Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7

Быкаў Васіль

Шрифт:

Патрулі пайшлі далей. Абапал вуліцы цягнуліся нізкія аднапавярховыя дамы. У асветленых вокнах часам з яўляліся жаночыя постаці і завешвалі іх ці папраўлялі фіранкі. К ночы моцна пахла бульбоўнікам з агародаў і нечым смажаным, што рыхтавалася на вячэру. Алесь крыху хваляваўся ад той не дужа прыемнай сустрэчы і вырашыў цяпер трымацца разам. Лапата і Сёмка ішлі моўчкі, аднойчы Лапата сказаў:

— Аднак ты, гляджу, зубасты.

Алесь не ўцяміў, была гэта пахвала ці дакор, ці мо’ толькі насмешка, і адказаў, думаючы пра тых нахабнікаў:

— Іх трэба было

як след прабраць.

— Затрымаць ды ў штаб адвесці,— сур’ёзна зазначыў Лапата.

Сёмка, скептычна ўсміхаючыся, запярэчыў:

— Што з імі валэндацца? Намыліць бы каркі, ды і ўсё. Я ім паказаў бы!

Ужо, бадай, добра сцямнела, калі яны прыйшлі на вуліцу Пясчаную. Гэта была звычайная ўскраінная вуліца — ціхая, з невялікімі прыватнымі домікамі, садамі і агародамі. Між дамоў цягнуліся высокія платы, над імі ў зорным небе чарнелі вішнякі, і ў дварах бразгаталі ланцугамі сабакі. Хлопцавы чаравікі мякка ступалі па ўтаптанай мураве, дзе пасвіліся ўдзень шматлікія гусіныя статкі. У канцы вуліцы згрувасціліся баракі, павеці і абпальныя карпусы цагельнага завода.

Высокае, цёмнае неба заззяла безліччу мігатлівых іскрынак. Няроўнай паласой праз зорныя абшары рассыпаўся Млечны шлях. Пасля гарадскога тлуму тут, на ўскраіне, было неяк незвычайна ціха і глуха. Здалёк даносіліся гудкі паравозаў на станцыі, на людных вуліцах бліскалі аўтамабільныя фары — іх далёкае святло палахліва блукала па сценах будынкаў.

Хлопцы прайшлі між змрочных нямых карпусоў цагельнага завода, мінулі інтэрнат. Усюды было спакойна. Вокны ў будынках ярка свяціліся, часам бразгалі дзверы, і з фортак выляталі гукі радыё. У прысадзістым доўгім будынку клуба ішло кіно. Сіняватыя промні, быццам нацягнутыя трапяткія струны, снавалі ў цемнаце над галовамі гледачоў. Патрулі спыніліся перад вокнамі, зазірнулі на экран, і Сёмка раптам загарэўся жаданнем:

— Давайце паглядзім, — прапанаваў ён Піліпу. Алесь прыкмеціў, што Сёмка чамусьці не размаўляў з ім і звяртаўся да аднаго Лапаты. Разважыўшы, што гэта благая справа — глядзець кіно, калі яны прызначаны патруляваць, старшы запярэчыў:

— Ну, нельга так. Трэба хадзіць.

— Вось мне яшчэ камандзір знайшоўся! — злосна асек яго Сёмка. — Нельга, нельга!.. Хадзем, Піліп, нас пусцяць.

Але Піліп таксама адмовіўся, і яны зноў пайшлі назад ранейшым шляхам. Цяпер ужо ззаду ішоў Сёмка. Ён пакрыўдзіўся ці раззлаваўся і не размаўляў ні з кім.

Так яны апынуліся зноў на Пясчанай — у пачатковым пункце свайго маршруту. Час набліжаўся к поўначы, вокны ў дамах ужо гаслі патроху, і ўскраіну ўсё болей апаноўвала начная ціша. Патрульства канчалася, і Алесь нават пашкадаваў, што нічога так і не здарылася ў гэты вечар.

Пакрысе ён ужо асвоіўся з новымі абавязкамі і хацеў, каб яшчэ што-небудзь здарылася і каб была якая карысць ад яго намаганняў.

У канцы вуліцы яны спыніліся ля воданапорнай калонкі. З яе загнутай трубы ціхенька цурчэў у цемры тоненькі струменьчык, хлопцы па чарзе напіліся сцюдзёнай вады, потым моўчкі пастаялі крыху.

— Ну што, бадай, хопіць на сёння? Пайшлі дамоў, — сказаў

Сёмка, і кінуў у цемру акурак.

— Яшчэ трэба было б на цагельны наведацца, — запярэчыў Алесь.

— Ат, што там хадзіць! Усюды спакойна.

— Але ж там сеанс хутка скончыцца.

— Мне ўжо надакучыла бадзяцца, — стаяў на сваім Сёмка. — Пайшлі, Піліп!

Ля Піліпавага твару разгарэўся і згас у цемры агеньчык цыгаркі, і Піліп сказаў з нечаканай прыкрасцю ў голасе:

— Што ж, аднаго Алеся пакідаць, ці што? Трэба патруляваць, калі прызначылі.

Сёмка крута павярнуўся да яго і ўраз насцярожыўся, пэўна, пакрыўджаны адказам.

