Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Шрифт:
Літаратура павінна няспынна біць у свае званы, настойліва будзіць у людзях патрэбу ў высокай духоўнасці, без якой кожны самы высокі прагрэс матэрыяльнай культуры будзе не ў радасць.
— Гаворачы неяк пра аповесць «Сотнікаў», вы заўважылі:
«А хіба гэта аповесць пра партызанскую вайну?» (Я, праўда, сказаў бы не так катэгарычна: гэта аповесць не толькі пра партызанскую вайну.) Але, мяркуючы па сказаным, вы свядома шукаеце сучасную праблематыку, звяртаючыся да рэчаіснасці ваеннай пары. Пытанне ў тым: ці сучасная — у прамым і дакладным сэнсе слова — гэтая праблематыка? Бо кожны час — вы таксама гаварылі пра гэта — усё ж нараджае свае ўласныя праблемы. А мадэрнізацыя або архаізацыя іх можа адвесці ад праўды. Ці гэта праблематыка на самой справе толькі «рыфмуецца» з тымі пытаннямі, над якімі мы цяпер б’ёмся, і дапамагае знайсці ключ да іх вырашэння? I яшчэ адно: ці не тут адзін з вытокаў тых спрэчак, якія нярэдка ўзнікалі ў крытыцы вакол вашых твораў,
— Вялікая Айчынная вайна савецкага народа супраць нямецкага фашызму цягнулася чатыры гады; але яе духоўнафізічны «канцэнтрат» складае цэлую эпоху ў нашай гісторыі. На працягу гэтых чатырох год так ці інакш знайшлі сваё адлюстраванне многія стагоддзі нашай гісторыі, нашай палітыкі, усе элементы псіхалогіі і маралі нашага народа. Нельга таксама лічыць, што Дзень Перамогі 9 мая 1945 года з’явіўся пераломным днём нашага існавання, што, як толькі сціх грукат гармат, жыццё імгненна змяніла характар і стала ціхамірным. На самой справе жыццё з адной якасці ў другую эвалюцыянавала марудна і малапрыкметна. Многае з таго, што мы адкрылі для сябе ў часіну цяжкіх выпрабаванняў, жыве з намі да гэтага часу; многія нашыя духоўныя і арганізацыйныя набыткі так ці інакш аказвалі або аказваюць свой уплыў на далейшае жыццё грамадства. Таму ці ёсць патрэба для літаратара падганяць праўду нашага існавання пад праўду вайны або рэканструяваць рэчаіснасць? Ці не больш плённа будзе пашукаць агульны назоўнік, філасофскі корань таго, што мела месца ў вайну і не страціла свайго маральнага або іншага значэння і цяпер? Канешне, метад палявання снайпераў за варожымі салдатамі наўрад ці здольны сур’ёзна зацікавіць кагонебудзь сёння, снайперы — не самая актуальная спецыяльнасць для грамадства мірнага часу; адышлі у мінулае многія іншыя якасці, калісьці важныя для вайны, а з імі і носьбіты гэтых якасцей. Але вось аматары падставіць бліжняга пад удар лёсу або начальства, каб схавацца за яго спіной, не перавяліся і сёння. Праўда, у гады вайны гэта было больш прыкметна і болей уражвала вынікамі, цяпер нярэдка такія рэчы выглядаюць менш драматычна, але пры ўсім тым прырода іх застаецца аднолькавая. Прырода здрадніцтва ва ўсіх выглядах агідная, якімі б матывамі гэтае здрадніцтва ні кіравалася і якія б высокія мэты ні праследавала.
У гэтай сувязі будзе не лішне, я думаю, успомніць аб некаторых спрэчках вакол аднаго з персанажаў маёй аповесці «Сотнікаў». Я маю на ўвазе Рыбака. Мне думаецца, што прычына падзення Рыбака — у яго душэўнай усяяднасці, яго маральнай несфармаванасці. Ён прымітыўны прагматык, які зусім не суадносіць мэты са сродкамі. Вайна для яго — простая да прымітыву справа, з вычарпальнай паўнатой выяўленая пастулатам «чыя сіла, таго і праўда» і яшчэ — «свая кашуля бліжэй да цела». Ён не вораг па перакананнях і не нягоднік па сутнасці, але ён хоча жыць насуперак магчымасцям, у трудную хвіліну ігнаруючы інтарэсы бліжняга, клапоцячыся толькі аб сабе. Духоўная глухата не дазваляе яму зразумець глыбіню яго падзення. Толькі ў канцы ён з непапраўным спазненнем бачыць, што ў некаторых выпадках выжыць не лепш, чым памерці. Але, каб спасцігнуць гэта, яму давялося прайсці праз цэлы шэраг малых і вялікіх здрад, згодніцтва, уступак каварнаму і хітраму ворагу, якім быў нямецкі фашызм. У выніку — духоўная пагібель, якая аказваецца горш за фізічную смерць.
