Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Быкаў Васіль

Шрифт:

Дзіва, але ён не мог саўладаць з сабой, не мог намагчыся прачнуцца. Ён нібы зачапіўся дзесь на мяжы прывіднага сну і явы, адчуваючы толькі, што яму кепска. Нават дужа кепска. Што і дзе балела, таго Азевіч уцяміць не мог, проста яму было блага — можа, болей у змэнчаных пачуццях, чымсьці ў целе. Хаця і цела ўспрымалася ім як суцэльны немачны боль. Дужа хацелася піць, унутры, здавалася, усё ссохла, і было то горача, то так сцюдзёна, што на ім хадуном хадзіла гарохавінне, пад якое ён закопваўся ўсё глыбей і глыбей. Толькі наўрад ці ён адчуваў тое, таксама як не адчуваў ужо, дзе ён апынуўся. У тлумным трызненні мроілася нейкая даўніна, штось з даўно перажытага; надта пакутнае, яно перапынялася

ягоным фізічным, не меней пакутным пачуццём. I толькі краёчкам свядомасці на кароткі час ён цяміў сваё лаўжо ў шархоткім каляным гарохавінні, наўрад ці разумеючы, як і калі ён трапіў у яго. Як трохі вальнела і мешаніна прывідаў адступала ў сваёй выяве, пачуцці зноў апаноўвала страхам ад усведамлення таго, што ён хутка памрэ. Памрэ, як памёр Гарадзілаў, бо хвароба магутна ўхапіла яго сваёй кашчавай рукой, адабрала сілу і нават волю да паратунку.

Ён не ведаў, колькі мінула часу, як ён запоўз сюды, і наогул які цяпер час, толькі аднойчы раптам расплюшчыў вочы і ўбачыў, як рэзка блішчыць побач шчыліна між бярвення, з якой пругка б’е вецер. Убачыў рэдкую крапанку гарохавіння ля твару, штосьці падумаў ці, можа, памкнуўся падумаць і зноў упаў у нябыт.

Другі раз яго пабудзіў голас, здалося, выразна, бы наяве, штосьці гукае нябожчыца маці. Адчуўшы сябе дашчэнту скалелым і спакутаваным, ён, аднак, хутка згубіў той голас і зноў упаў у праваліну пакутна санлявай знямогі. Гэтае чаргаванне забыцця і цьмянае явы працягвалася доўга, нібы бясконца, і бясконца доўжыліся ягоныя пакуты. Іншы раз ён лавіў сябе на тым, што імкнецца крыкнуць, тады сам палохаўся тае магчымасці і нейкім падсвядомым імкненнем вырываўся з непрытомнасці. Шчыліны ўжо не было побач, мабыць, трызнячы, ён скінуў з сябе гарохавінне і павярнуўся ці споўз да самай сцяны. У пуні развіднела, відаць стала змрачнаватае саламянае падстрэшша з трыма ластаўчынымі гнёздамі ля кроквы. Пад імі на бэльцы сядзеў шэры, з натапыраным пер’ем верабейка, напружана ўзіраўся ўніз, якраз у самы ягоны твар. Як Ягор цепнуў вачмі ці варухнуў чым, верабейка жвава чырыкнуў, разы два пераскокнуў з месца на месца па тоўстай счарнелай бэльцы. То была першая адзнака жывога і ў ёй праява хілай надзеі — можа, яшчэ ён неяк выкараскаецца. Азевіч варухнуў рукой, нібы вітаючы верабейку, і той, ціўкнуўшы, сарваўся з бэлькі і знік за высокай гарой саломы на тым канцы пуні.

Ветраную ціш у пуні, здаецца, парушылі нейкія новыя гукі — шархаценне, ці што, але чуліся яны за сцяной знадворку. Азевіч расплюшчыў вочы — у шчыліне між бярвення хіснуўся і замёр нейкі цень, быццам спыніўся хто. Тады ён скасіў позірк убок па шчыліне, і праўда, ля сцяны на момант мільганула чорная постаць з настырчанымі вушамі, прыціхла, штосьці паслухала і знікла. То быў сабака. Добра, што не забрахаў, падумаў Азевіч, але, мусіць, учуў яго тут. А можа, не ўчуў, можа, так сабе ходзіць па загуменні. Азевіч заплюшчыў вочы — было не да сабакі. Што ўжо яму сабака?

