Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Шрифт:
Тады мы займалі ПТОР (супрацьтанкавы абарончы раён). Гэта значыць, размяшчаемся на танканебяспечным напрамку, на прамой наводцы. Да пярэдняга краю, можа, кіламетры два. Стаім, відаць, з тыдзень. Увогуле спакойна, хіба толькі даймае нямецкая авіяцыя. Але дзе яна не даймае? Цераз дарогу ад маіх гармат размяшчаюцца агнявыя пазіцыі майго сябра лейтэнанта Беражнога, які дужа любіць кніжкі, заўсёды нешта чытае. Я таксама люблю пачытаць. Неяк я ўзяў у яго «Сястру Керы» Драйзера, але прачытаць не паспеў, і ўвечары ён прыйшоў да мяне па кніжку. Я папрасіў адтэрміноўкі, і Беражны пайшоў на свае пазіцыі.
А ранкам я прачынаюся ў зямлянцы. Зямляначкі ў нас былі саплівенькія такія… Прачынаюся ад прадчування таго, што нешта здарылася. Спярша не магу зразумець, што? Роў стаіць, дым і агонь. Выскокваю з зямлянкі і зноў не магу зразумець нічога. Нічога не відаць, дым есць вочы. Зверху нешта абрушваецца, падае, вые. Быццам сірэны. Аказваецца, пікіруюць «месершміты». А ў нас на агнявой была скрынка ракет — звычайных для ракетніц, на
А. А.: І яны падпалілі?
В. Б.: Самалёты абстралялі і падпалілі ракеты. Тыя гараць і ўзрываюцца. Асколкаў няма, але… Ракеты там асвятляльныя, каляровыя, букетныя, усё гэта гарыць, пыхае, ірвецца, і роў гэты абрынаецца зверху. Адзін самалёт адыдзе, за ім — другі, і з кулямётаў лупяць. Я ўжо не памятаю, ці яны адляцелі, ці пікіравалі, але мы пачалі тушыць пажар. І вось тады да нашага слыху данеслася, што насоўваецца і горшае. Зямля хадуном захадзіла, дрыжыць і, канешне, — знаёмы гул. Калі ветрам трохі аднесла дым ад гарэлых ракет, зірнуў я на дарогу, што была збоч. А трэба сказаць: полк размяшчаўся так: дзве батарэі з гэтага боку, тры з таго. Тое называецца — асядлаць дарогу. Дык вось па той бок дарогі за пасадкай прэ натоўп танкаў.
А. А.: Натоўп?
В. Б.: Менавіта натоўп, ідуць суцэльным гуртом, бы каровы на вадапой. Ніякага там баявога парадку, толькі пярэднія страляюць з гармат. Ну вось так, не спыняючыся, прайшлі і палову нашага палка бы злізалі. Бы яго і не было — ні гармат, ні машын, ні людзей. Тут да мяне прыбягае камбат, старшы лейтэнант Ахрын (жыве ў Нікалаеве, зрэдчасу мы перапісваемся): вытаскивай пушку, подогнать машины!.. Мотаем отсюда! Падагналі «студэбекеры», выцягнулі гарматы і некуды ўбок, — канешне ж, як па рацыі загадаў камандзір палка — наперарэз танкам. Але тут трапілі ў нейкае забалочанае кустоўе, машыны пачалі грузнуць, пасля прабіраліся па зарослых дубняком пагорках. Вядома ж, спазніліся, куды трэба было, і трапілі пад абстрэл танкаў. Якраз палявы касагор, які трэба праскочыць, але яго выдатна прастрэльваюць танкі з сяла. У нас было машын з дваццаць, гармат меней, дзве батарэі. І мы рашылі, што трэба прарывацца па адной машыне. Машына разганяецца і як мага шпарыць па касагоры, а танкі страляюць. І так адна пройдзе, а другую спаляць. Я праскочыў, не пацэлілі. Іншых пападбівалі і папалілі шмат.