Канешне, сучасны чытач не стаіць перад такім выбарам, аднак лёс Рыбака, магчыма, прымусіць яго задумацца над тым, наколькі небяспечныя кампрамісы з уласным сумленнем і да чаго яны могуць прывесці чалавека…
— У адрозненне ад літаратурных равеснікаў вас не займала тэма пакалення юнакоў 41-га года, якой яны ў сваёй творчасці аддалі немалую даніну. Ці не таму гэта, што яны пачалі свой літаратурны шлях раней за вас і паспелі аб гэтым даволі шмат напісаць? Ці не таму вы з самога пачатку пайшлі па шляху некалькі іншым?
— Магчыма, і таму. Сапраўды, яны даволі падрабязна напісалі аб лёсе — ваенным і пасляваенным — юнакоў 41-га года да таго, як я пачаў пісаць наогул. Але тут ёсць і яшчэ адна прычына. Яны, вярнуўшыся адразу пасля заканчэння вайны да мірнага жыцця ў інстытуты і ўніверсітэты, былі больш звязаны са сваімі равеснікамі, чым я, які працягваў і пасля вайны немалы час служыць у арміі на ўскраінах, у далёкіх гарнізонах. Многія праблемы, якія былі вельмі істотныя і вельмі важныя для іх, для мяне былі за межамі майго асабістага жыццёвага вопыту.
— Аднойчы вы заўважылі, што немалую ролю ў стварэнні кніг аб салдатах пяхоты, якая «ў мінулай вайне з’яўлялася не толькі царыцай палёў, але і пралетарыятам усіх бітваў, выйграных яе вялікай крывёй, адыгрывае пачуццё абавязку тых, што жывуць, непехацінцаў, якія даволі нагледзеліся на кроў, мукі і пот пяхоты». Іншы раз вы пісалі: «Так, гэта ён, радавы вялікай бітвы, нічым не прыкметны былы калгаснік або рабочы, сібірак ці разанец, доўгія месяцы мёрз пад Дзямянскам, перакапаў сотні кіламетраў зямлі пад Курскам і не толькі нішчыў агнём немцаў, але і круціў баранку на разбітых франтавых дарогах, пракладваў і трымаў сувязь, будаваў дарогі, наводзіў пераправы. Ён многае перажыў, гэты баец, галадаў, знемагаў ад смагі, пабойваўся смерці, але сумленна рабіў сваю непрыкметную салдацкую справу. I, прайшоўшы праз усе выпрабаванні,
— Наша вялікая вайна, як вядома, багата рознымі подзвігамі, сотні тысяч людзей усіх пакаленняў, воінскіх званняў і родаў войск праявілі на ёй дзівосы адвагі і воінскага ўмельства. Але асабіста я, трохі паваяваўшы ў пяхоце і зведаўшы частку яе штодзённых пакут, як мне думаецца, спасцігшы сэнс яе вялікай крыві, ніколі не перастану лічыць яе ролю ў гэтай вайне ні з чым не параўнальнаю роляй. Ні адзін род войск не ў стане зраўняцца з ёю ў яе агромністых намаганнях і ёю прынесеных ахвярах. Ці бачылі вы брацкія магілы, густа раскіданыя на былых палях бітваў ад Сталінграда да Эльбы, ці ўчытваліся калі-небудзь у бясконцыя слупкі імёнаў забітых, у аграмаднай большасці юнакоў 1920–1925 гадоў нараджэння? Гэта — пяхота. Яна густа ўслала сваімі целамі ўсе нашы шляхі да перамогі, сама застаючыся малапрыкметнай і малаэфектыўнай сілай, якая, ва ўсякім разе, не ідзе ў параўнанне з тараннай магутнасцю танкавых войск, з агнявой сілай бога вайны — артылерыі, з бляскам і прыгажосцю авіяцыі. I напісана пра яе меней за ўсіх. Чаму? Ды ўсё таму ж, што тых, хто прайшоў у ёй ад Масквы да Берліна, засталося вельмі нямнога, жыццё пехацінца ў стралковым палку вымяралася нямногімі месяцамі. Я не ведаю ні аднаго салдата або малодшага афіцэра-пехацінца, які мог бы сказаць сёння, што ён прайшоў у пяхоце ўвесь яе баявы шлях. Для байца стралковага батальёна гэта было неверагодна.