Між тым яго магутна скаланула дрыжака, стала нясцерпна холадна. Ён сцяўся, скорчыўся і ў апошнім намаганні шаснуў глыбей у гарохавінне, ледзьве стрымліваючы дробны ляскат зубоў. Доўга ён не мог саўладаць з тым ляскатам, не мог сагрэцца, аж покуль непрытомнасць новым заходам не ахінула яго адчуванні.

Другі раз ачнуўся ад усведамлення таго, што паблізу хтосьці варушыцца. Яшчэ не зусім дапяўшыся да явы, прыціх, нават перапыніў разгарачанае дыханне, услухаўся… Яўна дзесь побач шархацела салома, але не ад ветру з падстрэшша. Шархацела настойліва, рэзка, з невялікімі прамежкамі цішыні. Азевіч расплюшчыў вочы, аднаруч ціхенька адгарнуў ад твару калівы гарохавіння. Ён нічога паблізу не ўбачыў, ды раптам адчуў, што з-пад гарохавіння

вытыркаліся ягоныя ногі. Памкнуўся падкорчыць іх, ды, мабыць, спазніўся.

— А, божухна!..

Прагучала гэта страхавіта і здзіўлена; ён, аднак, не крануўся — чакаў, невядома на што спадзеючыся. I тады паблізу выразна пачулася:

— Божачка, маці прачыстая багародзіца…

То быў страхавіты жаночы выкрык і несумненна адносіўся да яго. Прынамсі, у адказ нічога не пачулася, і ён, не ведаючы нашто, гучна выдыхнуў, бы застагнаў.

— Хто тут?

З натугай ён адхінуў ад грудзей пласт жорсткага гарохавіння, памкнуўся падняцца, ды не набраў сілы. Але яна ўжо прыкмеціла яго і знерухомела, гэтая цётка ў цёмнай хустцы, і перахрысцілася.

— Не бойся, маць, — здалося яму, сказаў ён, ды не пачуў уласнага голасу, такі той быў слабы. Давялося сказаць яшчэ — слаба і хваравіта. I, напэўна, тая яго хваравітасць надала цётцы рашучасці ступіць на гарохавінне, каб згледзець яго пад сцяной.

— Што ж гэта?.. Ці паранены?

I застыла-знерухомела, чакаючы яго адказу.

— Хворы я, цётка. Паліць усё. Піць хачу…

— Піць? Дык я зараз. Я хуценька. Збегаю па конаўку…

«Ну во і папаўся, — з’явілася страхавітая думка. — Зараз прывядзе каго… Хоць немцаў, хоць паліцаяў». Але што было яму рабіць? Ён ужо нічога не мог. Хіба застрэліцца. Застрэліцца яшчэ, мабыць, сілы знойдзе. Дзе толькі той наган?

Наган быў у кішэні, муляў пад сцягном, пра наган ён не забываўся нават у непрытомнасці. Шкада толькі, што ў непрытомнасці наган — не падмога. Але, можа, ён як-небудзь яшчэ стрывае, наможацца пабыць у свядомасці. Яму каб толькі напіцца…

Здаецца, надта ўжо хутка жанчына зноў з’явілася побач, а ён і не пачуў, як яна пайшла-выйшла. Але во зашэрхала гарохавінне, і, стаўшы на калені, цётка падала яму белую кварту. Ён памкнуўся прыўзняцца, ды не змог — так яго даканала немач. Тады цётка адною рукой прыўзняла яго галаву, а другой паднесла да вуснаў кварту. Вада здалася нясмачнай, аж памкнула на ваніты, але, спакутаваны смагай, ён выпіў паўкварты. Дужа закружылася ў галаве, наваколле паплыло, нібы ў тумане.

