Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Быкаў Васіль

Шрифт:

Ня ведаючы яшчэ пэўна, па што, я пабрыў у гарадок. Не па той зруйнаванай вуліцы, зь якой прыехаў сюды — пайшоў перавулкамі па-над рэчкай. Тут пашкоджаных дамоў трапляла менш, некаторыя былі з глуха зачыненымі аканіцамі і выглядалі пакінутымі. Дзе-нідзе ў гародчыках, ля ганкаў чырванелі вясновыя кветкі і зацьвітаў бэз. За адным кустом ля фахвэркавай сьцяны я згледзеў чалавека. То быў немалады аўстрыяк у капелюшы, ён падмятаў закіданы друзам падворак і зьдзіўлена знерухомеў зь мятлой у руках.

— Паслухайце, там у катэджы забітыя…

— Ніхтс фарштэйн, — выслухаўшы, крутнуў галавой аўстрыяк.

— Ну забітыя, разумееце? Морд!

— Морд?

— Ну, морд. Там, у катэджы…

— Найн, найн! — апантана закруціў галавой аўстрыяк. — Іх цывіль, нейтраль мэнш. Найн…

Не разьвітваючыся, я скіраваў далей.

Чорт бы яго ўзяў, гэтага нейтральнага мэнша. Ці ён зразумеў мяне, ці не захацеў зразумець. Я перайшоў на другі бок кароценькай ускраіннай вулічкі. Якраз на рагу за невысокай цаглянай агароджай размаўлялі дзьве кабеты, і я паклікаў іх з вуліцы. Сьпярша да агароджы падыйшла старэйшая, дзябёлая кабета ў фартуху, затым да яе засьцярожліва наблізілася маладзейшая — худая і кашчавая, у мужчынскім убраньні і штанах.

— Прашу прабачыць фраў. Там — морд, разумееце? Трэба памагчы. Доктар Шарф унд фраў. Шарф унд фраў.

— Доктар Шарф! — жахнуліся кабеты. — Морд?

— Ну. Забітыя. I дзяўчына, фройлен.

Яны штось хуценька загаварылі між сабой, а я каторы раз за вайну пашкадаваў, што колісь абыякава паставіўся да нямецкай мовы. Шчыраваў у іншых школьных прадметах, а ў тым, які найбольш спатрэбіўся б на вайне, ня надта. Я стаяў і маўчаў.

— Гэр афіцыр, — кірхэ! Кірхэ, фарштэйн? — пачалі абедзьве паказваць за рог дамоўкі.

Так, я пачаў здагадвацца, што трэба ў кірху, пазелянелы шпіль якой тырчэў між уцалелых дахаў дзесь на краі гарадка. Дзіўна, што ён ацалеў у нядаўняй калатнечы, хіба яго засьцярог Бог. Яшчэ ня верачы, што там мне дапамогуць, я пабрыў туды па гарадзкіх перавулках і сапраўды праз трохі часу выйшаў да каменнай агароджы-сьцяны. Далей высіліся старыя дрэвы і за вастраверхай брамкай відаць стаў шырокі ўваход у кірху. Была яна ня дужа вялікай, даволі змрочная з выгляду і старая. Я нясьмела ўвайшоў у сярэдзіну, дзе панаваў паўзмрок і прахалода, але далей, відаць было, гарэлі сьвечкі і чуўся ціхі, напаўголаса, сьпеў. Ступіўшы з-за калёны-слупа яшчэ некалькі крокаў, я ўбачыў купку людзей, што тоўпіліся перад адкрытымі трунамі; за імі з малітоўнікам у руках стаяў сьвятар. Тут адпявалі нябожчыкаў, цывільных ці вайскоўцаў, я не разгледзеў. Мабыць, заўважыўшы мяне, аднекуль збоку зьявіўся чалавек у чорным, недаўменна прыпыніўся насупраць.

— Сьвяты айцец, — дрыготкім голасам сказаў я. — Там морд, доктар Шарф…

— Доктар Шарф? — паўтарыў сьвятар роўным, як здалося, абыякавым голасам. — Морд?

— Морд, — сказаў я. — Фраў і дзяўчына, фройлен.

— Фройлен? Драй морд?

— Драй морд.