Вось таму мне думаецца, што самыя вялікія магчымасці ваеннай тэмы для гэтага часу маўкліва хавае ў сваім мінулым пяхота. Час паказвае, што ўжо наўрад ці прыйдзе адтуль у нашу літаратуру яе геніяльны апостал, затое нам, пакуль што жывым, трэба шукаць там. Пяхота мінулай вайны — гэта народ з усім яго шматпакутным лёсам, там трэба шукаць усё.
— Вашы апошнія творы прысвечаны партызанам. Але вы партызанам не былі, ваявалі ў рэгулярнай арміі. I ўсё ж я хачу задаць вам пытанне, маючы на ўвазе і вашы партызанскія аповесці: у якой меры вашы асабістыя ўражанні, ваш ваенны вопыт уваходзяць у вашы творы? Ці маглі б вы пісаць пра вайну, — у тым ліку і партызанскую — калі б не былі на фронце? I з другога боку, калі вы пачалі пісаць пра партызан, ці патрабаваў гэты, новы для вас, матэрыял якіх-небудзь дадатковых намаганняў для авалодання ім? Як наогул вы збіраеце матэрыял? Канешне, гэта складаны працэс. Але калі яго да вядомай ступені ўпрасціць і лагізаваць, дык якое месца займаюць гутарка з удзельнікамі вайны, вывучэнне архіваў, чытанне мемуараў, ваенна-гістарычных прац і г. д.? Мэтанакіраваныя вашы пошукі матэрыялу ці ён накопліваецца сам сабой?
— Хоць я пішу пра вайну даволі даўно, тэмай партызанскай вайны заняўся толькі ў апошні час, пасля таго, як зразумеў, што яна тоіць у сабе магчымасці, якія далёка не заўсёды ёсць у франтавой рэчаіснасці з высокай ступенню яе арганізаванасці і рэгламентаванасці ўсяго яе побыту і дзейнасці. Партызанская ж вайна ў значнай меры (асабліва на яе раннім этапе) — працэс дзеяння мас, стыхійнасці яе чалавечага матэрыялу, маральнай і псіхалагічнай разнастайнасці, што заўжды мае перавагу для літаратуры. Спрадвечная праблема «выбару» ў партызанскай вайне і на акупіраванай тэрыторыі стаяла больш востра і вырашалася больш разнастайна, матываванасць чалавечых учынкаў была болей ускладнена, лёсы людзей больш багатыя і часта больш трагічныя, чым у кожным з самых розных армейскіх арганізмаў. I наогул элемент трагічнага, які заўсёды з’яўляецца істотным элементам вайны, праявіўся тут ва ўсю сваю страшэнную сілу. Можна сказаць, не баючыся памыліцца, што для паўнакроўнага выяўлення ў літаратуры трагедыі акупіраваных тэрыторый бытапісальныя сродкі занадта бледныя. Тут патрэбны зусім іншыя фарбы і страсці маштабу шэкспіраўскіх. Я заўсёды з вялікай нерашучасцю бяруся за гэты матэрыял і, мабыць, зусім не браўся б, калі б не думка аб хуткаплынным часе, які з кожным годам усё менш пакідае нам сведкаў і сведчанняў той небывалай па чалавечых перажываннях эпохі. Прытым, зразумела, было б немагчыма колькі-небудзь паспяхова справіцца з ім, не валодаючы вопытам вайны. Але ж галоўная ідэйная аснова тут тая самая, што і ў дзеючай арміі, псіхалагічныя, маральныя перадумовы многіх учынкаў адэкватныя. Я не праводзіў мэтанакіраваных пошукаў матэрыялу, не займаўся зборам яго. Там, дзе я жыву, у гэтым яшчэ няма патрэбы, тут яшчэ вельмі многае напамінае пра мінулыя гады вайны.
— Сабраныя мастакамі ўражанні жыцця па-рознаму імі рэалізуюцца, у чым і выяўляецца пісьменніцкая індывідуальнасць кожнага аўтара. Дык вось, ці былі ў каго-небудзь з вашых герояў прататыпы, а можа, блізкасць літаратурнага характару да рэальнай асобы вас звязвае? Тое ж самае я хачу спытаць наконт сюжэтных сітуацый: ці абапіраецеся вы на рэальныя падзеі, сапраўдныя выпадкі, якія мелі месца ў жыцці, або вашы веды жыцця дазваляюць вам ствараць вымышленыя, але праўдзівыя сітуацыі?