Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Шрифт:
Мядзьведзева, падобна было, хмель браў ня хутка, выглядаў ён цьвярозым і ціхім голасам прамаўляў мне:
— Замірацца — прыяжджай на госьці. Калі можна, зь сям’ёй. Ці адзін. Я ж каля Цяляцкага возера жыву.
Тое я ведаў. За зіму і вясну даволі ўжо наслухаўся пра яго возера, поўнае рыбных цудаў і незямной прыгажосьці. Але сяржант і зараз ня мог стрымацца, каб не напомніць пра тое.
— Гэта ж возера — цуд. Першае месца займае па хараству.
— Можа, і прыеду, — сказаў я няпэўна.
— А чаго? Малады, жаніцца трэба. А ў мяне глядзі — і нявеста гатовая. Тоська мая якраз упару…
Я ведаў і пра ягоную Тоську. Мядзьведзеў быў удвая старэйшы за мяне, меў дарослую дачку і сына-кулямётчыка,
Ззаду між мной і Мядзьведзевым праціснуўся санінструктар Пятрушын — зь перакручанай на галаве пілоткай і счырванелым тварам. Гэты ўжо быў на добрым падпітку.
— Чур, Мядзьведзь, не сватай дачку лейтэнанту. Мне абяцаў.
Мядзьведзеў толькі паморшчыўся ад п’янага нахабства.
— Зашмат хочаш, — ціха вымавіў ён і працягнуў мне пляшку. — Дык вып’ем, лейтэнант.
Здаецца, я і яшчэ выпіў зь Мядзьведзевым, а пасьля і са зважлівым Кананком і нават зь Пятрушыным. Я ўжо не злаваў на санінструктара, тым болей, што ён не злаваў на мяне і сам мне пра тое сказаў. Падобна, пасьля мы нават абдымаліся зь ім, і ён усё пахваляўся, як яго паважаюць афіцэры; начальнік санслужбы заўжды вітаецца зь ім за руку. Ужо п’яным позіркам я згледзеў перад сабой хісткую постаць маёра-прапагандыста, — здаецца, поруч з камбатам ці яшчэ з кім, каго я ўжо не пазнаў. Марудна, але пэўна я адключаўся, прыхінуўшыся да крыла «студэбэкера». Нейкі час яшчэ чуў вялікую гаману побач, як скрозь пілі, сьпявалі, сьмяяліся. А некаторыя і плакалі п’янымі гаручымі сьлязьмі. Аж покуль узварушаную лугавіну не змарыў п’яны сон.
Як я заснуў, дык і не прыкмеціў, але прачнуўся раптам на золку. Намацаў ля галавы вялізнае пыльнае кола «студэбэкера» і, неяк учапіўшыся за яго, сеў.
На ўсёй лугавіне стаялі ўразброд нашыя «студэбэкеры», ніхто іх не параўняў, — як учора паставілі, так і засталіся. I між іх, пад станінамі гарматаў, на стаптанай траве, у кузавах і парасчыняных кабінах ляжалі, спалі, храплі салдаты — савецкія ўперамешку з амэрыканскімі — хто дзе і хто як. Побач выцягся той учарашні нэгр, што хацеў у мяне выменяць ордэн; на ягоныя ногі ўзьлёгся хтось з нашых, пад ім, утаптаны ў зямлю, валяўся чыйсьці карабін. Кабур у амэрыканца ўжо быў пусты і расшпілены, — мабыць, ужо падарыў камусьці свой кольт. Ці памяняў на гэты іржавы карабін. Я з натугай падняўся на ногі. Балела галава, нязвыклая слабасьць адчувалася ў целе. Але новае памкненьне адразу ахапіла мяне. Я памятаў прыкладна, зь якога боку мы сюды прыехалі і хістка пабрыў у тым накірунку. Абыйшоў «студэбэкеры» сваёй батарэі, нідзе ня згледзеў камбата і падумаў, што так, можа, і лепш. Праўда, натыкнуўся на знаёмыя боты санінструктара Пятрушына, які, зьвесіўшы ногі з расчыненай кабіны, салодка спаў на мяккім сядзеньні. Мусіць, перабраў, — падумаў я, хоць сам быў ня ў лепшым стане.
Сонным правулкам, скрозь застаўленым пераправачнымі амфібіямі, выйшаў на галоўную дарогу. Усюды было пустэльна й бязьлюдна, бы пры канцы сьвету. Скрозь усе ўсюды спалі, — у машынах, на падворках ды, мабыць, і ў дамах таксама. Пасьля вялікай натугі-вайны.
