Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Быкаў Васіль

Шрифт:

Неўзабаве прыйшоў з працы і гаспадар — таўставаты задышлівы чалавек у акулярах. Жонка і дачка пацалавалі яго, віншуючы з юбілеем, пасля Анэля пазнаёміла з Азевічам. Яе бацька сціпла паціснуў яго руку: «Бухгалтар Свядэрскі». Нядоўгі час ён прыбіраўся за шафай, каб сесці за стол, скінуў паношаную талстоўку і надзеў белую сарочку ў палоску, гальштук, камізэльку і чорны, пацёрты, але яшчэ прыстойны пінжак. На стале з вялізным букетам півоняў ужо бялелі чатыры чысцюткія талеркі і каля іх былі раскладзены нажы і відэльцы — кожнаму па пары. Ягор прыгледзеўся: ці не срэбра? Можа, аднак, і не срэбра, але прыгожыя відэльцы ды нажы таксама. Тут жа гаспадыня паставіла насупраць кожнай талеркі па адным невялікім кілішку — пэўна ж, для выпіўкі, і Ягор адчуў незразумелую прыкрасць да гэтае вытанчанасці, якая яму была нязвыклая і нават незнаёмая. Але і прыемнасць у чымсь адначасна. Як запрасілі сесці, ён нейкі час баяўся дакрануцца да гэтых далікатных рэчаў, не ведаў, што ўзяць першым і ў якую

руку, і трошкі сумеўся ад няёмкасці. У галаву аднекуль убілася недарэчнае слова і гучала: «Абыватальства, абыватальства…» Тым не менш усё ж прыемнае было тое абыватальства.

Пачастунак, аднак, быў даволі сціплы: тушоная капуста з печы і дранікі ў смятане.

Яны з бацькам выпілі па адным кілішку нейкай саладкаватай наліўкі, жанчыны толькі прыгубілі, пажадаўшы бацьку здароўя і шчасця. Той, аднак, трудна ўздыхнуў: «Ці думаў калі, што такое будзе маё пяцідзесяцігоддзе…» Ягор ахвотна выпіў свой кілішак, але еў не надта, усё ж было няёмка чужому ў гэтай невялічкай сямейцы, ладнай сваёй згоднай еднасцю. Рэшту таго дня, на змярканні, яны з Анэляй пайшлі пагуляць па-над рэчкай, і Анэля ціхенька апавядала яму пра колішняе жыццё ў Петраградзе, дзе бацька вучыў у гімназіі. Да рэвалюцыі, канешне. Бацька паходзіў з простай сям’і, ягоны брат нават быў відны рэвалюцыянер, сацыял-дэмакрат, сядзеў у турмах, а пасля эмігрыраваў у Германію. А вось з маці ім не пашэнціла — маці была дваранскага роду. Гэтыя ўсе афіцэры і дамы — радня матчына, праз іх і яе паходжанне гэтую сямейку гімназічнага вучыцеля Свядэрскага выслалі з Ленінграда, тры гады яны жылі ў Полацку, але мусілі з’ехаць і адтуль. Так вось і апынуліся ў мястэчку, бо далей ужо ехаць не было куды. Мабыць, тут ужо і будуць яны дажываць. А з імі і яна, Анэля, якая іх дужа любіць і не ўяўляе сабе, як можна іх пакінуць. Яны ціхенька ішлі вузенькай, добра, аднак, пратаптанай сцежкай па местачковай аселіцы. Збоку ля рэчкі ў вечаровым сутонні высіліся вялізныя вольхі, з аселіцы веяла вечаровай сырызнай, побач бялела стракаценькая Анэліна сукенка. «Ты — камсамолка?» — запытаў Ягор. «Неа, — сказала яна. — Хто мяне прыме такую», — і кораценька засмяялася, няўмела стаіўшы ў тым смеху свой трудны клопат. Ён не пярэчыў, сапраўды, з такім, далёка не пралетарскім паходжаннем не шмат чаго даб’ешся ў жыцці. Гэта горш, чым сялянскае паходжанне. Чым нават серадняцкае. Тут, лічы, амаль што кулацкім пахне. Калі не горай.

