыгожымі выразнымі вачмі выхаванага, чуйнага хлопца, дадаў: - Тут вас дваццаць першы пытаўся.
– Даўно?
– Хвілін дзесяць.
Клімаў
– Пашы не было тут?
– усё яшчэ чакаючы з трубкай ля вуха, запытаў ён Тарасікава, які глыбей забіваў у зямлю стары паіржавелы штых, што служыў зазямленнем.
– Не, не было.
Нарэшце ў трубцы шчоўкнула, буркнула, Клімаў засяродзіўся ўсім сваім вельмі брывастым, вельмі абсівераным
і ўсё ж, не зважаючы на гэта, маладым тварам.
– Слухаю, таварыш дваццаць першы.
– Што? Клімаў, ты? Што гэта ў вас сціхла там? Чаму не дакладваеш? Вышыня ўзята?
Клімаў зноў выдавіў на шархоткіх шчоках жаўлакі, рука яго намацала ў пале паўшубка дзірку, і пальцы з сілай ірванулі павіслы з белай паўсцёй мэтлах скуры.
– Алё! Далажы, як вышыня.
– Вышыня на месцы.
– Га? Алё! Што цябе дрэнна чуваць? Як вышыня, я пытаюся?
– Возьмем вышыню.
– Што? Возьмем? Ага, возьмем!
– голас у трубцы адразу зрабіўся пагрозліва-з’едлівы.
– Да вас што, толькі цяпер загад да розуму дайшоў…
Угары раптам грымотна трэснула, Клімаў інстынктыўна хіснуўся ніжэй да апарата, зірнуўшы з-пад локця ў неба, - над ровам плыло невялічкае рудае воблачка брызантнага разрыву. Камандзір палка яшчэ нешта казаў, але Клімаў зноў не пачуў, аглушаны новым, яшчэ больш блізкім разрывам. У доле наўкола бы хто сыпануў жменяю дробных каменьчыкаў - пыхнулі і прапалі пад ветрам сотні пыльных дымкоў.
– Малакасосы! Спалохаліся дзясятка вшывых фрыцаў! Аўтаматчык[і] мне называецца! Куча дрэні вы пасля гэтага. Вы… - далёкім злым голасам шархацела трубка.
Клімаў апусціў на калені трубку і, безуважны да яе шорхату, пацягнуў бычок. Але ў гэты раз над ровам зноў аглу-
шальна трэснула, і вецер хутка пагнаў прэч новае воблачка. «Прыстрэльваюць, - падумаў Клімаў.
– Цяпер будзе». Прыўзняўшы ў паветра трубку, ён спачатку не зразумеў, чаго гэта маўклівы тэлефаніст бокам ссунуўся на яго, прываліўся да пляча, галава яго ўпала на руку з трубкай, і лейтэнант схамянуўся толькі, калі струмені крыві пабеглі па яго штанах. Аднае рукой Клімаў згроб сувязіста, адхінуў назад і тут жа адхіснуўся сам - уся скроня байца была разварочана асколкам, з страшнае раны на твар, плечы зашмальцаванай ватоўкі і на лейтэнантаў паўшубак лілася кроў. Клімаў вылаяўся і з усяе сілы ляпнуў на лёд недакурак.
– Дабяруся!..
– крычала трубка, калі Клімаў зноў прыклаў яе да вуха пад ссунутай набок шапкай. Гнеўныя, злыя, несправядлівыя словы, якія за хвіліну да гэтага выклікалі ў ім толькі прыкрасць,
– А што вы крычыце! Я не палахлівы! І не для вас ваюю! Вось! А вышыню - не горш за вас ведаю, што трэба ўзяць. Але вунь шпокаўка не дае.
– Во-во, так і ведаў! Дрэннаму танцору, ведаеш, што заўжды перашкаджае? Якая гэта яшчэ ў цябе шпокаўка?
