Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Шрифт:
Ужо на другі дзень зранку новы сакратар падаўся на лесапільню. Там быў немалы калектыў працаўнікоў і ячэйка КСМ, але не было сакратара. Куды той прапаў, Азевіч дазнаўся пасля, а тады нетаропка крочыў акрай мястэчка за лазню. Чуваць было, дзесьці там дыхавічна пыхкаў стары паравічок і раз-пораз вісчэла піла-цыркулярка. У той жа вечар камсамольцы лесапільні без вялікага абмеркавання абралі яго сакратаром, а назаўтра ён ужо ўпрэгся ў працу па распілоўцы хваёвых бёрнаў — працу нялёгкую, па плячы хіба што маладым, дужым хлопцам. Ды ён і быў малады і дужы, цяжкая праца яго не палохала. Горш было з людзьмі, асабліва маладымі, нават некаторымі камсамольцамі, у якіх яшчэ жыла процьма старых, прыватнаўласніцкіх звычак; некаторыя не супроць былі выпіць, схадзіць куды патуляцца з местачковымі дзеўкамі або на танцы ў бліжнюю вёску. Многія святкавалі рэлігійныя святы — шчоўкалі арэхі на Каляды. Трэба было нямала настойлівасці, каб прынадзіць іх да вучобы па палітграмаце, прывіць ахвоту да лекцый і дакладаў, да антырэлігійнай прапаганды. Ён сам спаў не болей чатырох гадзін у суткі, бо, апроч працы на лесапільні, яшчэ нямала часу (асабліва па вечарах) праседжваў на розных нарадах у райкоме, а то ездзіў з кім-небудзь па раёне арганізоўваць калгасы ці выбіваць план па льнонарыхтоўках. Для ўмацавання працоўнай дысцыпліны і прывіцця бальшавіцкіх навыкаў працы ў канторы павесілі вялікую фанерную дошку, адна палавіна якой была пафарбавана ў чырвоны колер, а другая ў чорны. Гэтая простая рэч адыграла немалую ролю таксама ў сацыялістычным спаборніцтве, якое разгарнулася на лесапільні. Трапіць на чорную палавіну аказалася такой ганьбай, што разы два некаторыя аж біліся з учотчыкамі, то паміж сабой, а болей з тымі, хто трапляў на чырвоную. Дырэктар лесапільні Хвошч хацеў нават зняць дошку, але камітэт камсамола стаў
Клопату куды пабольшала, як на лесапільню для працоўнага перавыхавання прыслалі нацдэма Дарошку.
Гэты Дарошка таксама жыў у мястэчку, настаўнічаў у школе і хоць быў куды старэйшы па гадах за Азевіча, але праяўляў дужа вялікую актыўнасць у грамадскім жыцці моладзі, асабліва ў нардоме, дзе ён усю зіму ставіў смешныя п’есы на беларускай мове. Пастаноўкі тыя часам нават падабаліся Азевічу, і ён стараўся, калі быў час, схадзіць на спектакль, глядзеў і «Паўлінку», і «Мікітаў лапаць», і «Пінскую шляхту». Мабыць, Дарошка быў неблагі рэжысёр і нават як актор выконваў на сцэне камічныя ролі. У той зімовы дзень, як ён упершыню завітаў на лесапільню, Азевіч працаваў на распілоўцы, калі нехта паклікаў яго да прахадной, кажа: пытаецца настаўнік са школы. Напярэдадні Азевіча ўжо папярэдзілі ў райкоме, што прышлюць Дарошку, і ён неўзабаве ўбачыў настаўніка, які ў лёгкім палітончыку і капелюшы стаяў на прахадной, пастукваючы абцасікамі наваксаваных шчыблетаў (быў ніштаваты марозік), рукі хаваў у кішэні, і сподак, канешне ж, не меў. Што было з ім рабіць на лесапільні? Азевіч спярша хацеў адаслаць яго ў кантору, але падумаў: якое ж працоўнае перавыхаванне ў канторы, і ён выправіў нацдэма на сыравінны склад. Дарошка не адмаўляўся — узяў сякеру і пайшоў да брыгадзіра Сугодзіча, той прыставіў яго да вялізнага аснежанага штабеля бёрнаў, якія трэба было ашкурыць. Праз паўгадзіны ўсе, хто апынуўся паблізу, з вясёлым здзіўленнем пазіралі, як гэты настаўнік няўмела махае сякерай над абмерзлым бервяном, і Азевіч падумаў, што так нядоўга секануць па калене і застацца калекам. З такім яго працоўным навыкам. Але шкадаваць Дарошку не стаў — калі нацдэм, дык якое ж шкадаванне! Трэба было думаць, як перавыхаваць яго, бо, мабыць жа, адной працай тут не абыдзешся, трэба было весці з ім нейкую палітработу, настаўляць на правільны шлях. Толькі як?