— Што, мо’ хочаш падзяку з ім зарабіць? — з’едліва сказаў ён, гатовы, відаць, пасварыцца.

— Нашто падзяку, — спакойна адказаў Піліп. — Проста трэба прайсці.

— Ну і ідзі! — са злосцю кінуў Сёмка і хутка пайшоў ад іх.

Алесю не спадабалася гэта, але ён не спрачаўся. Сёмка быў разумнейшы, байчэйшы за яго і з усякай сваркі заўсёды выходзіў пераможцам. Алесь жа вельмі не любіў сварыцца і часта ўступаў крыклівым і нават тады, калі праўда была на яго баку. Яму цікава было толькі, чаго гэта Сёмка, звычайна такі актыўны ў камсамольскіх справах, гэтак занатурыўся сёння. I паступова ў Алеся выплыла думка, ці не яго старшынства было тут прычынай? Калі так, то які дзівак гэты Сёмка! А Лапата вось, здаецца, іншы, куды прасцейшы і зразумелы, — таксама новая рыса ў чалавеку, бо Піліп і Сёмка даўно сябравалі, і многія лічылі, што ў іх роўныя характары.

Застаўшыся ўдвух, Алесь і Піліп моўчкі пастаялі крыху, потым Лапата сказаў, таксама, відаць, думаючы пра Сёмку:

— Раззлаваўся, дурань.

— Давай, Піліп, хутчэй пойдзем, а то сеанс скончыцца, — сказаў Алесь. Піліп, зразумеўшы таварыша, згодна налёг на хаду, і неўзабаве хлопцы зноў уваходзілі на тэрыторыю цагельнага завода.

Кіно ўжо скончылася: ля клуба чулася гамонка; у розных кірунках разыходзіліся людзі; у цемры блішчалі ручныя ліхтарыкі. I раптам аднекуль данёсся жахлівы крык:

— А-а-й! Ратуйце! Людзі!

Гэты крык скалануў хлопцаў. Алесь устрапянуўся і кінуўся бегчы на голас, за ім — Лапата.

I тут насустрач ім вынырнулі цьмяныя постаці, яны набліжаліся да патрулёў, гучна тупаючы нагамі. I калі ззаду другі раз пачуўся прарэзлівы жаночы крык, Алесь зразумеў, хто гэта ўцякае. Але на нейкі момант ён разгубіўся і, відаць, спазніўся. Покуль хлопец што-кольвечы сцяміў, трое ўцекачоў ужо міналі іх. I тады, ахоплены нейкай трывогай, што ледзяніла душу, Алесь рвануўся з месца.

— Стой!!!

Куды прапаў Лапата, ён і не заўважыў нават. Пэўна той падаўся туды, дзе здарылася няшчасце, ды ў першае імгненне Алесь і не зважаў на яго адсутнасць. Ён імчаў, што аж жарам гарэлі падэшвы і сэрца захлыналася ў грудзях. Але ўцекачы, пэўна, ведалі, што ў іхніх нагах — іх паратунак, і таксама добра шыбавалі па цёмнай вуліцы. Нейкі час адлегласць між імі і Алесем амаль не скарачалася; Алесь бачыў у цемры толькі прыгнутую постаць задняга ўцекача, пярэднія ж хутка зніклі, відаць, пахаваліся недзе.

Поделиться:
Популярные книги

Идеальный мир для Лекаря 14

Сапфир Олег
14. Лекарь
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 14

Треск штанов

Ланцов Михаил Алексеевич
6. Сын Петра
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Треск штанов

Протокол "Наследник"

Лисина Александра
1. Гибрид
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Протокол Наследник

Господин моих ночей (Дилогия)

Ардова Алиса
Маги Лагора
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.14
рейтинг книги
Господин моих ночей (Дилогия)

Шипучка для Сухого

Зайцева Мария
Любовные романы:
современные любовные романы
8.29
рейтинг книги
Шипучка для Сухого

Адвокат Империи 3

Карелин Сергей Витальевич
3. Адвокат империи
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Адвокат Империи 3

Идеальный мир для Социопата 4

Сапфир Олег
4. Социопат
Фантастика:
боевая фантастика
6.82
рейтинг книги
Идеальный мир для Социопата 4

Таня Гроттер и магический контрабас

Емец Дмитрий Александрович
1. Таня Гроттер
Фантастика:
фэнтези
8.52
рейтинг книги
Таня Гроттер и магический контрабас

Идеальный мир для Лекаря 24

Сапфир Олег
24. Лекарь
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 24

Газлайтер. Том 15

Володин Григорий Григорьевич
15. История Телепата
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Газлайтер. Том 15

Мастер Разума II

Кронос Александр
2. Мастер Разума
Фантастика:
героическая фантастика
попаданцы
аниме
5.75
рейтинг книги
Мастер Разума II

Идеальный мир для Лекаря

Сапфир Олег
1. Лекарь
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря

Черный маг императора 3

Герда Александр
3. Черный маг императора
Фантастика:
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Черный маг императора 3

Утопающий во лжи 3

Жуковский Лев
3. Утопающий во лжи
Фантастика:
фэнтези
рпг
5.00
рейтинг книги
Утопающий во лжи 3