Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Шрифт:
Усё гэта было новае, непрывычнае і таму выклікала разнатолкі і розныя агаворкі нават пасля прызнання аўтарскіх удач. Паявіліся разважанні аб вузкасці бакланаўскага плацдарма ў тым сэнсе, што цяжкасці баёў, якія Г. Бакланаў з геаграфічнай дакладнасцю «прывязаў» да днястроўскіх плацдармаў Трэцяга Украінскага фронту ў 1955 г., не былі характэрныя для ўсіх франтоў у цэлым. Аўтара «Пядзі зямлі» папракалі ў згушчэнні фарбаў, у прыземленасці герояў і нават у «рэмаркізме» (кроў на хлебе).
Але мне здаецца, што некаторая прыземленасць, сапраўды ўласцівая аповесці Г. Бакланава, зусім не пашкодзіла ёй, як гэта іншым на першы погляд здалося. Яна канкрэтызавала карціны баёў і вобразы салдат і афіцэраў, напоўніла іх плоццю і пачуццямі, не выдуманымі, а рэальнымі, за кожным з імён аповесці стаіць сапраўды жывы чалавек, прытым ва ўсёй яго складанасці. Мы бачым яго і верым яму, бо ён пазбаўлен і намёку на позу, жэст, ён без фальшывага пафасу і ўвесь праўда, падмечаная мастаком-сведкам. І ад гэтага не пахіснуўся яго патрыятызм, яго вернасць воінскаму абавязку, ён не замкнуўся ў сваю шкарлупіну і хоць не
Ды і вузкасць плацдарма — паняцце, вядома, умоўнае. Не так важна, з якога НП (батарэі або камандарма) глядзіць на вайну герой, куды важней, як ён глядзіць, што бачыць і што адчувае прытым. Героі ж Г. Бакланава хоць і глядзяць з НП камандзіра ўзвода ўпраўлення батарэі, з варонкі, з назіральнай шчыліны танка і бачаць, можа быць, не надта шырока, але затое ўсё тое, што яны бачаць, ёсць праўда вайны; пачуцці ж іх поўны да краёў. Справа нарэшце не ў тым, паказана ў баі аддзяленне або полк, баец або камандарм, — справа ў асэнсаванні сябе і бліжніх, барацьбы, народа, ворага. Мы ведаем нямала прыкладаў, калі ў адным героі — салдаце (напрыклад, Васіліі Цёркіне) увасабляецца вельмі многа, і ведаем прыклады адваротнага парадку — калі самы шырокі размах у ахопе падзей вайны і тылу нічога не даў літаратуры з-за бегласці, скорагаворкі, коўзання па паверхні падзей.
У малым можа выдатна адбіцца вялікае, роўна як у вялікім, шырокім — нікчэмна малое або, можа, і вялікае, але адбіцца да крыўднага мелка. Вось таму здаецца мне, што «Пядзя зямлі», хоць і сапраўды ў некаторай ступені «прыземлены» твор, але гэтае прызямленне, звужэнне плацдарма не прызямліла яго так, як гэта зрабіла з іншымі раманамі аб вайне іх знарачыстая прыпаднятасць, празмерна раздутая шырыня іх плацдармаў, дзе звыш усякай меры апавяўся наступальны дух войск.
Справа, вядома, не ў наступальным духу, які, дарэчы сказаць, не сыходзіў са старонак некаторай часткі нашай літаратуры з самага першага і аж да апошніх год. Праўда вайны патрабавала адмовіцца ад сачыніцельскай прыгажосці, эфектнасці, бесканфліктнасці, якія буйнай непатрэбшчынай расквітнелі ў перыяд культу асобы Сталіна. У літаратуры, таксама як і ў чытачы, прабудзілася настойлівая патрэба ў паказе шырокіх дыяпазаноў чалавечай душы, паказу без выдумак, без пустога выхвалення, без лакіроўкі — такой, якая яна ёсць. Нам няма чаго саромецца, наша гісторыя і наша рэчаіснасць, як гэта вельмі правільна сказаў на ХХІІ з’ездзе А. Твардоўскі, «дастаткова высокая і велічная са сваімі цяжкасцямі і недасканаласцямі», а салдат «ганарыцца не толькі сваімі подзвігамі ў баі, але і тымі цяжкасцямі, што перанёс на паходзе». І таму галоўная вартасць кніг Ю. Бондарава і Г. Бакланава — у іх сучаснасці, якая вынікае перш за ўсё з іх праўдзівасці і таленавітасці. Праўда, сказаная імі да канца, атмасфера баёў і настрой, перададзеныя праз сотні самых разнастайных, але поўных вялікай значнасці падрабязнасцей, робяць цяпер проста немагчымым вяртанне да дурнога, хоць і эфектнага сачыніцельства аб вайне, уласцівага літаратуры перыяду культу асобы.