Для Азевіча настала пара новага радасна-сумнага клопату. Дзе б ён ні быў удзень, але як толькі надаралася вечаровая часіна, бег да суседзяў, і яны з Анэляй ішлі ці да ракі, ці ў нардом, калі там было што цікавае, ці проста сядзелі на лавачцы пад сцяной ля яе півоняў. Анэля аказалася разумнай, гаваркой дзяўчынай, яна прачытала нямала кніжак і ўзяла за мэту расказачь пра ўсе іх Ягору, які, канешне ж, не прачытаў і дзесятае часткі таго. Ужо былі расказаны два раманы Аляксандра Дзюма, «Айвенга» Вальтэра Скота, «Крыжаносцы» Сянкевіча. «Дон Кіхота» ён узяў у яе, каб прачытаць самому. Але не было часу, і ён паспеў адолець толькі сотню старонак гэтай тоўстай кніжкі. У дажджлівыя вечары яны сядзелі ў Анэлінай бакоўцы, і Анэля ўсё гаварыла і гаварыла. Менавіта там, у бакоўцы, ён першы раз пацалаваў яе, і дзяўчына дужа спалохалася таго пацалунку і пасля нават нічога не магла расказваць. Адно прыхінулася да яго, ён абняў яе і тады, поўны нязведанага замілавання, вырашыў у думках: «Ажанюся!» Хацеў сказаць аб тым Анэлі ці, як пісалі ў старых кніжках, папрасіць рукі, ды штось перашкодзіла таму, дужа замінала няёмкасць. Мусіць, трэба было пачакаць ці выбраць іншы, болей прыдатны момант. Ці, можа, набрацца большай рашучасці. Так ці інакш, ён не сказаў таго слова, і хто ведае, ці не зрабіў правільна. А можа, і не — як падумаць, зрабіў самую сваю вялікую памылку ў жыцці.

Напярэдадні той начы ён некалькі дзён прабыў на раёне, вярнуўся позна, вуліца ўжо спала, нідзе не свяцілася ніводнае акенца. Ён падышоў да суседскіх варотцаў, пастаяў, паслухаў. Анэліна акно таксама было цёмнае. Час, мабыць, пераваліў за поўнач, і ён пайшоў у сваю хаціну, не адразу, але моцна заснуў. Прачнуўся трохі пазнавата, у сподняй кашулі выбег памыцца на падворак і амаль сутыкнуўся з бабкай Мальвінай. Тая устала з прызбы, як ён выйшаў, і ён зразумеў: чакала яго. Але што здарылася?

«Няшчасце ў суседзяў. Бухгалтара ноччу забралі». — «Хто забраў?» — недарэчна спытаў Ягор. «А хто ж іх ведае — хто? Хапун, пэўна».

Ягор павярнуўся і, не памыўшыся, пабрыў на сваю палавіну. Дрыготкімі рукамі апрануў кашулю і, апанураны, пабрыў у райком. Ні той дзень, ні наступны ён не наважыўся зайсці да суседзяў, думаў, Анэля прыбяжыць сама, але тая не прыбягала. I ён злавіў сябе на тым, што і не хоча, каб яна прыбегла.

Ён не бачыў яе, можа, месяц ці болей, а як аднойчы сустрэўся ў мястэчку каля базару, дык перайшоў на другі бок вуліцы. Ён баяўся сустрэчы з ёй і яе бядой, як баяцца спатыкаць радню нябожчыка ці злачынца. Дужа непрыемна было яму ўспамінаць свае паходкі да бухгалтара Свядэрскага, выкрытага шкодніка на льнозаводзе, хоць сэрца па ягонай дачцэ Анэлі яшчэ балела доўга. Пакуль не адбалела дарэшты…

