Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1

Быкаў Васіль

Шрифт:
Сучаснасць — у праўдзе

Сапраўды, гэта вельмі важна — вызначыць нейкія спецыфічныя рысы літаратуры нашага часу, стыль яе ў век кібернетыкі, тэрмаядзерных энергій, прарыву ў космас. Думаецца, аднак, што сцвярджэнні пра абумоўленасць развіцця мастацтва дасягненнямі навукі і нейкай якаснай эвалюцыяй чалавечай псіхалогіі наўрад ці правамерныя. Безумоўна, навука і асабліва тэхніка, нейкім чынам уплываючы на чалавека, падняліся ў сваім паступальным развіцці вельмі высока, аднак не трэба забывацца пры гэтым, што практычнае ўздзеянне большасці іх сенсацыйных дасягненняў на жыццё народаў часта вельмі нязначнае. Людзі за гэты фенаменальны ў гісторыі тэхнікі перыяд, як сказаў нядаўна Рэмарк, на жаль, не сталі адзін да другога бліжэй, а наша літаратура і мастацтва толькі яшчэ дабіраюцца

да чорнага хлеба праўды, па якім так згаладаліся за шмат гадоў культу вусатай пачвары. Відаць, у гэтым галоўны парадокс нашага часу, які прымушае задумацца аб многім.

У гэтым артыкуле хацелася б падзяліцца некаторымі думкамі, звязанымі з праблемай сучаснасці, яе стылю і зместу прымяняльна да ваеннай літаратуры.

Сямнаццаць гадоў, якія мінулі пасля сканчэння вайны, многім даюць падставу лічыць ваенную тэму амаль што гістарычнай. Не так многа знаходзіцца тых, хто называе яе ў раду іншых тэм сучаснасці, большасць справядліва мяркуе, што людзі жывуць цяпер іншымі клопатамі, прагнуць міру, ды і калі кожная наступная вайна не паўтарае характару папярэдняй, то чаму, маўляў, у такім разе могуць навучыць урокі мінулай вайны? І да таго ж — столькі ўжо напісана аб ёй!

Так, напісана нямала. Не так ужо многа добра і праўдзіва, больш — пасрэдна і, вядома, нямала дрэнна або, як цяпер гавораць, — несучасна. Але чым далей адсоўвае час гэта найвялікшае з народных выпрабаванняў, тым больш настойліва адчуваецца ў літаратуры імкненне асэнсаваць многае з яго, многае зразумець і захаваць у чалавечай памяці. Урокі вайны, аказваецца, вучаць сёння вельмі і вельмі многаму, указуючы палец іх працягнуты праз галовы пакаленняў у будучыню. І з кожным годам, з кожнай новай кнігай яно, гэтае асэнсаванне, ідзе ўглыб і ўшыр, і тэма вайны гучыць усё больш сучасна. Удача ж або няўдача гэтай часткі літаратуры залежыць хутчэй ад праўдзівасці (зразумела, і ад таленту) пісьменніка, чым ад спецыфікі гэтай спрадвечнай тэмы.

Саракавыя гады далі нашай літаратуры рад выдатных вобразаў герояў. Маральную сутнасць гэтых вобразаў парадзілі тыя высокія і суровыя патрабаванні, якія вайна прад’явіла да грамадзян — абаронцаў Радзімы. Жыццёвымі прататыпамі іх з’явіліся героі з вялікай літары: А. Матросаў, М. Гастэла, В. Смірноў, А. Кашавы і тысячы другіх. Гераізм, высокая самаадданасць, любоў да Радзімы і нянавісць да ворага — вось якасці, у вельмі вялікай меры ўласцівыя гэтым людзям. І таму зразумела, што асноўным і галоўным матывам твораў тых гадоў аб вайне быў гераізм ва ўсіх яго яўных праяўленнях.

Аднак мастацкі ўзровень многіх з кніг аб вайне вымушаў жадаць лепшага. І гэта зразумела. У першы пасляваенны час пісьменнікі, ідучы па гарачых слядах падзей, не мелі парой ні часу, ні магчымасці для глыбокага асэнсавання ўсіх праяўленняў вайны і пераламленняў у ёй чалавечага лёсу. Па гэтай і іншых прычынах многім з іх не ўдалося сучасна і праўдзіва паказаць усе даволі складаныя ў сваёй узаемаабумоўленасці перыпетыі народнай барацьбы з ворагам. Часта адсутнасць дастатковага асабістага вопыту ў вайне прыводзіла нават вопытных і таленавітых аўтараў да прадузятасці ідэй і схематычнасці вобразаў. Карціны барацьбы выходзілі бледныя, пазбаўленыя пераканаўчай канкрэтнасці.

