Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
І во — вынішчыліся.
Учора Пан Бог паціху абляцеў на аблачыне ўсю зямлю і нідзе ня згледзеў нікога. Толькі сярод джунгляў ля Амазонкі варушыліся ў лістоце нейкія стварэньні, а так усе палі, пагоркі і выпасы былі пустэльныя — ні гарадоў, ні паселішчаў, ні якіх халупаў. Асабліва ўразіў Пана Бога кавалак сушы на поўнач ад рэчкі Прыпяці — такі быў слаўны куточак, не гарачы і не сьцюдзёны, некалі поўны зьверыны, рыбы і птушак, аддадзены неблагому працавітаму племю дрыгавічоў. І што сталася? Засыпаліся нуклеарамі, здурнелі і вымерлі. Во і рабі людзям дабро!
Стала зразумела Пану Богу, што ўсё трэба пачынаць спачатку.
Але каму пачынаць? Ясна, што людзям ня варта давяраць тое. Ужо аднойчы было даверана, і што атрымалася? Сорам
Порсткая чародка чорных мурашоў сноўдала каля босых, натружаных за даўгое жыцьцё Боскіх ног. Адзін муравейка, мабыць, самы зь іх сьмелы, борзьдзенька ўскараскаўся на Боскі вялікі палец і раздумна зьнерухомеў. Пан Бог сьпярша памкнуўся яго струхнуць прэч, ды падумаў: а можа, гэтым? Будуць сабе мітусіцца, рупіцца, бяз сваркі і варажнечы, грахоў ды эмоцыяў.
Сапраўды, варта было падумаць.
Помнік ад дэмакратыі
Дзяржава была дэмакратычнай, дэмакратычным было грамадзтва. Культура, безумоўна, таксама будавалася дэмакратычная. Таталітарызм, хоць і нядаўна, але ўвесь сышоў у нябыт, пакінуўшы па сабе благую памяць. Людзтва рупілася пазбыцца яго надта ж нехуцавых наступстваў. Трэба было панішчыць яго нядобрую спадчыну і ўмацаваць дэмакратыю. Найперш было вырашана паставіць помнік Песьняру.
Пясьняр, безумоўна, быў дэмакратам (як і належала песьняру-патрыёту). Антыдэмакратычны рэжым ня раз кідаў яго ў турму, ягоныя творы не друкаваліся, а песьні не выконваліся. Улады абвесьцілі конкурс на найлепшы праект помніка, і ў конкурсе маглі ўдзельнічаць усе майстры, хто толькі хацеў. Абмяркоўваць таксама мог кожны. Праекты помнікаў былі выстаўленыя для агляду ў гарадзкім парку. Выбіралі дзень цэлы, і толькі пад вечар грамада спынілася на адным. То быў самы вялікі гіпсавы пясьняр. Некаторыя, праўда, хацелі сярэдніх памераў, але ім дружна запярэчылі, і тыя ўрэшце пагадзіліся. Усё ж памер — не апошні з крытэрыяў у грамадзтве, дзе іх і так было небагата. Той самы выбар зрабіла і афіцыйная камісія, складзеная з прадстаўнікоў уладаў і розных слаёў насельніцтва.
Далей ішло абмеркаваньне дэталяў. Амаль усе былі перакананыя, што адна галава добра, а шмат галоў — лепей. Скульптар, праўда, пярэчыў, але яму напомнілі, што той мае толькі адну галаву і дзьве рукі. А тут, калі пачалі галасаваць, паднялося мноства рук — значыцца, праўда была на іхнім баку. Таму прайшла яшчэ адна прапанова (дарэчы, сьвятара), каб Пясьняр быў не ў капелюшы, а зь непакрытай галавой. Да чалавека зь непакрытай галавой усё ж болей павагі, асабліва калі ён хрысьціянін. Але як быць з капелюшом? Ня кідаць жа яго долу, калі ён зроблены. Тады хтось прапанаваў: а хай ён трымае яго ў руцэ. Так і зрабілі. А яшчэ лепш, калі будзе трымаць не капялюш, а кепку. Скульптар лаяўся, але перарабіў. Тым болей што ў ранейшыя часы ён гэтых кепак нарабіў нямала, меў пэўны досьвед. Але тады падняўся адзін прадстаўнік вытворчага калектыву, які давёў, што кургузая куртачка — неяк непачціва для паважанага працаўніка культуры, якія ў свой час усе насілі паліто. Трохі паспрачаліся і вырашылі апрануць Песьняра ў паліто. Добрае паліто, нібы з драпу, шырокае ў плячох. Тым болей што адкрыцьцё помніка зацягнулася, настала восень. Ну, а калі восень, дык хутка і зіма, не стаяць жа чалавеку ў гамашыках на марозе, трэба яго абуць у… валёнкі! — прапанаваў самы здагадлівы. Скульптар пазелянеў ад злосьці ды роспачы. Але ўсё ж часы былі не таталітарныя, урэшце ўлічылі і думку скульптара, вырашыўшы абуць Песьняра ў боты. Калі на тоўстай падэшве, дык зусім будзе выглядаць няблага. Бы вайсковец! — узрадаваўся прысутны тут адстаўны палкоўнік. Матэрыял (бронза) дазваляе тое зрабіць грунтоўна, пагадзіўся і прафсаюзны прадстаўнік мэталюргічнага заводу. I помніку добра, і заводу рэкляма.
