Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Шрифт:
Васіль Васільевіч адразу прыпамятаў гэту невялічкую вёсачку, якая была не дужа далёка ад яго Замошша.
— Ну і як там цяпер жыццё ў вас?
— А нішто, жыццё стала пахожае, — сказаў дзед, закашляўшыся. — Калгас увабраўся ў сілу, мільянер цяпер. I старшыня спрытны мужчына, клапоціцца пра ўсё.
— А як жывуць у Замошшы? — пытаў Васіль Васільевіч.
— А ў Замошшы, скажу я вам, не дужа гожа. Штось у іх там не ладзіцца. Ды і кіраўніцтва не дужа ўдалае, усё змяняецца штогод. Ну і жыццё, каб сказаць — добрае, дык не. А вы ці тутэйшы будзіце? — ужо, відаць, зацікавіўшыся, запытаў дзед.
— Тутэйшы, тутэйшы, дзед, — адказаў Васіль Васільевіч. —
— Як жа не чуць? Чуў. Гэта вы ўсё на ваеннай службе былі. А цяпер як — на зусім ці на пабыўку?
Васіль Васільевіч уздыхнуў і адказаў не адразу.
— На пабыўку, дзед.
— Ну вядома ж на пабыўку, — згадзіўся стары. — Калі якое начальства, то яму ў вёсцы жыць незрукі, усё па гарадах больш.
Васіль Васільевіч не сказаў нічога. Яму крыху ніякавата зрабілася ад слоў старога, некалькі крыўдна нават, што калгас у роднай вёсцы горшы за суседні. Хацелася чуць добрае пра сваіх аднавяскоўцаў, бачыць іх жыццё радасным, з дастаткам у сем’ях, арганізаванасцю ў арцельнай гаспадарцы. Але калі так кажа гэты дзед, то справы, відаць, не дужа добрыя ў яго Замошшы.
Дачакаўшыся ранку, Васіль Васільевіч рушыў да родных месц. Ісці трэба было кілометраў з дзесяць. Дарога вілася ў полі, мінала ляскі і параснікі, адразала край вялікай пушчы. Чым бліжэй падыходзіў Васіль Васільевіч да сваёй вёскі, тым больш знаёмых месц траплялася яму. Праўда, шмат што змянілася за гэты доўгі тэрмін: разрасліся хмызнякі між ворных прасцягаў, пазнікалі ў полі памятныя з дзяцінства грушы-дзічкі, з’явіліся новыя дарогі і сцежкі.
Надвор’е выдалася добрае, вецер сціх. з-за лесу ўзнялося сонца і лагодна засвяціла над прасторамі. Стаялі апошнія пагодныя дні восені, густа палымнелі на ўзлесках далікатныя бярозкі, як чырвоныя слёзы з ціхім маркотным шолахам падалі іх лісточкі, шасткім дываном усцілаючы дол. Поле пуставала ўжо, сям — там на іржышчы высіліся сцірты саломы, ужо страціўшай свой свежы жаўтлявы колер. Пад лесам на бульбянішчы завіхаліся жанчыны, недзе чмыхаў нябачны за кустоўем трактар.
Набліжаючыся да Свірыдава, праз якое трэба было прайсці, каб трапіць у суседняе Замошша, Васіль Васільевіч звярнуў увагу на вялікую колькасць ільну на палях. Усе лужкі, сенажаці і нават выган нібы саматканыя дываны стракацелі ладнымі палосамі разасланага даўгунца. Пад самай вёскай да Васіля Васільевіча далучыўся тутэйшы брыгадзір — сухарлявы аднавокі чалавек, былы партызан і армейскі камандзір, як выявілася з размовы. Ён расказаў пра справы калгаса, як за два гады прыбыткі гаспадаркі перайшлі за мільён — і ўсё праз лён — як будавалі грамадскія памяшканні, наладжвалі працоўную дысцыпліну, памянуў і пра гаспадарчую дбайнасць новага старшыні. Праходзячы праз вёску, Васіль Васільевіч бачыў новыя хаты калгаснікаў, ад слупоў пад дахі збягалі тоненькія правадкі радыё, а над многімі дахамі высіліся гонкія шасты антэн. Па ўсім відаць было, што жыццё тут ідзе ўгару, і гэта выклікала стрыманую радасць за ўдалыя справы суседзяў.
