Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Шрифт:
Друкуецца паводле арыгінала машынапісу, які захоўваецца ў БДАМЛМ: ф. 12, воп. 1, адз. зах. 858, арк. 1–11. Упершыню са скарачэннямі — газ. «Літ. і мастацтва», 1963, 26 лют. пад назвай «Праблема старая і — новая!» у рубрыцы «Пісьменнік і час».
Датуецца часам першай публікацыі.
На 1-м аркушы машынапісу штэмпель: «Атрымана. 1963 г. № 377» і злева ўверсе рэдакцыйныя паметы: «3 экз. Змешчана ў № 17 за 1963 г. [Подпіс неразб.]». На 11-м аркушы — подпіс В. Быкава.
Стар. 146. …Міхась
Стар. 146. У найбольш развітых краінах свету навука і асабліва тэхніка, усё больш узаемаўплываючы ў сваім паступальным развіцці, узняліся бязмерна высока, аднак пры ўсім гэтым практычнае ўздзеянне іх сенсацыйных дасягненняў на жыццё народаў часта мізэрнае. […] Ці не нараджаюцца новыя яго ўвасабленні, узброеныя найноўшымі навукова-тэхнічнымі сродкамі знішчэння, і таму ці меншай стала небяспека для жыцця на зямлі? — Выкраслена падчас рэдагавання ў газ. «Літ. і мастацтва».
Стар. 146. Вось чаму нельга не пагадзіцца з многімі слушнымі наконт гэтага думкамі Івана Навуменкі… — Размова ідзе пра артыкул: Навуменка І. Галоўнае — чалавек // Літ. і мастацтва, 1962, 11 снеж.
Стар. 147. «Жыццё — гэта праўда», — пісаў чэшскі літаратар Карэл Палачак незадоўга да сваёй гібелі ў крэматорыі Асвенціма. — Палачак Карэл (1892–1944) — чэшскі пісьменнік; па адных звестках загінуў у 1944 г. у Асвенціме, па іншых — у 1945 г. у польскім г. Глівіцэ. Асвенцім — маецца на ўвазе комплекс нямецкіх канцэнтрацыйных лагераў і лагераў смерці, які знаходзіўся ў 1940–1945 гг. паблізу з г. Асвенцімам, у 1939 г. указам Гітлера далучаны да тэрыторыі Трэцяга рэйха. У 1941–1945 гг. у Асвенціме былі забіты 1 млн 400 тыс. чалавек. У сусветнай практыцы прынята выкарыстоўваць нямецкую назву «Аўшвіц», а не польскае «Асвенцім».
Стар. 148. У творах знікла шчырасць пісьменніка — гэтая нічым не кампенсаваная ўмова творчасці, а менавіта адсутнасць яе… — Закрэслена, уверсе напісана: «Адступленні ад жыццёвай праўды, ад прынцыпаў рэалістычнага мастацтва».
Стар. 148. …у гэтым я бачу самы першы наш абавязак. — «Самы першы» выкраслена.
Стар. 148. …першы вопыт нашых літаратараў, іхнія няўдачы ўжо сведчаць аб тым. — Выкраслена.
Стар. 148. …плён. — Закрэслена, уверсе напісана: «след у свядомасці людзей».
Стар. 148. …ва ўсёй мярзотнасці. — У публікацыі: «ва ўсіх брыдкасцях».
Стар. 149. …у аснову якога пакладзена рэалістычнае як ёсць, а не як павінна быць. — Закрэслена, уверсе напісана: «не прыгладжана, не аздоблена ружовымі фарбамі».
Стар. 149. …прыхільнікам рэалістычнага напрамку… — Закрэслена, уверсе напісана: «тым мастакам, якія не абыходзяць
Стар. 149. …сакратар ЦК КПСС Л. Ф. Ільічоў. — Ільічоў Леанід (1906–1990) — савецкі партыйны дзеяч; у 1961–1965 гг. сакратар ЦК КПСС, старшыня Ідэалагічнай камісіі; ідэолаг хрушчоўскай антырэлігійнай кампаніі.
Стар. 149. Варта ўспомніць, што партыя не пабаялася выкрыць факты куды больш красамоўныя і непажаданыя ў жыцці, чым тыя, што трапляюць у некаторыя кнігі, што крытыка… — Выкраслена.
Стар. 150. «Святло над зямлёй» — Раман Сямёна Бабаеўскага (1909–2000), расійскага пісьменніка; лаўрэата трох Сталінскіх прэмій (1949, 1950, 1951).
Стар. 150. «Шырокія гарызонты» — Раман Алеся Стаховіча (Аляксандр; 1907–1956), беларускага пісьменніка.
Стар. 150. …выракліся свае шчырасці… — Выкраслена. Стар. 150. …існуючага… — Папраўлена на «дадатнага».
Стар. 150. …адмаўленне… — Папраўлена на «даследаванне».
Стар. 150. …асабліва калі мець на ўвазе аднолькавасць ідэйных поглядаў і метаду творчасці. — Выкраслена.
Стар. 150. …найбольшага аўтарскага самавыражэння… — Закрэслена, уверсе напісана: «паглыбленай увагі да чалавечай асобы».
Стар. 150. …В. Адамчыка… — Адамчык Вячаслаў (1933–2001) — беларускі пісьменнік.
Стар. 150. …светлай маладой… — Выкраслена.
Стар. 150. …па зялёнай вуліцы і ў дарагім афармленні выдаюцца, ахвотна рэцэнзіруюцца… — Выкраслена.
Стар. 150. А колькі там абсалютна «правільных» герояў і колькі там станоўчага! — Выкраслена.
Стар. 151. …па-за метадам сацрэалізму… — Закрэслена, уверсе напісана: «у рэчышчы крытычнага рэалізму».
Стар. 151. «Ганна Карэніна» — Раман рускага пісьменніка, класіка рускай літаратуры Льва Талстога (1828–1910).
Стар. 151. …карціна М. Данцыга… — Данцыг Май (нар. у 1930) — беларускі мастак; заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1973).
Стар. 152. …«Хлеб» М. Савіцкага, «Вясна» А. Малішэўскага… — Савіцкі Міхаіл (1922–2010) — беларускі мастак; народны мастак БССР (1972) і СССР (1983). Малішэўскі Альгерд (нар. у 1922) — беларускі мастак; заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1977).
Стар. 152. …ці паспрабаваў хто напісаць пра гэты твор у друку (як гэта зрабіў у «ЛіМе» выкладчык А. Скір)… — Скір А. Спыніўшыся каля адной карціны: нататкі гледача // Літ. і мастацтва, 1963, 8 студз.
Стар. 152. …у пытаннях элементарнае справядлівасці… — Выкраслена.
Стар. 152. …абыякавасць… — Папраўлена на «безуважнасць». Стар. 152. …хто з іх прывёў каго маладзейшага ў літаратуру, дапамог у пачатку шляху? — Закрэслена, уверсе напісана: «або рэцэнзію на кнігу маладога літаратара».