Пасля працы ён падышоў да стомленага ўшчэнт нацдэма, які, седзячы на бервяне, хукаў на свае счырванелыя пальцы, пацікавіўся: як работа? На дзіва, той не стаў скардзіцца, скупа адказаў: «А нішто. Мабыць, не самая цяжкая». Што праўда, то праўда — ашкуроўка была ў іх не самая цяжкая праца, можа, нават самая лёгкая. Куды цяжэйшая чакала яго наперадзе. А тады яны пайшлі разам у мястэчка — ціха патупалі ў вечаровым сутонні, і Азевіч нібы нават з вінаватасцю загаварыў пра складанасці класавай барацьбы, у якой, вядома ж, не мінуць ахвяр. Дарошка моўчкі выслухаў яго і адказаў проста: «Ат, якая там барацьба! Проста дурнота наступае». — «Якая дурнота?» — не зразумеў Азевіч. «Звычайная, ад векавой нашай цемнаты». Азевіч трохі памарудзіў з адказам, падумаўшы, што цемната — гэта калі ў дачыненні да вёскі, непісьменнасці, а тут усё ж райком, дзе сядзяць хіба непісьменныя людзі? Вунь таварыш сакратар Маладцоў вучыўся ў інстытуце.
Вайцяшонак скончыў палітэхнікум, такія даклады шпарыць у нардоме, ні разу не спаткнецца. Ды і ён сам таксама чамусьці навучыўся ў Менску. Дарошка зноў выслухаў і разумна зазначыў: «Чым такая навука, лепш абсалютнае невуцтва. У цёмных людзей адсутнасць ведаў замяняецца здаровым сэнсам». Так яны ні да чаго не дамовіліся ў той вечар, дайшлі да завулка ля рова, дзе кватараваў Дарошка, і раптам той прапанаваў зайсці ў хату, пагаварыць ды папіць гарбаткі. На гарбатку Азевіч не надта квапіўся, ён болей хацеў есці — добра выгаладаўся за зімовы дзень на распілоўцы, і зайшоў. У Дарошкі была невялікая сям’я — жонка, настаўніца пачатковых класаў, і дачушка трох год — хваравітае малое з вельмі ўважлівымі вачанятамі. Яшчэ з імі жыла старэйшая сястра Дарошкі Хрысцінка, ціхая незамужняя жанчынка, што была ў іх за няньку, пакаёўку і кухарку — гаспадыню, адным словам. Тады, і праўда, Азевіч не толькі папіў гарбаты, але і няблага павячэраў ячневай кашай з салам. Хрысцінка за вечар не вымавіла ніводнага слова, жонка Дарошкі скупа адказала на некалькі нязначных пытанняў мужа, сама ні пра што не спыталася. Неяк з непрыемнасцю адзначыўшы тое, Азевіч спрабаваў жартам закрануць сённяшні працоўны дзень гаспадара на лесапільні, успомніў, як той нязграбна махаў сякерай над бервяном. «Можа, як перавыхаваем вашага», — сказаў ён да гаспадыні, на што тая коратка буркнула: «Гарбатага і магіла не выправіць» — і змоўкла. Азевіч трохі падзівіўся, тым больш што Дарошка ніяк не адрэагаваў на з’едлівую рэпліку жонкі, хіба што ніжэй схіліў твар над глінянай міскай з кашай. Перавыхаванне яго тым часам працягвалася… Праз тыдзень былога нацдэма паставілі на пагрузку-разгрузку драўлянай сыравіны і гатовай прадукцыі, і ён з брыгадай у пяць чалавек да вечара варочаў сырыя абмерзлыя бёрны, цягаў на ваганеткі, выгружаў дошкі і гарбылі з піловачнага цэха. Тут яму далі брызентавыя рукавіцы, але болей нічога, і хутка яго лёгкі палітончык ператварыўся ў чорт ведае што — таксама як і яго вастраносыя шчыблеты. Праўда, нацдэм не скардзіўся, не наракаў нават — маўчаў і засяроджана рабіў разам з усімі, у меру сваіх, аднак, не надта багатых сіл. Спектакляў у ДСК ён ужо не ставіў — іх ужо не ставіў ніхто, уся работа там абмежавалася антырэлігійнымі лекцыямі ды нячастымі дакладамі аб міжнародным становішчы. Пасля аднаго такога даклада, які па даручэнню райкома рабіў, дарэчы, Азевіч, Дарошка прычакаў яго на ганку і сказаў, што мае некалькі заўваг па сутнасці. Азевіч, якога ўжо прыпынялі чалавекі тры з падзякай за разумны даклад, ахвотна спыніўся, трохі заінтрыгаваны, і Дарошка сказаў: «Вы спрашчаеце праблему інтэрнацыянальнага». — «Як гэта?» — не зразумеў Азевіч. «А так. Рабочы клас Германіі цяпер зусім не той, што быў у часе Веймарскай рэспублікі». — «Ну, гэта няпраўда, — сказаў Азевіч, здзівіўшыся. — У газеце напісана…» — «I ў газеце няправільна напісана».
Вось табе і на! Азевіч зусім бы не здзівіўся, калі б той злавіў яго на якой недакладнасці, на ўласна Азевічавай памылцы. Тады ён і сапраўды не надта яшчэ ўпэўнена адчуваў сябе ў ролі палітычнага аглядальніка, але тое, што няправільна надрукавана ў газеце, ён дапусціць не мог. Да аўтарытэту газеты заўжды звярталіся ва ўсякім канфлікце і на лесапільні і ў райкоме. Газета, якая друкавалася ў Менску, тым больш у Маскве, была вярхоўным арбітрам у кожнай спрэчцы, справа ішла толькі аб тым, ці дакладна пераказаны газетны выраз, ці правільна вытлумачаны. Задача кожнага дакладчыка была ў тым, каб як мага дакладней трымацца тэксту газеты, і некаторыя за ўвесь даклад не адрывалі ад яе вачэй, каб не памыліцца, не сказаць што не так, як там напісана. Здаецца, у той вечар Азевіч нідзе не дапусціў ніякай недакладнасці, шпарыў скрозь па газеце, а гэты кажа: спрашчае праблему.
Людзі з даклада ўжо разыходзіліся, а яны стаялі, закурыўшы, і тады Дарошка кажа яшчэ: «Цытата пра рэлігію ў вас таксама недакладная. У Маркса пра тое іначай напісана». Учуўшы тое, Азевіч здзівіўся яшчэ больш: ужо тую антырэлігійную цытату ён чуў безліч разоў і ведаў яе на памяць. Вядома, ён не пагадзіўся з упартым нацдэмам, тады той рашуча запрапанаваў: «Давайце праверым у творах». Што ж, праверыць у творах Азевіч быў не супроць, каб толькі ведаць, у якіх творах можна было тое праверыць. Дарошка ж, мабыць, ведаў, яны зайшлі ў бібліятэку таго ж нардома, і там на даўгой паліцы нацдэм упэўнена выцяг адзін том Маркса, пагартаў, затым узяў другі і, праўда, знайшоў тое, што ім было трэба. «Во, глядзіце. Што напісана». Напісана сапраўды было трохі інакш, чым цытаваў Азевіч: «Религия — это вздох угнетенной твари, сердце бессердечного мира, подобно тому, как она — дух бездушных порядков. Религия есть опиум народа». «Вось так, — зазначыў Дарошка. — А не для народа. Цытаты патрабуюць дакладнасці». Ну, мабыць, так, моўчкі падумаў Азевіч, мабыць, тут ён даў маху… Але тады што ж атрымліваецца? Хто ж каго перавыхоўвае? Ён, камсамольскі сакратар, —