Яшчэ праз дзень засталася ў нас адна мая гармата з машынай, радыёстанцыя і штабная машына. Іншыя ўцалелыя пайшлі іншым кірункам, бо ўсім разам прайсці было нельга. Але з намі камандзір палка палкоўнік Парамонаў, штаб, некалькі тылавікоў і аўтаматчыкаў. Прыпыніліся мы ноччу ў нейкім венгерскім фальварку — вялікі дом пад чарапіцай, стайні, аборы. Наперадзе шырокі магістральны канал, там пантонная пераправа, і нам трэба на той бок. Але пераправа ўжо захоплена немцамі, нам далей ходу няма. Пад кустоўем у канцы падворка паставілі гармату. Перад намі шырокі роў, а за ім дарога на пераправу. І на гэтую дарогу ўранку хлынуў усё той жа танкавы натоўп. У паветры — гул, гром, лязгат гусеніц, нават зблізку нічога нельга пачуць. І тут прыбягае да мяне парторг: командир полка приказал открыть огонь. Ну што ж, агонь, дык агонь. Але ці доўга тут пастраляеш? Наводчык прыцэліўся і стрэліў. Я побач сачу — ці пацэліў? Ды, бачу, снарад пайшоў высока ў неба. Што такое? — крычу наводчыку, той удакладніў на панараме прыцэл. Зноў стрэліў. Я ў бінокль сачу, чакаю, каторы танк спыніцца, ды дзе там! Снарад б’е ў зямлю побач. Тады кідаюся да гарматы… А ў ёй ёсць такі механізм — паралелаграм з цягай, якая злучае панараму са ствалом. Куды ствол, туды і прыцэл — паводле ідэі. Але як мы цягалі гармату па лясах і пагорках, збілі тую цягу, і цяпер панарама і ствол глядзяць у розныя бакі.
А. А.: На ваша шчасце.
В. Б.: Так. Далажыў парторгу, той пабег дакладваць камандзіру палка. Разумны чалавек быў наш палкоўнік Парамонаў, вылаяўся і махнуў рукой. Бо што тут можна зрабіць? І хто вінаваты? Пакуль мы мітусіліся, танкі прайшлі на пераправу і за пераправу. А нас тым часам з вышынь за каналам пачалі абстрэльваць свае цяжкія мінамёты. Мабыць, бачаць, што сноўдаюць нейкія людзі, во яны і б’юць, толькі чарапіца з дахаў разлятаецца. Тут мяне кліча камандзір палка і, паколькі я праштрафіўся, дае заданне перабрацца за канал і наладзіць сувязь з тымі мінамётчыкамі. Для таго выдзяляе мне чалавек пяць артылерыстаў, нейкіх прыблудных сапёраў і нашага батарэйнага старшыну Жарава. Што ж, сабралася група чалавек дванаццаць, прыгнуўшыся, пабеглі па полі. Але далёка не адбегліся, гляджу — нічога не выйдзе, тыя, з-за канала, адразу накрылі нас агнём. Заляглі, што рабіць? Двух ужо параніла, некага забіла. Старшыне асколак у задняе месца ўпіўся. А да канала яшчэ ісці ды ісці…
А. А.: Яны рашылі, што вы наступаеце.
В. Б.: Яны, канешне, падумалі, што гэта немцы. Ну, і вырашыў я вярнуцца. Забралі двух параненых, забітых пакінулі і ўсё пад агнём, між разрываў прыйшлі на фальварак. Камандзір палка нават не
А. А.: Не страляючы?
