Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Шрифт:
Гэта была пагроза, але ў ёй адчувалася не так сіла і ўпэўненасць, як бездапаможнасць, ад якой яна ўсхліпнула і з вілачнікам падскочыла да хлопцаў. Яны павінны былі б разбегчыся, як гэта рабілі заўжды дагэтуль, але цяпер нават не крануліся з месца, і гэта зусім раззлавала яе. Сёмка толькі ўзняў руку, яна выцяла яго некалькі разоў, не гледзячы куды, потым адзін раз — Алеся. Старэйшы прыняў яе ўдар з каменнай абыякавасцю на змрочным худым твары, нават не ўздрыгнуў, толькі мацней сцяў вусны, і яна зразумела, што ўсё гэта — дарма. Дарма ўвесь яе гнеў, яе лаянка, яе запазнелая спроба вярнуць
Некалькі пакутных хвілін яна корчылася на сундуку ад бездапаможнасці і крыўды, не ў стане зразумець, чаму яны такія ўпартыя ў гэтым відавочным і пагібельным сваім намеры? Яна разумела і нават апраўдвала, калі на гэта ішлі дарослыя — акружэнцы і свае мужыкі, але што ў той калатнечы магло прывабіць падлеткаў, амаль што дзяцей? Што яны зробяць у лесе, апроч як па-дурному загінуць, як загінуў той, што тыдзень назад з ночы ляжаў да поўдня на аколіцы, застрэлены нямецкай засадай, такі маладзенькі, прыгожы дзяцюк, у акрываўленай вайсковай сарочцы. Так і яны будуць валяцца дзе-небудзь, і на іх будуць страхавіта глядзець незнаёмыя людзі, і п’яныя паліцаі будуць перакочваць іх сваімі падкутымі ботамі, а на іх босых нагах будуць апантана бегаць прагныя веснавыя мухі…
Не, ужо таму не быць! Хопіць таго, што без пары без часу склаў голаў бацька, а ў іх яшчэ, слава богу, ёсць маці, яна не можа дапусціць іхняй пагібелі. Ёй, пэўна, вядома, хто падбіў іх на гэтую гібельную справу, яна знойдзе яго і не пакіне ніводнай валасіны ў ягонай фасоністай белай чупрыне.
З раптоўнай рашучасцю яна падхапілася з сундука, выбегла на падворак, але тут жа вярнулася, сюды — туды кінулася па сенцах, шукаючы якой падпоркі і, не знайшоўшы нічога зручнага, сарвала з крука карамысла. Ахопленая помслівым зларадствам, яна туга падперла карамыслам дзверы ў хату і кінулася на вуліцу, на бягу трохі аправіла касынку і ўжо не выцірала слёз, якія ўсё яшчэ цяклі па яе шчоках.
Яна бегла па вуліцы, разганяючы пад платамі курэй, босымі нагамі ўзнімаючы ў доле пыл, і галаву яе распірала ад гнеўных, народжаных яе, мацярынскаю крыўдай слоў. Яна скажа гэтаму Яхіму, што ён душагуб, ірад бязлітасны, яна дапытае, навошта яму спатрэбіліся гэтыя зялёныя хлапчукі? Калі ўжо ўдумаў, дык хай бы сабе і ішоў сам куды толькі яму захочацца — хоць у партызаны, хоць у паліцыю, ці самому д’яблу ў зубы, толькі без іх. Хай ён зараз жа аб’явіць ім, што нікога з сабой не возьме, інакш яна паламае на ягонай галаве ўсе чапельнікі, збэсціць яго на ўсю вёску.
Са злосці яна дужа штурхнула дзверы гэтай старэнькай пакаселай хаціны, не зачыняючы іх, ірванула за клямку другія — з хаты патыхнула прахалодай земляной падлогі і бязлюднаю цішынёй. Тады яна тузанула пасцілку ў запеччы — з кучы цёмнага ашмоцця прыўзнялася белая галава старога Лукаша, ягоныя падслепаватыя вочы хваравіта заміргалі насустрач.
— Дзе завадатар ваш?