Пытанне тое, не знаходзячы адказу, маячыла ў галаве ў Азевіча бадай усю зіму, часам прыцьмяваючы ў памяці, а часам загараючыся з новай сілай. Неяк Дарошка даў яму прачытаць зборнік артыкулаў Леніна пра тактыку сацыял-дэмакратыі, з якога Азевіч зразумеў і запомніў штоколечы, штоколечы нават выпісаў, але гаворкі аб тым не паспеў распачаць. Якраз тым часам у газетах з’явіліся артыкулы аб правым ухіле і беларускіх нацыяналістах, быў надрукаваны адкрыты ліст Якуба Коласа з прызнаннем і выкрыццём уласных шкодніцкіх і контррэвалюцыйных памылак, і Азевіч падумаў, што настаў самы час пагутарыць і пра нацыяналістычныя памылкі Дарошкі. Для таго ён завітаў да яго ў нядзелю пасля абеду. Дарошка сядзеў ля акна з кніжкай, сястра Хрысцінка зашывала яму разадраную на лесапільні сарочку, малая гуляла з лялькамі на канцы ўслона, жонкі недзе не было дома. I тады Азевіч паклаў перад ім узятую напярэдадні ў райкоме газету з пакаянным лістом Коласа. «Чытайце! Сам прызнаецца». Дарошка ўзяў, хутка прабег вачмі па радках таго допісу і кінуў газету долу. «Галімацця і глупства! Якая контррэвалюцыйная дзейнасць! Вы чыталі „Новую зямлю“?» Не, Азевіч не чытаў «Новай зямлі», ён пра яе і не чуў. Тады Дарошка папоркаўся сярод кніжак на этажэрцы і адну тоненькую падаў Азевічу. «Во, прачытайце і скажыце, чым гэта кепска?» Азевіч узяў, сунуў кніжку за пазуху. Што ж, ён пачытае, канешне, хоць чытаць творы контррэвалюцыянера, мабыць, не надта дазваляецца члену райкома камсамола. Але ўзяў і тры вечары запар чытаў пры цьмяным святле газнічкі — усё так здалося складна, зразумела і неяк сімпатычна нават. Пазнаваў шмат што і са свайго вясковага жыцця: і як у маленстве маці частавала дзятву блінамі ўранку, і як з дзядзькам Піліпам падглядаў пчолы. Сялянскі быт, канешне, там быў намаляваны выдатна, як і людзі — знаёмыя сялянскія тыпы, якіх безліч у кожным раёне, у кожнай вёсцы. Ну і прырода таксама. Само сабой, уражваў і клопат селяніна таго часу — зямля і яе спрадвечны недахват у вёсцы. Успомніў, што і ў іхняй сям’і зямлі было мала, адзін неўрадлівы надзел, над якім біліся бацька з маткай. Пасля, праўда, як падраслі, ім узяліся памагаць дзеці, ён, Ягор, і сястра Ніна, тады неяк зажылі лепш, стала сытней на стале, паявілася нейкая адзежына. Думалася: можа, неяк бы жылі і далей, калі б не ўсчалася класавая барацьба ды гэтая калектывізацыя. Ягору яшчэ пашэнціла, ён у час, дзякуючы шчасліваму выпадку ці добраму чалавеку, вырваўся з вёскі, стаў камсамольскім работнікам, выйшаў у людзі. А ў вёсцы гібелі, галадалі, калгасы не маглі выйсці з нэндзы, калгаснікі ледзьве выконвалі планы здачы, нарыхтовак усяго — ад яек, малака да льну і збожжа. Ад «Новай зямлі» дыхнула даўнім, нават прывабным сялянскім жыццём, але што было адказаць Дарошку? Тое, што адчуваў сэрцам, па шчырасці, ён сказаць не мог, не меў права. Ён абавязаны быў спрыяць працэсу класавай барацьбы і працоўнага перавыхавання нацдэма, а не шкодзіць таму працэсу. I калі праз дзён колькі яны сустрэліся ўранку на лесапільні, Азевіч прызнаўся: «Добра, аднак, піша Колас пра прыроду і лес, але… Але рэвалюцыйных памкненняў малавата, і рабочага