Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Шрифт:
Відаць, у значнай ступені з гэтай прычыны для некаторых залыгінскіх чытачоў аказалася нечаканасцю паяўленне яго новага рамана «Паўднёва-амерыканскі варыянт» з зусім іншай праблематыкай, іншым асяроддзем адлюстравання, іншай, чым раней, «гарадской» мовай і сучасным, «тэхнічным» і ў многіх адносінах мадэрновым, стылем. Шмат хто здзівіўся: чаму раптам пісьменнік, які выдатна валодае мужчынскай псіхалогіяй, глыбока разумее мужыка-хлебароба, раптам галоўным персанажам рамана выбраў жанчыну?
Трэба прызнаць, такое здзіўленне небеспадстаўнае. Сапраўды, у ранейшых творах С. Залыгіна жаночыя вобразы не карысталіся асаблівай увагай аўтара, і мы можам успомніць з іх хіба што сімпатычную Клаўдзію Чаўзаву, Дору Мешчаракову ды Тасю Чарненка — не так ужо і многа. Але, відаць, у тым і справа, што тэма жанчыны да пары да часу заставалася нібы «ў запасе»: нявыдаткаваныя жыццёвыя назіранні, роздум, высновы патрабавалі
Калі хоць бы ў агульных рысах прасачыць за эвалюцыяй першых гераінь Залыгіна да яго Ірыны Мансуравай, дык стане зразумела яе важнасць і непазбежнасць у гэтым нешматлікім шэрагу залыгінскіх жаночых вобразаў. Бясспрэчна, з часу Тасі Чарненка, Доры Мешчараковай і Клаўдзіі Чаўзавай у лёсе жанчыны змянілася многае — іншым, не падобным на ранейшае, жыццём жывуць цяпер іх зямлячкі — сібірскія калгасніцы. Але ці азначае гэта, што праблема жаночага лёсу вырашана і нішто больш не стаіць на шляху да жаночага шчасця? Нягледзячы на шматлікія перамены да лепшага ў сацыяльным жыцці народа, адно застаецца нязменна: сучасная жанчына па-ранейшаму выконвае сваю нарыхтаваную ёй прыродай ролю прадаўжальніцы чалавечага роду, выхавальніцы яго будучых пакаленняў, што ўжо само па сабе немагчыма без атмасферы любові і чалавечнасці. Сучасная жанчына ніколькі не менш, чым у свой час Ганна Аркадзьеўна Карэніна або Ганна Сяргееўна фон Дзідэрыц, занята ўсё тым жа велізарным для яе пытаннем кахання, без якога шчасце яе не можа быць поўным нават у самым сацыяльна-гарманічным грамадстве. Аказваецца, што там, дзе яго няма, гэтага злашчаснага кахання, трэба яго прыдумаць і накіраваць на аб’ект рэальны або выдуманы, бо нават каханне ўяўнае надае свету жанчыны новы змест, напаўняе яго духоўнасцю, без чаго не надта ўтульна было б на гэтай зямлі і той палавіне чалавецтва, якая па магчымасці цалкам прысвячае сябе барацьбе за навукова-тэхнічны і іншы прагрэс — мужчынам.
Але, напэўна, з часам каханне будзе каштаваць усё больш дорага. Як ужо заўважана ў жыцці, спрадвечны аб’ект жаночага кахання — мужчына, прыкметна губляе ўласцівы яму прымат больш моцнага ў параўнанні з жанчынай, а значыць, і лепшага, якім ён з’яўляўся ў мінулым, будучы воінам-абаронцам (Мешчаракоў) або клапатлівым земляробам-гаспадаром (Чаўзаў), і нярэдка становіцца такім жа, як і яна (Ірына Віктараўна), служачым, «тэхнаром», загадчыкам аддзела, які стаіць на службовай лесвіцы часам трохі вышэй за яе, а часам і ніжэй. Але як тады жанчыне кахаць таго, хто «ніжэй» і не толькі ў службовых адносінах, а ў іншых таксама, як, напрыклад, Мансураў — Курыльскі?
