Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Шрифт:
В. Б.: Трапіць у самы ствол, кажа так, каб усе пачулі. І салдаты, каб учулі, і я таксама. Я паглядзеў на яго і крыху здзівіўся, а пасля зразумеў, што капітан гэта — знарок. Бо сам ён артылерыст, ва ўсякім разе, такія эмблемы насіў і гэткіх справах павінны быў разбірацца.
А. А.: А што, артылерысты не мелі права, калі нявыкрутка, разарваць ствол гарматы?
В. Б.: Канешне, не. Мы павінны былі страляць, пакуль цэлыя гарматы.
А. А.: Ну, а каб не дасталася ворагу — узарваць?
В.
А. А.: Узрывалі.
В. Б.: Пры адыходзе. Але для таго патрэбны быў загад старэйшага начальніка. Не свавольнічаць… А тут выходзіць, гармата спраўная, снарадаў даволі, а ён яе падарваў? Канешне, не ён падарваў…
А. А.: Ён ужо забіты.
В. Б.: Відаць, з ягонага разліку падарвалі. Але ўсё роўна тое — справа падсудная, і СМЕРШ мог усё раскруціць. А ён даў нам знак, што лічыць гармату разбітай з нямецкага танка.
І праўда, болей размоў на гэтую тэму не ўзнікала. Забралі некалькі скрынак снарадаў, забітых не ўзялі, іх павінны былі пахаваць тылавікі, мы спяшаліся, бо немцы адступалі.
…Ноч некуды ехалі, ехалі — па нейкіх мокрых і гразкіх прасёлках, па полі, пад ранак прыехалі на ўскраіну сяла, сталі абапал сцірты. Чутно, як непадалёк адбываўся якійсьці рух — гырчэлі маторы, штосьці гуло, шархацела, часам чуліся прыглушаныя галасы. Ішлі калоны. Немцы ад Будапешта прарываліся на захад.
Як стала трошкі світаць, убачылі зводдаль тое, што чулі ў цемры. Ішоў суцэльны паток войска: аўтамабілі, танкі, пяхота. Зараз жа адкрылі агонь. Страляць было проста, бо блізка. Адразу там запалала некалькі аўтамабіляў, з танкаў па нашай ускраіне зрабілі некалькі непрыцэльных стрэлаў.
А мой наводчык Расцалуеў меў вострае вока і трапна ўзяў іх на прыцэл. З другога стрэлу загарэўся танк. Калона амаль спынілася, заднія пачалі напіраць на пярэдніх, пярэднія гарэлі. Пяхота ў паніцы кінулася ў поле, і мы расстрэльвалі яе асколачнымі. Пасля, як усё скончылася, нешматлікія машыны ўцяклі, а пяхота разбеглася, мы пайшлі паглядзець, што нарабілі. Жудасна было тое бачыць… Такога разгрому я не бачыў з вясны сорак чацвёртага года, як на дарозе пад Уманню нашыя танкісты разграмілі нямецкую штабную калону. Гэта быў ці не апошні бой на венгерскай зямлі, за восень, зіму і вясну багата палітай нашай крывёю…
Да аўстрыйскай мяжы рухаліся ўвогуле ўдала, з нядоўгімі сутычкамі. А на мяжы ўсё спынілася, немцы сталі ў абарону. У перадгор’і Альпаў — шырачэзная даліна, якую немцы перакрылі агнём і нас туды не пускаюць. Нямецкія танкі здаля б’юць па адзінай на схіле дарозе. Пяхота, артылерыя — усё ў нас спынілася. Ды хутка з’явіўся нейкі генерал у камбінезоне, але з генеральскай фуражкай на галаве і якраз налез на нашую батарэю. А вы чаго тут тарчыце? Ану впярод! І пагнаў батарэю па адхоне ўніз, туды, дзе немцы. «Студэбекеры» з гарматамі неяк праскочылі, і мы хуценька за кусцікамі пачалі акопвацца. Іншых, што ехалі за намі, немцы не пусцілі, спалілі некалькі машын, і болей ніхто праз іх агонь не праскочыў. Пра тое, што мы адкрытыя для сваіх, мы не клапаціліся. А ведаеш, як на вайне бывае? Розных часцей зашмат, нашыя ў палку, скажам, ведаюць, дзе іхнія астатнія, а іншыя могуць і не ведаць. І нейкія мінамётчыкі, якіх спрытны генерал змусіў хутчэй адкрыць агонь, агонь і адкрылі. Па нас, канешне. Толькі я з салдатам выкапалі ровік па калена, як тыя пачалі смаліць. Міны кучна клаліся якраз абапал. І, відаць, накрылі б, калі б не найшла вясновая хмарка і не паліў
