Пасля Жыццё
Шрифт:
Не пасьпеў ён падумаць, што зьесьці, як расчыніліся дзьверы i ў пакой шпарка ўвайшлі яго ўчарашнія маладыя канваіры. Адзін з ix моўчкі, але выразна кіўнуў на дзьверы.
«З куфрам?» - папытаўся Памазок, паказваючы на свой пакінуты пры ложку багаж. Той крутнуў галавой - значыць, без багажу, зразумеў Памазок i падняўся.
На гэты раз яны нікуды не паехалі, толькі ішлі доўгімі калідорамі - быццам у другі канец палацу, дзе зноў апынуліся нібыта ў больніцы - усё тут было гэткае белае і сьветлае. Наўкола зьзялі нейкія прыборы, крэслы, люстэркі. Людзі, пераважна жанчыны, былі апранутыя ў белыя зграбныя халацікі. Заўважыўшы ягоны зьбянтэжаны выгляд, адна, дужа белазубая, мовіла: імідж, імідж, ды ён не зразумеў - які імідж? Але яго прымусілі распрануцца
Як памыўся, распараны, надзеў на сябе белы тоўсты халат, што вісеў на залачонай вешалцы побач, і выйшаў. Тут яго зноў абступілі жанчыны, усе ў чысьценькім белым, нібы даяркі. I, адвёўшы ў надзвычай сьветлы кабінет, пасадзілі ў крэсла. З ycix бакоў зьзялі люстэркі, і з іх ашаломлена пазірала ягоная аздаба. Жанчыны пачалі штось абмяркоўваць, як ён здагадаўся, - ягоны выгляд. Ён і сам з цікавасьцю паглядзеў на сябе. Канешне, не маладзён, зашмат зморшчын на цёмным, нібы апечаным твары дый выгляд надта заклапочаны, бы вінаваты. Але што зробіш? Найперш узяліся за яго парэпаныя ў качагарцы рукі, паклалі іх на бялюткія сурвэткі, дзе мазалі, мачылі i церлі. Мабыць, кепска, аднак, адціраліся ўедлівыя сьляды торфабрыкету з яго замазалелых рук. Ды майстрыцы стараліся. Асабліва наконт вялікага пальца з крывым заскарузлым кіпцем, які яны i пілавалі, i шліфавалі, - усё роўна той заставаўся крывы i непрыгожы. Далей, ужо ў другім крэсьле яго далікатна стрыглі, галілі шчокі, парфумілі i макіяжылі - наводзілі незвычайны шык на яго прэзідэнцкі твар. Пасьля ўсяго наклеілі на лысіну ладны кучаравы хамлак i пад нос - зухавата-бухматую паску вусоў. Усё тое было відаць у люстэрках, i Памазок толькі зьдзіўляўся, як з нядаўняга качагара выходзіць зухаваты фарсісты замежнік. «Імідж, імідж», - усё шчабяталі майстрыхі, i ён спакваля зьмірыўся з сваёй нялёгкаю доляй. Але што ж, мусіць, доля таго вымагала.
I праўда, з аграмаднага крэсла ён устаў зусім іншым, чым нядаўна садзіўся туды, i пачувацца стаў адпаведна. Найперш - прыбыло сілы i нават гонару. А як у наступным пакоі пачалі мераць яму гарнітуры, дык ён аж спадабаўся сабе - такіх файных апратак ён ня толькі ніколі ня меў, але i ня бачыў. Хіба ў тэлевізары. Чорны, бы смоль, пінжак з бялюткаю хустачкай у кішэньцы, такая ж белая сарочка i гальштук. Чаравікі замянялі двойчы, пакуль не прынесьлі дужа блішчастыя на высачэзных абцасах, ад чаго ён куды як падвысіўся ростам. З насалодай пратупаў па люстраным паркеце - лясь, лясь… Добра стаць прэзідэнтам!
Настрой яго трошкі пагоршаў, калі ў іншым пакоі, куды яго затым прывялі, вялізны паліцай ці вайсковец падаў яму штось няўклюднае i цежаленнае. «Што гэта?» - зьдзівіўся Памазок, і здаравяк адказаў: «Панцірблёк!» Бесцырымонна зьняўшы з яго пінжак, той навесіў на ягоныя плечы дзьве засланкі - сьпераду і ззаду. Памазок аж прысеў. «Але ж цяжкі», - мовіў ён, ды здаравяк толькі выскаліў свае конскія зубы. Як надзеў зьверху пінжак, дык стаў сам ня свой - нейкі камлюкаваты, здаравенны i таўсты. Ад нядаўняе Памазковай шчуплыні не засталося і сьледу.
