Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Быкаў Васіль

Шрифт:

Трохі расхваляваны і нават раззлаваны, Азевіч тупаў у вечаровых прыцемках дадому. Пасля сходкі яго затрымаў Цецярук з Петраковым — усё наконт Дарошкі, тлумачылі, што таму не пашкодзіць яшчэ пару месяцаў парабіць у рабочым калектыве, маўляў, яшчэ не перавыхаваўся. Але чаму не перавыхаваўся, таго яны не сказалі, мабыць, самі не ведалі; Азевіч жа, які ведаў болей за іншых, пачынаў думаць, што таму і перавыхоўвацца не было чаго. Ніякіх шкодных ці там варожых намераў ён не чуў ад Дарошкі, а веды… Ведаў ягоных ад таго, што ён папрацуе на пагрузцы ці на тралёўцы, у яго не зменшае. Калі б не паболела нават. Але во паспрабуй дакажы тое цвердаскураму Каламашку. Ці загадчыку нават.

На рагу ля местачковай сталоўкі, куды скіраваў Азевіч запознена павячэраць, ён нечакана сутыкнуўся з Мілаванам. Той, мабыць,

знарок выглядваў яго, бо адразу, павітаўшыся, павярнуў у ягоны бок. «Што, у сталоўку?» — «У сталоўку», — пацвердзіў Азевіч, адразу сцяміўшы, што тая сустрэча не так сабе. «Дык вячэрай і зайдзі да нас. Справа ёсць», — сказаў Мілаван і перайшоў на другі бок вуліцы. Не спадабалася тая сустрэча Азевічу, ён ужо стаў здагадвацца, якая ў іх была да яго справа. Добра выгаладаўшыся за дзень, ён, аднак, без вялікай увагі з’еў талерку гуляшу ў пуставатай сталоўцы, запіў цёплым чаем і выйшаў на вуліцу. Надта не хацелася яму ісці ў той белены папоўскі дамок пад ліпамі, але і як было не пайсці? Трохі павагаўся і таропкім крокам пайшоў — мусіць жа, яго там чакалі.

I праўда, чакалі. За сталом, пакрытым усё тым жа чырвоным, толькі ўжо ў плямах паркалём, сядзеў зябка ахінуты шынялём Мілаван, з-пад ілба строга зірнуў на яго і, не адказаўшы на ягоны «вечар добры», папракнуў: «Змушаеце чакаць». Азевіч змоўчаў, зразумеўшы папрок, прысеў на табурэт. Мілаван выкруціў трохі кнот у вялікай лямпе, што вісела над сталом, у пакоі стала відней. «Ну, як сабранне? Перавыхавалі нацдэма?» Азевіч стрымана адказаў, што сход вырашыў адкласці гэтае пытанне на потым. «Чаму ж на потым? Вы што ж, будзеце яго перавыхоўваць да перамогі сусветнай рэвалюцыі? Хто вам дасць столькі часу?» Азевіч памаўчаў, згадваючы, як лепш адказаць гэтаму прыдзіру-начальніку, які, утаропіўшы ў яго нахмураны позірк, чакаў. «Ці ён не паддаецца перавыхаванню?» — «Не, чаму? — сказаў Азевіч. — Працуе няблага». — «Працуе! Працаваць ён будзе, куды дзенецца. А вось што ён гаворыць? Пра свой нацдэм што гаворыць?» — «Пра нацдэм не вельмі…» — «Не вельмі? А ты хацеў, каб яшчэ і вельмі? Сувязь з кім трымае?» — «Сувязь? — здзівіўся Азевіч. — Якую сувязь?» Пра сувязь ён нічога не чуў, але Мілаван тут жа задаў новае пытанне: «З Дударом бачыўся?» — «З якім Дударом?» — не зразумеў Азевіч. «З пісацелем Дударом. На пачатку лютага прыязджаў да яго. Ці вы там разам былі? Можа, ён і вас ужо ўцягнуў у тую зграю?»

Трохі памарудзіўшы з адказам, Азевіч прыпамятаў адзін нядаўні выпадак — сапраўды на пачатку лютага. Неяк у выхадны ён забег да Дарошкі, каб аддаць часопіс «Полымя рэвалюцыі», які браў надоечы з цікавасці да артыкула Лукаша Бэндэ, і ў парозе сутыкнуўся з незнаёмым хлопцам у кажушку, той ужо развітваўся з гаспадаром. Тады ён толькі і пачуў адну фразу: «Дык напішыце, калі што». Хлопец пайшоў, а Азевіч, калі яны засталіся ўдвух, запытаўся пра яго, і Дарошка неахвотна адказаў: «Ды так, прыезджы адзін». Мабыць, то і быў Дудар, пісьменнік. Але што цяпер мог Азевіч? Схлусіць, што ні з кім не страчаўся, у яго не хапіла адвагі — а раптам гэтыя ўсё ведаюць? I ён коратка расказаў пра тую сустрэчу на парозе.

