Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Шрифт:
У небе ўсё гусцелі барвовыя хмары, яны не плылі цяпер, а збіраліся, тоўпіліся над прасторамі, быццам задумаўшы нешта нядобрае. Расплываўся з-за краявіду сіняваты змрок, далячынь сцямнела, насупілася ў прадчуванні непагадзі. Пэўна, блізіўся вечар, ці мо ад хмар цямнела да часу. На сіверным ветры замільгалі рэдкія сняжынкі.
Тэкля некуды ішла, ужо і сама не ведала, куды і па што. Усё больш апаноўвалі яе роспач і гора, яна ведала пэўна, што шчасце не спаткае яе на гэтай дарозе. Але не магла яна і вярнуцца назад — не было ўжо сілы ў яе на тое вяртанне.
Дарога прывяла старую ў нейкі лясок. Абапал шляху цесна стаялі елкі, шумелі, гулі ў ветранай высі іх верхавіны. На доле шамацела змеценае ў каляіны лісце, блішчалі лужыны рудой, мутнай вады. Тэкля ішла па дарозе, абапіраючыся на кій, ледзь пераступаючы
На пагорку, збоч ад дарогі, на ўзлеску незвычайна ярка і чыста неяк у гэты халодны восеньскі вечар бялеў каменны абеліск з зоркай наверсе — звычайны вайсковы помнік тым, хто не дайшоў да Берліна. Хістаючыся ад горкіх прадчуванняў, што хлынулі ў яе душу, Тэкля сышла з дарогі і, узнімаючы нагамі некрануты пласт шапатлівага лісця, падалася да помніка.
Ён быў дагледжаны, падпраўлены і нядаўна пабелены, гэты журботны напамінак вайны. Невялікая магілка з завялай травою і высахлымі немудрагелістымі вянкамі старанна падраўнана; пагабляваныя штакеціны агарожы афарбаваны зялёнай фарбай — як і належыць вайскоўцам. На адным баку абеліска чарнела ўмураваная ў яго дошчачка з не дужа зграбна напісанымі, але выразнымі літарамі — спісам пахаваных байцоў. У роспачы павісшы грудзьмі на агарожы, старая ўпілася ў гэтыя радкі жалобных слоў.
Не, яго не было тут. «Лейтэнант Авер’янаў, гвардыі старшына Кузняцоў, радавыя Бондараў, Піліпенка, Чарных і іншыя». Але хто ж гэтыя іншыя, чаму не напісаны іхнія імёны? А можа і ён тут у ліку гэтых невядомых «іншых».
Яна ўжо не магла ісці адгэтуль, учапілася рукамі ў халодныя штакеціны, і з глыбіні яе жарам гарэўшых грудзей вырвалася страшнае пытанне:
— Сыночак мой, дзе ж ты?
Чарнела неба ад хмар, шумеў голым веццем узлесак, стыла шэрая далячынь. Доўга яшчэ ляцела на ветры тое яе запытанне, і нема крычала матчына сэрца ад нясцерпнае раны вайны.
Непагадзь
Нізкае змрочнае паднябессе ўвесь вечар сеяла назойлівую вадзяную імглу; нейкай фальшывай радасцю нясцерпна блішчала вуліца; аўтамабільныя фары ганялі бліскавіцы ў мокрым асфальце; безліч мігатлівых водбліскаў гуляла ў гарадскім небе. У такія гадзіны нудлівай вячэрняй непагадзі Андрэй Андрэевіч асабліва балюча адчуваў адзіноту і скруху ў сваім невясёлым жыцці. Зябка захінуўшыся ў плашч, ён крочыў па люднай вуліцы і няўцямна ўглядаўся ў блішчастыя пералівы асфальту, расплывістыя цені прахожых, мітусню агнёў і ніяк не мог пагасіць у сабе нудных, надакучлівых, як гэтая макрэдзь, думак.
Ужо не першы год насіў ён у сабе тую тугу і трываў, бо што было рабіць? Даўно ўжо мінулася ў яго душы ўсякая павага да жонкі — недалёкай, поўнай дробязных клопатаў жанчыны, якая неўзаметку неяк прыйшла ў яго жыццё, як гэты шэры восеньскі вечар на змену дню. Вечна яна гаспадарыла, усе яе інтарэсы заўжды межаваліся кухняй, суседзямі і рынкам. Яна не цікавілася яго справамі, яго турботамі, а ён хацеў шмат чаго большага — хацеў агульнасці ўзроўняў, шырыні поглядаў, маладой весялосці ў жыцці, лёгкасці ўзаемаадносін. I крыўдна было тое, што жонка не хацела разумець яго дамаганняў, лічыла, што ён проста дзівачыць, і паранейшаму старанна мыла посуд, дбала пра хатнія набыткі і штодзень клала неразгорнутымі атрыманыя ўранку газеты. Андрэя Андрэевіча спачатку раздражняла гэтая прыземленасць яе натуры, некалі ён часта сварыўся, а потым маўкліва замкнуўся ў кола сваіх клопатаў і толькі пакутаваў. Часам карцела перайначыць усё, разарваць з нялюбым чалавекам, але адна акалічнасць у гэтай справе была непераадольнай; яны мелі дзяцей. Кірпатая разумніца Аленка і дапытлівы дуронік Валодзька з аднолькавай неўтаймаванай сілай трымалі ў палоне абодва бацькоўскія сэрцы.
