Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Шрифт:
Назаўтра пайшоў на зборы — палатачны лагер у лесе непадалёк ад вёскі Грандзічы, на беразе Нёмана. Тыя зборы адабралі ў мяне тры летнія месяцы. Звычайныя вайсковыя парадкі, заняткі па артылерыі: падрыхтоўка дадзеных, артстралковая… На пачатку восені — экзамены, якія «шэнціла» мне здаць на пяцёркі. Прыйшоў у рэдакцыю, атрымаў водпуск. Аднойчы сустракаю на вуліцы знаёмага афіцэра, які камандаваў намі на зборах, той пытаецца: ну што, Быкаў, гуляеш? — Гуляю, кажу. — Павестку яшчэ не атрымаў? — Якую павестку? — Хутка атрымаеш, сказаў і пайшоў. І праўда, праз дзень выклікаюць у ваенкамат — распішыцеся. Выпіска з загаду міністра абароны аб зачысленні лейтэнанта Быкава В. У. у кадры СА. Праз тры
А. А.: Гэта быў сорак сёмы год?
В. Б.: Не. Ужо сорак дзявяты. Зіму прабыў у Слонімскай дывізіі, жыў зноў у бабкі ў Альбярціне. Кожны дзень — палявыя заняткі, у мароз, дождж і сцюжу, зіма выдалася сцюдзёная. Нарэшце — чаканая вясна, прыгрэла сонца, і Быкаў атрымлівае новы загад: адправіцца на Далёкі Усход. На тым усходзе — Курылах і Сахаліне — змарнаваў яшчэ шэсць гадоў уласнага жыцця.
А. А.: Цяжкая была служба?
В. Б.: Ды ўжо ж не лёгкая. Як пачалася Карэйская вайна, наш полк вывелі на Ціхаакіянскае ўзбярэжжа, тэрмінова збудавалі земляныя ўмацаванні, дзе і сядзелі ў зямлі гады тры — чакалі нападу амерыканцаў. Бы на фронце: тыя ж парадкі, тая ж строгасць і дысцыпліна. Ды яшчэ заняткі, каб сумна не было. Праўда, на год я з’ехаў на Сахалін — на вучобу.
А. А.: І ў якім званні быў?
В. Б.: Быў лейтэнантам, пасля старшага прысвоілі, капітана. На Сахаліне быў камандзірам батарэі 122 мм гаўбіц. Спецыялізаваўся па марскіх стрэльбах — самых складаных ва ўсёй артылерыі. Артылерысты ведаюць…
А. А.: І калі вярнуўся?
В. Б.: У пяцьдзесят пятым. У канцы года…
А. А.: Дык дзе ты вучыўся? Якая ў цябе адукацыя?
В. Б.: Адукацыя толькі вайсковая. Апроч вучылішча скончыў яшчэ артылерыйскую школу на Сахаліне, гэта спрэс матэматыка — алгебра і трыганаметрыя. Філалагічнай адукацыі не маю.
А. А.: Ну, а пісаў там?
В. Б.: Спрабаваў урыўкамі. Памятаю, тры апавяданні паслаў у Мінск Міхасю Лынькову, ён прыслаў мне падрабязны разбор.
Але болей там не пісаў. Там шмат часу і сілы патраціў на тое, каб дэмабілізавацца і вырвацца ў Беларусь. Што, аднак, там не ўдалося. Ну, але гэта асобная старонка маёй біяграфіі (можа, самая цяжкая старонка, апроч хіба ваеннай), пра яе я, можа, калі напішу.
А. А.: Ну, а вярнуўшыся, куды ты паехаў?
В. Б.: Куды ж ехаць? Паехаў у Гродна. Зноў пайшоў у рэдакцыю, дзе мяне памяталі. Прынялі ў сакратарыят на тое ж месца, якое пакінуў шэсць год таму. Каб скончыць вайсковую тэму, як яна скончылася для мяне, патрэбна расказаць пра яшчэ адзін выпадак. Недзе напачатку 60-х гадоў мяне зноў выклікалі ў ваенкамат і змусілі запоўніць тры вялізныя, на некалькі столак, анкеты. Там было
А. А.: І ты пачаў пісаць сатыру?
В. Б.: Пачаў пісаць і друкавацца ў «Вожыку». Галоўны рэдактар Павел Кавалёў мяне добра прывеціў — у канцы пяцідзясятых гадоў быў попыт на сатыру. Здаецца, у шасцідзясятым годзе ў бібліятэчцы гэтага часопіса выйшла кніжка сатырычных апавяданняў. У «Маладосці» друкаваўся на маладзёжныя тэмы. Таксама — у «ЛіМе», дзе намеснікам галоўнага рэдактара быў Раман Сабаленка. Адно апавяданне — пра каханне — паслаў у «Чырвоную змену», яго раскрытыкаваў Іван Калеснік. А тыя, што друкаваліся ў «ЛіМе» (пра вайну), Сабаленка пахваліў. Такім чынам я атрымаў наглядны ўрок, як трэба і як не трэба пісаць. Для пачаткоўца гэта заўсёды важна. Пасля ўзяўся за аповесці, напісаў «Трэцюю ракету», якую некалі пахваліў і малады доктар Адамовіч. Так прыбывала вопыту, а з ім і майстэрства. Ці болей правільна — рамяства.
А. А.: А калі ты сам адчуў, што трэба вось так пісаць, а не гэтак?
В. Б.: Ну, ведаеш, адчуванне гэтае вельмі адноснае. Яшчэ ёсць нейкае захапленне на стадыі задумы, калі твор бачыш у агульных рысах. А калі да канца напішацца — спрэс расчараванне. Нават здзіўленне ад таго, што атрымалася не так, як хацеў. І невядома чаму. Часам так і не зразумееш, чаму? Дзе недабраў ці скрывіў.
А. А.: Таму ты не чытаеш пры перавыданні карэктуру сваіх кніг?
В. Б.: Не чытаю.
А. А.: Якраз таму табе і здаецца, што ўсё — не тое?
В. Б.: Можа быць. Нават тады, калі твор пахваляць. Праўда, гэтае пачуццё пакрысе асядае. Але ўсё роўна, калі я пасля пачытаю свой забыты тэкст, робіцца прыкра. Заўсёды здаецца (а можа, і сапраўды так), што гэта кепска.
А. А.: І ты стараешся апраўдацца новай аповесцю?
В. Б.: Ну, можа, не зусім апраўдацца… Але стараюся забыцца на тое, што напісаў. Не ўвогуле, не ў сэнсе ідэі — гэта якраз я памятаю і за гэта стаю…
А. А.: А колькі разоў ты перапісваеш?
В. Б.: Ведаеш, мабыць, перапісваю мала. Вядома, колькі перапісваў Талстой. Наш Аляксей Карпюк перапісваў свае аповесці дзясяткі разоў. Пішу звычайна ручкай на паперы. Пасля сам перадрукоўваю на чарнавік…