Мінуўшы вёску і невялікі параснік у полі, Васіль Васільевіч выйшаў на пагорак, і сэрца яго хутка-хутка застукала ў грудзях. У канцы поля, між садкоў і гародаў расцягнулася яго Замошша. Ніжняя ваколіца сяла і крайнія хаты зусім не змяніліся за шмат год і выглядалі амаль так, як і адбіліся на век яшчэ ў дзіцячай памяці Васіля Васільевіча. Гэтак жа між плоту ішла вулачка да дарогі, хіліўся над хатай дзядзькі Паўла высачэзны вяз з бусліным гняздом у коле, ніжэй, у канцы гародаў, зелянела заросшая асакой сажалка. Другі ж, дальні канец быў незнаёмы
Ахоплены даўно нязведаным пачуццём замілавання да родных мясцін, Васіль Васільевіч марудна крочыў па дарозе. Пад альховым кустом за канавай нечакана трапіўся яму вялізны пляскаты камень, расшчэплены папалам. Васіль Васільевіч спыніўся і ўсміхнуўся яму, нібы знаёмаму чалавеку. Як добра вядомы быў яму гэты імшысты велікан, кожная яміна на ім і кожная шчыліна! Яго расшчапіла маланка амаль перад вачыма малога Васількі, які непадалёку пасвіў тады вясковы статак. Тут, недзе побач з камянём была палоска зямлі яго бацькі, вузенькая і сціснутая дзвюма высокімі межамі. Цяпер і следу няма ад тых меж. Тут ён, падлетак Васілька, упершыню пазнаў і асалоду, і пакуты цяжкой і марнай сялянскай працы. А вунь і бярэзіна ля балацявінкі, старая ўжо, як і ён, а колькі разоў у спёку і ў дождж туліла яна яго пад сваім багатым веццем. Васіль Васільевіч выцяг з кішэні хустку. Хваляванне не сціхала, і цёплае пачуццё да ўсяго гэтага дарагога, паўзабытага прастору, да ўсіх драбніц, звязаных з непаўторнай цяжкой і чароўнай парой дзяцінства, узнімалася ў ім.
Ён ішоў далей. Абапал дарогі на вялікім прасцягу паўстала новая для гэтых месц расліна — кукуруза. Месцамі яна ўрадзіла добрая, галінастая і сцяблістая, але, відаць, бавіліся тут з яе ўборкай. У другіх месцах бачыў Васіль Васільевіч ужо ўбраныя плошчы. Дзесьці побач чуліся людскія галасы, і недалёка з кукурузных зараснікаў высіўся кузаў машыны, напоўнены тоўстымі важкімі сцябламі. Дзве дзяўчыны, уладаваўшы паклажу, сядзелі з віламі наверсе, адна з іх першай прыкмеціла незнаёмага і ўгледзелася ў яго. За ёй і другая пачала глядзець у яго бок, і Васіль Васільевіч павярнуў з дарогі на аўтамабільны след.
Некалькі жанчын і падлеткаў ссякалі сцяблы секачамі і вялікімі нажамі і складвалі кукурузу ў кучы. На адной такой кучы сядзела пяцёра мужчын і дымілі цыгаркамі. Машына хоць і была поўнасцю нагружана, але не краналася з месца. Спрактыкаваным вокам Васіль Васільевіч адразу прыкмеціў непарадак і неарганізаванасць у працы.
— Дзень добры, землякі, — сказаў ён, зняўшы капялюш. Тыя, што працавалі, безуважна паглядзелі на яго і зноў узяліся за свой занятак, адна толькі старая жанчына з сярпом у руцэ засталася нерухомай і пільна ўгледзелася ў прахожага.
— Ой, родненькія, — ускрыкнула яна. — Гэта ж Васільевіч!
— Пазнала, — згадзіўся Васіль Васільевіч.
— Ой, як жа не пазнаць! Але ж і змяніліся вы і пастарэлі.
— Ды ўжо пара. Але я вось не пазнаю вас.
— Ды я ж Сымоніха, што ля калодзежа жыла. Але вы, мусіць, не памятаеце ўжо.
— Цяпер прыпамінаю, — сказаў Васіль Васільевіч. — Аднак вам шмат ужо гадоў, а вы працуеце ўсё.
— А як жа не працаваць. Калі маладыя не хочуць, дык старым хоць трэба. Маладыя яны, вядома, толькі вырастуць і — у людзі, у гарады, а каторы і застанецца ў калгасе, дык дбае начальнікам стаць, ці ў кантору куды.
— Аднак штосьці ў вас машына стаіць даўно? — запытаў Васіль Васільевіч.
— А вось бачыце, шафёр, трасцу яму ў бок, пайшоў за нейкай гайкай у вёску і няма ўжо паўдня. Няйначай п’е дзе.
Васіль Васільевіч памаўчаў. З уласнага вопыту ён добра ведаў усю згубу гэткай неарганізаванасці, і новае пачуццё абурэння з’явілася ў ім.
— А дзе ж брыгадзір?
— Ат, брыгадзір, — махнуў рукой высокі селянін з няголеным тварам. — Усё там жа, у кладаўшчыка, пэўна.
— Аднак і бязладдзе ў вас, — заўважыў Васіль Васільевіч. — Ну а як жыццё наогул?