— Ну дзякуй.

— Можа, яшчэ чаго?

— Не, не трэба, — толькі і намогся сказаць ён і заплюшчыў вочы. Здалося, вось-вось зноў страціць прытомнасць, ды неяк усё ж утрымаўся ў памяці. Як расплюшчыў вочы, цётка сядзела побач. Была яна, мусіць, яшчэ і не дужа старая, але надта спакутаваная, цёмная з абвялага твару, выраз якога быў здаўна так знаёмы Азевічу. Жальба і клопат даўно і ўладна атабарыліся на тым твары.

— Што ж гэта ў вас? Ці, можа, прастуда? — заклапочана пыталася цётка.

— Можа, і прастуда…

— Анягож. Цяпер такі час, прастудны. Але ж… Можа, тыфус?

«Яшчэ чаго не хапала! — спалохаўся ў думках Азевіч. — Хаця хто ведае? Гарадзілаў жа памёр. Можа, і тыфус…» Цётка паўзіралася ў яго, памеркавала:

— Трэба б доктара. Ды няма ж у нас.

— Не трэба доктара.

— Не, усё ж, мусіць, трэба. Каб жа быў толькі.

— Ні ў якім разе. Я папраўлюся, цётка.

— Добра ж, калі паправіцеся. У дом вас трэба.

На тое ён памаўчаў. У дом, канешне, было б нават выдатна. Але…

— А якая то вёска, цётка?

— Дык гэта ж Заброддзе.

«Заброддзе, Заброддзе… Якое ж гэта Заброддзе? — напружана думаў ён. — А, ды гэта ж тое самае Заброддзе, дзе тады білі жорны». Не, не ён, не Азевіч — тут хадзіла іншая брыгада. Здаецца, на чале з Маладцовым. А крыху далей і яго Ліпаўка. Значыць, у тую завейную ноч ягоныя ногі вялі… Самі вялі, каб у родны кут. Але чаму так? Ці не на пагібель тое?

— У дом не трэба. Я тут…

— А хто ж вы будзеце? Не тутэйшы? — пацікавілася цётка.

Поделиться:
Популярные книги

Отмороженный 8.0

Гарцевич Евгений Александрович
8. Отмороженный
Фантастика:
постапокалипсис
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Отмороженный 8.0

Наследник пепла. Книга I

Дубов Дмитрий
1. Пламя и месть
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Наследник пепла. Книга I

Отмороженный

Гарцевич Евгений Александрович
1. Отмороженный
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Отмороженный

Инкарнатор

Прокофьев Роман Юрьевич
1. Стеллар
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
7.30
рейтинг книги
Инкарнатор

Слабость Виктории Бергман (сборник)

Сунд Эрик Аксл
Лучший скандинавский триллер
Детективы:
триллеры
прочие детективы
6.25
рейтинг книги
Слабость Виктории Бергман (сборник)

Хозяйка заброшенного поместья

Шнейдер Наталья
1. Хозяйка
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Хозяйка заброшенного поместья

Золотой ворон

Сакавич Нора
5. Все ради игры
Фантастика:
зарубежная фантастика
5.00
рейтинг книги
Золотой ворон

На границе империй. Том 10. Часть 5

INDIGO
23. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
На границе империй. Том 10. Часть 5

Адвокат Империи 2

Карелин Сергей Витальевич
2. Адвокат империи
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Адвокат Империи 2

Два мира. Том 1

Lutea
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
мистика
5.00
рейтинг книги
Два мира. Том 1

Черный дембель. Часть 3

Федин Андрей Анатольевич
3. Черный дембель
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Черный дембель. Часть 3

Крепость над бездной

Лисина Александра
4. Гибрид
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Крепость над бездной

Флеш Рояль

Тоцка Тала
Детективы:
триллеры
7.11
рейтинг книги
Флеш Рояль

Шесть тайных свиданий мисс Недотроги

Суббота Светлана
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
эро литература
7.75
рейтинг книги
Шесть тайных свиданий мисс Недотроги