В. Б.: Мы праскочылі без стрэлаў, цераз пантоны на той бок, а там адразу каменны дом і паваротка на вуліцу. А ззаду пачалася страляніна, але мы па гэтай вуліцы рванулі, як толькі можна было ўпрыцемках. Здаецца, усе праскочылі, толькі самую заднюю падбілі. Адразу за паселішчам прыпыніліся, бо нас абстралялі ўжо свае, паранілі двух салдат у кузаве і прабілі кола ў маім «студэбекеры». Тут жа паявілася начальства, і мы занялі абарону пад вышынямі. У пяхотным ланцугу паставілі гармату. Мабыць, з тыдзень ішлі баі за тыя вышыні, але танкі далей не пайшлі. Мабыць, сваю задачу яны выканалі, паехалі на іншы ўчастак. А тут калашмаціла адна адну пяхота, вышыні па некалькі разоў пераходзілі з рук у рукі. Я з гарматай акапаўся пад самай вышынёй, тое нас, мабыць, і ўратавала. Бо тых, што былі ззаду, немцы расстрэльвалі з вышынь, а нас пад носам не бачылі. Там у нас загінуў падпалкоўнік Аўчароў, капітан Кавалёў, двое ўзводных і шмат салдат. Аднойчы пяхота ўцякла, пакінула маю гармату, якую мы не маглі выкаціць. Але абышлося — уратаваў туман. А ўвогуле маю гармату ратавала нашая самаходка, што згарэла ў першы дзень і прыкрыла сабой нас з боку канала, адкуль наш плацдарм прастрэльвалі нямецкія танкі. Яшчэ нас бамбілі свае «кукурузнікі» — жаночы авіяполк. Кожную ноч вешалі ў небе свае ліхтары і пачыналі кідаць бомбы. Добра, што яны не цалялі, проста разгружаліся… У перапынках паміж бамбёжкамі прыходзіў нампаліт маёр Цквітарыя, тлумачыў нам загады Вярхоўнага галоўнакамандуючага, каб ні кроку назад. Як пачыналася бамбардзіроўка, ён кідаўся да ровіка, але быў тоўсты, няспрытны, месца ў цесным ровіку яму не хапала. Тады ён крычаў: я намеснік камандыра палка, прыказываю асвабадыть места… Як ён хутка сыходзіў, на вышыні пачалі працаваць нямецкія «гукаўкі». Праіграўшы «Сценьку Разіна» або «Ямшчыка», яны абрыналі на нас шквал уласаўскай прапаганды накшталт таго, што пад кіраўніцтвам Гітлера пачаўся пералом у вайне, што не сёння-заўтра мы будзем тут канчаткова дабіты, таму трэба ратаваць сваё жыццё, а не паміраць за Сталіна і ягоных жыдоў-камісараў. Але тая прапаганда ўжо ні на каго не дзейнічала, мы ўжо выдатна разумелі, што час Гітлера мінаўся.
Дзесьці ў гэты час мы атрымалі новыя 57-міліметровыя гарматы. Гэта былі добрыя супрацьтанкавыя гарматы — з доўгім ствалом і вялікай прабіўной сілай снарада. Яны нам адразу спадабаліся. Я сам прастраляў іх паводле ўласнага спосабу — з дапамогай бінокля. Трапнасць іх таксама была выключная, і мы шкадавалі толькі, што паявіліся яны ў нас гэтак позна. Але і тое добра. У хуткім часе яны нам паслужылі, як за ўсю вайну не служылі іншыя гарматы.
16 сакавіка магутным выбухам на світанні (гэта немцы ўзарвалі ўсё тую ж пераправу пад Шыманторніяй) пачаўся іхні адыход і нашае наступленне. Наступалі па тых жа мясцінах, дзе месяц таму абараняліся, дзе наш полк разграмілі нямецкія танкі. Як праязджалі каля маёй агнявой пазіцыі, дзе гарэлі ракеты, спыніліся, і камандзір палка загадаў завярнуць убок, на старыя пазіцыі разгромленых батарэй, забраць уцалелыя снарады. Мы адчапілі гармату і на «студэбекеры» паехалі недалёка ад дарогі ў поле. На падножку машыны да нас ўскочыў капітан-смершавец, і я з пэўнай трывогай падумаў: навошта? Пазіцыі ўзвода Беражнога былі крайнія, мы адразу ўбачылі яго разбітую гармату, разварочаны гусеніцамі ровік, некалькі трупаў салдат і яго самога — на броўцы ровіка з раскінутымі рукамі. Дзяга з яго была знята, пісталета не было ўжо, з гімнасцёркі хтосьці звінціў ордэн «Чырвонага Сцяга». Залітая крывёй гімнасцёрка ссохлася. Скрынкі са снарадамі былі ўсе побач, але гармата… Увогуле яна была цэлая, толькі яе ствол — пялёсткамі ўбакі.
А. А.: Разарваная?
В. Б.: Так, разарваная…
А. А.: Значыць, пяску насыпалі і яе разарвала?
В. Б.: Насыпалі ў ствол і стрэльнулі. Гэта было вельмі кепска. Гляджу на капітана, а той падышоў, пруцікам пастукаў па ствале і кажа, пазіраючы нам у вочы: глядзі, гэта ж трэба было так трапіць.
А. А.: Трапіць?