Няма патрэбы называць падобныя творы, яны не рэдкасць у нашай літаратуры. Хіба мала напісана аб вайне мовай «благополучногероических» штампаў, перанятых з узнагародных лістоў, як часта распісаны сітуацыі, калі героі прыходзяць у сябе іменна ў момант прыбліжэння танка (не пазней), метка наводзяць (а як жа інакш!) і ўраз прабіваюць браню; лётчыкі падбітага самалёта з незразумелай самаахвярнасцю адкідваюць парашуты і накіроўваюць ахопленыя полымем машыны на скапленне (абавязкова скапленне) тэхнікі ворага; камісары для падняцця духу байцоў паяўляюцца на флангах у самыя крытычныя моманты, але ні на мінуту пазней; а якая-небудзь партызанская цётка, арудуючы аўтаматам не горш, чым рагачом, бярэ ў палон чатырох эсэсаўцаў. Як мала тут мастацтва і сапраўднага ад той вялікай барацьбы народа, якую ён вёў 4 гады, а галоўнае — як мала праўды. Ды і адкуль ёй быць, калі ўсё гэта стваралася па метаду кабінетнага сацыніцельства без дастатковага ведання і разумення гісторыі і прыроды вайны, на падставе літаратурных (чытай: газетных) крыніц, гутарак на хаду з удзельнікамі партызанскага руху, той або іншай аперацыі і г. д.

У

выдадзенай, больш правільна — перавыдадзенай у 1961 г. кніжцы Ц. Жураўлёва «Была вайна» (апавяданні, напісаныя ў гады вайны) выступаюць гэткія байцы-ўдальцы, якім усё хоць бы што, якім «пархатага немца» абвесці вакол пальца ўсё роўна што выкурыць цыгарку.

«— Немца обмануть — это дело нехитрое, — разважае сяржант з апавядання „Самі з вусамі“. — А вот был у нас, товариш капитан, один ефрейтор в батальоне, Егор Иванович Калина, так он, можно сказать, обманул всю немецкую дивизию. На что командир дивизии был у нас такой глазастый… а то и тот признался, что Калина глаза ему раскрыл на всю операцию»…

У апавяданні расказваецца пра гэты «падман», да сутнасці якога няцяжка дадумацца любому чатырохкласніку. А аўтар глыбакадумна апавядае, як выскачылі байцы ў траншэю ў два канцы, нібы «тридцаць три богатыря из-под земли, с Черномором, а тут уж тебе ни колючек, ни огня…». І ўсё тут ёсць: кемлівасць, хітрасць, храбрасць, доблесць — у гэтым кароценькім апавяданні, акрамя аднаго — праўды.

У першыя пасляваенныя гады кніг аб вайне, напісаных непасрэднымі яе ўдзельнікамі, было ў нас не так ужо і многа. Прыпамінаецца бязлітасна праўдзівая «У акопах Сталінграда» В. Някрасава, першая кніга «Белай бярозы» — В. Бубёнава, аповесці Эм. Казакевіча, А. Ганчара, раман І. Мележа. Большасць ваенных кніжак ствараліся або пісьменнікамі-прафесіяналамі, або ваеннымі журналістамі, якія не мелі з прычыны іх абмежаванага ўдзелу ў баявых дзеяннях ведаў і ўражанняў, дастатковых для напісання грунтоўнага твора аб вайне. Гэтым у значнай ступені тлумачацца многія з няўдач ваеннай літаратуры, бо ні вывучэнне матэрыялу, ні паказанні сведак не могуць замяніць таго, што не ўбачана і не перажыта. Відавочна для таго, каб апісаць пачуцце чалавека ў баі, у атацы, патрэба самому гэта пазнаць. Пры гэтым зразумела, што ўдзел у баі радавым не раўназначны ўдзелу ў ім у якасці камандзіра, на плячах якога велізарнай цяжкасцю, што часта падаўляе нават прыроднае пачуццё самазахавання, ляжыць асабістая адказнасць за такое цяжка сумяшчальнае, як жыццё падначаленых і выкананне баявой задачы. Маральны цяжар падобнай справы можа ўявіць сабе толькі той, хто не раз перажыў яе.

