Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Шрифт:
Мы таропка развярнулі «саракапятку» на нешырокай прасёлачнай дарозе, што абрасла рэдкім кустоўем, і скрозь яго адкрылі агонь. Але танкі ў адносінах да нас знаходзіліся наўкось у полі, так званы «вугал сустрэчы» снарада з бранёй аказаўся вельмі малы, і ўсе нашы бранябойныя снарады, ярка бліскаючы трасёрамі, разляталіся ад танкаў у бакі. Як заўсёды, у гарачцы бою нам здавалася, што вінаваты наводчык, што ён кепска наводзіць, «мажа»; мы злосна крычалі на яго, і ён, не менш злосна мацюгаючыся, пасылаў снарад за снарадам, і ўсё марна. Пасля дзясятка стрэлаў я кінуўся з канавы да гарматы, як раптам пад самым яе ствалом
Тым часам, скончыўшы з гарматай і асмялеўшы, танкі падышлі яшчэ бліжэй да батальённага ланцуга, рэшткі якога нават не імкнуліся бегчы, бо бегчы не было куды: ззаду прасціралася адкрытае поле. Але цяпер у адносінах да агнявой пазіцыі гарматы яны аказаліся бокам, бяспечна падставіўшы свае слабыя для снарада барты. Пронін, які ўвесь час мацюгаўся і плакаў, бадай, болей ад роспачы, чым ад ранення, нічога не сказаўшы, раптам выскачыў з-за кустоўя, дзе мы перавязалі адзін аднаго, і пабег да гарматы.
«Саракапятка» добра была пакарэжана, прыцэл разбіты, але ствол і замок былі, мабыць, спраўныя, і Пронін адкрыў агонь. Лежачы ў канаве, мы чулі злыя ягоныя выкрыкі каля гарматы і бачылі, як зноў замільгалі бранябойныя трасы — у барты, пад вежу, па маторах фашысцкіх танкаў. Хутка адзін з іх задыміў, другі стаў разварочвацца, сцелючы па зямлі перабітую гусеніцу. Але вось некалькі танкавых вежаў паспешна развярнуліся ў бок дарогі, і тры амаль адначасных стрэлы з іхніх гармат назаўжды скончылі з нашай «саракапяткай».
Чаму Пронін рашыўся на гэта самаахвяраванне? Пачуццё адказнасці і свайго воінскага абавязку, думаю, кіравала ім.
У сваёй прозе я так і не знайшоў месца ні для Міргарада, ні для Проніна, аб чым не перастаю шкадаваць і цяпер, але і нічога не магу зрабіць. Відаць, усё ж мастацкая проза больш выбарачная па сваёй прыродзе, чым які іншы від мастацкай творчасці. Таму хай гэтыя скупыя радкі будуць маёй сціплай данінай памяці тым, аб кім я заўсёды думаю і каму абавязаны самым дарагім — жыццём.
[1974]
[ІНтэрв’ю газеце «Літаратура і мастацтва»]
— Ад усяго сэрца віншуем з прысуджэннем Дзяржаўнай прэміі СССР. Мы шчыра рады за вас.
— Дзякуй. Для мяне гэта вялікі гонар — атрымаць Дзяржаўную прэмію СССР разам з такімі сусветна вядомымі майстрамі літаратуры, як Кайсын Куліеў і Леанід Мартынаў. Удзячны за прысуджэнне прэміі Камуністычнай партыі і Савецкаму ўраду. Я разглядаю гэту ўзнагароду як усесаюзнае прызнанне дасягненняў усёй беларускай літаратуры.
— Прэміяй адзначаны вашы аповесці «Абеліск» і «Дажыць да світання» — творы пра вайну, пра подзвіг чалавека на вайне. Напярэдадні трыццатай гадавіны з Дня Перамогі гэта набывае асаблівае гучанне.
— Так. Значэнне прэміі яшчэ і ў тым, што ў даным выпадку яна прысуджана за творы на тэму вайны. Склалася так, што амаль уся мая літаратурная творчасць так ці інакш прысвечана ваеннай тэматыцы.
Літаратура наша шмат зрабіла ў адлюстраванні гістарычнага подзвігу народа — ва ўсіх жанрах створаны шэраг выдатных твораў пра вайну, але ці значыць гэта, што пра адно з найвялікшых гістарычных выпрабаванняў сказана ўсё? Я думаю, што тэма гэтая бязмежная. І не толькі мы, сведкі і ўдзельнікі гэтага выпрабавання, павінны напісаць яшчэ шмат, але аб ёй, аб вайне, будуць пісаць яшчэ многія пісьменнікі з тых пакаленняў, якія прыйдуць пасля нас.
— Пытанне вам як удзельніку вайны і пісьменніку. У якой ступені перажытае вамі дапаўняецца творчым домыслам?
— Суадносіны ўласнага вопыту з чыста літаратурным домыслам — праблема вельмі складаная для пісьменніка. Відаць, у працэсе творчасці адно ўдаемадзейнічае з другім. Хаця — у розных пісьменнікаў, можа, у рознай меры. Адны аддаюць перавагу свайму вопыту, факту, другія — наадварот. Людзі з добра развітым уяўленнем, чыста мастакоўскай фантазіяй болей любяць кіравацца сваім мастацкім чуццём. У мяне было па-рознаму. Некаторыя творы ўзніклі цалкам на базе факту і вопыту, іншыя — былі сканструяваны, калі можна так сказаць, з дапамогай уяўлення і ведання падзей. Гэта, напрыклад, адносіцца амаль да ўсіх партызанскіх аповесцей — бо асабістага вопыту ўдзелу ў партызанскай вайне ў мяне няма.
— Як спрыяла работа ў газеце вашаму станаўленню ў літаратуры?
— Работа ў газеце «Гродненская правда» паслужыла пэўнай школай. Журналісцкае асяроддзе папярэднічала літаратурнаму. Хаця газета спецыяльна не займалася літаратурай, але час ад часу друкавала вершы, літаратурныя старонкі. Так выпрацоўваліся першыя навыкі журналістыкі і пісьменніцтва. I яшчэ. Работа над словам. Безумоўна, слоўнік газетчыка не надта багаты: што там гаварыць пра метафары, народныя выразы… Але ў той жа час газетная школа, як ніякая, вучыць эканомнасці, папярэджвае ад усялякай моўнай празмернасці, вучыць абсалютнай стылістычнай строгасці. Безумоўна, для пісьменніка патрэбна развіццё тых навыкаў, якія дае газета, патрэбна ўдасканаленне іх, потым газетныя навыкі саслужаць харошую службу.
— Мы ведаем, што вы зараз заняты ў кіно. Як там справы?
— На студыі «Беларусьфільм» і на студыі «Ленфільм» здымаюцца фільмы «Воўчая зграя» і «Дажыць да світання».
Як вядома чытачам, адна аповесць — пра партызанскую вайну ў Беларусі, дзеянне другой — адбываецца ў першы год вайны пад Масквой. Натурныя здымкі «Воўчай зграі» праходзілі на станцыі Лынтупы і ў Смалявічах. Здымае фільм рэжысёр Б. Сцяпанаў, добра мне знаёмы. «Дажыць да світання» здымае рэжысёр Віктар Сакалоў.