«Значыць, сказаў: напішыце? А пра што напішыце?» — утаропіўся ў яго Мілаван.

«Во гэта не ведаю», — прастадушна цепнуў плячыма Азевіч. «Дык мы ведаем, — холадна сказаў гаспадар пакоя. — Пра нацдэмаўскую агітацыю. Да, да… Агітацыю на лесапільні. А ты думаў! Во што, бяры ручку і пішы». Рашучым жэстам ён падсунуў да госця чарніліцу з ручкай на беражку, паклаў аркуш паперы. «Што пісаць?» — «Што чуў, прыйшоўшы. Пра змову весці нацыяналістычную агітацыю». — «Дык я ж не чуў нічога», — разгубіўся Азевіч. «Ах, не чуў? Ці не хочаш паведаміць? Але ўспомні Зарубу!»

Азевіч знерухомеў, адчуўшы, як па ягоным целе забегалі мярзотныя мурашы, — сапраўды стала боязна. Ён і без напамінку добра памятаў свой колішні подпіс — лёс старшыні выканкома заўжды стаяў перад ягонымі вачыма. I ён ціха, але цвёрда сказаў: «Не, пісаць нічога не буду. Я нічога не ведаю». — «Не ведаеш?» — «Не ведаю». Мілаван тады ўскочыў за сталом, дужа грукнуў па ім кулаком і закрычаў, завісчэў — напружыўшыся сваім хілаватым целам: «Ды ты думаеш, што гаворыш? Ты адмаўляешся дапамагаць органам выкарчоўваць беларускіх фашыстаў! Ты іх абараняеш! Ты сам даўно ў іхняй арганізацыі! I ўжо

выконваеш іхнія заданні…»

Азевіч сядзеў моўчкі і чуўся ні жывы ні мёртвы ад разлютаванага крыку гэтага начальніка, які ва ўсе бакі тузаў сваёй голенай галавой на вяртлявай жылістай шыі. Але Азевіч ужо трохі адышоўся ад першага спалоху, маўчаў і думаў: «Крычы, крычы! Хоць пасіней!..» Ды гэпэушнік не пасінеў, а неяк на паўслове спыніў крык і закашляўся. Кашляў доўга, нібы пры коклюшы, крыху перапыняўся, харкаў кудысьці пад стол, выціраў рот скамячанай насоўкай і пачынаў кашляць зноў. «Ці не сухотны?» — без жалю падумаў Азевіч. Падобна, аднак, у таго пайшла кроў, бо, чарговы раз харкнуўшы пад стол, ён выцерся, зірнуў у насоўку і махнуў на яго рукой — ідзі! На парозе Азевіч пачуў: «Яшчэ паклічу!» — і хуценька выскачыў на ганак.

Ушчэнт знясілены, ён ледзьве датупаў тады да свае халупы над рэчкай, не распранаючыся сеў ля стала, сядзеў, думаў. Пацершыся аб яго ногі, ціхенька ўселася на падлозе ласкавая бабчына кошка, а ён усё думаў. Можа, кепска зрабіў, што не паслухаўся Мілавана, мо цяпер пасадзяць самога? I не ведаў ён, як яму цяпер быць з Дарошкам? Можа, зараз пайсці да яго і расказаць, што ад яго дамагаліся ў аддзеле. Але што падумае пра яго Дарошка? Урэшце не стрываўшы адзіноты ў хаце, выйшаў на двор і паплёўся да Вайцяшонка. Той у сподніках адчыніў дзверы, упусціў яго на кухню, і Азевіч сцішана расказаў яму пра свае вечаровыя прыгоды. Вайцяшонак пакутна маўчаў, бы нямы, аж стала няёмка. Толькі бліскаў на яго пакутным позіркам пры цьмяным святле газнічкі. Тады Азевіч сказаў, што, мабыць, трэба папярэдзіць аб тым Дарошку, ад чаго Вайцяшонак ажно падскочыў на ўслоне. «Ні ў якім разе! Ты што! Загубіш сябе і Дарошку не паможаш. Павер мне, ужо я ведаю». Азевіч паверыў: усё ж ягоны сусед рабіў у райкоме, не тое што ён — на лесапільні.