Звычайна,

скалясіўшы раён уздоўж і ўпоперак, Азевіч пазбягаў наведвацца ў свой родны кут. Адчуваў, што тое наведанне, асабліва пасля памятнай восені збожжанарыхтовак з ліквідацыяй жорнаў, не прынясе радасці ні яму, ні яго вяскоўцам. Калі ўжо абавязкова трэба было каму ехаць у бок Ліпаўкі, дык ехаў Вайцяшонак, які таксама пазбягаў свайго Завішша ў Запушчанскім канцы раёна. Туды ехаў Азевіч, дзе ён адчуваў сябе вальней, бо ведаў толькі калгаснае кіраўніцтва ды сяго-таго з камсамольскага актыву. Але во так здарылася аднойчы, што ў сувязі з падпіскай на пазыку выязджалі ўсе дарэшты: райком партыі, райвыканком, райком камсамола, увесь раённы і партыйны актыў. З акругі і з Менска прыехалі ўпаўнаважаныя, і райком разбіў усіх на брыгады. I камусьці з кіраўнікоў спатрэбілася прызначыць Азевіча менавіта ў Ліпаўку. Калі ён, ледзьве не абураны, пайшоў у аргаддзел папрасіць, каб памянялі, загадчык Пацябун заўпарціўся: аказваецца, спісы ўжо зацвердзіў асабіста таварыш Дашэўскі. Да таго ж, маўляў, яму, Азевічу, у роднай вёсцы падпіску будзе правесці лягчэй, бо ён ведае кожнага з землякоў, хто колькі мае і чым хто дыхае. Нічога не зробіш, Азевіч мусіў паехаць у Ліпаўку.

Ехаць павінны былі трое, апроч Азевіча яшчэ раённы пракурор Гарадзілаў, нядаўна прысланы з Менска, і Ягоўдзік з райзага. Але Ягоўдзіка ў апошні момант перакінулі ў іншую брыгаду, а яму, Азевічу, сказалі: «Управіцеся і ўдвох». Так яны пагодлівым красавіцкім днём паехалі фурманкай ў родныя, даўнавата не бачаныя Ягоравы мясціны.

Пакуль ехалі, Ягор дужа трывожыўся. Арганізаваны ў Ліпаўцы калгас ледзьве ліпеў, насення для сяўбы не хапала, коні за зіму падупалі ад бяскорміцы. За год у калгасе змяніліся аж тры старшыні: аднаго пасадзілі за шкодніцтва, другі ўцёк — з’ехаў немаведама куды, прыхапіўшы дзве тысячы калгасных грошай. Цяпер там старшынстваваў Мікіцёнак-старэйшы, неблагі, старанны, але малапісьменны і мяккаваты чалавек, нейкая дальняя радня Азевічаў. Разоў колькі ён прыязджаў у райцэнтр і ўсё звяртаўся да Ягора па тое-гэта, але чым яму мог памагчы райкомаўскі інструктар Азевіч? Тут ужо без карысці быў і Дашэўскі, які таксама нічога не мог і не меў, апроч хрыплага, сарванага ад пастаянных мацюгоў голасу. Азевіч ведаў, што ў Ліпаўцы, як і скрозь, было голадна, хлеба ў красавіку, мусіць, ужо ні ў каго не асталося, даядалі бульбачку. Ён узяў з сабой у партфель паўбохана хлеба, што атрымаў на тры дні па картках, бляшанку рыбных кансерваў. Пракурор Гарадзілаў, мяркуючы па ўсім, быў чалавек гарадскі, бо, як ехалі, усё захапляўся краявідамі: які прыгожы беразняк, якое здатнае возера! Азевічу было не да краявідаў, ён думаў, як там у маці. Бацьку яна пахавала зімой, Ягор праз сваю працу не мог прыехаць на пахаванне — быў на семінары ў акрузе і даведаўся аб той смерці, як бацьку ўжо закапалі. Цяпер там маці і сястра. Сястра так і не выйшла замуж — пазнікалі жаніхі, а каторыя асталіся, дбалі не пра жаніцьбу — пра тое, як пракарміцца.

Яны прыехалі ў Ліпаўку надвячоркам. Збіраць сход, мусіць, было яшчэ рана, і Ягор паехаў у дальні канец сяла, да свае хаты. Думаў, ці дома маці, дзе Ніна? З тою думкай увайшоў на свой падворак, трохі здзіўлены, што кудысь зніклі вароты, на дрывотні ляжала ўсяго некалькі сырых палак. Значыць, кепская справа і з дровамі. Дзверы хляўка-свіронка таксама былі насцеж расчыненыя. Ён моўчкі, наперадзе пракурора, увайшоў у хату, нізенькая столь якой бы яшчэ паніжэла, усё шукаў позіркам маці. Ды пачуў яе голас аднекуль з запечча — слабы, хваравіты голас, які аддаўся ў ім балючай трывогай.