Кароткім рухам двух пальцаў сьвятар звыкла азначыў крыж на грудзях і нешта патлумачыў мне, хоць я й не зразумеў, што менавіта. Спакваля здагадаўся, што, мабыць, трэба пачакаць. Тады я выйшаў з гнятлівага паўзмроку кірхі на заценены дрэвамі падворак. Чакаць? Сапраўды так. Бо, мусіць жа, ім трэба аб чымсьці дазнацца, а мне штось растлумачыць. Тут жа злачынства — забойства і рабаўніцтва. Хоць сьвятары, вядома, ня сьледчыя. Але ж…

Так разважаючы, я нядоўга стаяў перад старой, бы закапцелай ад часу кірхай, і каторы раз пакутна спрабаваў зразумець: хто? Хто іх панішчыў — і гаспадароў, і дзяўчыну? Ці ўсе былі выпадковыя бязьвінныя ахвяры, ці тут быў які пэўны лягічны намер? Можа, вінаваты ва ўсім той прыгожы знадворку катэдж? У нядобры час, відаць, атрымалі яго гэтыя Шарфы ў спадчыну. Хаця… Падумаўшы, няцяжка было здагадацца, хто мог тое ўчыніць. Ужо такое здаралася і ня толькі на аўстрыйскай зямлі. Летась на фармоўцы пад Луцкам перад строем палка былі расстраляныя двое з транспартнай роты. Гэтыя ўволю павесяліліся — напіліся і згвалцілі на хутары жанчыну, забілі яе сына-падлетка. Праўда, тыя не рабавалі. Мабыць, не было што. Тут жа зьявіліся немалыя магчымасьці і знайшліся такія, што не супроць пакарыстацца імі. Тым болей у логаве зьвера, нялюдзкім буржуазным грамадзтве…

Бедная Франя! Ратавалася ад вайны ў Эўропе, ды менавіта ў Эўропе вайна дагнала яе. Але чаму менавіта яе? Я ж во меў болей падставаў на сьмерць, а жыву.

У кірху прайшлі яшчэ дзьве кабеты ў чорных капелюшах, зьдзіўлена паўзіраліся ў мяне, — мабыць, зусім недарэчную тут істоту. Я й сам увесь час адчуваў сваю тут недарэчнасьць, але я чакаў. На вялікую прыязнасьць, вядома, разьлічваць не даводзілася. Хоць яны й ня ведалі пэўна, хто ўчыніў разбой у кватэры Шарфа, але, мабыць, здагадваліся.

А можа, і падазравалі. Таму я чакаў тут, ля кірхі. Калі ўжо чаканьне маё гатова было скончыцца, аднекуль з завулку да брамы пад’ехала фура. Два біцюгі, ледзьве варушачы тоўстымі, як бёрны, нагамі, пакорліва спыніліся насупраць. З пляскатай фуры саскочыў чалавек з паголеным тварам і бэрэтам на галаве. Убачыўшы мяне штось замычэў, замахаў рукамі, і я здагадаўся, што гэта — нямы.

З кірхі выйшаў той самы сьвятар, які са мной ужо гутарыў.

— Он прывазіт вэрсторбэнэ [1] кірхэ бегрэбен [2] , — сказаў сьвятар.

Здаецца, я яго зразумеў і выйшаў з-пад аркі. Нямко тым часам заляскаў раменнымі лейцамі, і мы рушылі па-над агароджай. Я ішоў наперадзе, фура ўвесь час адставала. Мусіць, я залішне сьпяшаўся, а магутныя біцюгі не маглі хутчэй.

Усё ж мы дабрылі-даехалі да злашчаснага катэджа над рэчкай. Тут усё было, як раней, калі я яго пакінуў. Мы зь нямко спыніліся перад дзяўчынай, і я прыўзьняў абрус. Згледзеўшы нежывую Франю, нямко загергетаў штось невыразнае, роспачнае, запляскаў аб сябе рукамі, выказваючы тым сваё гняўлівае пачуцьцё. Я свае пачуцьці, як мог, таптаў на сподзе душы, паказваць ці перажываць іх я ня меў ўжо сілы. Удвух мы асьцярожна паклалі дзяўчыну на абрус і, трохі загарнуўшы, панесьлі на фуру. Тут ўжо я ня мог стрымаць слёз, і не пасаромеўся нямога. У каторы раз я праклінаў усё на сьвеце. I сябе ў тым ліку. Навошта было яе кідаць тут, трэба было ўчора забраць. Дык пабаяўся, пасаромеўся. Сваіх хлопцаў, камбата, «сьмершаўца». Цяпер вось не саромеюся, і не баюся. Нікога. Але што карысьці… За Франяй гэткім жа шляхам на тым самым абрусе перанесьлі ў фуру доўгае цела доктара Шарфа і ягонае фраў. На шырокай фуры хапіла месца для ўсіх. Нямко накрыў абрусам нябожчыкаў, і мы рушылі тым жа шляхам да кірхі. Нямко зь лейцамі ішоў па адзін бок фуры, а я — па другі. Дзе-нідзе з падворкаў і вокнаў на нашую сумную працэсію пазіралі людзі, рэдкія жыхары гэтага гарадка. Я ж не пазіраў нікуды. Брыў, бы сьляпы, не адчуваючы ні вуліцы, ні людзей, ні перамогі. Здаецца, я выпаў з часу і перастаў адчуваць сябе. Мяне ашукалі. Людзі ці лёс. Ці вайна. А можа, перамога, якую цяпер безь мяне сьвяткавалі на той лугавіне. Мне ж выпала іншае сьвята. Чорнае сьвята бяды.