Галоўнае было абмеркавана і вырашана — што значыць калектыўны розум сталых, вопытных людзей, сапраўдных прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадзкасьці. Невялікая меншасьць прысутных,
Тым часам мінула і зіма, надарылася вясна. Прыгрэла сонца, па канавах пацяклі ручаі. Хтосьці з камісіі прыкмеціў, што Пясьняр будзе недарэчна выглядаць пад сонцам у сваім бронзавым паліто, нібы ў кажуху. Каб як паправіць тое, сказалі скульптару. Той у чарговы раз мацюгнуўся, але тут жа і паправіў — уціснуў «кажух» у таліі, Пясьняр ад таго зрабіўся страйнейшы і вышэйшы, бы памаладзеў, ці што. Тое дужа спадабалася камісіі і нават самому аўтару скульптуры. Праўда, трохі нагадвала шынелак, але тое нікога асабліва не заклапоціла — ці мала постацяў у шынялях стаяла на плошчах і раздарожжах ды нікога не турбавала.
Як дайшла справа да ўсталяваньня помніка, давялося крыху паспрачацца наконт месца. Месца ўвогуле было вядомае — плошча перад былым выканкамам, дзе некалі стаяў пафарбаваны пад бронзу Ільліч. Ільліча гадоў колькі таму зьнялі аўтакранам, а гранітны п’едэстал застаўся — казалі, не хапіла магутнасьці крану. Але разумнейшыя намякалі: на ўсякі выпадак (усе разумелі, які). I праўда, во прыдаўся.
Пры вялікай урачыстасьці, з аркестрам і прамовамі ад уладаў і грамадзкасьці адчынялі помнік слыннаму Песьняру. Народ пляскаў у ладкі, апазыцыя сьпявала «Пагоню». Ззаду да натоўпу падышлі старыя — дзядок і бабка. Бабка перахрысьцілася і кажа:
— Слава табе, Божа, ня думала, што дажыву…
— Да чаго дажывеш? — папытаўся дзядок.
— Ну, што вернуць… Леніна.
— Які табе Ленін! Хіба Ленін у шынялі стаяў? То — Сталін.
Да іх падышоў трохі маладзейшы, зь сівой чупрынай на галаве. Вайсковую фуражку зь сінім аколышам зважліва трымаў у руцэ.
— Памыляецеся, шаноўныя. То — таварыш Дзяржынскі.
— Во як! — у адзін голас зьдзіўлена мовілі дзед і бабка. — А мы думалі…
Невядома як зблізку, а здалёку і праўда тая бронзавая постаць дужа нагадвала ўсіх трох названых. Калі ня ў цэлым, дык па дэталях пэўна.
Начальства і грамадзкасьць, што стоўпілася паблізу пастамэнту, мабыць, нічога з таго не прыкмячала і не здагадвалася. Затое народ усё бачыў.
Хоць кожны бачыў, што хацеў бачыць.
Сьвіст
Пра народ у краіне хадзілі дзьве супрацьлеглыя пагалоскі, кожная з якіх увогуле мела рацыю. Нядаўна абраны дыктатар ды ягоныя памагатыя лічылі народ самым разумным, самым правільным і працавітым. Іхнія ж супраціўнікі сьцьвярджалі, што народ дурны і сьляпы, нібы крот. Бо каб быў разумны і працавіты, дык нешта б умеў, а гэты ня ўмеў нічога, як нічога і ня меў. Пэўна, тая акалічнасьць і змусіла дыктатара да пошукаў нейкіх сродкаў стабільнага існаваньня яго і народу. Але новыя сродкі ня так лёгка было знайсьці, а час катастрафічна мінаўся. Неяк дыктатар з прыкрасьці ад чарговай разумовай няўдачы гучна сьвіснуў, як сьвістаў у дзяцінстве, пасьвячы сьвінячы статак. Шсар, што з нейкага часу запісваў за ім кожнае слова (для гісторыі) застыў з пяром у пальцах — ён ня ведаў, як запісаць сьвіст. Заўважыўшы тое, дыктатар зьверавата ўставіўся ў пляшывага пісца, які, каб неяк улагодзіць пана, проста голасна войкнуў, быццам бы ў захапленьні ад сьвісту: маўляў, як прыгожа! Іншыя, што ў той час былі ў пакоі, таксама дружна падтрымалі пісца: і прыгожа, і зьмястоўна, а галоўнае — даходліва для народу, — кожны зразумее. Ведама ж, кожны быў дзіцёнкам, хоць і ня кожны дзіцёнак пасьвіў калгасных сьвіней.