Ну, а пасля падцягнулася болей войска, пачалося планамернае наступленне і баі. Баі за кожны пагорак і кожнае паселішча. Ды ўжо ў горнай мясцовасці. Адчувалася хуткае сканчэнне вайны, дух быў бадзёры. Помню, дзень біліся за нейкую вёску, не маглі ўзяць, тады аднекуль з іншага ўчастка перакінулі самаходны полк. Гэта 76-міліметровыя самаходкі, якіх на вайне таксама звалі «бывай, радзіма». Во яны праходзяць міма, у адной ззаду (зад у іх адкрыты) стаіць бравага выгляду камандзір, вусаты, у танкавым шлеме, і гойкае нам: упярод, пушкары, годзе пузам зямлю пахаць! Што ж, давай упярод, калі ты гэткі спрытны. Вёску ўзялі, пяхота прайшла на той бок, мы следам, і каля мастка, гляджу, стаіць абгарэлая самаходка і з яе звісае на гусеніцы абгарэлы чалавек. Па недагарэлых вусах мы пазналі таго аптыміста.
Помняцца і яшчэ прыкрыя, а то і камічныя выпадкі. Як я ўжо казаў, у Румыніі я першы раз захварэў на малярыю. Даволі паскудная хвароба, тым болей, што шпітальнага лячэння не вымагае. Зімой была перадышка, а вясной пачаліся прыступы. З пэўнай рэгулярнасцю — пад вечар або калі ўбачу ваду…
А. А.: Проста ўбачыш?
В. Б.: Убачу ставок, возера, рэчку.
А. А.: Здалёк убачыш?
В. Б.: Хоць здалёк, хоць зблізку. Раптоўна здрыгануўся, і пачынаецца ліхаманка на некалькі гадзін. Аднойчы мы займалі пазіцыю на прамой наводцы ў полі. Трошкі далей і збоч ад агнявой раслі дрэўцы, нейкія кусцікі. Агонь не вялі, але немцы былі блізка. Мяне раптам затрэсла, і я адышоўся да тых дрэўцаў. Было цёпла, ужо зялёная траўка прабівалася.
Як лёг, салдат наваліў на мяне нейкіх трафейных коўдраў, нямецкіх шынялёў — каб сагрэцца. Пасля, як крыху адпусціла, заснуў. А як прачнуўся, дык здзівіўся, што вакол дужа ціха.
Высунуў галаву з-пад таго варахоб’я — ужо сцямнела. Але дзе гармата? На агнявой няма маёй гарматы, Але стаяць нейкія людзі і пазіраюць чамусьці не туды, куды заўжды пазіраюць на фронце — у бок праціўніка. Гэтыя пазіраюць назад. Я яшчэ прыгледзеўся і прыслухаўся — то ж немцы.
А. А.: Колькі метраў ад цябе?
В. Б.: Метраў? Во правільна ты пытаешся, колькі метраў — заўсёды, як кажуць, ключавое на вайне пытанне. Ну, тут, можа, метраў дваццаць.
А. А.: Ну, ты цікавы чалавек. Любы іншы аўтар даўно ўжо з такіх сваіх эмоцый пачаў бы пісаць.
В. Б.: Тут нічога дзіўнага. На фронце ў пяхоце ці там у супрацьтанкавай артылерыі такіх выпадкаў процьма. Але справа ў тым, што з пяхоты, апроч хіба В. Кандрацьева, у літаратуру ніхто не прыйшоў. Мабыць, не засталося. Усё лепшае, што напісана пра вайну з ліку яе ўдзельнікаў, канешне, належыць усё ж артылерыі. Мабыць, паводле традыцыі, распачатай артылерыстам Л. Талстым. А тут, пакуль я дрыжаў пад варахоб’ем, нашы драпанулі, гармату камбат загадаў адцягнуць ніжэй у сяло, а пра мяне забыліся. Таго салдата, што там мяне накрываў, паслалі па аўтамабіль, а іншыя не ўгледзелі… І я ўстаў…