Можна гэтую праблему разглядаць як хочаш і тлумачыць ці то гістарычным ростам сацыяльна-грамадскай ролі жанчыны, ці зніжэннем ролі мужчыны, можна яе разумець як дабро ці наадварот, але сутнасць праблемы ад гэтага не зменіцца. Для рэалізацыі натуральнага чалавечага дару кахання патрэбны варты гэтага кахання аб’ект, інакш каханне пагражае ператварыцца ў нешта вельмі рацыянальнае, пазбаўленае і страсці, і паэзіі.
Мне думаецца, што апошні раман С. Залыгіна менавіта аб гэтым.
Ва ўсякім выпадку відавочна, што праблематыка яго ўжо сама па сабе здольна навесці на спрэчкі, і такія спрэчкі, як вядома, ужо ўзнікалі. Я дапускаю, што да рамана можна паставіцца па-іншаму, прачытаць яго інакш, але ж наватарскі твор заўжды спрэчны. I нават аспрэчваючы сацыяльнамаральную праблематыку рамана, ці варта праходзіць міма многіх яго безумоўных вартасцей — па-майстэрску выверанай формы, беззаганнага, нават віртуознага стылю, дзе амаль кожная фраза — закончаная мастацкая фігура, а ўвесь раман — суцэльны, амаль непарыўны псіхалагічны ланцуг, які складае ўнутраны свет гераіні, падрабязна даследаваны і скрупулёзна выкладзены моваю аўтара.
Наўрад ці хто адважыцца аспрэчваць зараз той факт, што наша літаратура прыкметна ўзбагацілася выдатнымі старонкамі, якія выйшлі з-пад пяра таленавітага майстра Сяргея Залыгіна. Талент таму і талент, што, прыглядаючыся да жыцця, бачыць у ім далей і чуе больш, чым многія іншыя, і таму павучальныя нават яго яўныя, а тым больш уяўныя недахопы.
Для Сяргея Залыгіна гэты год юбілейны. Яму спаўняецца шэсцьдзесят, што можна лічыць узростам творчай сталасці. Пісьменнік пастаянна ў рабоце. Вялікая грамадская і літаратурна-выкладчыцкая дзейнасць не з’яўляецца перашкодай для яго галоўнай справы — літаратуры, якой ён аддаецца нястомна, без перадыху. Ён ведае, што за яго ніхто не можа напісаць таго, што дадзена напісаць толькі яму аднаму. Следам за пісьменнікам мы можам паўтарыць яго ж словы, сказаныя ім з іншай нагоды, але яны ў аднолькавай ступені адносяцца і да таго, хто сказаў іх, — аб тым, што літаратура для яго зусім не мэта, а толькі
[1973]
Рыгор Бакланаў
Для многіх з нас, былых франтавікоў, у першыя гады пасля вайны далёка не ўсё, напісанае аб ёй, мела прыцягальную сілу. Хутчэй наадварот. Хацелася па магчымасці вызваліцца ад нядаўна перажытай ваеннай рэчаіснасці, увайсці ў мірнае жыццё, з якога мы былі так нечакана вырваны ў гады свайго ранняга юнацтва і аб якім марылі ў баях. Але дзіўная справа: мінуў час, і гэта наша ваеннае мінулае стала набываць усё больш ёмісты і хвалюючы сэнс, у якім бачылася многае не толькі з вайны.
Першая ваенная кніга Рыгора Бакланава ўразіла мяне, як не ўражвалі іншыя прачытаныя да яе кнігі пра вайну. Гэта было ў канцы пяцідзесятых гадоў, яшчэ да з’яўлення яго «Пядзі зямлі», якая зрабіла яго імя шырока вядомым у нашай літаратуры. Назва той яго, дарэчы, не самай папулярнай кнігі — «На поўдзень ад галоўнага ўдару», і расказваецца ў ёй аб некалькіх днях цяжкіх баёў ля возера Балатон у Венгрыі. Гэта таленавіта напісаная аповесць — канцэнтрат суровай праўды аб вайне, якой яна навек адбілася ў свядомасці перажыўшых яе франтавікоў, варты помнік тым многім тысячам нашых аднагодкаў, што навек засталіся ля меліярацыйных каналаў і вінаграднікаў венгерскай зямлі. Потым з’явіліся іншыя яго аповесці — славутая «Пядзя зямлі», яркая, як успышка ракеты, «Мёртвыя ганьбы не імуць», ёмісты і мудры «Ліпень 41 года», у якіх мінулая вайна паўстала ў новых, не менш праўдзівых і хвалюючых вобразах. Але гэтая першая ваенная аповесць Бакланава з’явілася для мяне надзвычай наглядным прыкладам таго, як непадмаляваная ваенная рэчаіснасць пад пяром сапраўднага майстра ўвачавідкі ператвараецца ў высокае мастацтва, поўнае хараства і праўды. Ва ўсякім выпадку, з хваляваннем прачытаўшы гэты невялікі твор, я зразумеў, як трэба пісаць пра вайну, і думаю, што не памыліўся.