I праўда, маці хварэла. Не адразу, спакваля выпаўзла да сына, захутаная ў нейкія транты, заплакала. Ён таксама гатовы быў заплакаць, расчулены, ды прысутнасць старонняга чалавека стрымлівала ад сантыментаў. Упаўнаважаны Гарадзілаў, здаецца, не меней за яго ўражаны гэтай сустрэчай, няўцямна стаяў пасярод хаты, не ведаючы, куды прыткнуцца. Ягор папытаў пра Ніну, аказваецца, маці жыве адна, Ніна з’ехала на шахты, бо жыць няма як, есці няма чаго, апрануць таксама. «А як жа ты?» — вырвалася ў Ягора. «А што ж, сынок, мне ўжо прыйшоў канец, ужо каб вам лепей было, каб ужо вы, маладыя, жылі. А мне ўжо следам за бацькам, да яго ў пясочак…»

Са стогнамі і вохканнем маці пачала збіраць пачастунак, ды нешта не збіралася. Хлеба не было зусім, яна паклала на стол дзве закаржэлыя ляпёхі-траўнікі, прынесла аднекуль зжаўцелы кавалачак сала і знаёмы Ягору з дзяцінства счарнелы нож з адскяпаным тронкам. Паклыпала кудысь з падворка — пазычаць яйкі на яешню, сваіх курэй ужо не было. З прыгнечаным выглядам Ягор тупаў па хаце, няўцямна слухаючы, як пракурор Гарадзілаў толькі паўтарае загадкава: «Д-а-а, д-а-а-а. Дзяла…» — «Вось так», — сказаў Ягор, стараючыся, аднак, нічым не выдаць сваіх ушчэнт разварушаных пачуццяў. Але ўпаўнаважанага займала, відаць, трохі іншае, і ён запытаўся: «Каго ж мы тады падпішам? Ці гэта толькі ў вас так? Мабыць, ваша дзярэўня — выключэнне? Як вы лічаце?» — «Выключэнне! — злосна кінуў Ягор і з яшчэ большай злосцю дадаў: — I раён выключэнне! I ўся Беларусь выключэнне!» Сказаў і спалохаўся, убачыўшы ў вачах пракурора такі ж самы спалох. Абое, зацяўшы ў сабе страх, змоўклі. Ягор паныла пазіраў у запэцканае мухамі акно.

Поделиться:
Популярные книги

Отличница для ректора. Запретная магия

Воронцова Александра
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Отличница для ректора. Запретная магия

Бастард Императора. Том 7

Орлов Андрей Юрьевич
7. Бастард Императора
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Бастард Императора. Том 7

Газлайтер. Том 10

Володин Григорий
10. История Телепата
Фантастика:
боевая фантастика
5.00
рейтинг книги
Газлайтер. Том 10

Надуй щеки!

Вишневский Сергей Викторович
1. Чеболь за партой
Фантастика:
попаданцы
дорама
5.00
рейтинг книги
Надуй щеки!

Воевода

Ланцов Михаил Алексеевич
5. Помещик
Фантастика:
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Воевода

Начальник милиции. Книга 4

Дамиров Рафаэль
4. Начальник милиции
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Начальник милиции. Книга 4

Плеяда

Суконкин Алексей
Проза:
военная проза
русская классическая проза
5.00
рейтинг книги
Плеяда

Игра Кота 2

Прокофьев Роман Юрьевич
2. ОДИН ИЗ СЕМИ
Фантастика:
фэнтези
рпг
7.70
рейтинг книги
Игра Кота 2

30 сребреников

Распопов Дмитрий Викторович
1. 30 сребреников
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
30 сребреников

Бастард Императора. Том 2

Орлов Андрей Юрьевич
2. Бастард Императора
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Бастард Императора. Том 2

На границе империй. Том 2

INDIGO
2. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
космическая фантастика
7.35
рейтинг книги
На границе империй. Том 2

Все ведьмы – стервы, или Ректору больше (не) наливать

Цвик Катерина Александровна
1. Все ведьмы - стервы
Фантастика:
юмористическая фантастика
5.00
рейтинг книги
Все ведьмы – стервы, или Ректору больше (не) наливать

Идеальный мир для Лекаря 25

Сапфир Олег
25. Лекарь
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 25

Измена. (Не)любимая жена олигарха

Лаванда Марго
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Измена. (Не)любимая жена олигарха