Вайна была часам небывала абвостраных адчуванняў — рэзкіх кантрастаў ва ўзаемаадносінах людзей. Нідзе і ніколі не праяўлялася з такой відавочнасцю чалавечая сутнасць, як на вайне. Сотні тысяч людзей у мірны час пражылі б сваё жыццё, так і не праявіўшы сябе, лічачыся звычайнымі работнікамі вытворчасці, калгаснікамі, членамі прафсаюза: мала хто выявіў бы ў сабе смельчака або баязліўца, тым больш праявіў бы сябе ворагам або нягоднікам. Сувязіст Мезенцаў з «Пядзі зямлі» Г. Бакланава, напэўна, бязбедна пражыў бы, іграючы на саксафоне, іспаведуючы «пра сябе» сваю філасофію «культурнага» чалавека і карыстаючыся пры людзях агульнапрынятымі лозунгамі і агульнавядомымі ісцінамі. Вайна ж выкрыла яго як прыстасаванца, ускрыла ўсю фальш яго філасофіі. Герой выдатнага апавядання Эм. Казакевіча «Пры святле дня» Віталій Мікалаевіч Нячаеў ціха жыў у Маскве, баяўся скразнякоў, прастуджваўся і сарамлівадобра ўсміхаўся, быў рассеяны, нясмелы, пабойваўся існтытуцкага начальства. Ніхто з яго знаёмых, нават жонка, не маглі разгледзець у ім незвычайную чалавечнасць і мужнасць воіна, які выстаяў супраць смерці і начальніцкіх пагроз на вайне. З глыбокім пранікненнем у псіхалогію людзей пісьменнік нарысаваў у гэтым апавяданні няўвагу да бліжняга перш за ўсё з боку інтэлігентнай і вельмі сардэчнай на першы погляд жанчыны — Вольгі Пятроўны, тым самым тонка і па-чэхаўску разумна перасцярог людзей ад самага згубнага ў іх — раўнадушнасці да чалавека.
Сапраўдны гуманізм, высокароднае пачуццё таварыства, абвостраная чалавечнасць і самаадданасць ва ўсіх іх праяўленнях пакінулі вельмі прыметны след у нашай ваеннай літаратуры, след, які будуць вывучаць і на якім будуць выхоўвацца, можа быць, многія наступныя пакаленні, бо як гераічныя прыклады, так і прыклады чалавечай нізкасці, створаныя сілаю сапраўдных талентаў у іх лепшых кнігах, не пакінуць чытача раўнадушным.
Гэта безумоўна, але тут хацелася б сказаць аб справе «негераічнага з выгляду» на належную ацэнку побач з «гераічным цалкам».
Агульнавядома, што ў мінулай вайне праявіўся масавы гераізм нашага народа на фронце, у акупіраваных абласцях, у тыле, тысячы воінаў атрымалі Залатыя Зоркі, сотні тысяч — ордэны. Асноўная ж маса воінаў — «негероі» ў канкрэтным, вузкім разуменні гэтага слова. Але ж Перамога над нямецкім фашызмам здабыта ў значнай (нават і большай) меры іхнімі рукамі, іх вялікай крывёй і потам.
Гэта ён, радавы вялікай бітвы, нічым не адметны былы калгаснік або рабочы, сібірак або разанец доўгія месяцы мёрз пад Дзямянскам, перакапаў сотні кіламетраў зямлі пад Курскам і не толькі разіў агнём немцаў, але і круціў баранку на разбітых
У гэтых адносінах цікавыя раманы А. Адамовіча «Вайна пад стрэхамі» і І. Навуменкі «Сасна пры дарозе». Узняўшы папулярную тэму партызанскага руху ў Беларусі, аўтары А. Адамовіч, а за ім І. Навуменка абралі новы, зусім адметны ад ранейшых твораў, аспект гераічнага. Многія з іх папярэднікаў, захапляючыся бяздумым гераізаваннем «лясных салдат», не заўважалі мноства «негерояў» — падлеткаў, дзяцей, мацярок, якія, застаючыся пад роднымі дахамі на акупаванай тэрыторыі, аралі зямлю, кармілі шматтысячную партызанскую армію, хавалі лясных гасцей, працавалі сувязнымі, здабывалі медыкаменты. Яны часам рызыкавалі не менш за тых, хто граміў гарнізоны або хадзіў на «жалезку», бо сапраўды за падрыў поезда і за ўкрыццё раненага, за напад на гарнізон або за спробу ўкрасці ў паліцая гранату немцы ведалі толькі адну кару — смерць. І на гэтую смерць ішлі і знайшлі яе тысячы невядомых герояў — падлеткаў, дзяўчат, мацярок. А. Адамовіч і І. Навуменка паднялі і па-майстэрску паказалі чытачам цэлы пласт некранутай цаліны там, дзе, здавалася б, усё ўжо апісана і распрацавана літаратурай. У гэтым свежасць і навізна рамана «Вайна пад стрэхамі» і вартасць «Сасны пры дарозе».