— Гэта Яхімка, ці што? А хто ж яго ведае. Хіба цяперака дзеці пытаюцца ў бацькоў…
— А ўночы ён спаў дома?
— Не ведаю я. Будта не чутно было.
Вядома ж, што мог сказаць ён, гэты амаль аслеплы, забыты богам стары, мусіць, Яхіма не так проста было злавіць, яна
І ўсё ж яна іх не аддасць, яны — яе дзеці, яна — для іх маці і не пагодзіцца на іх пагібель, хутчэй сама ляжа трупам на гэтым іх вар’яцкім шляху, але засцеражэ іх ад смерці.
Яна ўвесь час амаль бегла — праз вёску, міма пунь, хлеўчыкаў, свіронкаў, з дзяцінства знаёмых хацінак, пасля — па выгане з маладой вясновай траўкай, уздоўж свежа і весела прыбранага першай веснавой зелянінай раўка. Як за апошнюю сваю магчымасць, яна ўчапілася цяпер за думку — прасіць Дразда, што жыў у суседняй цераз поле вёсцы. Праўда ад зімы ён хадзіў паліцаем, з выгляду быў па-начальніцку важны і строгі, але яна ведала яго маці ды і яго ад самага дзяцінства, усё ж ён ёй дваюрадны пляменнік, не абы-хто чужы. Яна раскажа яму аб сваім горы, і ён павінен чымсь пасабіць, як мужчына, і галоўнае — свой чалавек. Хай ён іх напалохае, пасадзіць на колькі дзён у свіронак, хай нават нядоўга патрымае ў турме, але каб толькі не сышлі ў лес і на старасці не асірацілі яе.
Яна толькі баялася, каб Дрозд не паехаў куды, не быў заняты, не адмовіў і тым не адабраў у яе апошнюю магчымасць утрымаць іх. Але сонца апусцілася ўжо нізка, марудна садзілася ўдалечыні за шырокую хмару над лесам, — у такую пару, ведала яна, служачыя ў мястэчку разыходзіліся з устаноў і займаліся сваімі справамі. Праўда, яна спахапілася, што нічога не ўзяла з сабой, усё ж трэба б прынесці які-небудзь гасцінец ды і бутэльку таксама. Але за ёю не прападзе, няхай толькі паможа.
Ён быў дома, яна адразу сцяміла гэта, як толькі збочыла з вуліцы ў вузенькі абсаджаны вішаннікам завулак да яго ладнай з трысценкам дамоўкі. З двух расчыненых вокнаў неслася гучная музыка, і за радам вазонаў на падаконніку варушылася нейчае мужчынскае з пагонам плячо.
Яна яшчэ раз паправіла на галаве хусцінку, скарэлымі ад заўсягдашніх мазалёў рукамі крадком выцерла вочы і, як мага цішэй, узышла на ганак. Дзверы ў хату былі расчынены, ён сядзеў на ўслоне і адразу павярнуў да яе насаты голены твар, на якім перш-наперш адзначылася здзіўленне.
— Што табе, цётка?
Тое, што ён назваў яе звыкла па-вясковаму цёткай, надало ёй смеласці, пад ягоным строгім, нібыта нават зласнаватым позіркам яна ступіла па засцілцы ад парога і сказала:
— Прыйшла да цябе, Пятровіч, па дзелу.
Патэфон на канцы стала змоўк, хтось павярнуў у ім блішчасты рычаг, і некалькі мужчын з насцярожанаю ўвагай уставіліся ў яе. Яна крыху збянтэжылася пад гэтымі поглядамі і не ведала, як ёй вытлумачыць сваю такую, здавалася, простую і зразумелую патрэбу. Недзе ў адчуванні яе на імгненне варухнулася прыкрасць, нават шкадаванне, што прыйшла сюды, але якога іншага выхаду на запас у яе не было.
— Ды я каб параіцца. Сыны ў мяне…
— Што сыны? Гавары канкрэтна.
Яна пакутліва шукала словы, каб як мага карацей і зразумела растлумачыць ім, што яе прывяло сюды.