Апанаваны пэўнаю мэтай, я пабрыў па дарозе на ўсход. Раз за разам азіраўся, чакаючы, што недзе зьявіцца якая машына. Ды не зьяўлялася, не даганяла, нідзе не было ніякай. Тым часам зусім разьвіднела, блакітнае ранішняе неба было без адзінай хмурынкі. Першы дзень міру, вялікі дзень перамогі. Урэшце наперадзе зьявіўся нейкі аўтамабіль з двума афіцэрамі ў кабіне, але ён ехаў насустрач. За ім праз працяглы час паказаліся два прысадзістыя аўстрыйскія аўтамабілі з кузавамі, поўныя вызваленага эўрапейскага люду. Іх было чутна здалёк, яны гарланілі свае
Але што было мне рабіць? Здаецца, я памалу цьверазеў пасьля ўчарашняга і ўсё выразьней адчуваў авантурнасьць майго намеру. Гэтак пехатой я не дайду, усё ж мы далекавата ад’ехалі ўчора ад нашага апошняга рубяжа. А калі і пашэнціць урэшце з машынай, дык ці спраўлюся я ўпару. Усё ж, як ні круці — я ў самавольнай адлучцы, і ў палку хутка заўважаць маю адсутнасьць. Мабыць жа, пачнуць урэшце цьверазець пераможцы. Начальства прымусіць.
Але й вяртацца ўжо не было як — не дазваляў гонар.
Мусіць, калі надта патрэбна, дык Бог памагае. Праўда, не заўжды ў час, бывае зь немалым спазьненьнем. Калі ўжо позна і пакарыстацца той боскаю міласьцю. Як нашаму камбату Рукавіцыну. За баі на Днястры паслалі на Героя, так хацеў камбат атрымаць залатую зорку, ды загінуў пад Секешфехерварам. Толькі пахавалі, як прыйшоў указ. Ды каму ён тады быў патрэбны? Так прыкладам падумаў я, і тады ж, азірнуўшыся, убачыў машыну. Толькі падняў руку, як машына згодна затармазіла і мякка спынілася на шашы. Гэта быў магутны ЗІС, з кабіны якога высунулася вясёлая галава ў аблезлай пілотцы.
— Што, лейтэнант? Сядай, пракачу.
Цераз задні борт я ўскочыў ў кузаў, амаль увесь заняты нейкаю старасьвецкаю шафай ці буфэтам з пазалочанымі выкрунтасамі на шкляных дзьверцах; ля самай кабіны тырчэлі яшчэ тры нейкія скрынкі. Месца для пасажыра тут увогуле не было, толькі ззаду ля борта заставалася нешырокая шчыліна, у якую ўціснуліся мае ногі. Трымацца не было за што, і я няспрытна абапёрся рукамі аб сьлізкі бок шафы.
— Во, будзеш трымаць, каб не пасунулася. А то стукнецца, каму адказваць?
Аказваецца, і ў дзень перамогі ня ўсе пілі-елі, падумаў я. Некаторыя займаліся іншымі справамі. Але хай, на здароўе… ЗІС няшпарка каціўся па неблагой дарозе, вясновы вецер прыемна абвяваў мой спатнелы на хадзе твар. Маё жаданьне ўсё ж абяцала зьдзейсьніцца, я быў амаль задаволены. «Пакахай мяне, салдацік, буду вернай жонкаю. А забудзеш — толькі разам з роднаю старонкаю», — само сабой сьпявалася ў душы. Не, я цябе не забуду, мілая дзяўчынка, запэўніваў я сябе. I ўсё ж нейкі цьмяны, самотны неспакой трывожнымі токамі перадаваўся маім адчуваньням, усё карцела — хутчэй! Я баяўся спазьніцца.
— Перамога, лейтэнант! Глядзі ты, дажылі аднак! — празь вецер ляцеў голас з кабіны, таксама да паловы закладзенай нейкімі пакункамі.
Насустрач пайшлі машыны — легкавыя, штабныя, грузавікі. Гэтыя са спазьненьнем таксама імкнуліся за перамогай, на спатканьне з саюзьнікамі. У вокнах аднаго трафэйнага аўтобуса мільганулі вясёлыя дзявочыя твары і данеслася музыка — там граў гармонік. Мабыць, які армейскі ансамбаль, здагадаўся я, з тых, што натхнялі нас на перамогу. Спазьніліся, аднак, на вялікае спатканьне, трэба было раней.
У знаёмым, бязьлюдным учора гарадку цяпер ва ўсю буяла ажыўленьне, сапраўдны вулічны фэст, зь безьліччу людзей і, як я зразумеў, ня толькі аўстрыйцаў. Сюды зьбіраліся, здаецца, з усяго навакольля, зь недалёкіх горных паселішчаў. На плошчы ля кірхі замільгалі сьцягі — францускі трыкалёр, ангельскі і яшчэ незнаёмы нейкі. Гэта тоўпіліся іншаземцы, сагнаныя Гітлерам з усёй Эўропы для працы на вайсковых заводах. Цяпер яны вольныя і імкнуцца дадому, кожны ў сваім кірунку і пад сваім сьцягам. Мне таксама трэба было дамоў, але мая чарга яшчэ не настала. Зноў жа мяне тут чакала яна.