Крытыка нярэдка схільна падштурхоўваць пісьменнікаў да «благополучных» развязак у творах на ваенную тэму. Аб творы, дзе ўсё ўладжваецца выдатна, робіцца подзвіг, які натуральна знамянуе веліч духу савецкага чалавека, і герой застаецца жывы, аб такім творы гавораць, што яго канцоўка гучыць аптымістычна, што і адпавядае канонам сацыялістычнага рэалізму. Калі такая аптымістычная струна не звініць у канцы, то аўтара папракаюць у песімізме. Яшчэ лічаць забітых адносна да жывых, і не дай бог, калі акажацца, што мёртвых больш, чым тых, хто застаецца ў жывых. У гэтым бачаць дыспрапорцыю праўды, а галоўнае, аўтар зноў падазраваецца ў песімістычных тэндэнцых. Пасля выхаду ў свет маёй першай кніжкі хтосьці з рэцэнзентаў наракаў на тое, што ў многіх маіх апавяданнях «смерць як бы стаіць у цэнтры ўвагі аўтара». Гэта не спадабалася крытыку, які, відаць, хацеў, каб апавяданні аб вайне заканчваліся толькі перамогай над ворагам — «малой кровью, могучим ударом».
На жаль, смерць на вайне была пастаянным спадарожнікам усіх — і тых, хто выжыў, перамог, і хто загінуў у баях. Смерць і абавязак у сваім няспынным змаганні былі тым вызначальнікам, які непадзельна панаваў над душамі байцоў, незалежна ад іх інтэлекту, адукацыі, узросту, таленту, бо ўсе былі аднолькава смертныя і, як грамадзяне, усе неслі на сабе аднолькавы абавязак па абароне Айчыны. Праўда, усё цяжкае хутка забываецца. Мы выдатна памятаем нашы перамогі, але мы часам схільны забываць нашы няўдачы, «катлы», у якія траплялі не толькі нямецкія, але і нашы дывізіі. А гэта ж не толькі страты, але і маральная траўма, сляды якой не знікаюць зусім. Праўда, ніхто ўжо не рве на сабе валасы, успамінаючы перажытае, але ў радасці мірнага жыцця зусім недаравальна і бяздумнае «бодрячество», забыўчывасць, наплявацельскія адносіны да памяці тых, хто мог бы быць, але каго ўжо няма сярод нас. Нельга ніколі забыць тысячы магіл адзіночных і брацкіх (такіх, як у польскім гарадку Крэйцбургу, дзе на ваенным магільніку пахавана адразу 6300 савецкіх воінаў), магіл, якія густа ўсеялі ўсю Еўропу. Іх нельга забыць таму, што ў іх ляжаць тыя, хто сумленна заслужыў права на мірныя радасці, але аддаў людзям сваё найбольшае права — жыць.
Мы сказалі многае з вялікай праўды аб вялікай вайне, але сказалі яшчэ не ўсё. І перш за ўсё гэта адносіцца да так званай «горкай праўды», не пазнаўшы якой, немагчыма праўдзіва зафіксаваць для гісторыі гэтую найвялікшую з войнаў. Замоўчванне «горкай праўды» можа саслужыць дрэнную службу народу. Усе памятаюць, наколькі ашаламляльныя былі нашы першыя няўдачы на франтах у 1941 годзе, якую траўму ў свядомасці нашых людзей пакідала тагачасная магутнасць нямецкіх армій, — мы ж прывыклі верыць, што Чырвоная Армія самая моцная ў свеце. І той факт, што нямецкія полчышчы перамагалі яе на вялізным фронце ад Балтыкі да Чарнамор’я, выклікаў страх і непаразуменне ў мноства савецкіх людзей. Адсюль шырыўся перавялічаны страх перад здрадніцтвам, якое ў той год мроілася нам на кожны рагу, у кожнай «эмцы» і якога на самай справе было не так ужо і многа. Усяго гэтага можна было б пазбегнуць, калі б мы ведалі свае слабасці і слабасці сваёй арміі яшчэ да 22 чэрвеня, а не пачулі аб іх толькі 7 лістапада з вядомага даклада Сталіна.