класа няма». — «Ну і што, што няма? — спакойна сказаў Дарошка. — Кожны твор трэба ацэньваць па тым, што ў ім ёсць, а не па тым, чаго там няма. У Пушкіна таксама партячэйкі няма». — «Яно, можа, і так, але…» — не знайшоў, як адказаць, Азевіч. Тады гэты Дарошка і кажа: «Зойдзем пасля работы, я вам дам і пра рабочы клас. Цішкі Гартнага, напрыклад». Канешне, Азевіч зайшоў і начэй колькі затым сляпіў пры газнічцы вочы, чытаючы «Сокі цаліны», — на гэты раз спасцігаючы зусім не вядомае яму жыццё ў вялікіх і малых гарадах, турботы рабочага класа, якога ён амаль не ведаў раней, але якое цяпер было надта цікава яму. Тады ўжо ён не думаў, што Дарошка неяк уплывае на яго, а не наадварот, проста той залучаў яго да чагосьці такога, што было, можа, і няправільна нават, можа, і недарэчы ў іх тагачасным жыцці, але цікава і нават змястоўна. Тыя кніжкі прымушалі неяк па-іншаму зірнуць і на самога Дарошку. Азевіч часам пільней, чым калі раней, узіраўся ў яго тонкі, хударлявы твар з маленькімі зыркімі вочкамі, нібы хацеў зразумець, чаго гэта ён, быццам і нішто чалавек, разумны і адукаваны, а во стаў нацдэмам. Прама запытацца пра тое ён не наважваўся — усё ж было трохі сорамна лезці, можа, з непрыемнымі для яго роспытамі, хоць сам ён і не надта што разумеў у сутнасці палітыкі тых нацдэмаў. Аднойчы яны сядзелі ў яго за сталом, перабіраючы новыя і старыя кніжкі, якіх багата было ў Дарошкі, той неяк адрывіста, з паўзамі расказваў яму пра падзеі на Беларусі і Украіне з часоў XVI стагоддзя, і раптам ён змоўк і, лыпнуўшы па ім позіркам, запытаўся: «Думаеш, мабыць, вярзе гэты нацдэм, пад сябе грабе?» — «Ды не, чаму?..» — ніякавата паварушыўся Азевіч. «Так жа ўсе думаюць. Наццэм! Ніякі я не нацдэм, проста нармальны чалавек. Можа, трохі больш патрыёт, чым некаторыя іншыя. А патрыёт ад нацыяналіста, думаеш, чым адрозніваецца?» — «А чым?» — спытаў Азевіч і насцярожыўся: тое пытанне было адным з самых галоўных у яго адносінах да Дарошкі. «А тым, што патрыёт любіць сваё, а нацыяналіст болей ненавідзіць чужое».
«Можа, і так», — падумаў Азевіч, спрачацца яму з Дарошкам не выпадала, адчуваў, той па навуцы і нават палітграмаце быў мацнейшы за яго. Вядома, чалавек скончыў педтэхнікум, не тое што Азевіч… Праўда, Азевіч прайшоў немалую працоўную загартоўку, меў вопыт камсамольскай работы і цяпер належаў да рабочага класа — авангарду сацыялістычнай рэвалюцыі. Мабыць, гэта не менш, чым педтэхнікум. Тым больш калі Дарошка — нацдэм. Але ўсё ж… Вялікай упэўненасці ў сваёй праваце Азевіч не меў, ён адчуваў адно: у ведах гэты чалавек быў куды за яго мацнейшы.
Так яны прарабілі зіму на тае лесапільні. Дарошка ўжо зусім асвойтаўся са шмат якімі аперацыямі па дрэве — не толькі на таварным ці сыравінным двары, але ўжо разоў колькі парабіў нават рамшчыкам. I хоць увогуле сілы ў яго былі небагатыя, але не наракаў, стараўся рабіць нароўні з усімі. I тады неяк напрадвесні з райкома загадалі правесці абмеркаванне працэсу перавыхавання нацдэма. Быццам падвесці вынікі.