1

Нябожчыкі.

2

Хаваць.

Як мы прыехалі да кірхі, зь цьвінтара выносілі труны тых, каго адпявалі раней. Мы трохі счакалі, і тады да нашае фуры падступілі людзі. Безь вялікага смутку яны агледзелі забітых, штось коратка перагаворваліся, уздыхалі і жагналіся. Я стаяў збоку і чакаў, што яны падступяцца да мяне — можа, з крыўдай, папрокам ці лаянкай. Але ніхто на мяне не зважаў. Быццам і не прыкмячаў нават. I я думаў: няўжо яны столькі пахавалі, што ім ужо нічога не цікава? Хто і чаму забілі? Хаця што б я сказаў ім? Што я сам ведаў? Па адной труне яны пераносілі нябожчыкаў за кірху. Я туды не пайшоў, толькі адыйшоўся пад засень дрэваў і назіраў здаля.

За кірхай прыткнуўся да каменнай агароджы невялічкі могільнік — дужа акуратныя, пасыпаныя жарствой дарожкі, заімшэлыя магільныя камяні з аблезлымі надпісамі, прысадзістыя лютаранскія крыжы з чорнага і шэрага мармуру. У дальнім канцы могілкаў, дзе ўжо не было дрэваў, цяпер хавалі. Раскапаная зямля, чалавек пяць жанчын у чорным убраньні. Ці ня там пахаваюць і маіх нябогаў? I Франю. Я хацеў пайсьці паглядзець тую мясьціну, ды не адважыўся. Я мусіў быць паблізу ад уваходу ў кірху.

Я ня ведаў, што рабілася ў сярэдзіне кірхі, куды мяне не паклікалі і я ня йшоў. Я ўсё ня мог саўладаць сам з сабою. Часам гатовы быў зарыдаць, ды не рыдалася. Здушыла штосьці ў горле і не адпускала. I я хадзіў так па дарожцы ля кірхі — узад і ўперад. Людзі, што заходзілі з вуліцы ці выходзілі з кірхі, не пераставалі са зьдзіўленьнем пазіраць на мяне. Але ніхто не запытаўся нічога, быццам для іх усё было надта звычайнае. I тое, што тут хаваюць, і што тырчыць ля кірхі савецкі афіцэр. А можа у той іх няўвазе было пэўнае стаўленьне? Я б не хацеў тое прызнаць, хоць і цалкам адмовіць таксама не было падставы.

Поделиться:
Популярные книги

Хозяйка собственного поместья

Шнейдер Наталья
1. Хозяйка
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Хозяйка собственного поместья

Никчёмная Наследница

Кат Зозо
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Никчёмная Наследница

Душелов. Том 2

Faded Emory
2. Внутренние демоны
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
аниме
5.00
рейтинг книги
Душелов. Том 2

Как я строил магическую империю 6

Зубов Константин
6. Как я строил магическую империю
Фантастика:
попаданцы
аниме
фантастика: прочее
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Как я строил магическую империю 6

Блуждающие огни 2

Панченко Андрей Алексеевич
2. Блуждающие огни
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
попаданцы
альтернативная история
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Блуждающие огни 2

Барин-Шабарин 2

Гуров Валерий Александрович
2. Барин-Шабарин
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Барин-Шабарин 2

Законник Российской Империи. Том 4

Ткачев Андрей Юрьевич
4. Словом и делом
Фантастика:
городское фэнтези
альтернативная история
аниме
дорама
5.00
рейтинг книги
Законник Российской Империи. Том 4

Имперский Курьер

Бо Вова
1. Запечатанный мир
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Имперский Курьер

На границе империй. Том 9. Часть 3

INDIGO
16. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
На границе империй. Том 9. Часть 3

Вперед в прошлое 10

Ратманов Денис
10. Вперед в прошлое
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Вперед в прошлое 10

Граф

Ланцов Михаил Алексеевич
6. Помещик
Фантастика:
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Граф

Полное собрание сочинений в одной книге

Зощенко Михаил Михайлович
Проза:
классическая проза
русская классическая проза
советская классическая проза
6.25
рейтинг книги
Полное собрание сочинений в одной книге

Идеальный мир для Лекаря 5

Сапфир Олег
5. Лекарь
Фантастика:
фэнтези
юмористическая фантастика
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 5

Ведьмак. Перекресток воронов

Сапковский Анджей
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Ведьмак. Перекресток воронов