Затым далі трошкі спачыць у прахалодзе з пальмай над высокай зашклёнай стольлю. На нізенькі, таксама шкляны столік прынесьлі дзьве шклянкі - з сокам i лёдам, да якіх Памазок i не дакрануўся нават. Што яму сок, калі карцела чагось зьесьці і, канешне, глыкнуць з такой ператомы. Дома гэткай парой ужо быў пасьнедаўшы, а то i паправіўшы галоўку, - калі было трэба. Але тут у яго не пыталіся, i ён ня ведаў, што i як сказаць. Ды во прыйшлі ажно тры вайскоўцы, сапраўды, быццам гарылы - усе ў камуфляжы i малінавых бярэтах, з вялізнымі рэвальверамі на баку. Зноў яго павялі. Адзін iшoў наперадзе, два ззаду - зноў нібы канваіры. Але Памазок ужо не баяўся, яго нядаўняя няёмкасьць збольшага
Урэшце невялічкі канвой спыніўся каля нейкіх зачыненых дзьвярэй, трошкі счакаў, i дзьверы шырока, на абедзьве палавіны расчыніліся. Тут яго прапусьцілі наперад, Памазок увайшоў у вялізную залу, ад парогу якой адзін супраць другога стаялі два шчыльныя шэрагі вайскоўцаў. Усе былі ў аднолькавым камуфляжы, толькі адзін шэраг быў у бярэтах малінавага колеру, а другі - маркоўнага. Шэрагі штось гаркнулі, падобна - вітаньне, на што Памазок паціху кінуў сваё - дабрыдзень, іншага ён ня ведаў. Наводдаль у канцы залы месьціўся аздоблены золатам стол з адным крэслам, у якое, як зразумеў Памазок, яму належала сесьці. Што ён i зрабіў без замінкі. Тады з шэрагу малінавых бярэтаў выйшаў самы тоўсты вайсковец i пачаў прамаўляць. Прамаўляў гучна i доўга, аж гуло ў высокім падстольлі, малінавыя прытым зьзялі вачыма, а твары маркоўных наадварот - корчыліся ад злосных грымасаў. Але ўсе стрымана маўчалі. Пасьля таўстуна малінавых таксама грымотным голасам пачаў мовіць яшчэ болей тоўсты i аграмадны маркоўны. Памазок зьніякавела сядзеў на краі крэсла. Ягоная душа ўпершыню адчула, што гэтае прэзідэнцтва можа дабром ня скончыцца.
Як тыя два бугаі адкрычэлі свае прамовы, аднекуль збоку вынік непрыкметны малады чалавек з папкай i паклаў перад прэзідэнтам дзьве старонкі нейкага кароценькага тэксту. Тут жа зьявілася прыгожая асадка з залатым шлячком. Памазок сьцяміў, што трэба падпісаць. Што там надрукавана, было невядома, тэксты былі аднолькавага памеру, а вяршкі - з прыгожа намаляванымі пеўнямі. Але пеўні былі неаднолькавыя. Памазок ад нараджэньня быў хлопец прыкметлівы, i цяпер згледзеў, што адзін певень быў нібы ў пер’і, а другі - нібы абскубаны. Які з іх належала падпісаць першым, было невядома.
Між тым, абодва шэрагі зацята чакалі, скіраваўшы на яго нейкія дужа непрыемныя ваўкаватыя позіркі.
Памазок пасунуў да сябе тую паперчыну, дзе быў певень з пер’ем, i адразу адчуў, што памыляецца - левы шэраг малінавых заварушыўся, зласьліва загуў. Тады ён адсунуў паперчыну i пацягнуў руку да іншае - з абскубаным пеўнем, i тут жа настырчыўся шэраг маркоўных. Д’ябал іх ведае, як было зрабіць, каб дагадзіць абодвум? Трохі счакаўшы, бы ў роздуме, Памазок зноў падсунуў ранейшы аркуш i нават пасьпеў вывесьці першую літару П…
Падпісваючы, ён адным вокам працягваў сачыць за шэрагамі i адразу згледзеў, як аднекуль ад дзьвярэй паявіўся падобны на д’ябалёнка, невялічкі прыгнуты чалавечак з даўжэзным кулямётам у руках. Кінуўшы асадку, Памазок, бы на фронце, кульнуўся пад стол, як залу аглушыла грымотная кулямётная чарга. Ад стала паляцела ўгару ашмоцьце папераў, трэскі; Памазка, бы кувалдай, выцяла ў грудзі, i ён дагары нагамі сьлізгануў ад стала па паркеце. Адчуваў, што жывы, але ўскочыць ня мог, да яго падбеглі нейкія людзі, паднялі i хуценька павялі праз бакавыя дзьверы з праклятай залы. Дзіўна, але людзі навокал былі нават спакойныя, нібы нічога асаблівага i ня здарылася. Дый ніхто болей не пацярпеў, можа, не спалохаўся нават. Дрыжучы ад страху, Памазок даў садраць з сябе ператвораны ў ашмоцьце шыкоўны пінжак i з удзячнасьцю падумаў пра свой выратоўчы панцыр.
У гэтых пакоях, куды прывялі Памазка, вайскоўцаў не было ніводнага, вакол тоўпіліся цывільныя - добра апранутыя, усе скрозь вусатыя мужчыны розных узростаў. Памазок пакратаў свой вус - той аказаўся на месцы. А во хамлак з лысіны дарэшты зьмяло чаргой, i прэзідэнт падзівіўся, як блізка яго мінула пагібель. Ён усё яшчэ ня мог акрыяць ад прыкрага здарэньня, каб усьміхнуцца, тады як усе навокал аж расплываліся ў лагодзе добразычлівасьці. У Памазковай душы другі раз мільганула сумненьне наконт слушнасьці сваёй паездкі. Як тут з ім абышліся! Але, падобна, тое нікога, апроч яго, не клапаціла.