Сход праводзілі пасля працы, на штабялях дошак у цэху. Сабралася з паўсотні народу, усе ў пілавінні, стомленыя ад працы, але са стрыманай цікавасцю на шэрых тварах — усё ж не кожны месяц абмяркоўваюць такую справу, як перавыхаванне нацдэма. Пад цьмянай электрычнай лямпачкай за сталом села начальства — сваё, з райкома чамусьці не было нікога, і Азевіч расказаў, хто такі Дарошка і чаму спатрэбілася тое перавыхаванне. Гаварыў ён нягучна, стараўся без злосці, але ўжо з тым металам у голасе, да якога прызвычаіўся апошнім часам, на камсамольскай пасадзе. Затым з першага рада ўнізе падняўся Дарошка і коратка расказаў пра сябе, — што ўвогуле праца для яго не навіна, што ён сялянскі сын і ўсю маладосць рабіў на гаспадарцы ў бацькі, пасля, як вучыўся, таксама — каб з’есці кавалак хлеба, часцяком ірваў кішкі на станцыі, разгружаў вагоны. Мабыць, таму на лесапільні яму было не горай, чым у якім іншым месцы, бо праца ўсюды ёсць праца. Пасля Дарошку пачалі задаваць пытанні: пра нядаўні з’езд таварыства «Далоў непісьменнасць», класавую барацьбу ў краіне, згубнасць правага ўхілу і шкоднікаў з наркамзема Беларусі. Дарошка лёгка і канкрэтна адказваў, нідзе не памыліўшыся, як адзначыў Азевіч, які пільна слухаў кожнае яго слова, нібы той быў яго вучань і цяпер трымаў нялёгкі і адказны экзамен. Усё ж ён хацеў, каб справа перавыхавання скончылася паспяхова. Пры канцы ўжо нехта з цьмяных задніх радоў запытаўся пра бацьку, зямлю, колькі гектараў тае было ў гаспадарцы. Людзі прыціхлі, думалі, мабыць, што тут і ёсць тая загвоздка, праз якую настаўнік трапіў у лапы страшных нацдэмаў. Інакш чаму б раптам сялянскі хлопец — нацдэм! Але і тут нечаканкі не адбылося: у Дарошкавага бацькі было ўсяго чатыры дзесяціны зямлі, адзін конь, адна карова. I ўсё. У абмеркаванні настала кароткая паўза, мабыць, ужо не ведалі, пра што пытацца яшчэ, і тады з цёмнага кутка з-за піларамы ступіў распілоўшчык Каламашка. Як заўжды, напусціўшы на сябе партыйнай важнасці, сказаў: «Гэта добра, што не кулацкі сын, хоць і не бядняк, як я разумею, але адкажы ты мне во на якое пытанне: во ты і вучыцель, і граматны, а чаму ты, браце мой, па-беларуску гаворыш?» I змоўк. Стала ціха, людзі сядзелі насцярожаныя, мабыць, у тым пытанні ўчулі штосьці благое, Дарошка спакойна так адказаў у тым сэнсе, што беларуская мова — яго родная мова, таму ён на ёй і гаворыць. Азевіч тады падумаў, што тое пытанне Каламашкі, мабыць, ужо занадта, наўрад ці яно адносіцца да абвесткі сходу, і сказаў, не ўстаючы: «У нас свабода, таварышы, кожны мае права размаўляць, як хоча». Нехта падтрымаў яго, сказаў да Каламашкі: «Ты ж сам па-беларуску гаворыш». На што, аднак, Каламашка з’едліва і важна зазначыў: «Ага, я — па-беларуску, бо я малапісьменны, а ён жа настаўнік. Дык чаму ён цураецца па-расейску?»
У цэху зноў усе прыціхлі, мабыць, гэты довад Каламашкі быў зразуметы як правільны, і Азевіч не ведаў, як тут паставіць сябе, тым больш што Дарошка таксама нешта буркнуў пад нос і стаяў, угнуўшы галаву, нібы ў здранцвенні. Мусіць, трэба было прымаць рашэнне, яно было нарыхтавана ў паперцы ў Азевіча, але ў той час да яго нахіліўся Цецярук, загадчык лесапільні, і сказаў, што рашэнне трэба адкласці. Чаму адкласці, Азевіч не зразумеў, але старшыня сходу ўжо аб’явіў, што рашэнне аб перавыхаванні грамадзяніна Дарошкі адкладваецца на пасля, і сход перайшоў да наступнага пытання — збору сродкаў для зняволеных па лініі МОПРа.