На тым яны і развіталіся, а назаўтра, прыйшоўшы на працу, Азевіч дазнаўся, што нацдэма ўзялі. Людзі ўжо ведалі, за што. Нібыта рыхтаваў дыверсію на лесапільні і наогул быў польскі шпіён. Толькі прыкідваўся беларусам. Азевіч слухаў, што пляткарылі людзі, і думаў: наконт польскага шпіёна — лухта. Ён прыпамятаў адну размову з Дарошкам, як той дужа наракаў на палякаў за іх даўнія намаганні завалодаць беларускімі землямі. Не любіў нацдэм палякаў, то пэўна. А наогул ён не ведаў, як адносіцца да Дарошкі, шкадаваць яго або не. Часам Азевіча брала злосць, што праз яго столькі наперажываўся гэтай зімой. Часам з’яўлялася ціхае задавальненне, што ўсё ж не прычыніўся да ягонай пасадкі. Увогуле Азевіч паводзіў сябе з ім сумленна: калі не абараняў, дык і не паддаваў ні ў чым. Усё папраўдзе, не тое што з Зарубам. Гісторыя з Зарубам з’явілася для яго добрым урокам, ён не забудзе яе да смерці. Але Мілаванава абяцанка паклікаць яго яшчэ надоўга атруціла яму жыццё. Ён са страхам чакаў таго выкліку кожны дзень на працы, ідучы дадому, бываючы ў райкоме, дзе на вуліцы ці нават уначы ў ціхай бабчынай хаціне над рэчкай. Тое пакутнае чаканне працягвалася доўга, ды Мілаван чамусьці не клікаў. А пасля паклікалі, відаць, самога Мілавана. Казалі, паехаў на нараду ў Менск, з якой так і не вярнуўся. Ні праз дзень, ні праз месяц. Знік без следу і гуку.

…На нейкі няпэўны час Азевіч нібы выпаў з жыцця, напэўна, страціў усялякае адчуванне явы і быў ці то ў сне, ці ў трызненні, а можа, у мінулым, якое таксама было не лепшае за самы пакутны сон. Як некалі ў дзяцінстве. Звычайна ўсё ішло ад пачуцця адзіноты, пакінутасці ў цёмнай хаце, яго ахопліваў страх, ён баяўся немаведама чаго. I ў той яго страх паступова ўваходзіў нехта знадворку, нехта варушыўся за акном. Ягор заплюшчваў вочы, а як расплюшчваў, бачыў за шыбінай цьмяную касмылявую морду, то, канешне, быў воўк. Ён стрыкаў вушамі, напружана зазіраў у акно невядома з якім намерам, можа, каб улезці ў хату. Ад страху Ягор нібы прачынаўся, але навакол была тая ж адзінота, толькі Ягор пачуваўся зусім не дзіцем — цяперашнім дарослым чалавекам, але ўсё роўна яго апаноўваў той даўні дзіцячы страх — пакутны страх, якога немаведама як было пазбыцца. I зноў ваўчыная пыса за цьмяным акном. Хіба ў адрозненне ад дзіцячага сну цяпер ён не прачнуўся — ён проста не меў сілы на тое — і трываў, пакуль здані прывіднага самі па сабе не змарнелі, не сышлі на іншае — такое ж цьмянае, невыразнае, але па-ранейшаму страхавіта-пакутнае.

Поделиться:
Популярные книги

Часовая башня

Щерба Наталья Васильевна
3. Часодеи
Фантастика:
фэнтези
9.43
рейтинг книги
Часовая башня

Печать Пожирателя

Соломенный Илья
1. Пожиратель
Фантастика:
попаданцы
аниме
сказочная фантастика
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Печать Пожирателя

Инкарнатор

Прокофьев Роман Юрьевич
1. Стеллар
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
7.30
рейтинг книги
Инкарнатор

Доктора вызывали? или Трудовые будни попаданки

Марей Соня
Фантастика:
юмористическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Доктора вызывали? или Трудовые будни попаданки

Измена. Право на обман

Арская Арина
2. Измены
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Измена. Право на обман

Темный Лекарь 6

Токсик Саша
6. Темный Лекарь
Фантастика:
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Темный Лекарь 6

Мастер Разума IV

Кронос Александр
4. Мастер Разума
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Мастер Разума IV

Дракон - не подарок

Суббота Светлана
2. Королевская академия Драко
Фантастика:
фэнтези
6.74
рейтинг книги
Дракон - не подарок

Скандальная свадьба

Данич Дина
1. Такие разные свадьбы
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
5.00
рейтинг книги
Скандальная свадьба

Сын Тишайшего

Яманов Александр
1. Царь Федя
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
фэнтези
5.20
рейтинг книги
Сын Тишайшего

Мастер Разума VII

Кронос Александр
7. Мастер Разума
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Мастер Разума VII

Сандро из Чегема (Книга 1)

Искандер Фазиль Абдулович
Проза:
русская классическая проза
8.22
рейтинг книги
Сандро из Чегема (Книга 1)

Идеальный мир для Лекаря 15

Сапфир Олег
15. Лекарь
Фантастика:
боевая фантастика
юмористическая фантастика
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 15

Черный дембель. Часть 4

Федин Андрей Анатольевич
4. Черный дембель
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Черный дембель. Часть 4