Дождж усё сыпаўся — надакучлівы, роўны, несціханы. Камарыным паскокам снавалі на лужынах яго дробныя мігатлівыя кроплі. З вадасцёкавай трубы на рагу імчаў цераз тратуар імклівы ручай, і пухіры, бы дыяменты, мільгаючы, знікалі ў рашотцы вадазбору. Побач грукалі вялізныя дзверы «Гастранома», ад вулічнай непагадзі слязліва пацелі вітрыны. Па дарозе дадому Андрэй Андрэевіч часта заходзіў у гэты магазін, купляў дзецям гасцінцы. Ён зайшоў
На вуліцы зноў ахапіла яго дрыготкая восенская золь, пасля светлага цёплага прытулку асабліва агорклай здалася гэтая сырасць. Андрэй Андрэевіч наставіў каўнер і пайшоў далей у мокрую зіхатлівую ноч, несучы з сабой маркотныя думы чалавека, зморанага непагодай жыцця. Часам ён лавіў на сабе нейкія асаблівыя ў паўзмроку адкрытыя і цікаўныя жаночыя позіркі — загадкавую ласку струменілі прывабныя вочы, але не радасць, не шчасце, а боль і тугу параджалі яны ў чалавечым сэрцы.
Андрэй Андрэевіч уздыхае толькі і думае пра другую жанчыну, з якой у яго магло быць шчасце, — бадай, сапраўднае шчасце, што рэдка спраўджваецца і аб якім падоўгу, настойліва мараць людзі. Была чароўная суладнасць пачуццяў, узаемная павага і прыязнасць, чыстае светлае сяброўства. У тую адзіную ў кожнага чалавека вясну ўспыхнула каханне, і здавалася, нішто не ў стане парушыць іхняга шчасця. Але, дзіўная справа — яны парушылі яго самі.
Ніна тады канчала інстытут і якраз уваходзіла ў тую пару маладосці, калі зусім нечакана, увачавідкі расцвітае дзявочая прывабнасць. Не памятаючы сябе, захапіўся Андрэй яе чараўнічай маладой жаноцкасцю, узнёсласцю яе мараў, начытанасцю і спагадлівай чуласцю да чужых турбот. Абое яны з першай самаадданай гарачнасцю пакахалі адно аднаго — была вялікая радасць ад таго кахання, але яна несла і вялікае гора. Аднойчы выпадкам ён сустрэў яе ў гарадскім парку з двума маладымі афіцэрамі — яна не бачыла яго і гэтак, як і з ім, была вясёлая, жартоўная, і тая яе весялосць балючай крыўдай ударыла. ў Андрэева сэрца. Яны пасварыліся неўзабаве, і ён дзеля помсты і са злосці, не падумаўшы, пачаў заляцацца да другой. Не шмат мінула часу, і калі апамятаўся хлопец, Ніна была ўжо замужам — не за кім-небудзь з тых, сустрэтых у парку, а зусім за іншым, не вядомым яму чалавекам.
Гэта было ў сорак пятым годзе, у далёкім невялічкім горадзе на ўзбярэжжы славутай ракі, дзе незабыўнай казкай прамільгнула яго дзяцінства. Потым абое яны раз’ехаліся і ўжо не сустракаліся болей. Хутка раззлаваны і знявераны Андрэй Андрэевіч ажаніўся са сціплай ціхманай трэстаўскай машыністкай, аднак неўзабаве адчуў, што страціў сваё вялікае шчасце, а набыў незадаволенасць і горыч, толькі каго было вінаваціць у тым?
У апошнія гады Ніна ўсё часцей і часцей з’яўлялася ў яго памяці — паўставала ва ўяўленні такой, якою ён ведаў яе калісьці — маладой, клапатлівай, прыветнай. Калі-нікалі яна снілася яму, і жаданы мілы вобраз яе выклікаў нясцерпную тугу ў чалавеку. Андрэй Андрэевіч назаўтра хадзіў панылы, змрочны, разгублены, злосна пазіраў на дачасу раздабрэлую жонку і маўчаў. Жонка здагадвалася пра яго пакуты і нічога не распытвала, затое Алёнка, чуллівая да ўсякіх перамен у бацькоўскай душы, адразу насцярожвалася і пыталася, чаго татка сярдзіты. Ён на момант абуджаўся тады з паныласці, вінавата зазіраў у празрыстыя, крынічныя вочкі дзіцяці, супакойна гладзіў яе светлую кучаравую галоўку і казаў, што зусім ён не сярдзіты, што ён «так». Дзяўчынка недаверліва пазірала ў яго твар — здаецца, нешта ўжо адчувала яна, ды не магла зразумець.
Сам баючыся ў тое паверыць, Андрэй Андрэевіч няўрымсліва кахаў Ніну, вечары і доўгія бяссонныя ночы марыў аб ёй, жыў далёкімі незабыўнымі ўспамінамі аб іх кароткім каханні. Але ён не ведаў, дзе яна, што з ёй, як уладкавалася яе шчасце. Чамусьці ўвесь час жыла ў ім упэўненасць, што і яна не знайшла радасці ў паспешлівым замустве — папраўдзе ён вельмі хацеў, каб і яна не была шчаслівая, задаволеная — гэта прынізіла б яе ў ягоных вачах. Вядома, ён мог бы напісаць знаёмым, спытаць пра яе, але ён не наважваўся зрабіць гэта, бо не было ўпэўненасці, што не ўчыніць чаго-небудзь і не накліча гэтым вялікай бяды. Так ішоў час, і яна ўсё жыла з ім — у яго ўяўленні, думках, пачуццях — усё болей ушыркі і ўглыб разрастаўся ў яго душы яе выпеставаны ў марах вобраз.