Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Шрифт:
А калі б там былі шпіёнскія звесткі? — спыталіся ў мяне, — і вас залічылі ў шпіёнскія сувязнікі? Што я мог ім сказаць? Там былі лісты пра каханне, я ведаў гэта, хоць і не чытаў іх.
Валодзю арыштавалі, паклікаўшы ў палітаддзел. Ідучы туды, ён прадчуваў, мабыць, і толькі шапнуў мне: у шэсць нуль-нуль схадзіць на Арлоў мост і перадаць Веры, каб не чакала яго. Што я і зрабіў. Пра лёс Веры нічога не дазнаўся, бо хутка расфарміравалі брыгаду, і нас раскідалі па розных месцах Балгарыі. Адрасу яе я не ведаў. (Вось яшчэ адзін нерэалізаваны — «негатыўны» сюжэт з маёй літаратурнай біяграфіі.)
Нядоўгі час пасля я правёў у стралковай дывізіі пад Бургасам, але і тую расфарміравалі, вывеўшы на станцыю Кодыма Адэскай вобласці. Са станцыі Унгены мы ішлі пешым маршам — якраз па тых месцах, дзе два гады таму ваявалі. У тое лета на Поўдні панавала
Улетку я быў ужо ў Нікалаеве, у тамашняй стралковай дывізіі. Дывізія стаяла ў летніх лагерах пад Цярноўкай за Бугам. Упершыню тады давялося напоўніцу зведаць усе пяшчоты стэпавага поўдня. Найперш даўся ў знакі вецер, пыл і пясок. Страшэнная спёка, і нідзе ніводнага дрэўца. Усё ў пыле — пасцелі ў палатках, пыл на сталах у летняй сталоўцы, на посудзе, на апратцы людзей. Неаднойчы тады ўспамінаў я нашы мілыя лясы-пералескі, клёны і дубы прысадаў, іх паласатыя цені цераз вуліцу. Прыгажуны — лясныя азёры… Праўда, тут блізка была рака, але ля ракі патрулі — пільнуюць, каб ніхто не падышоў і блізка. Такі ўжо спрадвечны прынцып у войску: куды трэба, туды не пускаць. І гнаць, куды нікому не трэба. Усе заняткі на голай, без травы стэпавай роўнядзі, усё назіраецца са штабнога пагорка. Як заўсёды ў мірны (ды і ваенны) час, заняткі, страявая і палітпадрыхтоўка. Усё на спёцы, з ранку да вечара.
Там мяне ўпершыню пасадзілі на гаўптвахту — утапіўся салдат. Пасля заняткаў пайшоў самавольна на Буг, бухнуўся ў ваду і не вынырнуў. Можа, знарок, а можа, і не. Але хто вінават? Вядома ж, камандзір узвода. Хоць камандзір у той момант быў на інструктажы па палітзанятках. Ды ўсё роўна пасадзілі. На гаўптвахце парадкі катаржныя — ні сядзець, ні ляжаць. У пяць пад’ём, лежакі выносяць. Каб не садзіліся, а стаялі, на цэментную падлогу выліваюць пару вёдзер вады. Камендант звер. Мала банальных здзекаў, яшчэ ўносіць асабісты элемент — увесь дзень люта лаецца, абражае апошнімі словамі, бы уласных заклятых ворагаў. Пад восень я захварэў, паклалі ў шпіталь. На гэты раз у самы здатны для таго час — перад інспектарскай праверкай. Шпіталь вокнамі выходзіў на пляц фізгарадка. Інспекцыю прыехаў прымаць сам камандуючы Адэскай вайсковай акругай маршал Савецкага Саюза Г. К. Жукаў. Мы назіраем з другога паверха шпіталя, як ён тое робіць. Усіх афіцэраў — маладых і старых — пастроілі ў шэраг ля фізкультурнага снарада «кабылы». Камандзір палка камандуе: упярод! Да кабылы валюхаста бяжыць які-небудзь лысы, таўставаты, гадоў пад 50 маёр, камандзір батальёна, робіць спробу пераскочыць, ды дзе там, саступае ўбок. Наступны — тое ж самае. Ну, маладзейшыя, узводныя пераскокваюць і то не ўсе. Хто не пераскочыў — у асобны шэраг. Такіх апынулася бальшыня. І маршал пачынае мацюгацца: зажраліся, распанелі, не хочаце сумленна служыць савецкай радзіме, вялікаму таварышу Сталіну… Во як трэба — вучыцеся! Падтыкае полы шыняля пад дзягу, кароткая разбежка і — гоп! Пераскочыў. І загадвае камандзіру палка: трэніраваць! Як натрэніруюцца, далажыць. Сеў у свой «віліс» і паехаў. «Дурак, хоць і Жукаў», — кажа яму ўслед сівы начфін артпалка.
Увечары адзін хворы, капітан артылерыст, які ў вайну служыў на Першым Украінскім фронце, распавёў, як камандуючы фронту Жукаў ліквідоўваў увосень 43-га года нямецкі прарыў пад Жытомірам. Ездзіў, як заўсёды, на «вілісе» з бронетранспарцёрам галаварэзаў-аўтаматчыкаў і бартавым аўтамабілем ваеннага трыбунала. Дзе якая няўстойка, хапаў першых жа, хто трапляў пад руку — салдат ці афіцэраў — загадваў аўтаматчыкам расстраляць. З кішэняў яшчэ не астылых трупаў трыбунальшчыкі даставалі дакументы і афармлялі прысуд. Маршал сам не забіваў і нічога не падпісваў, усё рабілі іншыя — па ўсіх правілах вайсковай юрыспрудэнцыі.