Сіла бакланаўскага таленту, на мой погляд, заключаецца перш за ўсё ў яго мудрай, ёмістай памяці — на дэталі, атмасферу, псіхалагічны стан тых непаўторна адыходзячых у мінулае год. Менавіта чэрпаючы з гэтай памяці, мастак плавіць у тыглі сваёй душы высокую праўду аб вайне, умела пазбягаючы разбуральных наносаў прыгажосці, прыблізнасці, шаблоннай рыторыкі. Ва ўсім, што б ні напісаў Бакланаў, ён надзіва дакладны і канкрэтны. Так, напрыклад, у акопным артылерыйскім побыце пасля выхаду ягоных кніг проста стала цяжка знайсці свежую, не выкарыстаную ім дэталь, стварыць колькі-небудзь новы тып салдата або малодшага афіцэра. Ён намаляваў цэлую галерэю цудоўных па сваёй дакладнасці характараў франтавікоў, кожны з якіх мог бы стаць гонарам для любога аўтара — столькі ў іх вернасці натуры, псіхалагічнай і сацыяльнай ёмістасці. Пры гэтым нельга забываць, што такія характары, як Багачоў, Матавілаў, Ішчанка, Прышчаміхін, прыдумаць немагчыма, іх трэба назіраць шмат год, жыць з імі, праліць кроў і перажыць вайну, каб пасля з такой яркасцю ўвасобіць іх у літаратуры.
Вернасць факту ваеннага мінулага, рэаліям і людзям вайны зрабілі прозу Р. Бакланава такой ёмістай, дакладнай і разумнай, з’яўлення якой трудна было чакаць праз два дзесяцігоддзі пасля вайны, маючы на ўвазе колькасць аб ёй напісанага. Але ў ягоных кнігах вайна зажыла новым жыццём, у ёй з’явіліся новыя жывыя людзі з іх горам і радасцямі, прастадушшам і хітрасцю — з усёй складанасцю непрыдуманых салдацкіх натур. Да таго ж кожная яго ваенная аповесць — гэта не проста твор пра вайну наогул, гэта яшчэ і дакумент, мноствам яўных і ледзьве ўлоўных прыкмет прывязаны да канкрэтнага перыяду вайны, пэўнага месца баёў. Так, «Пядзя зямлі» — гэта адзін з днястроўскіх плацдармаў 1944 года. «Мёртвыя ганьбы не імуць» — франтавы эпізод зімы таго ж года на Украіне. «На поўдзень ад галоўнага ўдару» — Секешфехервар, Венгрыя. Адны толькі назвы шмат аб чым гавораць слыху франтавікоў, бо за кожнаю з іх крывавыя баі, раненні, смерці таварышаў. Што і казаць, бакланаўскія кнігі не для лёгкага чціва, у іх, можа быць, надта многа смерцяў, крыві, горычы баявых няўдач, затое не меней і доблесці, стойкасці, душэўнай прыгажосці і мужнасці. Ды і ці ж магчыма інакш! Хіба вялізнейшая з нашых перамог не далася нам самай вялікай цаной, якую калі-небудзь у гісторыі плаціў наш народ?
Знамянальна, што проза Бакланава, апрача таго, што яна глыбока драматычная па сваёй сутнасці, яшчэ і напоўнена тонкім, чароўным лірызмам, як бы асветлена поглядам добрага чалавека, які ўсё разумее, шчыра і па-сапраўднаму любіць людзей. Многія яе старонкі авеяны ціхім смуткам душэўнага спачування. У той жа час, напэўна, рэдка хто іншы ў нашай літаратуры такі непрымірымы да рознага роду подласці і фальшу, як Рыгор Бакланаў. Але нават у сваім асуджэнні ён нешматслоўны і стрыманы. I гэта цудоўна.