– У немцаў, не ў мяне. Дваццацімілімятровая аўтаматычная гармата, вось! З фланга, ад Сахно. Ды кулямётаў няма ўжо, адзін ручнік застаўся. А ў іх шэсць на вышыні. Ды яшчэ шрапнеллю лупяць, - скарыстаўшы нечаканую паўзу ў камандзіравай лаянцы, скардзіўся Клімаў.
– А ў маіх па тры абоймы на вінтоўку ды па дыску на аўтамат. Чым браць, скажыце?
– Расплакаўся! Чым браць? Чым вунь Сахно бярэ? Чым Кузняцоў наступае? Храбрасцю! Гераізмам! Адвагай! Чуеш, які бой ідзе? Пад самай вёскай ужо. А ў іх па адной абойме на ствол. Сам правяраў. Затое ўмеюць. І не пушчаюць у штаны, як вы!
– Няма каму пушчаць, - гэткім жа сварлівым тонам адказваў лейтэнант.
– Трыццаць чалавек засталося. Ад усёй роты.
– От здзівіў: трыццаць чалавек! Вунь у Сахно па дваццаць у роце, і то не скардзіцца.
– Ну, у мяне яшчэ да гэтага не дайшло!
– Мяккацеласць праяўляеш, таварыш камандзір роты. У жаласць іграеш. Вайна ідзе, лейтэнант! Нечага шкадаваць для перамогі! Дывізіі гінуць!
– перайшоў ужо на крык маёр і раптам закашляўся. Адкашляўшыся ж пасля паўзы, ужо мякчэй аб’явіў:
– Ладна, Клімаў. Карандашоў падкіну. Сёння зноў атрымаем. Прама з марша. Семак не прасі. Няма. А карандашы будуць. Ну, але і я з цябе скуру здзяру, калі ты мне да дванаццаці нуль-нуль не возмеш вышыню.
– Немцы скарэй здзяруць. Яны бліжай, - сказаў лейтэнант, але трубка ўжо змоўкла, і ён паклаў яе ў апарат.
Нейкі час ён сядзеў, утаропіўшы вочы і не бачачы нічога, апроч дробных пыльных струменьчыкаў крыві, якія з-пад цела забітага хутка паўзлікаціліся на затаптаную плаху лёду ў дне варонкі. Хутка астываючы, кроў слаба парыла рэшткамі апошняга цяпла, побач сінім дымком струменіў у паветры недакураны «бычок». Лейтэнант дзеўбануў яго наском бота і выскачыў з варонкі ў роў.
Назад да свайго ланцуга Клімаў ішоў, не разбіраючы ўжо, дзе сцежка, дзе ручай, а дзе адкрыта і прастрэльваюць немцы. Адносіны да сябе з нейкага часу зноў сталі абыякавыя.
Паўгадзіны назад ён бег з вышыні ў гэты роў, падаў, выкручваўся між разрываў, з усяе мочы стараючыся, як і ўсе, уберагчы сябе ад кулі або асколка, бо ў гэтым была найбліжэйшая небяспека і найбольшы клопат. Цяпер жа, раззлаваны і расстроены сваркай з начальствам, ён ураз згубіў усю ашчаднасць да сябе. Гэта было незразумела і дзіўна, каб задумацца аб тым, але думаць не было калі.
Агнявы бой на ўчастку суседняга батальёна Сахно ішоў без асаблівай сілы: тузалі паветра мінныя выбухі, гудзела зямля, кулямётная траскатня перамежвалася таропкім нязладным буханнем вінтовак. «Не падобна, каб Сахно дужа прасунуўся, - услухаўшыся, падумаў Клімаў.
– Топчацца перад самай вёскай». Вядома, у такім становішчы яму нямала пасобіла, каб рота аўтаматчыкаў узяла гэтую праклятую вышыню. Але зноў жа, калі Сахно возьме вёску, тады лягчэй будзе ўзяць і вышыню. Вось табе і зачараванае кола, і разарваць яго якой хітрасцю наўрад ці магчыма.