Позняй восенню перайшлі на зімовыя кватэры. Салдаты — у старыя мікалаеўскага часу казармы, афіцэры — хто куды, на прыватныя кватэры. Перад тым я спаткаў майго сябра Вальку Бахцігозіна, з якім разлучыўся ў Сафіі. Валька ўсё малодшы лейтэнант, але служыць у артпалку, дзе, канешне, болей прэстыжна і спакойна, чым у стралковым. Валя ўзяў мяне да сябе на кватэру, якую нядаўна наняў у
Вайна ў гэтым паўдзённым горадзе нібы і не спынялася. Стралялі на вуліцах, асабліва ўначы. Былі выпадкі нападу на нашыя каравулы, што ахоўвалі прадуктовыя склады. Нападалі на афіцэраў, рабавалі ўначы. Адзін камандзір роты, позна ідучы з казармы дадому (жыў далекавата, за паркам Пятроўскага), прыхапіў з сабой пісталет, што ўвогуле не дазвалялася. Якраз ля парку яго спаткалі двое: знімай шынель, давай сапагі… Ротны дастаў пісталет і стрэліў, забіў аднаго. Другі ўцёк. І во суд ваеннага трыбунала: за забойства грамадзяніна такога грамадзянін такі (наш капітан) прыгаворваецца да шасці гадоў лагераў. Пасля суда капітан кажа: які ж я дурань! Хай бы яны мяне да кальсонаў распранулі, голы б дабег дамоў. А так… Суддзі яму спачувалі, але — закон!
Я ўжо і тут падаў два рапарты на дэмабілізацыю, ды марна. І памалу страціў надзею вырвацца з войска. Шкада было Вальку, які сапраўды хацеў служыць, ды напрыканцы зімы яго дэмабілізавалі. На развітанне мы выпілі з ім ў забягалаўцы, і я праводзіў яго на вакзал. Валька ехаў у свой сібірскі Ачынск да маці. Для яго і вайна, і вайсковая служба скончыліся без радасці. Не выслужыў Валька ні чарговага звання, ні ўзнагароды. Хоць ваяваў і служыў не горш за іншых. А можа, нават і лепш. Але быў надта малады, дужа сумленны. І наіўны. Хаця і я не надта прыдбаў за вайну і службу — адну зорку на грудзі ды адну на пагоны. І ўсё. Не тое што іншыя. Неяк спаткаў у кінатэатры Валерыя К., былога аднакашніка па Саратаўскім вучылішчы. Той ужо старшы лейтэнант і два ордэны на грудзях, служыць інструктарам палітаддзела па камсамолу. І тады мне ўспомнілася, як ён клапаціўся перад выпускам, збіраў рэкамендацыі ў партыю. Мы яшчэ кпілі: не ўсё роўна, кім цябе закапаюць — беспартыйным, камсамольцам ці бальшавіком? Ён бы не чуў нікога і перад ад’ездам на фронт усё ж паспеў атрымаць кандыдацкую картку. А на Дняпры ў аддзеле кадраў, як сталі размяркоўваць па дывізіях, яго пакінулі ў палітаддзеле. Тады мы і сцямілі — разумны ён чалавек, хоць і малады. Так і аказалася.
У лютым нечакана-неспадзявана далі водпуск, і я рынуўся на радзіму. Ехаць давялося праз Крывы Рог, Харкаў, Гомель. На вакзалах пры перасадках было жахліва — натоўпы людзей, вайскоўцаў і цывільных, старых, жанок і дзяцей, чэргі і штурханіна… Неяк дабраўся з чамаданам да Падсвілля, дзе, ведаў, працуе ў бухгалтэрыі сястра Валя, пабудзіў яе ўначы — вядома ж, на канцылярскім стале, дзе яна начавала з сяброўкай. Раніцай разам выправіліся па снегавой дарозе праз лес у Кублічы. Па дарозе сястра расказвала сваю крыўду, як, выбавіўшыся з нямецкага палону, яе паслалі ва Ўсходнюю Прусію па каровы для калгаса. Месяц ці болей гналі вялізны статак, даілі і пасвілі па дарозе, баранілі і даглядалі, самі заўсёды галодныя і халодныя. Але мусілі трываць, бо абяцалі, як прыгоняць, даць карову, — нашую Акулярку ў 43-м з’елі партызаны. І сястрычка трывала. Але як прыгналі, аказалася, што каровы патрэбны для развіцця калгаснай жывёлагадоўлі, і гоншчыцы засталіся з носам.
Дома радасна было, што ўсе жывыя, хата таксама цэлая, не спалілі. Але хлеба няма, ашчаджалі крышку насеннай бульбы, а болей ні малака, ні мяса. Не засталося нават курэй, якія некалі да вайны былі галоўнымі пастаўшчыкамі жабрацкага бюджэту. Увечары прыйшлі вяскоўцы, нядаўнія партызаны, распавядалі, як перажылі вайну. Колькі зведалі гора і крыўд! У тым ліку і ад некаторых мясцовых, асабліва з тых, якія да вайны актыўнічалі з Саветамі і ў вайну не прамінулі ўслужыць акупацыйнай уладзе. Але што ж, каму не хацелася жыць… З маіх сяброў-школьнікаў амаль не засталося нікога — хто прапаў у партызанах, хто ў паліцыі (змабілізавалі на пачатку акупацыі), хто быў забіты на фронце пасля вызвалення. Некаторыя з маладых, не трапіўшы пад дэмабілізацыю, прадаўжалі служыць. Некаторыя прайшлі ўсе колы пекла — мабілізацыю ў 41-м, палон і канцлагеры, пасля вызваленне, фронт і зноў лагеры — на гэты раз у іншым баку, на поўначы і ў Сібіры.