Але вось мінуў час, вярнуліся з вайны і падвучыліся яе радавыя ўдзельнікі. Гэта былі людзі, якія многае пабачылі і многа перажылі. Версіфікатарства і літаратурныя рэмінісцэнцыі ўжо не змаглі спакусіць іх. Асабісты вопыт іх быў надзвычай каштоўны па прычыне яго гістарычнай унікальнасці. Гэтыя людзі не маглі напісаць: «над галавой свісталі кулі», бо кожны франтавік ведае, што палёт куль з сучаснай зброі нават прыблізна нельга вызначыць свістам. І вось паявіліся кнігі, адразу ж прызнаныя і ацэненыя і ўдзельнікамі вайны, і тымі, хто яе ніколі не бачыў. Я маю на ўвазе перш за ўсё аповесці Ю. Бондарава, Г. Бакланава, апавяданні В. Някрасава, невялічкую кніжачку М. Пархомава і некаторыя іншыя. Упершыню чытач убачыў у іх сапраўдны твар вайны, сілаю талента аўтара быў як бы перанесены на поле бою і зноў адчуў сябе ўдзельнікам небывалай па сваім напружанні барацьбы. Мноства дакладна і правільна схопленых дэталей, падрабязнасцей бою і франтавога быту, эмацыянальная паўната і дакладнасць перажыванняў — усё гэта разам стварала шчырую праўду вайны.

Прызнаючы заслужаны поспех такіх твораў, як «Паўднёвей ад галоўнага ўдару» Г. Бакланава, «Батальёны просяць агню» Ю. Бондарава і асабліва іх жа «Пядзі зямлі» і «Апошніх залпаў», крытыка спачатку нават збянтэжылася: дзе ж герой? Прапаў герой у прывычным яго разуменні — чалавек з бяздумнай самаадданасцю, падкрэсленай гатоўнасцю да самаахвяравання; у гэтых кнігах ніхто не закрываў амбразур дзотаў і не кідаўся са звязкамі гранат пад танкі. Капітан Новікаў пры ўсёй яго сабранасці і храбрасці гіне пад залпам сваіх жа «кацюш», лейтэнант Матавілаў схільны да рэфлексіі і адчувае вайну як салдат, пазбаўлены ў яе аналізе маштабаў, уласцівых, прынамсі, начальніку штаба фронту. Аказалася таксама, што на вайне можа спалохацца нават і савецкі воін, і што і яму бывае вельмі нялёгка, і здараецца, што гіне ён пры самых няздатных для гэтага сітуацыях і нават без патрыятычных воклічаў (успомніць смерць камбата Бабіна), і што поруч з доблесцю і мужнасцю на фронце ўжываюцца таксама і подласць, кар’ерызм (Яцэнка, Іверзеў), баязлівасць і нізасць (Мезенцаў, Ішчанка).

Поделиться:
Популярные книги

Внешники такие разные

Кожевников Павел
Вселенная S-T-I-K-S
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Внешники такие разные

Измена. Тайный наследник

Лаврова Алиса
1. Тайный наследник
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Измена. Тайный наследник

По воле короля

Леви Кира
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
По воле короля

Истребители. Трилогия

Поселягин Владимир Геннадьевич
Фантастика:
альтернативная история
7.30
рейтинг книги
Истребители. Трилогия

Бракованная невеста. Академия драконов

Милославская Анастасия
Фантастика:
фэнтези
сказочная фантастика
5.00
рейтинг книги
Бракованная невеста. Академия драконов

Страж Кодекса. Книга IX

Романов Илья Николаевич
9. КО: Страж Кодекса
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Страж Кодекса. Книга IX

Завод 2: назад в СССР

Гуров Валерий Александрович
2. Завод
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Завод 2: назад в СССР

Страж Кодекса. Книга IV

Романов Илья Николаевич
4. КО: Страж Кодекса
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Страж Кодекса. Книга IV

Вперед в прошлое!

Ратманов Денис
1. Вперед в прошлое
Фантастика:
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Вперед в прошлое!

Умеющая искать

Русакова Татьяна
1. Избранница эльты
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Умеющая искать

Отверженный IX: Большой проигрыш

Опсокополос Алексис
9. Отверженный
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Отверженный IX: Большой проигрыш

Третий

INDIGO
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Третий

Лучший из худших-2

Дашко Дмитрий Николаевич
2. Лучший из худших
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Лучший из худших-2

Метатель

Тарасов Ник
1. Метатель
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
рпг
фэнтези
фантастика: прочее
постапокалипсис
5.00
рейтинг книги
Метатель